Та́нец ’рытмічныя рухі пад музыку, скокі’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Федар. 4, Сл. ПЗБ), та́нэць ’тс’ (драг., Сл. ПЗБ, Вруб.), под той танец ’у той час’ (Ян.), ст.-бел. танець ’скокі’ (Альтбаўэр; 1518 г., КГС). Праз польск. taniec (да XVI ст. tańc) або непасрэдна з ням. Tanz ’танец’, tanzen ’танчыць’ < ст.-франц. dancier ’тс’ (> франц. danser ’тс’) < франк. *dansôn ’цягнуць; выцягвацца; станавіцца ў лінію’. Другаснае ўключэнне запазычання ў групу назоўнікаў, утвораных з суф. ‑ьcь, магло адбыцца ў славянскіх мовах незалежна (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 390). Гл. Борысь, 626; Фасмер, 4, 18–19.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́рка ’прадмет кухоннага ўжытку, які служыць для раздрабнення, расцірання’ (ТСБМ, Нас., Шымк., Касп., Растарг., Варл., Сержп. Грам., Арх. Вяр.), сюды ж ’дошка для мыцця бялізны’ (Сцяц. Сл., Сцяц.; ваўк., Сл. ПЗБ), ’церніца (лён церці)’ (трак., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тарка ’тарка’: тарку купили в дорогу (1682 г., КГС); таркава́ць ’церці на тарцы’ (Скарбы, Сцяшк., Янк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), таркава́ць ’тс’ (ТС, ЖНС, Лекс. Бел. Палесся), таркава́ны ’сцёрты на тарцы’ (Сцяшк.; паст., швянч., Сл. ПЗБ; лун., Шатал.), таркава́ная ка́ша ’бабка (страва)’ (паст., ЛА, 4). Запазычана з польск. tarka ’кухонная прылада’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 58).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарчы́ца1 ’шырокая дошка’ (Некр. і Байк.; ашм. Стан.; Шат., Варл.), ’доўгая, шырокая і даволі тоўстая дошка’ (Нас.), ’вузкая дошка, цёс’ (Шымк. Собр.), тарчы́цы ’тонкія дошкі’ (Касп.), тырты́ця ’масніца’ (кобр., ЛА, 4). Ст.-бел. тартица, тарцица, тарчица, торчица, тертица, терцица ’драніца’, ’дошка’ (1555 г., Ст.-бел. лексікон, КГС) запазычана са ст.-польск. tarcica ’неапрацаваная дошка’, што ад tarty ’цёрты, пілаваны’, дзеепрыметніка ад trzeć ’церці’ (Брукнер, 566; Борысь, 626).

Тарчы́ца2 (тарчы́ця) ’шчытападобная залоза’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. tarczyca ’тс’, што да папярэдняга слова або да tarcza ’шчыт’ (гл. тарча) паводле знешняга падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тасьма́ ’вузкая тканая ці плеценая палоска для аздаблення адзення або завязвання’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ’вузкая стужка або тасёмка’ (Сцяшк., ТС), ’пасма’: тасьма́ — палоска на клубку нітак (воран., Сл. ПЗБ), та́сьма ’тасёмка’, тасма́ ’тс’ (Нас.). Укр. та́сьма́ ’тасьма, аблямоўка’, рус. тесьма́ ’тасёмка, стужка’, ст.-рус. тасма ’раменьчык’, польск. taśma ’вузкая стужка, тканы паясок’. З цюркскіх моў, дзе з перс. taśma < манг. taśma (Анікін, 538). У старабеларускай мове фіксуецца з 1511 г. у форме тасьма, тесма, крыніцай запазычання якога лічыцца тур. tasma (Булыка, Запазыч., 318; Чарных, 2, 241; Фасмер, 4, 26; Брукнер, 566–567).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўкці́ ’таўчы’ (Нас., Некр. і Байк., Мат. Гом., Сержп. Прымхі; рагач., Сл. ПЗБ), ’ціснуць алей’ (ельск., ЛА, 4), ’таўчы; біць’ (Ян.), тоўкці́ ’таўчы; біць, штурхаць’ (ТС), товкты́ ’штурхаць’ (пін., ЛА, 2), ’таўчы’ (Сл. Брэс.), товкчи́ ’абтоўкваць (проса, ячмень)’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), таўкці́ся ’таўчыся’ (Ян.), ’біцца, знаходзіцца ў стане цечкі (пра кабылу)’ (воран., Жыв. св.), тоўкці́са ’тоўпіцца’ (ТС), товкты́са ’штурхацца’ (пін., ЛА, 2). Параўн. укр. товкти́, рус. толкти́. Прасл. *tolkti/*telkti ’біць, таўчы’, роднаснае да літ. tèlkti ’стаць мірным, рахманым’, telkti ’склікаць талаку’ (Фасмер, 4, 73; ЕСУМ, 5, 588). Гл. таксама таўчы, талака.