традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Зах. Палессі. Быў пашыраны ў ваколіцах г.п. Дамачава, паўд.-зах. частцы Брэсцкага і Маларыцкага р-наў (уздоўж р. Буг), на тэр. Польшчы (ваколіцы г. Уладава) і ў паўн.-зах. раёнах Валынскай вобл. Украіны.
Жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы-рабака, фартуха, гарсэта, галаўнога ўбору. Кашуля мела шырокі адкладны каўнер, вышыты па краях. Аздаблялася малінавым з украпаннямі чорнага арнаментам гладкіх і пункцірных палос на плечавой устаўцы, верхняй і ніжняй частцы рукава. Ніжні ўзорысты шляк рукава дамінаваў над верхнімі палосамі арнаментам зорак, крыжыкаў, зігзагаў і інш. Спадніца і фартух (1-полкавы) шыліся з аднолькавай па якасці і каларыстычна-арнаментальным вырашэнні даматканай паўшарсцяной ці льняной тканіны, прасаваліся ў буйныя складкі. Усё поле спадніцы запаўнялі чырвоныя, зялёныя, белыя, блакітныя, чорныя падоўжныя ці папярочныя палосы. Неад’емнай часткай касцюма дзяцей, дзяўчат і падлеткаў быў гарсэт (гарсэт-безрукаўка і гарсэт з рукавамі — кабат). Жаночыя гарсэты шылі з блакітнай тонкай шэрсці фабрычнага вырабу, спераду багата аздаблялі рознакаляровымі тасёмкамі, стужкамі, гузікамі, дэкар. строчкай. Прасцей былі гарсэты з валенага (лямцаванага) даматканага сукна цёмна-карычневага колеру. Галаўным уборам замужніх жанчын быў чырвоны каптур (з бакавымі вушкамі і зубцом над ілбом), бачны край якога аздабляўся карункамі, залацістай тасьмой. Паверх каптура накладалі згорнутую ў валік накрухмаленую пярэстую крамную хустку. Мужчыны насілі белую кашулю з стаяча-адкладным каўняром, падперазаную вузкім тканым поясам, карычнева-шэрыя нагавіцы і гарсэт з рукавамі ці без рукавоў (аздабляўся вітым і плеценым коскай рознакаляровым шнурам і тасьмой). На галаву надзявалі саламяныя капелюшы з чорнай стужкай.
М.Ф.Раманюк.
Дамачаўскі строй. Святочныя ўборы дзяўчат і маладых жанчын. 1910-я г. Вёска Чэрск Брэсцкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІТА́РА (ісп. guitarra ад грэч. kithara кіфара, цытра),
струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Сучасная гітара складаецца з драўлянага корпуса з глыбокімі выемкамі па баках і плоскімі дэкамі (на верхняй — круглая рэзанатарная адтуліна), шыйкі з грыфам (на грыфе 19—24 метал. лады), галоўкі з калкамі. Струны (6) металічныя ці нейлонавыя (адпаведна 4 ці 3 ніжнія абвіты метал. каніцеллю), часам двайныя рады струн (2 верхнія настройваюцца ва унісон, 4 ніжняя — у актаву). Звычайная настройка: E(D)-A-d-g-h-e1 (натуецца на актаву вышэй). З пач. 19 ст. вядома 7-струнная, т.зв. руская гітара квартава-тэрцавай настройкі: D-G-н-d-g-h-d1. Гукарад храматычны. Прыёмы гуказдабывання: шчыпок вял. пальцам ніжніх струн, указальным, сярэднім і безыменным — верхніх, бразганне па ўсіх струнах, зашчыпванне плектрам. Гучанне гітары мяккае, тэмбрава разнастайнае, добра спалучаецца з чалавечым голасам і некат. муз. інструментамі. Выкарыстоўваецца як сольны інструмент і для акампанементу.
Інструменты тыпу гітары былі вядомы ў Іспаніі з 13 ст. У інш. краінах Еўропы гітара пашырана з сярэдзіны 18 ст. Да таго часу адносяцца і найб. раннія сведчанні пра яе на Беларусі (выява на фрэсках Слонімскай сінагогі). Спачатку бытавала сярод магнатаў і шляхты, у 19 ст. — інш. слаёў насельніцтва. З 1920—30-х г. у бел.нар.муз. практыцы разам з мандалінай, балалайкай, скрыпкай і басэтляй уключалася ў склад т.зв. струннай музыкі. У апошні час у эстраднай музыцы і джазе выкарыстоўваюць электрагітары з некалькімі гуказдымальнікамі і т.зв. тэмбраблокам. Сярод вядомых прафес. гітарыстаў А.Сеговія, А.Сіхра, А.Іваноў-Крамской, з бел. — Я.Грыдзюшка, У.Захараў, В.Жывалеўскі.
