адно́сіцца, ‑ношуся, ‑носішся, ‑носіцца; заг. адносься; незак.
1. Незак. да аднесціся.
2. Уваходзіць у састаў, разрад чаго‑н.; належаць да ліку якіх‑н. з’яў, прадметаў. Нарач адносіцца да азёр, якія не зарастаюць раслінамі. В. Вольскі. Самае галоўнае, што нас яднала, — гэта тое, што мы адносіліся да ліку пакрыўджаныя. Дамашэвіч.
3. Быць аднесеным да пэўнага часу, быць звязаным з пэўным перыядам. Першыя паэтычныя вопыты Янкі Купалы адносяцца да 1902 года.
4. Знаходзіцца ў пэўнай адпаведнасці, суадносінах з чым‑н. // Даваць пры дзяленні на другі лік пэўную дзель (заўсёды ў параўнанні з другой парай велічынь). Дзевяць адносіцца да трох, як тры да аднаго. Плошчы двух трохвугольнікаў адносяцца, як здабыткі іх асноў да вышыні.
5. Зал. да адносіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Рэзкім рухам выліць, узліць якую‑н. вадкасць. Чалавек нагнуўся к вадзе, дастаў з кішэні мыла, памачыўшы пацёр яго ў руках, зусім прыгнуўся і лінуў прыгаршчы вады сабе ў твар. Чорны. Тані стала горача, бы на яе лінулі вару. Пташнікаў.
2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Пачаць моцна ліцца, хлынуць патокам. Пасунулася хмара, і лінуў дождж. Федасеенка. Слёзы — адкуль яны браліся? — нястрымна лінулі з вачэй. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У гэты час першыя кроплі застукалі па спіне, а потым лінула як з вядра. С. Александровіч. / Пра святло, паветра і пад. — А чалавеку і гораду пашанцавала менш, чым прыродзе, — задуменна прамовіла Кіра, і з яе вачэй на Пракопа нібы лінула святло. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пажа́р, ‑у, м.
Агонь, які ахоплівае і знішчае ўсё, што можа гарэць, а таксама сам працэс гарэння. Лясны пажар. □ — Пажар! — мільганула страшная думка, і Анісся кінулася бегчы па вуліцы, туды.., дзе ў злавесных дымных віхрах прабіваліся першыя языкі бледнага, жаўтаватага полымя. Лынькоў. Пажар яшчэ не.. паспеў разбушавацца. Ён пайшоў ад цяпельца, што распалілі пастушкі, і, разрастаючыся чорнай плямай, нішчыў сухую траву, галлё, маладыя дрэўцы. Шчарбатаў. / у перан. ужыв. Залаты пажар сонца залівае верхавіны лесу. Колас. // перан. Аб падзеях вялікага грамадскага значэння, якія хутка і бурна развівацца. Пажар вайны. Пажар паўстання. // перан. Аб моцных чалавечых пачуццях. Гарыць душа, гарыць уся, Не патушыць душы пажар. Пушча.
•••
Не на пажар — няма куды спяшацца.
Як на пажар — вельмі хутка (бегчы, імчацца і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрабава́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Настойлівы ў сваіх патрабаваннях. Патрабавальны загадчык. Патрабавальны настаўнік. □ Жадаючы з першага дня паказаць сябе патрабавальным начальнікам, .. [Сцяпан] сурова спытаў, чаму памяшканне дагэтуль не атынкавана. Шамякін. Зусім не пакрыўдзіўся Жэня на Дыбу — чалавека справядлівага і патрабавальнага. Гроднеў. Шафранскага я толькі адзін раз бачыў у вочы, на выпускным вечары, але чуў, што гэта чалавек нязломны, суровы і патрабавальны, што ён вельмі не любіць хлусоў і манюк. Сабаленка. // У якім адчуваецца патрабаванне. Стой! — патрабавальны голас спыніў Яўсея. Паўлаў. Сярод ночы раздаецца асцярожны, але патрабавальны стук у акно. Пінчук.
