ЛА́ЎРЫШАВА, Лаўрышаў,

вёска ў Шчорсаўскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. На левым беразе р. Нёман. За 27 км на У ад Навагрудка, 189 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Наваельня. 232 ж., 109 двароў (1998).

Узнікла ў 13 ст. як паселішча вакол Лаўрышаўскага манастыра. З 1795 у Рас. імперыі. У 1885 сяло Нягневіцкай вол. Навагрудскага пав., 460 ж., 52 двары, школа, царква, капліца. У 1908—513 ж., 77 двароў. З 1921 у Польшчы, вёска Нягневіцкай гміны Навагрудскага пав., 214 ж., 38 двароў. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Любчанскага, з 1956 — Навагрудскага р-наў. З 1959 у Шчорсаўскім с/с.

Базавая школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Успенская царква (1798), помнік святому Елісею Лаўрышаўскаму (1996).

У.​У.​Бянько.

т. 9, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ БО (другое імя Лі Тайбо; 701, вобл. Шу, Кітай —762),

кітайскі паэт. У 742—44 на службе пры імператарскім двары, атрымаў найвыш. вучонае званне — ханьлінь. Як удзельнік антыўрадавага мяцяжу 756 арыштаваны і асуджаны. Яго светапогляд сфарміраваўся пад уплывам канфуцыянскага рацыяналізму і даасізму. Збераглося больш за 900 вершаў (у т. л. цыкл «Старажытнае»), насычаных глыбокай філасафічнасцю, ідэямі вальналюбства, багатай фантазіяй. Майстар прыродаапісальнай лірыкі. Яго паэзія паўплывала на развіццё танскай і сунскай кіт. паэзіі 8—13 ст. На бел. мову асобныя вершы Л.Б. пераклаў І.​Бабкоў.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: «Тутэйшыя». Мн., 1989;

Рус. пер. — [Вершы] // Ли Бо, Ду Фу Избр. лирика. М., 1987;

У кн.: Китайская пейзажная лирика III—XIV вв. М.,1984.

Літ.:

Варжапетян В. Путник со свечой: Повести о Ли Бо, Омаре Хайяме, Франсуа Вийоне. М., 1987.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр адзінка ў Рас. імперыі ў 1797—1801. Цэнтр — г. Вільня. Утворана паводле імяннога ўказа ад 23.12.1796 шляхам аб’яднання Віленскай і Слонімскай губ. у складзе 19 паветаў: Ашмянскага, Браслаўскага, Брэсцкага, Ваўкавыскага, Віленскага, Вількамірскага, Гродзенскага, Завілейскага, Кобрынскага, Ковенскага, Лідскага, Навагрудскага, Пружанскага, Расіенскага, Слонімскага, Трокскага, Упіцкага, Цяльшэўскага, Шавельскага. Нас. ў 1797 — каля 1568,2 тыс. чал., у т. л. 1 млн. сялян, 120 тыс. шляхты. У Л.г. было 19 гарадоў, 268 мястэчак, 23 632 вёскі, засценкі, ваколіцы, 166 манастыроў, 634 царквы і касцёлы. Найб. дзярж. ўладанне — Слонімская эканомія (1724 двары, 3321 рэвізская душа), з 1798 у пажыццёвым трыманні графа М.​Е.​Мнішкі. Цэнтр. адміністрацыя — вярх. літ. праўленне на чале з ген.-губернатарам (намеснікам). Указам Аляксандра I ад 21.9.1801 Л.г. зноў падзелена на Віленскую і Слонімскую губ. (з 9.9.1802 Гродзенская губерня).

Я.​К.​Анішчанка.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЕ СТАРО́СТВА, Пінская воласць,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у пач. 16—18 ст. Утворана на тэр. б. Пінскага княства, якое кн. Ф.​І.​Яраславіч завяшчаў вял. кн. ВКЛ Жыгімонту I Старому, які ў 1519 падараваў яго сваёй жонцы Боне. У адносінах да староства ўжываліся назвы «княства», «староства», «павет», «дзяржава», «воласць». У 1552 у П.с. ўваходзілі г. Пінск, мяст. Нобель і Моталь, двары Сялец, Ставок, Дружылавічы, 101 сяло; падзялялася на 7 войтаўстваў. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 П.с. ўключана ў Пінскі павет, у якім займала каля 1/3 яго тэрыторыі. З таго часу звычайна знаходзілася ў закладзе ў буйных феадалаў ВКЛ, якія карысталіся тытулам старостаў. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) б.ч. староства падаравана Кацярынай П кн. М.​В.​Рапніну, рэшта раздробнена на невял. прыватныя і дзярж. маёнткі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 12, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПУ́ЦІН (сапр. Новых) Рыгор Яфімавіч

(1864?, 1865? ці 1872, с. Пакроўскае Яркоўскага р-на Цюменскай вобл., Расія — 30.12.1916),

фаварыт рас. імператара Мікалая II і імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Сібірскі селянін, мянушку Р. атрымаў за разгульнае жыццё. У 1904—05 набыў папулярнасць у вышэйшых колах пецярб. арыстакратыі, з 1907 пры царскім двары як «празорлівец» і цудоўны лекар-«збавіцель». Р. абяцаў малітвамі вылечыць хворага на гемафілію царэвіча Аляксея і паслаць «боскую ласку» на дзярж. справы цара. Меў неабмежаваны ўплыў на царскую сям’ю, за хабар аказваў «пратэкцыі». Паводле яго парад прызначаліся і змяняліся вышэйшыя асобы дзярж. і царк. кіравання. «Распуціншчына» моцна падарвала прэстыж самадзяржаўя напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917. Р. забіты змоўшчыкамі-манархістамі Ф.​Ф.​Юсупавым, У.​М.​Пурышкевічам і вял. кн. Дзмітрыем Паўлавічам.