І.Дз.Назіна.
Да арт.Гітара. Гітарыст Мастак В.А.Трапінін. 1823.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗДЫ ВАЕ́ННЫХ І РАБО́ЧЫХ ДЭПУТА́ТАЎ А́РМІЙ І ТЫ́ЛУ ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ 1917,
2 франтавыя з’езды, што адбыліся ў 1917 у Мінску; прысутнічалі дэлегаты ад вайсковых к-таў, Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў. 1-ы з’езд адбыўся 20—30 красавіка. Удзельнічала 1200 дэлегатаў (850 з рашаючым і 350 з дарадчым голасам), 100 супрацоўнікаў аргкамітэта, каля 100 гасцей, у т. л. лідэры Дзярж. думы і Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Большасць дэлегатаў складалі эсэры і меншавікі. Старшынёй з’езда выбраны старшыня выканкома Мінскага Савета Б.П.Позерн. Пытанні: аб вайне і міры, аб Часовым урадзе і дэмакр. арг-цыях, аб прававым і матэрыяльным становішчы воінаў і іх сем’яў, аб забеспячэнні фронту. Працавала 7 секцый, у т. л. па арганізац., сялянскім і рабочым пытаннях. З’езд выказаўся ў падтрымку Часовага ўрада і яго палітыкі, выпрацаваў Палажэнне аб салдацкіх арг-цыях (праект падрыхтаваны выканкомам Мінскага Савета), абраў пастаянны выканаўчы орган — франтавы к-т з 75 чалавек. 2-і з’езд адбыўся 3—8 снежня. Прысутнічала 714 дэлегатаў (633 з рашаючым і 81 з дарадчым голасам), прадстаўнікі ЦКРСДРП(б) і Петраградскага ВРК. Старшыня — А.Ф.Мяснікоў. Пытанні: аб рабоце франтавога к-та, аб бягучым моманце, аб міры, аб дэмакратызацыі арміі. З’езд вітаў Савет Нар. Камісараў і выказаў яму поўны давер і падтрымку. Прынятая на з’ездзе рэзалюцыя аб дэмакратызацыі арміі адобрана ВРК пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага і 30.11.1917 перададзена ва ўсе часці і злучэнні як «Палажэнне аб дэмакратызацыі арміі». Паводле яго ў арміі ўводзіўся выбарны пачатак, адмяняліся ўсе афіцэрскія і інш. знакі адрознення, ураўноўваліся ў правах службы ўсе часці і роды войск. З’езд выбраў франтавы к-т у складзе 100 чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ УКРАІ́НЫ (КПЗУ),
палітычная арг-цыя левага кірунку ў Заходняй Украіне ў 1919—38. Засн. ў лют. 1919 на нелегальнай канферэнцыі камуніст. груп Усх.Галіцыі як Камуніст. партыя Усх. Галіцыі (КЛУГ; 182 чл.). У вер. 1919 прынята як асобная секцыя ў Камуністычны Інтэрнацыянал (Камінтэрн); з 1921 аўтаномная арг-цыя ў складзе Камуністычнай партыі Польшчы (КПП). У 1923 дзейнасць КПУГ пашырана на Валынь, Холмшчыну, Падляшша, Паўд. Палессе, яна перайменавана ў КПЗУ (1560 чл.). Узначальвала буйныя выступленні ўкр. працоўных супраць сац. і нац. прыгнёту, садзейнічала стварэнню і дзейнасці прафс., левых сял. і маладзёжных арг-цый, у т. л. масавай рабоча-сял. арг-цыі «Сельроб» (1926—32), Камуніст. саюза моладзі Зах. Украіны. Супрацоўнічала з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі (КПЗБ). Праграма КПЗУ зыходзіла з пазіцый марксізму, пралетарскага інтэрнацыяналізму і інш. З сярэдзіны 1930-х г. паводле рашэнняў VII кангрэса Камінтэрна партыя (4700 чл. у 1936) праводзіла курс на ўтварэнне нар. фронту супраць пагрозы фашызму і вайны. супрацоўніцтва з с.-д. арг-цыямі, адмовілася ад ранейшай левасектанцкай лініі ў нац.-вызв. руху. Кіруючыя органы: з’езд (адбыліся ў 1921, 1925, 1928, 1936), паміж імі цэнтр.к-т. Кіраўнікі; А.Г.Бараль (У.Саўка), М.Ц.Заячкоўскі (Касар), Р.В.Іваненка (Бараба), М.М.Цяслюк і інш. Легальна і нелегальна выдавала часопісы «Наша правда», «Комуністичний прапор» («Сцяг камунізму»), газеты «Земля і воля», «Світло», «Трибуна робітнича» і інш., адозвы, лістоўкі. У жн. 1938 КПЗУ разам з КПЗБ і КПП на падставе несправядлівага абвінавачання распушчаны Выканаўчым к-там Камінтэрна. У лют. 1956 камуніст. партыі СССР, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі ў сумеснай заяве прызналі неабгрунтаваным роспуск КПП, КПЗУ і КПЗБ у 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЧЭ́ЎСКІ (Ігнат Уладзіміравіч) (май 1896, Вільня — 23.4.1923),
