паласа ўзбярэжжа Міжземнага (наЗ) і Лігурыйскага (наУ) мораў, якая працягваецца ад г. Кан (Францыя) да г. Спецыя (Італія). Даўж. каля 370 км. Падзяляецца нафранц. Р. — Блакітны бераг, і італьян. Р. — Рыўера-Лігурэ. Знаходзіцца каля падножжа Альпаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, лета сонечнае, гарачае. Развіты вінаградарства, садоўніцтва, кветкаводства. Буйны курортны раён. З пач. 19 ст. зона шматлікіх курортаў, месцаў адпачынку і турызму. Клімататэрапія і марскія купанні ўвесь год. Да 1-й сусв. вайны — адзін з асн.еўрап. цэнтраў лячэння туберкулёзу, пазней — расстройстваў нерв. сістэмы, атлусцення, дыябету і інш. Невял. ч. Р. займае дзяржава Манака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКВА́ТАР (позналац. aequator ад лац. aequo раблю роўным) геаграфічны, зямны, лінія сячэння зямнога шара плоскасцю, якая праходзіць праз цэнтр Зямлі перпендыкулярна ўяўнай восі яе вярчэння. Э. падзяляе зямны шар наПаўн. і Паўд. паўшар’і. НаПн і наПд ад Э. адлічваюцца геагр. шыроты (0—90°). Даўж. Э. (паводле Ф.М.Красоўскага) складае 40 075 696 м, даўж. 1° даўгаты па Э. — 111 321,4 м. Э. з’яўляецца лініяй пастаяннага раўнадзенства (адсюль назва). Сонца бывае над Э. у зеніце двойчы за год — у дні вясенняга (20—21 сакавіка) і асенняга (23 верасня) раўнадзенства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКВАТАРЫЯ́ЛЬНЫХ ЛЯСО́Ў ЗО́НА, зона гілей,
прыродная зона сушы экватарыяльнага пояса па абодвух баках ад экватара. Характарызуецца вільготным і гарачым экватарыяльным кліматам, мноствам мнагаводных рэк і балот, наяўнасцю шматметровай кары выветрывання, адсутнасцю або слабай выразнасцю сезоннай рытмікі прыродных працэсаў. У ландшафтах пераважаюць густыя шмат’ярусныя вільготныя вечназялёныя лясы, якія вызначаюцца высокай прадукцыйнасцю (40—100 т/га за год надземнай расл. масы) і выключнай разнастайнасцю відаў з мноствам пальмаў, ліян, эпіфітаў; на ўзбярэжжы мораў — мангравыя лясы. Зона размешчана пераважна на нізінах; у Паўд. Амерыцы (у бас. Амазонкі), Экватарыяльнай Афрыцы, на а-вах Малайскага архіпелага і Акіяніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАКА́ЙБА НІЗІ́НА,
тэктанічная міжгорная ўпадзіна наПнЗ Венесуэлы і часткова (наПдЗ) у Калумбіі. Пл. каля 60 тыс.км². Акружана хрыбтамі Андаў, наПн выходзіць да Венесуэльскага зал. Карыбскага м. У цэнтры М.н. возера (лагуна) Маракайба. Складзена з мелавых і палеаген-неагенавых нафтаносных пясчанікаў і сланцаў, перакрытых алювіем. Здабыча нафты і газу (Маракайбскі нафтагазаносны раён). Клімат субэкватарыяльны, гарачы. Сярэднегадавая т-ра 28,5 °C — найвыш. ў Паўд. Амерыцы. Ападкаў наПд 1500 мм, наПн 500 мм за год. Паўд.ч. забалочана, укрыта вечназялёнымі лясамі, наПн летнезялёныя лясы і хмызнякі, якія чаргуюцца з саваннамі, у бок Венесуэльскага зал. пераходзяць у паўпустыню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНЫ ФРОНТ,
лінія падзелу паміж арктычным паветрам і паветрам умераных шырот (палярным паветрам), паўд. мяжа арктычнай паветранай масы. Фарміруецца ў Арктыцы наПн ад Еўропы і Паўн. Амерыкі паміж 60° і 75°паўн. ш. У залежнасці ад напрамку руху арктычнага фронту на адным з участкаў можа быць цёплым, на другім халодным, з ім звязана інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць. Натэр. Беларусі прыходзіць з ПнЗ (з Атлантычнага сектара Арктыкі), радзей — з Пн і ПнУ. На клімат Беларусі найб. уплываюць халодныя ўчасткі арктычнага фронту, якія выклікаюць ападкі, паўн. вятры, паніжэнне т-ры паветра, зімой — мяцеліцы. За год пад уплывам халоднага арктычнага фронту ў сярэднім бывае 21—24 дні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧАЯ МАГУ́ТНАСЦЬ,