Літ.:

Пуришкевич В.М. Дневник «Как я убил Распутина». М., 1990;

Труайя А. Распутин: Пер. с фр. Ростов н/Д., 1997.

т. 13, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дво́рнік, ‑а, м.

1. Работнік, які падтрымлівае чысціню і парадак на двары і на вуліцы каля дома. На тратуары з саўком і мятлою завіхаўся запознены дворнік. Карпаў. А калі Дзіма ішоў са школы, — на вуліцах высіліся цэлыя гурбы, і барадатыя дворнікі ў аўчынных кажухах і валёнках шырокімі драўлянымі лапатамі рассоўвалі іх з сярэдзіны вуліцы да рышткоў. Якімовіч.

2. Разм. Прыстасаванне ў выглядзе стрэлкі, якое служыць для ачышчэння ветравога шкла аўтамашыны ад снегу, вільгаці, пылу. [Снег] залепліваў ветравое шкло машыны. Старанна матляліся «дворнікі», зграбаючы снег. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмо́сце, ‑я, н.

Разм.

1. Месца пад мостам. Ноччу так, як і ўдзень, Спіць усё і маўчыць, Толькі недзе струмень У падмосці цурчыць. Хведаровіч. Вада тут у сярэдзіне вясны яшчэ ідзе поўным, імклівым ходам — перавальвае цераз дамбачку.. і, падаючы з метровай вышыні, шуміць і булькоча ў сцюдзёным змроку падмосця. Ракітны.

2. Месца пад падлогаю. Хвошч выбраўся з падмосця, паклаў на месца дошкі і сеў на падлозе. Лупсякоў. Неяк я корпаўся на двары, абкідваў заваліны, каб на зіму праз сцены ў падмосце не забіраліся маразы. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АСТРАВЕ́Ц,

гарадскі пасёлак на Беларусі, у Гродзенскай вобл., на р. Лоша. Цэнтр Астравецкага р-на. За 250 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Гудагай на лініі Маладзечна—Вільнюс. Аўтадарогай злучаны з Ашмянамі. 8,9 тыс. ж. (1995).

Па пісьмовых крыніцах вядомы з 1468 у складзе Віленскага ваяв. Належаў Гаштольдам, Карыцкім, Корсакам, у 19 ст. Кастравіцкім, Сыцянкам. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Віленскім, потым Ашмянскім пав. У 1886 мястэчка, 176 ж., 22 двары, млын, цагельня, бровар, тартак, майстэрня дрэнажных трубаў. У 1915—18 акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР. З 1940 цэнтр раёна. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. З 25.4.1958 гар. пасёлак.

Прадпрыемствы харч., дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Помнік сав. воінам і партызанам. Помнікі архітэктуры: Казьмадзям’янаўскі (1787) і Георгіеўскі (1911) касцёлы.

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЯКО́НІ,

вёска ў Беларусі, у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 12 км на Пн ад г.п. Воранава, 145 км ад Гродна, чыг. ст. на лініі Ліда—Вільнюс. 1511 ж., 569 двароў (1995).

У 1-й пал. 17 ст. належалі Я.​Чаплінскаму, які ў 1634 заснаваў тут касцёл Яна Хрысціцеля. З 1795 у Рас. імперыі. У 1880-я г. 63 ж. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Лідскага пав. У 1910 каля Беняконяў створана доследная с.-г. станцыя (дзейнічала да 1959). У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Воранаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. У 1970 у Беняконях 1726 ж., 502 двары. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, 2 бальніцы, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл Іаана Хрысціцеля (1900—02).

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РДЖА, Борджыя (ісп. Borja, італьян. Borgia),

арыстакратычны род іспанскага паходжання, які ў 15 — пач. 16 ст. адыгрываў значную ролю ў гісторыі Італіі. Пачатак яго ўзвышэнню даў Алонса (31.12.1378—6.8.1458), які стаў папам (1455—58) пад імем Калікста III. Яго пляменнік Радрыга (1430—18.8.1503) — папа Аляксандр VI (1492—1503), са сваім сынам Чэзарэ (1475 ці 1476—12.3.1507) імкнуліся стварыць у Сярэдняй Італіі вял. дзяржаву, дзе Чэзарэ меў бы абсалютную ўладу. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі подкупы, забойствы. У 1499 Чэзарэ стаў правіцелем Раманьі. Пасля смерці Аляксандра VI пазбаўлены ўлады, уцёк у Іспанію. Загінуў у баі ў час міжусобных войнаў. Чэзарэ — прататып правіцеля ў творы Н.Макіявелі «Гасудар». Дачку Аляксандра VI Лукрэцыю (18.4.1480—24.6.1519) бацька і брат Чэзарэ тройчы выдавалі замуж з паліт. мэтамі. У 1501 Лукрэцыя стала жонкай герцага Ферары Альфонса д’Эстэ. Пры яе двары ў Ферары працавалі вучоныя, паэты, мастакі Л.​Арыёста, П.​Бемба, Тыцыян і інш.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)