хлеб, -а, мн. хлябы́, хлябо́ў, м.
1. толькі адз. Прадукт харчавання, які выпякаецца з мукі.
Чорны х.
Сітны х.
Пшанічны х.
2. толькі адз. Зерне, якое мелецца на муку.
Нарыхтоўка хлеба.
Уборка хлеба.
Х. — усяму галава (прыказка).
3. Зерневыя расліны (жыта, пшаніца і пад.) на корані.
Добра ўрадзіў хлеб.
Хлябы ў рост чалавека.
4. толькі адз., перан. Сродкі для існавання, заробак.
Цяжкай працай здабываць свой х.
Адабраць чужы х.
◊
Аб адным хлебе (разм.) — у нястачы, адчуваючы недахоп у ежы.
Без хлеба сядзець (разм.) — быць незабяспечаным сродкамі для існавання.
Жыць на ласкавым хлебе (разм.) — жыць на чыім-н. утрыманні, з чыёй-н. ласкі.
Зайцаў хлеб — рэшткі яды, прывезеныя з поля, з лесу дзецям.
І то хлеб (разм.) — і гэта добра.
Лёгкі хлеб (разм.) — пра лёгкую, бестурботную працу.
Надзённы хлеб — тое, што патрэбна для жыцця.
Не вялікі хлеб (разм.) —
1) не вельмі добра;
2) невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.
Пасадзіць на хлеб і ваду (разм.) — пакараць голадам, абмежаваць у ядзе каго-н.
Хлеб ды соль (разм.) — прыемнага, добрага апетыту (пажаданне таму, каго засталі за ядой).
Цяжкі хлеб (разм.) — праца, якая патрабуе вялікіх намаганняў, цяжкая фізічная праца.
|| памянш.-ласк. хлябо́к, -бка́, м. (да 1—3 знач.).
|| прым. хле́бны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).