бел. філосаф, паэт, публіцыст. Брат А.У.Канчэўскага. Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча (1913), вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це, Маскоўскім ун-це (1913—16), на Вышэйшых каап. курсах пры ун-це імя А.Л.Шаняўскага (Масква, 1917). Падзяляў праграму эсэраў, падтрымліваў укр.нац. рух. З 1919 у Мінску, працаваў у Саўнаргасе, у Цэнтрасаюзе спажывецкіх т-ваў Беларусі. Друкаваў вершы, паліт. артыкулы, рэцэнзіі ў віленскай прэсе. Аснова светапогляднай і жыццёвай пазіцыі К. — адданасць бел. справе, любоў да Бацькаўшчыны, самаахвярная праца на карысць народа. У філас. эсэ «Адвечным шляхам» (1921) раскрыў драматызм гіст. лёсу беларусаў, іх імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. Гал. мэтай народа лічыў дзярж. незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Адной з гал. перашкод лічыў бюракратычную сістэму дзяржавы і дух «канцылярыі». Цывілізаваны шлях вырашэння грамадскіх праблем бачыў у вольнай творчасці, непрымусовых формах сац. аб’яднання людзей, у выбары «трэцяга, сялянска-рамесніцкага шляху вольных брацтваў і кааперацыі — паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам». Вершы друкаваў пад псеўд. Ігнат Абдзіраловіч і Ганна Галубянка. Паэт. творчасць вызначаецца філас. пранікнёнасцю ў сутнасць нар. жыцця, спалучэннем прыгажосці бел. слова з нац. светабачаннем, замілаваннем да чалавека, верай у адраджэнне і будучы росквіт Бацькаўшчыны (вершы «Па святой зямлі...», «Вераснёвае пано», «Так прыгожы старыя званіцы...», «На матывы Р.Тагора», верш у прозе «Мы разам...»).
Тв.:
Адвечным шляхам: Дасьледзіны бел. сьветагляду. 4 выд.Мн., 1993.
Літ.:
Калеснік У. Ветразі Адысея. Мн., 1977. С. 78—88;
Конан У.У. свабодзе і творчасці — ратунак для свету // Вобраз—90. Мн., 1990;
Яго ж. «...Нас злучае супольнасць ахвяры»: Ігнат Канчэўскі, 1896—1923 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́СНАЕ,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., каля р. Уша, на аўтадарозе Мінск—Маладзечна; чыг. ст. (Уша) на лініі Мінск—Маладзечна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдУ ад г. Маладзечна, 57 км ад Мінска. 3273 ж., 1216 двароў (1998).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 2-й пал. 15 ст. як велікакняжацкі двор пад назвай Краснае Сяло. У 1486 мястэчка, дзе да 1500 засн. касцёл. У канцы 15—1-й пал. 16 ст. цэнтр павета, да 1793 цэнтр староства Менскага ваяв. У 1765 у мястэчку 58 двароў, касцёл, карчма. З 1793 у Рас імперыі, у 19 ст. мястэчка Вілейскага пав. Мінскай губ. У 1897 у мястэчку 1019 ж., 152 двары, царква, 2 школы, нар. вучылішча, пошта, фельч. пункт, 22 крамы, 8 корчмаў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Маладзечанскага пав. З 1939 у БССР, у Радашковіцкім р-не Вілейскай вобл., у 1940—54 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну 5.3.1943 ням.-фаш. захопнікі расстралялі тут 2000 сав. грамадзян, загубілі 800 сав. ваеннапалонных. З 1954 вёска, цэнтр сельсавета Радашковіцкага, з 1960 Маладзечанскага р-наў. У 1972—2989 ж., 611 двароў.