максімальна магчымы выпуск якаснай прадукцыі ці аб’ём здабычы або перапрацоўкі сыравіны за адзінку часу. Вытворчая магутнасць прадпрыемства складаецца з сумарнай магутнасці яго асн. цэхаў, а цэхаў — з магутнасці асн. абсталявання. Разлічваецца на суткі, год або некалькі гадоў. Выражаецца ў натуральных (вырабы, дэталі, штукі, тоны), умоўна-натуральных і грашовых паказчыках. Вытворчая магутнасць — велічыня пераменная, мяняецца з развіццём тэхн. прагрэсу, залежыць ад попыту на прадукцыю на рынку і інш. фактараў. На падставе разлікаў на прадпрыемствах складаецца баланс вытворчых магутнасцей і іх выкарыстання. З павышэннем узроўню выкарыстання вытворчай магутнасці (праз укараненне высокаэфектыўнага абсталявання, прагрэсіўнай тэхналогіі, удасканаленне арганізацыі вытв-сці і працы) павялічваецца выпуск прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗУБРАНЯ́»,
рэспубліканскі дзіцячы лагер. Засн. ў жн. 1969 на беразе воз. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Размешчаны напл. 64 га. Працуе круглы год. У лагеры створаны ўмовы для адпачынку, аздараўлення і вучобы дзяцей. У комплексе пабудоў жылыя, лячэбныя і гасп. дамы, школа, б-ка, басейн. Дзеці 5 дружын («Азёрная», «Блакітная», «Зорная», «Лясная», «Сонечная») размяшчаюцца ў 5 аднайм. карпусах (на 160 месцаў). Натэр. лагера стадыён, пляцоўкі спарт. і для атракцыёнаў, фруктовы сад; на беразе пляжы, лодачная станцыя. У лагеры праводзяцца спартакіяды, фестывалі, канферэнцыі, рэсп. і міжнар. імпрэзы. «З.» супрацоўнічае з Бел. фондам сац. падтрымкі дзяцей і моладзі «Мы — дзецям».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
адслужы́ць, ‑служу, ‑служыш, ‑служыць; зак.
1. Прабыць на службе, папрацаваць нейкі час. Міхал Міцкевіч, які адслужыў на панскай службе дваццаць год з хвосцікам, стаў прасіць у ляснічага Рачкоўскага лесу на хату.С. Александровіч.// Адбыць тэрмін вайсковай службы; скончыць служыць. Юстын ужо адслужыў у арміі, дэмабілізаваўся і зараз працаваў на заводзе.Няхай.
2. Службай адплаціць, адрабіць за што‑н. [Чорт:] — Бяры, дзед, яго [чарцяня] да сябе, няхай адслужыць за шкоду.Якімовіч.// Зрабіцца непрыгодным, перастаць адпавядаць свайму прызначэнню. — Шкада лагера, — уздыхнуў Жэнька.. — Але нічога... Сваё ён адслужыў і памірае са славаю, як герой.Шамякін.
3. Адправіць набажэнства. Усе думалі, што Гэлька загінула. Бацька хацеў ужо імшу адслужыць.Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГАРО́ШЫНКІ (Pisidium),
род прэснаводных двухстворкавых малюскаў. Пашыраны ў вадаёмах Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 15 відаў. Найб. пашыраны гарошынка рачная (P. amnicum), гарошынка бліскучая (P. nitidum), гарошынка балотная (P. casertanum).
Ракавіна даўж. 2—10 мм авальная або яйцападобная з ссунутай назад верхавінкай. Рухаюцца з дапамогай ланцэтападобнай нагі. Дыханне шчэлепнае. Гермафрадыты. Моладзь выношваюць у вывадкавых камерах (марсупіях). За год даюць 2 патомствы. Кормяцца мікрапланктонам, рэшткамі раслін і жывёл. Удзельнічаюць у біялагічным самаачышчэнні вадаёмаў. Корм для некат. рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХАВА́НЫ ГРУНТ,
зямельныя ўчасткі, якія маюць збудаванні для вырошчвання агароднінных, дэкар. і пладовых культур, іх расады і саджанцаў (цяпліцы, парнікі, уцеплены грунт). У іх ствараецца спрыяльны для раслін мікраклімат, магчыма штучнае абаграванне. Цяпліцы эксплуатуюць увесь год, парнікі — з ранняй вясны да позняй восені. Для стварэння ўцепленага грунту выкарыстоўваюць прыродную ахову (узгоркі, паўд. схілы, дрэвавыя насаджэнні і інш.), плёначныя ўкрыцці, біял. абаграванне і інш. сродкі аслаблення замаразкаў. Ахаваны грунт дае магчымасць атрымліваць ураджай агародніны на 7—25 сут раней, чым у полі.