ІНІЦЫЯ́ЦЫІ (ад лац. initiatio выкананне таінства, пасвячэнне),
пасвячальныя абрады ў родавым грамадстве, звязаныя з пераводам моладзі ва ўзроставы клас дарослых мужчын і жанчын. Вядомы з глыбокай старажытнасці, мелі на мэце падрыхтоўку юнакоў і дзяўчат да вытв., грамадскага і сямейнага жыцця. Звычайна суправаджаліся трэніроўкамі, рознымі выпрабаваннямі, часам нанясеннем цялесных пашкоджанняў. Некат. з абрадаў І., якія страцілі першапачатковае значэнне, учыняліся над асобамі больш маладога ўзросту, напр., абразанне ў дзяцей у рэліг. рытуале іудаізму і ісламу. Да І. належаць хрышчэнне ў хрысціян, ускладанне свяшчэннага шнура ў індуістаў. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАНАПЕ́ЛЬКА»,
«Канапелькі», бел.нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. Выконваўся на ігрышчах, парамі і сольна, з характэрнымі падскокамі і вярчэннямі, часта ў суправаджэнні прыпевак. Зафіксаваны М.Нікіфароўскім у канцы 19 ст. ў Віцебскай губ. У 1940-я г. І.Серыкаў у в. Асавец Крычаўскага р-на запісаў варыянт танца, у якім адлюстраваны працэс вырошчвання канапель: сяўба, вырыванне, рассціланне, вязанне снапоў, віццё вяровак і інш. Пад назвай «К.» вядомы таксама гульня і карагод.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. М., 1897. [Т. 5], С. 40.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТАЁ (Cortaillod),
паселішча на палях у Швейцарыі на беразе Неўшатэльскага воз. (каля 3-га тыс. да н.э.). Насельніцтва жыло ў прамавугольных слупавых дамах, займалася пераважна жывёлагадоўляй, часткова земляробствам. Вырабляла паўсферычныя і вастрарэбрыя чашы, мехападобныя пасудзіны, посуд з акруглым тулавам і высокай шыйкай. Вядомы драўляны посуд. Знойдзены галечныя шліфаваныя клінападобныя сякеры, крамянёвыя скрэблы, нажы, наканечнікі стрэл, гарпуны і сякеры з рогу, падвескі, пранізкі і пацеркі з рогу і косці. К. дало назву археал. культуры эпохі сярэдняга неаліту (4-е тыс. да н.э.) ПнЗ і З Швейцарыі і У Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАСЦЕ́ША»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 200 родаў у Беларусі, на Украіне, у Літве і Польшчы, у т. л. Барэйкі, Верашчакі, Дарагастайскія, Дольскія, Пілсудскія, Сланчэўскія, Статкевічы, Хадкевічы, Шымковічы. У Польшчы вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — з 15 ст. На чырв. фоне выява стралы, накіраванай угору і перакрыжаванай пасярэдзіне, з раздвоеным канцом. Клейнод — над прылбіцай з шляхецкай каронай 3 страусавыя пёры. Існуе шмат варыянтаў герба: страла з двума перакрыжаваннямі або без іх, з шасціпрамянёвымі зоркамі па баках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЫЛАЗА́ЎРЫ (Cotylosauria),
падклас вымерлых найб.стараж. і прымітыўных паўзуноў. 2 атр., 4 падатр., каля 10 сям., 80 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з сярэдзіны карбону да трыясу (440—230 млн. гадоў назад). Былі пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Антарктыдзе, Афрыцы.