Кансервавы з-д, ільнозавод, цэх плёначных вырабаў Мінскага з-да «Белпласт», вытв. ўчасткі Маладзечанскага камбіната хлебапрадуктаў і лясгаса, прамысл. і хім. базы. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, царква хрысціян веры евангельскай. Помнікі воінам-вызваліцелям, сав. танкістам, землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Магіла ахвяр фашызму, сав. ваеннапалонных, брацкія магілы сав. воінаў, партызан. Помнікі архітэктуры: Свята-Пакроўская царква (1889), Красненскі касцёл Ушэсця Дзевы Марыі. На Пд ад вёскі гарадзішча ранняга жал. веку, на ПдЗ — гарадзішча эпохі феадалізму.
рускі паэт, тэарэтык футурызму. Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1906). З 1907 у Маскве, пісаў пейзажы, рабіў літаграфічныя партрэты, шаржы для сатыр. часопісаў. Друкаваўся з 1909. У 1910-я г. пазнаёміўся з У.Маякоўскім і В.Хлебнікавым, якія паўплывалі на раннюю творчасць К. У 1912 далучыўся да літ.-маст. групы кубафутурыстаў. Першыя зб-кі «Гульня ў пекле» (з Хлебнікавым) і «Старадаўняе каханне» (абодва 1912). Спрабаваў стварыць новую паэт. мову — заум, якую выводзіў ад нар. замоў, гласалій сектантаў, прамовы і дзіцячай мовы: тэарэт.зб-кі «Слова як такое», «Д’ябал і моватворцы» (абодва 1913), «Тайныя заганы акадэмікаў» (1916), «Зрухалогія рускага верша» (1922), «Апакаліпсіс у рускай літаратуры» (1923) і інш.Паэт.зб-кі «Памада», «Узарваль», кн. «Пачнем наракаць» (усе 1913) — узоры гукавой і графічнай заумі. Распрацаваў паэт. тэорыю зруху (кн. «Малахолія ў капоце», зб. вершаў «Лакіраванае трыко», абодва 1919). Аўтар п’ес (п’еса-опера «Перамога над сонцам», паст. 1913, у 1920 паст. К.Малевічам у Віцебску; «Хуліганы ў вёсцы», 1927, і інш.), фабульных крымін. раманаў у вершах («...Разбойнік Ванька-Каін і Сонька-Манікюрка», 1925; «...Дунька-Рубіха», 1926), кніг любоўнай лірыкі «Іраніяда» і «Рубініяда» (абедзве 1930). Першы даследаваў творчасць У.Маякоўскага («Вершы У.Маякоўскага. Выпыт», 1914). Склаў бібліяграфію Б.Пастарнака (1933), М.Асеева (1934), выдаваў літ. спадчыну (Хлебнікава і інш.). Пасля 1934 не друкаваўся.
Тв.:
Четыре фонетических романа [Стихи]. М., 1990;
Кукиш пошлякам: Фактура слова;
Сдвигология русского стиха;
Апокалипсис в русской литературе. М., 1992. Наш выход: [К истории рус. футуризма]. М., 1996.
Літ.:
Лившиц Б. Полутороглазый стрелец. Л., 1989;
Алексей Крученых в свидетельствах современников. Мюнхен, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНА,
вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Мярэя, на аўтадарозе, якая злучае Л. з г. Горкі. Да 1918 наз. Раманава. Цэнтр сельсавета і племзавода. За 17 км на ПнУ ад г. Горкі, 103 км ад Магілёва, 20 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 1955 ж., 506 двароў (1999).
Упамінаецца ў Дагаворнай грамаце 1523 аб перамір’і паміж Маск. дзяржавай і ВКЛ. У 1529 яе купіў кн. Астрожскі і перадаў у пасаг сваёй дачцэ, якая выйшла замуж за Х.М.Радзівіла. У выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 у Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. З 1647 мястэчка, 56 двароў, фальварак, царква, вінакурня, млын, сукнавальня, карчма. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Аршанскай прав., потым Аршанскага пав. З-за адмовы ўладальніка К.Радзівіла прысягнуць імператрыцы Кацярыне II мястэчка ў 1773 перададзена ў казну, а ў 1774 падаравана кн. Дандуковым-Корсакавым. 8.11.1812 тут размяшчалася гал. кватэра М.І.Кутузава. У 1897 мястэчка, 958 ж., царква, 2 малітоўныя дамы, гарбарны і клеяварны з-ды, 7 кузняў, царк.-прыходская школа, нар. вучылішча, фельчарскі пункт, пошта, 21 крама, карчма; 4 разы на год праводзіліся кірмашы. З 1924 цэнтр сельсавета Горацкага раёна Аршанскай акругі БССР (да 1930), з 1938 — Магілёўскай вобл. У Вял.Айч. вайну ў 1943 вёску спалілі ням.-фаш. захопнікі, загубілі 186 жыхароў. 12—13.10.1943 у баі за вёску ўпершыню ўдзельнічалі воіны 1-й Польскай дывізіі імя Т.Касцюшкі. У 1972—730 ж., 210 двароў.
