Жубрава́ць ’доўга старанна працаваць’, ’выпрошваць’ (Юрч.). Польск.żubrować ’ачышчаць збожжа ад восцей, прапускаючы яго праз спецыяльны апарат żubrównik’. Першае бел. значэнне магчыма тлумачыць як развіццё запазычанага польск., другое адлюстроўвае гукавую змену жабраваць (гл. жабра́к). Але і першае магло ўзнікнуць непасрэдна на бел. глебе ў выніку семантычнага развіцця паводле мадэлі ’выпрошваць’ > ’пакутаваць’ > ’цяжка працаваць’ (параўн. слав.trǫdъ ’хвароба’ > ’праца’). У сувязі з другім значэннем параўн. яшчэ серб.-харв.жу̏борити ’рабіць лёгкі шум’, балг.дыял.жуборя ’шумець’, макед.жубори ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГІДРАПО́НІКА (ад гідра... + грэч. ponos праца),
вырошчванне раслін (агароднінных, кветкавых, ягадных і інш.) на штучных пажыўных асяроддзях без глебы.
Пры гідрапоніцы каранёвая сістэма расліны развіваецца ў цвёрдых субстратах (жвір, пясок, мох, торф, друз, гранулы палімераў і інш.), якія перыядычна ўвільгатняюць водным растворам пажыўных элементаў, у вадзе (водная культура) або паветры (аэрапоніка). Для гідрапонных раствораў (pH=5,5—6,5) звычайна выкарыстоўваюць добра растваральныя солі; у іх павінны быць усе неабходныя макра- і мікраэлементы, склад якіх дыферэнцыруюць у залежнасці ад фазы развіцця раслін. Пры вырошчванні раслін метадам гідрапонікі паскараецца іх рост і развіццё, павялічваецца ўраджайнасць і якасць прадукцыі, палягчаецца барацьба з хваробамі і шкоднікамі раслін. Гідрапоніку шырока выкарыстоўваюць у н.-д. працы (у лабараторных і касм. даследаваннях), у прамысл. агародніцтве і кветкаводстве, пры вырошчванні ягадных культур і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЦКО́Ў (Міхаіл Нічыпаравіч) (н. 25.9.1946, с. Каменскі Хутар Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1978 на Камбінаце мастацтваў у Гомелі. Працуе ў манум. і дэкар. прыкладным мастацтве, пераважна ў галіне керамікі. Аўтар манум. пано «Вясна» (1984) у цэнтр. паліклініцы, «Праца», «Свята» (абодва 1985) у Палацы культуры «Гомсельмаша», размалёвак у прафес.-тэхн. вучылішчы № 67 (1986; усе ў Гомелі) і інш. Станковыя работы вызначаюцца пластычнай выразнасцю форм, імкненнем да выяўлення натуральнай прыгажосці матэрыялу: дэкар. наборы «Беларусіка» (1977), «Сялянскі» (1978), «Вячэрні» (1981), вазы «Вясенняе абуджэнне» (1975), «Лета» (1982), дэкар. пластыка «Памяць народная» і «Свята на сяле» (1978), «Сельскія эцюды» (1980), «Успаміны пра дзяцінства» (1985), дэкар. скульптура «Маці Палесся» (1980), «Мая Беларусь» (1989), «Францыск Скарына» (1990) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́КАЛЬНІК (Павел Васілевіч) (1795, г. Замасць, Польшча — 1884),