Даўж. ад 20 см да 3,5 м. Цела прысадзістае, галава невял., хвост кароткі. Чэрап з суцэльнай покрыўкай, зубы паднябенныя, шыя кароткая (звычайна з 2 пазванкоў), канечнасці кароткія, масіўныя. Большасць насякомаедныя, былі расліннаедныя і драпежныя. Па рэштках К. вызначаюць узрост выкапнёвых адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЧА́Н»,
бел. народны танец. Пашыраны пераважна на Гомельшчыне і Гродзеншчыне. У некат. мясцовасцях наз. «Капуста». Муз. памер . Тэмп умераны. Выконваецца пад прыпеўкі. У ім рознымі пластычнымі рухамі імітуецца «завіванне качана» (абрастанне яго лісцем). Танцоры, узяўшыся за рукі, становяцца ў ланцужок і закручваюцца клубком вакол апошняга танцора, які стаіць на месцы, ці ідуць за першым, ныраюць у «вароты», утвораныя з рук выканаўцаў. Часам танцуюць утраіх, ныраючы пад рукі адзін аднаму, ці мяняюцца месцамі, круцячыся пад руку. Выконваўся Першай бел. трупай І.Буйніцкага. Вядомы і інш. варыянты танца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЧ, Кашчэй Бессмяротны,
вобраз чарадзейных усх.-слав. казак; злы і хітры чараўнік, які выкрадае нявесту героя. Здабыўшы яйцо, у якім схавана смерць К., герой перамагае яго і вяртаецца дамоў са сваёй нарачонай (надрукавана 15 бел. варыянтаў). Вядомы таксама казкі пра смерць К. ад чароўнага каня. Абедзве версіі кантамінуюцца з сюжэтамі пра ўдзячных жывёл, пошукі зніклай ці ўкрадзенай жонкі і інш. Вобраз К. трапляецца таксама ў замовах і былінах. Паводле меркаванняў акад. Б.А.Рыбакова, К. у стараж.-ўсх. славян увасабляў качэўнікаў, якія рабілі набегі на іх землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РХА, кірка (ад ням. Kirche царква),
назва лютэранскага храма ў германамоўным асяроддзі. З 16 ст. ў архітэктуры К. развівалася цэнтрычная схема як аснова зальнай прасторы царквы-аўдыторыі, якая спалучалася з традыцыямі готыкі, пазней — з рэнесансава-барочнымі формамі (Фраўэнкірхе ў Дрэздэне, 1722—38; Іоганіскірхе ў Мюнхене, 1733—50). Інтэр’ерам большасці К. характэрны сціпласць і аскетызм. Сучасная К. (асабліва там, дзе лютэране складаюць меншасць насельніцтва) выкарыстоўваецца не толькі як храм, a і як рэліг. прапагандысцка-культ.цэнтр. На Беларусі вядомы Гродзенская кірха. Мінская кірха, Полацкая кірха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́СНЫ ЗА́МАК.
Існаваў ў 1563—79 на беразе Павульскага воз. (Ушацкі р-н Віцебскай вобл.). Пабудаваны з дрэва і каменю. Трохвугольная ў плане крэпасць з вежамі па вуглах (2 чацверыковыя з 2-схільнымі дахамі, і васьмерыковая з шатровым) і прамавугольнай у плане брамай была накрыта 2-схільным дахам, абкружана вадзяным ровам з мостам. Абарончыя сцены мелі ў верхняй ч. баявыя галерэі з абламамі і байніцамі. На дзядзінцы размяшчаліся 1-павярховыя жылыя дамы. Вядомы паводле гравюры С.Пахалавіцкага 1579.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВА́ЎНІК (Achillea),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў (па інш. даных каля 200). Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 7 дзікарослых (найб.вядомылек. К. звычайны A. millefolium); нар. назвы крывавец, серпарэзнік, грудная трава, рудамётка) і каля 10 інтрадукаваных відаў. Трапляецца на палях, лугах, абапал дарог, у лесе.
Шматгадовыя травяністыя прамастойныя расліны з паўзучым карэнішчам выш. 20—125 см. Лісце перыстарассечанае або суцэльнае. Кветкі ў дробных кошыках, сабраныя ў шчыткападобныя суквецці. Плод — сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Некат. віды ядавітыя.