АРКТЫ́ЧНЫ АНТЫЦЫКЛО́Н,

вобласць павышанага атм. ціску над Арктыкай. У цэнтры арктычнага антыцыклону ціск перавышае 1020 мб. Больш выразны зімой, калі ў час палярнай ночы халоднае паветра ўшчыльняецца над укрытай лёдам і снегам паверхняй. Пераважае ўстойлівае бязвоблачнае сухое надвор’е. Пад уплывам цыкланічнай дзейнасці ў Атлантычным сектары Арктыкі арктычны антыцыклон перамяшчаецца ў бок Аляскі. Летнія ўмовы аслабляюць антыцыклон. На выш. 3—4 км саступае месца каляпалярнай дэпрэсіі (вобласці нізкага ціску). Вятры з Арктычнага антыцыклону накіраваны ў нізкія шыроты, дзе пад уплывам вярчэння Зямлі набываюць ПнЗ напрамак.

т. 1, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Утвораны ў 1520 у Падляшскім, з 1566 у Брэсцкім ваяводстве ВКЛ. У крыніцах 16—17 ст. на старабел. мове Берасцейскі павет. Цэнтр — г. Брэст (Берасце, Бярэсце, Брэст-Літоўск, Брэст-над-Бугам). З 1795 у складзе Рас. імперыі: у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Пл. павета 4893,2 км², нас. 218,4 тыс. чал. (1897). У 1921—39 у Палескім ваяводстве ў Польшчы. 4.12.1939 уключаны ў склад Брэсцкай вобласці БССР. 15.1.1940 скасаваны, вобласць падзелена на раёны.

т. 3, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЕ́НЬЕЎ (Уладзімір Клаўдзіевіч) (10.9.1872, С.-Пецярбург — 4.9.1930),

пісьменнік, даследчык Д. Усходу, этнограф. У 1902—03 і 1906—12 як афіцэр-тапограф ажыццявіў шэраг экспедыцый па Пд Прымор’я і Сіхатэ-Аліні. Падарожнічаў па Камчатцы (1913), правабярэжжы Амура (1926), па маршруце Сав. Гавань — Хабараўск (1927). Працаваў у ВНУ Д. Усходу. Апісаў прыроду і побыт жыхароў даследаваных ім мясцін.

Тв.:

Бел. пер. — У нетрах Усурыйскага краю. Мн., 1929;

Дэрсу Узала. Мн., 1935;

Па Усурыйскаму краю: (Падарожжа ў горную вобласць Сіхатэ-Алінь у 1902—1906 гг.). Мн., 1952.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯ́НА,

у рымскай міфалогіі багіня расліннасці, жаноцкасці, заступніца шлюбу і дзетанараджэння, увасабленне Месяца — Селены. Мела эпітэт Трывія — «багіня трох дарог», як знак трайной улады на небе, зямлі і пад зямлёй. Д. лічылі таксама апякункай Лацінскага саюза. Свяцілішчы Д. былі на гары Тыфаце (вобласць Кампанія, адсюль Д. Тыфаціна) і на Авенціне, дзе 13 жн. быў заснаваны храм (гэты дзень лічыўся святочным для рабоў). У грэч. міфалогіі Д. атаясамлівалі з Артэмідай і Гекатай.

Да арт. Дыяна. Вяртанне Дыяны з палявання. Мастак П.​П.​Рубенс. Каля 1615.

т. 6, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКРЫЯЦЫСТЫ́Т (ад грэч. dakryon сляза + цыстыт),

запаленне слёзнага мяшка вока. Бывае хранічны і востры. Прычына Д.: звужэнне ці поўнае закрыццё слёзна-насавога канала, затрымка адтоку слёзнай вадкасці з поласці слёзнага мяшка і развіццё ў ім патагенных мікробаў. Д. у нованароджаных бывае пры закрытым прасвеце слёзна-насавога канала зародкавай перапонкай. Прыкметы: слёзацячэнне і гнойныя выдзяленні ў кан’юнктывальнай поласці; пры націсканні на вобласць слёзнага мяшка са слёзных кропак выдзяляецца слізістая ці гнойная вадкасць. Лячэнне хірургічнае, у нованароджаных — масаж, прамыванне антысептычнымі растворамі пад ціскам ці зандзіраванне металічным зондам слёзна-насавога канала.

