КАРМІ́Р-БЛУР, Кармірблур (арм. чырвоны ўзгорак),

узгорак на левым беразе р. Раздан, на зах. ускраіне г. Ерэван. У 1936 на К.-Б. знойдзены ўрарцкі клінапіс з імем цара Русы, сына Аргішці II (7 ст. да н.э.). У выніку археал. раскопак у 1939—70 на ўзгорку адкрыта цытадэль, а вакол узгорка — рэшткі горада Тэйшэбаіні. Выяўлены багаты матэрыял пра гаспадарку і культуру стараж. дзяржавы Урарту. Цытадэль разбурана ў пач. 6 ст. да н.э. мясц. плямёнамі, якія імкнуліся скінуць урарцкі прыгнёт, і скіфамі, што далучыліся да іх.

т. 8, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКЕРСІ́Т [ад ням. назвы Kuckers сяла Кукрузэ (Эстонія)],

масіўная, плітчастая, глініста-мергелістая горная парода; разнавіднасць гаручых сланцаў. Трапляецца ў адкладах сярэдняга ардовіку. Пашырана ў Прыбалтыйскім сланцавым басейне. Гал. кампаненты: кераген (арган. рэчыва, 20—70%), тонказярністы абломачны матэрыял, карбанат кальцыю. Тонкія пласты (0,03—0,6 м) з найб. колькасцю К. аб’ядноўваюць у прамысл. пласт (магутнасць да 5 м). Попельнасць 40—60%, цеплатворная здольнасць 10,5—11,6 МДж/кг. Выкарыстоўваецца як паліва, для атрымання быт. газу, бензіну, бітумаў і інш., попел — у вытв-сці буд. матэрыялаў, для вапнавання глебы.

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ.

У Мінскім і Лагойскім р-нах Мінскай вобл., паміж вёскамі Вяча, Бяларучы, Карбачоўка, Галіца. Пластападобны паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял ад шаравата-жоўтых да бураватых адценняў, месцамі гліністы, абжалезнены. Пяскі палевашпатавакварцавыя, розназярністыя, залягаюць у разрэзе вышэй за жвір. Разведаныя запасы 57,1 млн. м³, перспектыўныя 41,7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,3—32,8 м, ускрышы (супескі, пяскі гліністыя) 0,2—12,5 м. Пясчана-жвіровая сумесь і пяскі прыдатныя для дарожнага буд-ва, вытв-сці бетону і буд. раствораў.

А.​П.​Шчураў.

т. 10, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКРЭ́ЦЫЯ ў мінералогіі,

мінеральны агрэгат акруглай або ізаметрычнай формы, што запаўняе пустоты ў горных пародах. Паводле мінер. саставу адрозніваецца ад умяшчальных парод. У процілегласць канкрэцыям С. ўтвараюцца шляхам паслядоўнага адкладу мінер. рэчыва (з сапраўдных і калоідных раствораў пры гіпергенных і гідратэрмальных працэсах) канцэнтрычнымі слаямі на сценках пустот ад іх перыферыі да цэнтра. Нярэдка ў сярэдзіне застаецца поласць, акаймаваная друзамі мінералаў. Адрозніваюць С. буйныя — жэоды і дробныя — міндаліны. Выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе, таксама як калекцыйны матэрыял.

Да арт. Сакрэцыя ў мінералогіі. Міндаліна, складзеная з агату.

т. 14, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫДА́КНЫ (Tridacna),

род малюскаў сям. трыдакнід кл. двухстворкавых. 5 відаў. Пашыраны ў цёплых морах Інд. і Ціхага акіянаў. Жывуць на мелкаводдзях сярод каралавых рыфаў. Найб. вядомая Т. гіганцкая (T. gigas).

Даўж. Т. гіганцкай да 1,4 м, маса з ракавінай да 250 кг, маса цела каля 30 кг. Ракавіна з радыяльнымі хвалістымі рэбрамі і лопасцямі. без перламутравага слоя. Гал. корм — сімбіятычныя аднаклетачныя водарасці зоаксантэлы, якія жывуць у мантыі. Фільтратары Гермафрадыты. Аб’екты промыслу, мяса выкарыстоўваецца ў ежу, ракавіна — як будаўнічы матэрыял. на ўпрыгожанні, побытавыя вырабы.

Трыдакна гіганцкая.

