ТРАФАРЭ́Т (ад італьян. trafaretto прадзіраўленае),
1) пласцінка з выразанымі рысункамі, літарамі ці лічбамі, праз якія фарба наносіцца на любую паверхню. Выкарыстоўваецца для арнаментацыі сцен і столей будынкаў, маркіроўкі тары, прамысл. вырабаў іінш. 2) Друкарская форма трафарэтнага друку. Пласціна з металу, дрэва, кардону, пластмасы іінш., друкавальныя элементы якой прапускаюць фарбу, а прагальныя — непранікальныя для яе.
3) Прыстасаванне для паскарэння чарцёжна-графічных работ. Пласціна з адтулінамі, выкананая па форме і з памерамі дэталей або іх элементаў, знакаў, умоўных абазначэнняў, схем іг.д., якія паўтараюцца ў чарцяжах.
4) Раз і назаўсёды прыняты ўзор чаго-небудзь, якога слепа прытрымліваюцца; шаблон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬНЫ КРАН,
кабель-кран, збудаванне з стацыянарнымі або перасоўнымі апорамі (вежамі), якія злучаны нясучым канатам з рухомай грузавой цялежкай. Прызначаны для падымання (апускання) грузаў на вышыню да 50 мі болей і перамяшчэння іх на адлегласць да 1,5 км. Уяўляе сабой аднапралётную падвесную канатную дарогу. Выкарыстоўваецца: на адкрытых горных распрацоўках для транспарціроўкі раскрыўных парод, штучнага каменю іг.д.; у буд-ве для перамяшчэння вял. аб’ёмаў зямлі, бетону, інш. матэрыялаў; на лесаскладах і да т.п. Грузападымальнасць да 150 т.
Кабельны кран: 1, 2, 3 — цягавы, нясучы і пад’ёмны канаты; 4 — цялежка; А, Б — апоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧОРТ,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў іінш. народаў; увасабляў адмоўныя, варожыя чалавеку сілы. Ч. ўяўлялі істотай, пакрытай поўсцю, з рожкамі, казлінай бародкай, хвастом і капытамі. Лічылі, што ён мог перакінуцца ў чалавека, ката, куль саломы іінш. Паводле нар. павер’яў, Ч. вельмі рухавы, звычайна жыў у балоце, шкодзіў чалавеку ў лесе, на расстайных дарогах, лічыўся віноўнікам сварак у сям’і іг.д. У 19 — пач. 20 ст. вобраз Ч. паступова зліўся з адпаведным міфалагічным вобразам хрысц. рэлігіі — д’яблам. Сустракаецца таксама ў легендах, паданнях, прыказках, прымаўках, легендарных і чарадзейных казках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДНІ́К,
бел.нар. гульня. Удзельнічаюць ад 6 да 20 чал., гуляюць на пляцоўцы ці ў спарт. зале, перамяшчаюцца толькі павольна. Гульцы пры дапамозе лічылкі выбіраюць «рыбака» і завязваюць яму вочы. Пасля, пляскаючы ў далоні, ходзяць вакол «рыбака», які іх ловіць. Калі на шляху «рыбака» перашкода (сцяна, слуп, яма іг.д.), гульцы гавораць «глыбока», калі той абыходзіць перашкоду, кажуць «мялей», а калі абыдзе — «мелка» ці «чыстая вада». Злавіўшы гульца, «рыбак» павінен назваць яго імя, калі адгадае, злоўлены становіцца «рыбаком» і гульня пачынаецца спачатку. Калі ж імя не адгадана, дзеці крычаць «жабу злавіў», і «рыбак» адпускае гульца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАБА́ЦЫЯ (лац. approbatio),
1) афіцыйнае ўхваленне, зацвярджэнне, вынесенае на падставе выпрабавання, праверкі, шырокага абмеркавання.