гісторык, пісьменнік. Д-р права (1815). Брат М.В.Кукальніка. Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію (1815). У 1825—32 заг. кафедры ўсеаг. гісторыі Віленскага ун-та, у 1832—42 выкладаў у Мед.-хірургічнай і Духоўнай акадэміях у Вільні, потым у каталіцкай семінарыі. Адначасова з 1829 цэнзар, у 1863—65 старшыня цэнзурнага к-та. У 1860-я г. старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Пад яго рэдакцыяй выдадзены 1-ы т. «Актаў Віленскай камісіі» (1865). Аўтар прац па гісторыі ВКЛ. Яго буйнейшая праца «Гістарычныя нататкі пра Літву» (1864), як і іншыя, кампілятыўная, заснавана на даследаваннях Ю.Ярашэвіча, Е.С.Бантке, Ю.І.Крашэўскага, М.Стрыйкоўскага, М.М.Бантыш-Каменскага. Ідэйна-паліт. погляды К. грунтаваліся на заходнерусізме. Аўтар успамінаў, апублікаваных у «Русском архиве» (1873—74).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЕР, Меер (Meyer) Эдуард (25.1.1855, г. Гамбург, Германія — 31.8.1930), нямецкі гісторык антычнасці. Праф.стараж. гісторыі ва ун-тах Лейпцыга (з 1884), Брэслаў (з 1885; цяпер г. Вроцлаў, Польшча), Гале (з 1889), Берліна (1902—23). Даследаваў гісторыю Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма з пазіцый мадэрнізму і цыклічнасці тэорыі, увёў у гіст. навуку паняцце «культ. комплекс», якое разумеў як вынік узаемадзеяння матэрыяльнай і духоўнай культуры народаў. Аўтар прац «Гісторыя Троі» (1877), «Гісторыя Пантыйскага царства» (1879), «Гісторыя старажытнасці» (т. 1—5, 1884—1902; асн.праца, у якой гіст. падзеі даведзены прыбл. да 336 да н.э.), «Гісторыя Старажытнага Егіпта» (1887), «Даследаванні па гісторыі Гракхаў» (1894), «Узнікненне іудзейства» (1896), «Да тэорыі і методыкі гісторыі» (1902), «Егіпецкая храналогія» (1904), «Манархія Цэзара і прынцыпат Пампея» (1918), «Паходжанне і пачаткі хрысціянства» (т. 1—3, 1921—23) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДЗО́НІ ((Manzoni) Алесандра) (7.3. 1785, г. Мілан, Італія — 22.5.1873),
італьянскі пісьменнік; тэарэтык рамантызму. Першыя творы напісаны ў духу класіцызму (паэма «Трыумф свабоды», 1801; ода «На смерць Карла Імбанаці», 1806). Уплыў каталіцызму выявіўся ў цыкле «Свяшчэнныя гімны» (1812—22, апубл. ў 1815 і 1823). У 1820-я г. перайшоў на пазіцыі рамантызму (эстэт.праца «Пра рамантызм», 1823, і інш.). Оды «Сакавік 1821 г.», «Пятага мая» (абедзве 1821), гіст. трагедыі «Адэльгіз» (паст. 1822) і «Граф Карманьёла» (паст. 1828) прасякнуты патрыят. матывамі, ідэямі Рысарджымента. У гіст. рамане «Заручаныя» (ч. 1—3, 1821—23) спалучэнне рамантызму з рэаліст. адлюстраваннем жыцця італьян. правінцыі 17 ст. Аўтар эстэт., філас., тэарэтыка-літ. прац.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. М., 1978;
Обрученные. М., 1984;
У кн.: Романтизм глазами итальянских писателей. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́ЕЎ (Ягор Яфімавіч) (25.4.1859, с. Харытонава Канакоўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 23.11.1925),
рускі паэт. У 1868—1916 працаваў рабочым-шкловыдзімальшчыкам. Адзін з заснавальнікаў «Сурыкаўскага літ.-музычнага гуртка» ў Маскве. Друкаваўся з 1891. Асн. тэма зб-каў вершаў «Працоўныя песні» (1911), «Вячэрнія песні» (1913), «З песень старога рабочага» (1922), «Гута» (1928) — праца рабочых. Апавяданні і аповесці 1920-х г. пра цяжкае мінулае рабочых шклозаводаў. Выступаў як сатырык. Разам з І.Белавусавым, В.Брусавым, А.Карынфскім удзельнічаў у падрыхтоўцы першага на рус. мове зб. вершаў Я.Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919), для якога пераклаў вершы «Я мужык-беларус», «Касцу», «Мая хатка», «З песень беларускага мужыка» і інш. На рус. мову пераклаў таксама вершы Я.Коласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛА́ГРА (ад італьян. pelle agra шурпатая скура),
