БЕНЕФІ́ЦЫЙ

(ад лац. beneficium дабрадзейнасць),

1) у Старажытным Рыме прывілеі, ільготы, падараванні імператараў і г.д. 2) У перыяд ранняга сярэднявечча ў Зах. Еўропе зямельнае падараванне караля ці буйнога феадала на пажыццёвае карыстанне свайму васалу за ваен. ці адм. службу. Пасля смерці трымальніка бенефіцый перадаваўся яго нашчадкам або вяртаўся ўладальніку. З развіццём феад. адносін (9—11 ст.) бенефіцый ператварыўся ў спадчыннае трыманне — феод. У Расіі і на Беларусі бенефіцыю адпавядаў маёнтак, у Візантыі — пронія, у араб. краінах — ікта, у Індыі — джагір.

3) У каталіцкай царкве ў 1917—83 царк. пасада і звязаны з ёю даход.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)