ЭКВА́ТАР (позналац. aequator ад лац. aequo раблю роўным) геаграфічны, зямны, лінія сячэння зямнога шара плоскасцю, якая праходзіць праз цэнтр Зямлі перпендыкулярна ўяўнай восі яе вярчэння. Э. падзяляе зямны шар на Паўн. і Паўд. паўшар’і. На Пн і на Пд ад Э. адлічваюцца геагр. шыроты (0—90°). Даўж. Э. (паводле Ф.​М.​Красоўскага) складае 40 075 696 м, даўж. 1° даўгаты па Э. — 111 321,4 м. Э. з’яўляецца лініяй пастаяннага раўнадзенства (адсюль назва). Сонца бывае над Э. у зеніце двойчы за год — у дні вясенняга (20—21 сакавіка) і асенняга (23 верасня) раўнадзенства.

т. 18, кн. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)