2. З высокімі запатрабаваннямі. Патрабавальны чытач. // Які патрабуе да сябе ўвагі, асаблівых умоў; капрызны. Грэчка — параўнальна цеплалюбівая расліна; асабліва патрабавальная яна да цяпла ў першыя фазы развіцця. «Весці».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысту́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
1. Падножка, ступенька, па якіх падымаюцца ўверх або спускаюцца ўніз. Прыступка трамвая. □ Борзда падняўшыся па прыступках ганка, .. [Веньямін] зайшоў у калідорчык і пастукаў у першыя дзверы. Навуменка. Гэты нізенькі ў дзве прыступкі ганак быў улюбёным месцам адпачынку для ўсіх жыхароў нашай кватэры. Ракітны. Па добра знаёмай крутой лесвіцы з абцёртымі прыступкамі .. [Вера] ўзабралася на мансарду. Асіпенка.
2. перан. Разм. Асобны этап у развіцці чаго‑н., у якой‑н. справе. Вызваленне беларускага народа з царскіх і панскіх ярэм — яшчэ адна прыступка ў будыніне канчатковай свабоды чалавецтва. Лужанін. Але ні да чаго так не ляжала яго сэрца, як да працы журналіста. Ён зведаў усе прыступкі гэтай складанай справы — ад пасыльнага да рэдактара. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расто́к, ‑тка і ‑тку, м.
1. ‑тку. Памянш. да рост (у 2 знач.). За малы расток яе і звалі Лукерка. Ракітны.
2. ‑тка. Сцябло расліны ў самым пачатку яго развіцця з семя, клубня, кораня і пад. Пахла саладкаватай прэллю — якраз пасярод хаты ляжала выграбеная з падполля бульба з доўгімі белымі расткамі. Навуменка. Над палямі ярчэй палае Неўміручай вясны агонь, І зерне растком прабівае Зямлі пасівелую скронь. Матэвушаў. // Парастак з пупышкамі для пасадкі; чаранок. [Мітрафан:] — Напачатку .. [грушцы] лімоначку прышчэпім, а праз годзік з другога боку — з сапяжанкі расток. Ракітны.
3. толькі мн. (расткі́, ‑оў); перан.; чаго або якія. Першыя прыкметы, рысы чаго‑н. новага; парасткі. Расткі сацыялізма падымаюцца ў вёсцы, памнажаецца колькасць калектыўных гаспадарак. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
супраціўле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. супраціўляцца (у 1 знач.).
2. Уласцівасць. здольнасць целаў супрацьдзейнічаць якім‑н. зменам, уздзеянням. Электрычнае супраціўленне. □ У медзі супраціўленне крыху большае, у жалеза яно ўзрастае ўжо ў некалькі разоў. Чаркасаў.
3. Спец. Элемент электрычнага ланцуга, які дазваляе рэгуляваць сілу току ў ланцугу. У першыя дні ляснога жыцця не раз бывала, што не толькі радавыя партызаны, але і камандзіры з пакутным непакоем паглядалі на раскіданыя па сасновым стале дэталі, лямпы і гнёзды, кандэнсатары і супраціўленні. Паслядовіч.
•••
Пастаяннае супраціўленне (уст.) — рэзістар.
Супраціўленне матэрыялаў — а) здольнасць матэрыялаў супрацьдзейнічаць змене іх формы; б) навука пра трываласць і віды дэфармацыі матэрыялаў і элемента канструкцый машын і збудаванняў.
Ісці па лініі найменшага супраціўлення гл. ісці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
то́рмаз, ‑а і ‑у; мн. тармазы, ‑оў; м.
1. ‑а. Прыстасаванне для запавольвання або спынення руху машыны, цягніка і пад. Ручны тормаз. Аўтаматычны тормаз. □ Машына, гучна скрыгануўшы тармазамі, спынілася. Ваданосаў. У машыне раптам закрычаў чалавек — нема, бы яго разануў хто. Заскрыпелі тармазы. Пташнікаў. // Пляцоўка чыгуначнага вагона, дзе знаходзіцца такое прыстасаванне. На тормазе нікога больш не было, і Сцёпка адчуваў сябе вольна. Колас.