2) У сельскай гаспадарцы — абследаванне сартавых пасеваў і пладова-ягадных насаджэнняў для вызначэння сапраўднасці сорту, сартавых якасцяў і ўраджайнасці, праверкі выканання правілаў насенняводства. Апрабацыя палявых культур праводзіцца ў полі праз агляд, адбор і аналіз апрабацыйнага матэрыялу. Для кожнай культуры прадугледжана методыка апрабацыі, напр., фаза развіцця раслін у момант апрабацыі, плошча (у га) для адбору снапа, колькасць сцяблоў у снапе іг.д. Палявой апрабацыі падлягаюць усе сартавыя насенныя пасевы. Астатнія сартавыя пасевы рэгіструюць на аснове сартавых дакументаў. Вынікі аналізу запісваюць у акт апрабацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУАЕРЫ́ЗМ, візіянізм, скапафілія,
форма палавой разрадкі, якая заключаецца ў схільнасці да разглядання палавых органаў або палавога акта інш. асоб; від палавой ненармальнасці. Неадольнае жаданне ўбачыць забароненае падштурхоўвае візіяніста на падглядванне ў туалетах, інтэрнатах, бальніцах іінш. Назіраецца таксама ў чвэрці дзяцей дашкольнага ўзросту, ва ўзросце 7—11 гадоў выяўляецца ў кожнага трэцяга хлопчыка і прыкладна ў 6% дзяўчынак. Замацоўванню дзіцячага вуаерызму спрыяюць цяжкасці ў адносінах з равеснікамі, асабліва процілеглага полу, стойкая фіксацыя ў нясталай псіхіцы дзіцяці ўбачанай ім сцэны інтымнай блізкасці іг.д. Да разнавіднасцей вуаерызму можна аднесці захапленне стрыптызам, вар’етэ, эратычнымі шоу, фотаздымкамі іінш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕФІ́ЦЫЙ (ад лац. beneficium дабрадзейнасць),
1) у Старажытным Рыме прывілеі, ільготы, падараванні імператараў іг.д. 2) У перыяд ранняга сярэднявечча ў Зах. Еўропе зямельнае падараванне караля ці буйнога феадала на пажыццёвае карыстанне свайму васалу за ваен. ці адм. службу. Пасля смерці трымальніка бенефіцый перадаваўся яго нашчадкам або вяртаўся ўладальніку. З развіццём феад. адносін (9—11 ст.) бенефіцый ператварыўся ў спадчыннае трыманне — феод. У Расіі і на Беларусі бенефіцыю адпавядаў маёнтак, у Візантыі — пронія, у араб. краінах — ікта, у Індыі — джагір.
3) У каталіцкай царкве ў 1917—83 царк. пасада і звязаны з ёю даход.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШ У ПРО́ЗЕ,
лірычны твор у празаічнай форме. У ім няма вершаванага рытму, метра, рыфмы, але ёсць многія прыкметы паэтычнага твора — у змесце (ідэі, матывы, вобразы), эмацыянальна-суб’ектыўнай танальнасці, у паэтычнай фактуры (канцэнтрацыя тропаў, павышаная асацыятыўнасць), сінтаксісе (паўторы, звароты, умоўчванні іг.д.), пабудове (невял. памер, падзел на абзацы). Упершыню тэрмін «верш у прозе» ўвёў Ш.Бадлер, у рус. л-ры вядомым аўтарам такіх вершаў стаў І.С.Тургенеў. У бел. л-ры ўзнік на пач. 20 ст. («Думкі ў дарозе» Я.Коласа, «Васількі», «Раны» Ядвігіна Ш., «Стогны душы» М.Гарэцкага, «Пяюць начлежнікі» З.Бядулі іінш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,
сярэдняе за перыяд значэнне імгненнай магутнасці пераменнага току. Вызначаецца
, дзе T — перыяд, p — імгненная магутнасць. Характарызуе скорасць пераўтварэння электрамагн. энергіі ў інш. віды энергіі (цеплавую, светлавую, мех.іг.д.). Для эл. ланцуга аднафазнага (сінусаідальнага) току
, для трохфазнага пры сіметрычнай нагрузцы
, дзе U, I — дзейныя значэнні напружання і току адпаведна, φ — вугал зруху фаз паміж U і I, cos φ — каэфіцыент магутнасці. З поўнай магутнасцю S актыўная магутнасць звязана суадносінамі
. Адзінка вымярэння актыўнай магутнасці — ват (вт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЭ́НТ (ад лац. accentus націск),
1) тое, што націск.
2) Знак націску над літарай («вада́»).
3) Асаблівасці вымаўлення, уласцівыя асобе, якая гаворыць не на роднай мове.
4) Вылучэнне, падкрэсліванне таго, што з’яўляецца найб. важным, галоўным у артыкуле, маст. творы іг.д. 5) У музыцы — вылучэнне, падкрэсліванне гуку або акорда. Адрозніваюць акцэнт дынамічны (узмацненне гучання), метрычны (вылучэнне апорных доляў такта), рытмічны (перанясенне націску з апорных доляў на слабыя — сінкопа, рытмічнае падаўжэнне гуку), агагічны (затрымка або зацягванне гуку), меладычны (вылучэнне гуку меладычным скачком або арнаментальнай фігурай). Сродкам акцэнтавання служыць і раптоўная змена гармоніі, тэмбру іінш.