Драбо́к ’крошка, кавалак’ (БРС, Касп., Сл. паўн.-зах.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 120), да прасл.*drobъ (а гэта да *drobiti ’драбіць’, гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Памянша́емае ’ў матэматыцы — назва ліку, ад якога адымаюць другі лік’ (ТСБМ, Нас.). Да памяншаць < менш. Паводле Крукоўскага (Уплыў, 116), калька рус.уменьшаемое < уменьшать.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Плаўба́ ’плаванне’ (Стан.). Новаўтварэнне паводлечэш.plavba ’тс’. Ад яго пры дапамозе бел. суф. ‑(б)іт утворана таксама плаўбіт ’матрос’ (тамсама). як барацьбіт.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Праха́ць, проха́ць, проха́ці, проха́ты ’прасіць’ (Булг.; мазыр., Шн. 3; ТС). Укр.проха́ти, рус.курск.проха́ть ’тс’. Паводле Фасмера (3, 385), наватвор ад прасіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ро́цік ’адтуліна ў лямпе для кнота’ (добр., Мат. Гом.). Да рот (гл.). Утворана ў выніку пераносу семантыкі паводле падабенства рэаліі з паўадкрытым ротам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рэчаі́снасць (ТСБМ), рэчаві́стасць ’тс’ (Байк. і Некр., Нар. Гом.). Калька з польск.rzeczywistość ’тс’, якое, паводле Брукнера, створана на ўзор oczywisty (Брукнер, 475).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Склынбо́ваць ‘туга звязаць (пра сноп)’ (пруж., Сл. ПЗБ). Да клынбэль, кныбель, кнібель (гл.), паводле націску, паланізм, аднак у польскіх слоўніках не фіксуецца (*sknębłować?).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.
Створаны ў вер. 1947 на базе пераведзенага ў Гродна Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра. У станаўленні творчага калектыву значную ролю адыгралі адзін з заснавальнікаў т-ра і маст. кіраўнік (да 1950) М.Кавязін, рэжысёры А.Міронскі і І.Папоў. У першыя гады ў рэпертуары пераважалі п’есы сав. драматургаў, ставіліся творы замежнай класікі. У пач. 1950-х г. пастаўлены п’есы бел. драматургаў: «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Гэта было ў Мінску» В.Кучара, а таксама творы рус. і замежнай класікі. У ліку лепшых спектакляў 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. «Нявольніцы» А.Астроўскага, «Іспанцы» М.Лермантава, «Улада цемры» Л.Талстога, «У добры час!» В.Розава, «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Юстына» Х.Вуаліёкі. У 2-й пал. 1960 — пач. 1970-х г. рэпертуар характарызаваўся пэўнай эклектычнасцю, нераўназначнасцю маст. якасці пастановак. У 1970-я г. пастаўлены бел. п’есы: «Трыбунал» А.Макаёнка, «Пад зоркамі» паводле рамана П.Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», «Апошні шанц» В.Быкава, «Адкуль грэх?» А.Петрашкевіча, «Амністыя» М.Матукоўскага, п’есы рус. і замежных аўтараў — «Навальніца» А.Астроўскага, «Акіян» А.Штэйна, «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана, «Дом на скале» Вуаліёкі і інш. Станоўчыя зрухі ў творчасці калектыву адбыліся ў 2-й пал. 1970-х г., калі яго ўзначаліў У.Караткевіч. Рэпертуар т-ра вылучаўся жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Вял. ўвага аддавалася бел. драматургіі: «Паўлінка» Я.Купалы, «Мілы чалавек» К.Крапівы, «Несцерка» В.Вольскага, «Трывога» і «Францыск Скарына» Петрашкевіча; пастаўлены п’есы Астроўскага, М.Горкага, А.Вампілава, І.Друцэ, А.Арбузава, А.Гельмана, Т.Уільямса і інш. Сярод лепшых спектакляў 1980-х г.: «Князь Навагрудскі» Л.Пракопчыка і Дз.Кальчанкі, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Стары» М.Горкага, «Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева, «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» і «Лаліта» (паводле У.Набокава) Э.Олбі. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» У.Рудава (паводле твораў К.Марашэўскага і Ф.Аляхновіча), «Сонейка, свяці» У.Ягоўдзіка (па матывах бел. казачнага фальклору), «Здурнелы Журдэн» М.Булгакава, «Нора» Г.Ібсена, «Дарагая Памэла» Дж.Патрыка, «Беззаганнае забойства» Ж.Рабера, «Карсіканка, або Ад’ютантша яго імператарскай вялікасці» І.Губача, «Сейлемскія ведзьмы» А.Мілера і інш. З 1979 працуе малая сцэна.
Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі нар. артысты Беларусі Г.Дубаў, Я.Кімберг, Ю.Сідараў, засл. арт. Беларусі С.Аляксандраў, З.Асмалоўская, М.Астанкава, А.Бірычэўскі, Г.Глінаецкі, В.Грачынскі, С.Іванова, М.Кавязіна, Н.Караткевіч, У.Мішанчук, Ю.Нікіцін, Т.Нікалаева, Г.Панкрат, Л.Сторажава, П.Філіпаў, Т.Шашкіна, засл. арт. Расіі А.Лявонаў і Н.Меліхава, засл. арт. Малдавіі І.Таран. У складзе трупы (1997): засл. арт. Беларусі А.Гайдуліс, Л.Дзяменцьева, М.Емяльянаў, А.Марцінюк, В.Смачнеў, засл. арт. Расіі Л.Рудой, засл. арт. Абхазіі У.Шакала. Гал. рэжысёр М.Разцоў (з 1991), гал. мастак Ф.Розаў (з 1991).
