МАС-СПЕКТРАМЕ́ТРЫЯ, мас-спектраскапія, мас-спектральны аналіз,
фізічны метад даследавання рэчыва, заснаваны на вызначэнні масы часціц, што ўтвараюцца пры іанізацыі малекул. Пачатак развіццю М.-с. дадзены англ. фізікам Дж.Дж.Томсанам, які прапанаваў прынцып дзеяння мас-спектрометра і атрымаў першыя мас-спектры (1910).
Пры М.-с. даследуемае рэчыва пераводзяць награваннем ці інш. спосабам у лятучы стан для атрымання малекулярнага пучка, на які ўздзейнічаюць іанізавальным выпрамяненнем. У выніку ўзаемадзеяння нейтральных малекул з выпрамяненнем утвараецца пучок дадатна зараджаных часціц (іонаў) і нейтральных фрагментаў малекул рознай малекулярнай масы і атамнага саставу. Пры аднолькавых умовах выпрамянення колькасць дадатна зараджаных часціц рознага саставу, што ўтвараюцца пры іанізацыі, з’яўляецца велічынёй пастаяннай і залежыць толькі ад будовы малекул рэчыва. Раздзяленне сумарнага патоку часціц на патокі часціц з аднолькавай малекулярнай масай і вымярэнне токаў раздзеленых іонаў ажыццяўляюць з дапамогай мас-спектральных прылад. Найб. шырока М.-с. выкарыстоўваюць у арган. хіміі для ідэнтыфікацыі хім. злучэнняў (па мас-спектрах), вызначэння малекулярнай масы, элементнага і ізатопнага саставу рэчыва, якаснага і колькаснага аналізу складаных сумесей арган. злучэнняў.
Літ.:
Вульфсон Н.С., Заикин В.Г., Микая А.И. Масс-спектрометрия органических соединений. М., 1986;
Чепмен Д. Практическая органическая масс-спектрометрия: Пер. с англ. М., 1988.
В.П.Собач.
т. 10, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)