т. 15, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЫГО́ДНІК ВІЛЕ́НЬСКІ»

(«Tygodnik Wileński», «Віленскі штотыднёвік»),

літаратурна-гістарычны часопіс. Выдаваўся ў Вільні на польскай мове ў 1815—17 раз на тыдзень, у 1818—22 раз у 2 тыдні. Заснавальнікі і рэдактары І.​Лялевель, М.​Балінскі, І.​Шыдлоўскі, М.​Альшэўскі. У «Т.В.» адбыўся паэтычны дэбют А.​Міцкевіча (верш «Гарадская зіма», 1818), друкаваліся арыгінальныя і перакладныя творы ўраджэнцаў і жыхароў Беларусі А.​Адынца, А.​Ходзькі, І.​Храптовіча, Ф.​Булгарына, В.​Сянкоўскага, бел. фальклорна-этнагр. матэрыял «Вясельныя абрады вясковага люду ў Мінскай губерні...» Шыдлоўскага (1819).

У.​І.​Мархель.

т. 16, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФТОРВАЛАКНО́,

комплексная нітка, якую фармуюць з фторзмяшчальных высокамалекулярных злучэнняў, пераважна політэтрафторэтылену (ПТФЭ). Устойлівае ў агрэсіўных асяроддзях, мае добрыя дыэл. ўласцівасці, нізкі каэф. трэння. Фізіялагічна няшкоднае.

Атрымліваюць Ф. фармаваннем з воднай дысперсіі ПТФЭ, у якой ёсць загушчальнік (напр., віскоза), з далейшай тэрмаапрацоўкай для спякання часцінак ПТФЭ і выдаленнем загушчальніку (валокны паліфен, тэфлон і інш.) або з фтарапластаў, растваральных у ацэтоне (валакно фтарлон). Выкарыстоўваецца ў розных тэхн. матэрыялах і вырабах — тканых і нятканых матэрыялах для фільтравання звышагрэсіўных вадкасцей і газаў, у вытв-сці касм. скафандраў, электраізаляцыйных матэрыялаў, у медыцыне (шыўны матэрыял) і інш.

т. 16, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́ТРА ШТУ́ЧНАЕ,

тэкстыльны выраб, які імітуе натуральнае футра. Выкарыстоўваюць для вырабу адзення, галаўных убораў, як абівачны і пракладачны матэрыял. Складаецца з асновы (грунту) і ворсавага покрыва, для ўтварэння якога выкарыстоўваюць комплексныя поліамідныя, поліэфірныя віскозныя і ацэтатныя ніткі.

Адрозніваюць Ф.ш. тканае, трыкатажнае, клеявое і інш. Тканае Ф.ш. ўтвараецца трыма сістэмамі нітак, пры гэтым 2 грунтавыя палотны звязаны ворсавымі ніткамі, якія потым разразаюць. Пры трыкат. спосабе ворс увязваюць спец. машынамі. Пры прашыўным і клеявым спосабах грунт і ворс вырабляюць асобна, потым ворс замацоўваюць прашываннем ці наклейваннем.

т. 16, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛІ́Н (ад грэч. cholē жоўць),

азоцістае арган. рэчыва, якое змяшчаецца ў тканках жывёл, раслін і ў мікраарганізмах і неабходна для нармальнага абмену тлушчаў. Найб. багатыя Х. мяса, рыба, соевая мука. Уваходзіць у састаў ацэтылхаліну, фосфаліпідаў. Атрыманы з жоўці. Валодае ліпатропным дзеяннем, папярэджвае развіццё тлушчавай інфільтрацыі печані. Адносяць да вітамінаў групы В.

Пластычны матэрыял для пабудовы структур жывой тканкі, можа сінтэзавацца ў арганізме з серыну. Недахоп Х. ў спалучэнні з бялковай недастатковасцю выклікае тлушчавую дэгенерацыю печані, садзейнічае развіццю цырозу печані. У суткі чалавеку неабходна 250—600 мг Х. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 16, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭРЭЗІ́Н (ад лац. cera воск),

сумесь гранічных вуглевадародаў C36—C55, пераважна разгалінаваных аліфатычных.

Воскападобнае рэчыва ад белага да карычневага колеру, tпл 65—85 °C. Не раствараецца ў вадзе і спіртах, добра раствараецца ў бензіне, абмежавана — у мінер. маслах. Атрымліваюць з азакерыту, петралатуму, «парафінавых пробак» (адкладаў, што ўтвараюцца ў трубаправодах пры здабычы і транспарціроўцы нафты) і інш. Выкарыстоўваюць як кампанент пластычных змазак, ізаляцыйны матэрыял у электра- і радыётэхніцы, у сумесі з парафінам для вырабу свечак, масцік; асабліва чыстыя гатункі — у вытв-сці касметычных крэмаў, абалонак для сыру.

т. 17, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)