захворванне, абумоўленае недастатковасцю ў арганізме або няпоўным засваеннем ім нікацінавай кіслаты, трыптафану, рыбафлавіну. Пашкоджвае скуру (дэрматоз), страўнікавы тракт, парушае псіхіку. Часцей хварэюць дарослыя. Паталогія страўнікава-кішачнага тракту (энтэрыты, лямбліёз) зніжае забяспечанасць арганізма нікацінавай к-той. Фактары, якія павялічваюць патрэбу ў нікацінавай к-це — цяжарнасць, цяжкая фіз.праца, ператамленне. П. часцей бывае ў вясенне-летні перыяд. Прыкметы: на скуры сім. высыпка эрытэматозных плям (нагадваюць сонечны дэрматыт), скура набывае шэры колер, робіцца сухой, шурпатай, з тлустымі лускаватымі адкладамі, развіваецца атрафія, гіперпігментацыя. На плямах утвараюцца пухіркі, язвы, якія павольна рубцуюцца. Змены нерв. сістэмы: апатыя, вяласць, полінеўрыты, сутаргі і інш. Неабходна адрозніваць ад парфірыі скуры, таксідэрміі, фотадэрматозу. Хварэюць таксама жывёлы. Лячэнне: вітаміна- і дыетатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ МІЖНАРО́ДНЫ КАНГРЭ́С БЕЛАРУСІ́СТАЎ (Адбыўся 25—27.5.1991 у Мінску; удзельнічалі даследчыкі беларусістыкі) (гл.Беларусазнаўства) больш чым з 10 краін свету. Падрыхтаваны на працягу года Арганізац. к-там пад кіраўніцтвам праф. А.Мальдзіса пры ўдзеле АНБССР, Мін-ва культуры БССР, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рэсп. асацыяцыі беларусістаў. Распачаў дзейнасць Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (прыняты яе статут і выбраны кіруючыя органы). Навук.праца кангрэса праходзіла на пленарных і секцыйных пасяджэннях па кірунках; «Гісторыя і культура» (секцыя характарызавалася разнастайнай тэматыкай выступленняў),
«Мовазнаўства» (шмат часу прысвечана пытанням рэфармавання сучаснай бел. мовы; усяго каля 30 выступленняў), «Л-ра, маст. пераклад і фальклор» (каля 20 паведамленняў пра найноўшыя здабыткі ў галіне перакладу і апрацоўкі літ. спадчыны). У заключны дзень працы адбыўся «круглы стол» (агульнакангрэсавая нарада) «Бел. дыяспара».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАНУ́ЗА (Паўлюк) (Павел Кузьміч; н. 18.3.1918, в. Вылева Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1941). У 1945—78 настаўнічаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. Друкуецца з 1936. У зб. «Разгневаная зямля» (1946) біяграфія франтавога пакалення пазначана асабістай выверанасцю, суаднесена з уласным лёсам. Стваральная праца народа, вернасць грамадз. абавязку, трываласць маральна-этычных ідэалаў, гісторыя і сучаснасць адлюстраваны ў зб-ках «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954), «Мае землякі» (1957), «Калі верыш» (1963), «Непаўторнасць» (1974), «Трываласць» (1978), «Сустрэчы» (1983), «Рукі салдата» (1990), «Памяць, памяць...» (1994). Піша для дзяцей (зб-кі «Добры дожджык», 1960; «Дзе вясны пачатак» 1965; «Вясновыя тэлеграмы», 1976; «Фарбы восені», 1982; «Звініць ручаёк», 1988). Перакладае з рус., укр., польск. і інш. моў.