Жыллёва-камунальная гаспадарка, швейны цэх. Горацкае педвучылішча, сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Мемар. комплекс, які ўключае Музей савецка-польскай баявой садружнасці, брацкія магілы сав. і польскіх воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЎЧЫК (Гальяш) (сапр.Ляўковіч Ілья Міхайлавіч; 20.7.1880, г. Слонім Гродзенскай вобл. — вер. 1944),
бел. пісьменнік. Скончыў Слонімскае пав. вучылішча. З 1896 служыў у Слоніме ў канцылярыі міравога суддзі, пісарам у каморніка. У 1904—14 чарцёжнік у магістраце Варшавы. З 1907 супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Спрыяў дзейнасці Бел. студэнцкага зямляцтва ў Варшаве, у 1912—14 чл. Варшаўскага бел. гуртка. З сярэдзіны 1920-х г. супрацоўнічаў з Амер. місіяй метадыстаў, пераклаў на бел. мову спеўнікі («Божая ліра», 1933). Пісаў для дзіцячага час. «Заранка» (1927—31). У Варшаве і Слоніме меў багатую б-ку. Калекцыяніраваў публікацыі пра Беларусь, кераміку. Маляваў, іграў, спяваў, збіраў фальклор. Сабраў унікальныя дакументы пра Слонім і Слонімшчыну. З 1908 друкаваў вершы ў «Нашай ніве». У 1912 выдаў у Вільні зб. паэзіі «Чыжык беларускі». Яго рамант. вобразы-сімвалы — алегарычнае ўвасабленне ўціску, крыўды і зла. Асуджэнне адшчапенцаў, прыгнятальнікаў і прыстасаванцаў выказаў у вершы «Хто адрокся сваіх». Асуджаў рэжым польск. улад у Зах. Беларусі. Выступаў за свабоду роднага слова («Душыцелям слова», нап. 1927). Цяжар нар. трагедыі паказаў у «Калыханачцы» («Песні аб астрожнай долі», 1926). У 1932 напісаў філас.-медытацыйныя паэмы ў прозе «Хараство» і «Чалавек». У публіцыстыцы выступаў за права беларусаў на сваю культуру. Перакладаў на бел. мову творы А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, Ю.Славацкага, М.Някрасава і інш. Яго зб. «Беларускі жаваранак» не выйшаў з друку (копія ў Аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі).
Тв.:
Доля і хлеб: Выбр.тв.Мн., 1980.
Літ.:
Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982;
Пятроўскі Я. Мэмуары. Кн. 1. Слуцак;
Гейнсвіль, 1988;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. 2 выд.Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́БАН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 27.10.1911, в. Чаплічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.12.1984),
бел. пісьменнік, мовазнавец. Засл. работнік культуры Беларусі (1974). Канд.філал.н. (1953). Скончыў БДУ (1945). У 1944—67 і 1968—75 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1967—68 у Гал. рэдакцыі Бел. энцыклапедыі. Друкаваўся з 1930. Першая кніга — аповесць «Іркуцянка» (1953). У трылогіі «На парозе будучыні» (1961—63), «Гарадок Устронь» (1967—68), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. 20 ст. (рэвалюцыя, грамадз. вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вял.Айч. вайну). У творы паказана вясковае жыццё ў яго разнастайных, асабліва сац.-быт. праявах, перададзены складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, створана разгалінаванае, напоўненае ўнутр. драматызмам сюжэтнае дзеянне, трапна выкарыстаны жывая нар. мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасці дыялектнага слова, стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль. Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці (зб. «Пяць раніц тыдня», 1984; Літ. прэмія імя І.Мележа 1985). Адзін з укладальнікаў «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.Р.Суднікам, 1948, 5-е выд. 1982), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Кіраваў працай па стварэнні «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84; рэдактар т. 1). На бел. мову пераклаў (з Э.Агняцвет) «У людзях» М.Горкага і інш.