2. ‑у. Тое, што і тармажэнне. Выхад адзін — кінуць машыну і выбрацца з горада пешшу. Тормаз. Машына спынілася. Пятніцкі. Вацік даў трактару тормаз, прарэзлівым лопатам аглушыў Харытона. Баранавых.
3. ‑у; перан. Тое, што з’яўляецца перашкодай у развіцці чаго‑н. Пераправа адыграла сваю ролю ў першыя месяцы будоўлі, а цяпер з яўляецца тормазам усяго ходу работ. Грахоўскі.
[Грэч. tormos — адтуліна, утулка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АПТЫМА́ЛЬНАЕ КІРАВА́ННЕ,
раздзел матэматыкі, які вывучае кіраванне сістэмамі, тэхн. аб’ектамі і інш., што забяспечвае найлепшае (аптымальнае) працяканне працэсаў у пэўным, папярэдне вызначаным кірунку. Дае магчымасць рэалізаваць мэту кіравання за найменшы магчымы час або з найбольшым эканам. эфектам.
Першыя задачы аптымальнага кіравання пастаўлены ў пач. 1950-х г. пры вывучэнні дынамікі лятальных апаратаў і працэсаў аўтам. рэгулявання. Пытанні аптымізацыі аб’ектаў кіравання разглядаюцца ў тэорыі аптымальнага кіравання, якая грунтуецца на некласічных варыяцыйных задачах (гл. Варыяцыйнае злічэнне) адшукання экстрэмумаў функцыяналаў па рашэннях ураўненняў, што апісваюць аб’екты кіравання, і кіраванняў, дзе рэалізуецца экстрэмум; пры гэтым абмежаванні параметраў кіравання выражаюцца нястрогімі няроўнасцямі (могуць прымаць і гранічныя значэнні). Задачы рашаюцца рознымі метадамі, найбольш агульныя — прынцып максімуму і метад дынамічнага праграмавання.
Асновы матэм. тэорыі аптымальнага кіравання закладзены работамі сав. матэматыка Л.С.Пантрагіна і амер. матэматыка Р.Белмана. На Беларусі даследаванні па праблемах аптымальнага кіравання пачаліся ў 1966 пад кіраўніцтвам Я.А.Барбашына і вядуцца ў БДУ і Ін-це матэматыкі АН Беларусі.
Літ.:
Математическая теория оптимальных процессов. 4 изд. М., 1983;
Габасов Р., Кириллова Ф.М. Качественная теория оптимальных процессов. М., 1971.
Р.Габасаў, Ф.М.Кірылава.
т. 1, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙКА,
невялікі фабульны, найчасцей вершаваны твор сатыр. або павучальнага зместу, у якім у алегарычнай форме адлюстраваны жыццёвыя з’явы, паводзіны людзей; блізкая да прытчы і апалога. Звычайна персанажамі байкі выступаюць жывёлы, расліны, рэчы, радзей людзі, а сам твор суправаджаецца абавязковай «мараллю», якая выяўляе яго асн. сэнс.
Як жанр вядома са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі байкі стварыў Эзоп (6 ст. да нашай эры), у Рыме — Федр (1 ст. нашай эры). З байкапісцаў пазнейшага часу найб. вядомыя Ж.Лафантэн і І.Крылоў. У бел. л-ры байка ўзнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. Першыя спробы ў гэтым жанры належаць Ф.Багушэвічу («Воўк і авечка», «Свіння і жалуды») і А.Абуховічу («Ваўкалак», «Старшына»). Пасля рэвалюцыі 1905—07, калі бел. прагрэс. творам цяжка было абысці цэнзурныя перашкоды, да байкі звярнуліся Я.Купала («Мікіта і валы», «Два мужыкі і глушэц»), Я.Колас («Конь і сабака», «Пастух і авечкі»), М.Багдановіч («Варона і чыж»); празаічныя байкі пісаў Ядвігін Ш. («Павук», «Журавель і чапля»). Высокай дасканаласці бел. байка дасягнула ў творчасці К.Крапівы. У жанры байкі плённа працавалі У.Корбан, Э.Валасевіч, М.Скрыпка і інш.
Літ.:
Казека Я. Беларуская байка // Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973.
т. 2, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)