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тлу́сты ’з вялікай колькасцю тлушчу’, ’тоўсты, укормлены, сыты’, (ТСБМ, Нас., Яруш., Шымк. Собр., Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Сержп. Прымхі, Федар. 4, Сл. ПЗБ, Вруб., ТС, ЛА, 4), клу́сты, клу́скі ’тс’ (Лекс. Бел. Палесся), клусты́, клу́скі ’тс’ (Ласт.), клу́сный ’тс’ (Бяльк.), ст.-бел. тлустый ’тлусты’ (пач. XVI ст., КГС). Запазычанне з польск. tlustý ’тс’, што ўзыходзіць да прасл. *tъlstъ ’тлусты, тоўсты’ (Брукнер, 572; Борысь, 636). Варыянтнасць пачатку слова (тл‑, кл‑, пл‑) разглядаецца як вынік распадабнення (Сцяц. Нар., 61), якое назіраецца яшчэ ў польскай мове (Векслер, Гіст. 102). Гл. тоўсты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́днасць ‘цяжкасць’ (Нас., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Ян.), ‘турботы’ (Ласт.), ‘моцны боль’ (Хромчанка, Паўн.-маст. гав.), трудно́сць (trudność) ‘боль (балесць)’ (Варл.), тру́дносць ‘цяжкасць’ (ТС), тру́дност’ ‘цяжкасць, намаганне, клопат’, трудно́сті ‘перашкоды’ (Вруб.), ст.-бел. трудность ‘цяжкасць; перашкода’ (ГСБМ): многа труднасци зададуц (Кітаб Луцкевіча). Адзначана ўкр. тру́дність ‘цяжкасць’, рус. тру́дность ‘тс’ — апошняе разглядаецца як пранікненне ў шэрагу слоў, што ўзніклі ў “литературном языке юго-западной Руси” (Суффикс. словообр., 134), магчыма, пад польскім уплывам, бо найбольш шырока назоўнікі на ‑ость прадстаўлены ў перакладных аповясцях «История о Атыле» і інш. (там жа, 138). Гл. трудны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́нак ‘напітак’, ‘алкагольны напітак’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Гарэц., Федар. 4, Сцяшк., Яруш., Бес., Адм., Скарбы; астрав., Сл. ПЗБ), ‘віно’ (Сцяшк.), ‘прыправы’ (Жд. 3), пераносна ‘атрута (пра гарэлку)’ (астрав., Сл. ПЗБ), ‘пітво, піццё’ (полац., Нар. сл.), ст.-бел. трунокъ ‘напітак, трунак’ (1538 г., ГСБМ): хмелний трунек (Кітаб Луцкевіча). Запазычана са ст.-польск. trunek ‘тс’, ‘глыток, лык’ (Булыка, Лекс. запазыч., 117), якое з с.-в.-ням. trunc, trunkes ‘глыток’, tranc, trankes ‘напой, трунак’ > ням. Trunk ‘глыток’, ‘напітак’, Trank ‘напітак, трунак’ (Борысь, 644–645; Брукнер, 578; Шустар-Шэўц, 1538; Вінцэнц).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́жба ‘смутак, маркота’, ‘клопат’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Байк. і Некр., Янк. БП): u dware służba ni wielika tużba (Арх. Федар.). Укр. тужба́ ‘журба, маркота’, рус. тужба́ ‘клопат’, польск. tużba ‘смутак’, в.-луж. tužba ‘сум, журба, маркота’, чэш. tužba ‘моцнае жаданне’, tužby ‘спадзяванне’, славац. túžba ‘сон, мара’, ‘цяга, імкненне да чаго-небудзь’, ‘смутак, туга’, харв. tùžba, чак. tužbȁ ‘скарга, нараканне’, серб. ту̀жба ‘скарга, іск’, балг. тъ́жба ‘скарга’, ‘сум, журба, гора’, макед. тужба ‘судовы іск’. Прасл. *tǫg‑ьba > *tǫžьba. Да туга́, тужыць1, 2 (гл.). Літ. tūžbà ‘злосць’ запазычана з беларускай, гл. Фрэнкель, 2, 1147.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тынь-трава́ — паводле Насовіча (літаральна) ‘трава, якая расце пад тынам’, спалучэнне зажываецца побач з трынь-трава ў значэнні ‘рэч, нічога не вартая, дробязь, пусцяковіна’ (Нас.); паводле Некрашэвіча і Байкова, тынъ‑трава — адпаведнік рус. трын-трава (Некр. і Байк.), параўн. трын-трава́, трынь-трава, гл. Па-за межамі Беларусі спалучэнне не ўжываецца (гл. СРНГ). Паводле Карскага (2–3, 88), уяўляе спалучэнне назоўніка з назоўнікам, першы назоўнік па паходжанні ідэнтычны тынь4, гл. папярэдняе слова. Несумненна, што ‘трысцё’ як трава не даецца на корм жывёле, і таму спалучэнне атрымала другаснае значэнне ‘рэч нічога не вартая’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)