Т-р працаваў у будынку былога т-ра А.Тызенгаўза (гл. ў арт.Гродзенскі абласны тэатр лялек), з 1984 — у новым (арх. Г.Мачульскі). Будынак складаецца з 6-граннага асн. аб’ёму (з гал. глядзельнай залай на 700 месцаў) і П-падобнага 3-павярховага адм.-службовага корпуса (на 1-м паверсе малая глядзельная зала на 200 месцаў).
Да арт.Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Дом на скале» Х.Вуаліёкі.Да арт.Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Мілы чалавек» К.Крапівы.Да арт.Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІЧЫ́,
аб’яднанне ўсх.-слав. плямён, якія жылі ў бас. верхняга Дняпра, Зах. Дзвіны, Волгі і на Пд Чудскога воз. Вядомы па археал. помніках і пісьмовых крыніцах. На думку адных вучоных, назва паходзіць ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві), на думку іншых — ад імя легендарнага родапачынальніка Крыва ці ад язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва-Крывейтэ, магчыма, узгоркавай мясцовасці (крывізна), дзе яны жылі. Працэс фарміравання К. адбываўся ў 2-й пал. 1-га — пач. 2-га тыс.н. э. ў выніку асіміляцыі славянамі балцкіх і зах.-фін. плямён. У канцы 1-га тыс.н. э. племянное аб’яднанне К. распалася на 3 групы — полацкую, смаленскую і пскоўскую (паводле назвы іх гал. гарадоў). Смаленскія К. паводле культуры вельмі блізкія да полацкіх, таму ў этнагр. адносінах іх звычайна разглядаюць як полацка-смаленскую групу плямён. Для полацкіх К., ці палачан, як яны названы ў летапісе, характэрны доўгія курганы, у якіх захавалася шмат рэчаў матэрыяльнай культуры балтаў. На мяжы 10—11 ст. К. хавалі нябожчыкаў у круглых курганах з абрадам трупапалажэння на гарызонце, пазней — трупапалажэнне ў ямах, зрэдку ў насыпах. Большасць нябожчыкаў арыентавана паводлеслав. звычаю галавой на З, трапляюцца мужчынскія пахаванні з адваротнай арыентацыяй (галавой на У) або мерыдыянальныя (Пн—Пд). У курганах трапляюцца багатыя пахаванні з мноствам рэчаў, бедныя з невял. колькасцю інвентару ці зусім без яго, што сведчыць пра маёмасную няроўнасць. Трапляюцца і драўляныя дамавіны. Есць у могільніках і кенатафы. Пры даследаванні курганоў выяўлены прыкметы трызны і стравы. Для полацкіх і смаленскіх К. характэрны пэўны тып упрыгожанняў — бранзалетападобныя драцяныя скроневыя кольцы дыяметрам 5—11 см з завязанымі канцамі і шкляныя залачоныя пацеркі. У курганах 11—12 ст. трапляюцца язычніцкія амулеты з іклаў і зубоў жывёл, вельмі рэдка — металічныя крыжыкі, якія насілі ў маністах. Асн.гасп. адзінкай К. у 2-й пал. 1-га тыс.н. э. была вял. патрыярхальная сям’я; працэс вылучэння малых сямей пачаўся у 8—9 ст. У сац. адносінах К. — федэрацыя плямён, у рамках якіх фарміраваліся класы, дзяржаўнасць (княжанні), пранароднасць. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у Полацку існавала сваё княжанне К. — палачан. У ваен.-адм. адносінах племянныя княжанні апіраліся на сістэму ўмацаванняў (Полацк, Віцебск, Лукомль, Браслаў), на аснове якіх пазней сфарміраваліся гарады.
Упершыню ў летапісе К. (відаць, пскоўскія) упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 859. Яны ўдзельнічалі ў паходах Алега (907) і Ігара (944) супраць Візантыі. У канцы 10 ст. на тэрыторыі рассялення полацкіх К. склалася Полацкае княства, насельніцтва якога названа К. ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162. Назва «крывіцкія землі» захоўвалася ў асобных выпадках за тэр.паўн. Беларусі да 1-й чвэрці 14 ст. У латышскай мове тэрмінам «К.» называюць усіх усх. славян, «балткрыеві» — беларусаў. Ад этноніма К. паходзяць назвы многіх вёсак у Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцях Беларусі. На тэрыторыі рассялення полацкіх К. вывучаліся гарадзішчы ў Віцебску, Полацку, Заслаўі, Лукомлі, селішчы і курганныя могільнікі каля вёсак Баркі, Бельчыца, Бяльмонты, Вышадкі, Глівін, Глінішча, Дарахі, Ізбішча, Кублішчына, Лісна, Плусы, Пуцілкавічы, Сенчукі, Сосенка, Чарневічы, Янкавічы і інш. На думку Я.А.Шміта, паводле даных раскопак доўгіх курганоў Смаленшчыны 8—9 ст., К. — племянны саюз, які «уключаў у сябе славян і розныя групы ўсх. балтаў». Э.М.Загарульскі лічыць, што доўгія курганы, з якімі звычна атаясамліваюць К., належалі балтам.
Літ.:
Этногенез белорусов: Тез. докл.Мн., 1973;
Штыхаў Г.В. Крывічы. Мн., 1992;
Загарульскі Э.М. Заходняя Русь IX—XIII стст. Мн., 1998.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Крывічы: 1 — выява крывіча (рэканструкцыя І.У.Чаквіна па чэрапе з курганнага могільніка Кублішчына 11 ст., скульптар Л.П.Яшэнка); 2—3 — этнавызначальныя рэчы.