Л.​М.​Марчанка.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАЎРЫ́ЙСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

ці Сірыйская, дынастыя візантыйскіх імператараў (717—802). Заснавальнік — выхадзец з Сірыі Леў III, якога памылкова лічылі родам з Ісаўрыі (паўд. вобласць М. Азіі). Пры І.д. становішча Візантыі ўмацавалася, сфарміравалася фемная сістэма ўпраўлення (гл. Фемы), заснаваная на падатковых павіннасцях і ваен. службе свабодных сялян. Імператары І.д. паспяхова ваявалі з арабамі і балгарамі, імкнуліся замацаваць адзінства шматплемянной імперыі, у ходзе барацьбы супраць т. зв. абразашанавання канфіскоўвалі царк. і манастырскія багацці. Прадстаўнікі дынастыі: Леў III [717—741], Канстанцін V [741—775], Леў IV [775—780], Канстанцін VI [780—797], Ірына, жонка Льва IV [797—802].

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́БРЫЯ (Cantabria),

аўтаномная вобласць і адм. правінцыя на Пн Іспаніі, на ўзбярэжжы Біскайскага зал. Пл. 5,3 тыс. км². Нас. 524 тыс. чал. (199. Адм. ц., прамысл. і трансп. вузел — г. Сантандэр. Большую ч. тэр. займаюць Кантабрыйскія горы. Важны прамысл. раён. Здабыча поліметал. і жал. руд. Выплаўка чыгуну і сталі. Металург., судна- і самалётабуд., электратэхн., хім., тэкст., харчасмакавая (пераважна рыбакансервавая, тытунёвая) прам-сць. Мяса-малочная жывёлагадоўля. У пасевах пераважае кукуруза і бабовыя. Гал. тэхн. культура — тытунь. Развіта агародніцтва і садоўніцтва. Рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 7, с. 602

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЯНЭ́ (Lyonnais),

гістарычная вобласць на ПдУ Францыі. Уключае дэпартаменты Луара і Рона. Пл. 8 тыс. км². Нас. каля 2,3 млн. чал. (1995). Гал.’ горад і прамысл. цэнтр — Ліён. Амаль уся тэрыторыя ў межах Цэнтральнага Французскага масіву, на У даліны рэк Сона і Рона. Клімат умераны, у далінах пераходны да міжземнаморскага. Ападкаў каля 1000 мм за год. Развіта прам-сць: металургічная, маш.-буд., эл.-тэхн., хім., тэкст., шкляная, харчовая. У далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, бульбу, агародніну, фуражныя культуры. Садоўніцтва і вінаградарства. У гарах пашавая жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі).

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛЬШЧА́НЫ, Нальшаны,

балцкая племянная групоўка, гіст. вобласць, якая, на думку некат. даследчыкаў (У.​Ц.​Пашута і інш.), знаходзілася на паўн.-зах. ускраіне Беларусі. Як народ упамінаюцца ў Дублінскім рукапісе. Адна з ням. хронік сталіцай Н. называе Крэва. У 1258 на іх напалі мангола-татарскія войскі Бурундая і валынскага кн. Васількі Раманавіча. У міжусобнай барацьбе паміж Літвой і Жамойцю (1260-я г.) Н. сталі на бок апошняй і іх князь Даўмонт у 1263 забіў кн. Міндоўга. У 1264 кн. Войшалк заваяваў Н. і ўключыў іх у склад ВКЛ.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 11, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАКСІЯ́ЛЬНЫ ПУЧО́К ПРАМЯНЁЎ,

светлавы пучок, які распаўсюджваецца ўздоўж восі цэнтраванай аптычнай сістэмы. Утварае малыя вуглы з воссю і нармалямі да пераламляльных і адбівальных паверхняў. Для П.п.п. строга справядлівыя ўсе суадносіны, якія апісваюць утварэнне відарыса аптычнага. У відарысах, створаных П.п.п., адсутнічаюць аберацыі аптычных сістэм (акрамя храматычнай аберацыі ў лінзавых сістэмах). На практыцы пад П.п.п. разумеюць пучок прамянёў, які распаўсюджваецца пад канечнымі (у некалькі градусаў) вугламі да аптычнай восі і для якіх адступленні ад строгіх суадносін можна не ўлічваць. Вобласць вакол аптычнай восі сістэмы, дзе прамяні можна лічыць параксіяльнымі, наз. параксіяльнай.

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)