КАПІЕ́ВІЧ (Капіеўскі) Ілья Фёдаравіч
(1651, Міншчына — 23.9.1714),
бел. асветнік, перакладчык, кнігавыдавец. Вучыўся ў Слуцку. У дзевяцігадовым узросце вывезены з Беларусі ў Цвярскі край, адкуль уцёк у Маскву. Праз 6 гадоў вярнуўся на радзіму. Неўзабаве эмігрыраваў на Захад. З сярэдзіны 1660-х г. жыў у Галандыі. У 1697—98 пазнаёміўся там з рускім царом Пятром I, стаў прыхільнікам яго рэформ. Прапагандаваў свецкія навукі, садзейнічаў развіццю асветы і пашырэнню навук. ведаў у Расіі. У 1698—1706 пераклаў на рус. мову, склаў і выдаў каля 20 кніг: першыя падручнікі, вучэбныя дапаможнікі па гісторыі, арыфметыцы, вайск. і марской справах, лац. і рус. граматыцы, рус.-лац.-ням., рус.-лац.-галандскі і інш. слоўнікі, першую зорную карту (на рус. мове). Кнігі выдаваў у розных друкарнях, у т. л. ўласных (Амстэрдам і Капенгаген). У 1701 у Берліне, у 1704 у Капенгагене намагаўся наладзіць выпуск кніг для Расіі. Перапісваўся (перапіска зберагаецца ў АН Германіі) з Г.Лейбніцам. Працаваў у 1707 у Маскве перакладчыкам у Пасольскім прыказе, з 1708 у Варшаве, потым зноў у Маскве.
Літ.:
Быкова Т.А. Книгоиздательская деятельность Ильи Копиевского и Яна Тесинга // Быкова Т.А., Гуревич М.М. Описание изданий, напечатанных кириллицей, 1689 — январь 1725 г. М.; Л., 1958.
Ю.А.Лабынцаў.
т. 8, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)