ПРЫЕ́ДЭ ((Priede) Гунарс) (17.3.1928, Рыга — 22.12.2000),

латышскі драматург. Засл. дз. культ. Латвіі (1976). Нар. пісьменнік Латвіі (1988). Скончыў Латвійскі ун-т (1953). Друкаваўся з 1955. Аўтар больш як 40 п’ес, у т. л. «Лета малодшага брата» (1955), «Дзяўчына Нармунда» (1958, Дзярж. прэмія Латвіі 1959), «Першы баль Вікі» (1961), «Тваё добрае імя», «Трынаццатая» (абедзве 1965), «Атылія і яе нашчадкі», «Касцёр каля станцыі» (абедзве 1970), «Блакітная» (1972), «Чакаючы Айвара» (1974), «Песня сарокі» (1978), «Пах грыбоў» (апубл. 1987) пра сучасную моладзь. Пісаў кінасцэнарыі, п’есы для дзяцей, артыкулы па праблемах культуры, гісторыі і л-ры (кн. «Што нам тут вучыцца?», 1987) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1963: Портрет Лива в Старой Риге: Пьесы. М., 1978.

т. 13, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́НІЦА»,

газета. Выдавалася са снеж. 1939 да крас. 1945 у Берліне на бел. мове 1—4 разы ў месяц пад кантролем герм. улад. Друкавала прамовы кіраўнікоў фаш. Германіі, ваен. зводкі, тэндэнцыйна асвятляла становішча на франтах 2-й сусв. вайны, міжнар. адносіны. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць Беларускага прадстаўніцтва, бел. культ.-асв. суполак і арг-цый за мяжой, інфармавала пра падзеі на Беларусі. Перадрукоўвала матэрыялы з газет, якія выходзілі на тэр. рэйхскамісарыята «Остланд», а таксама прафаш. рус. і ўкр. прэсы. Публікавала артыкулы гіст. тэматыкі М.​Шкялёнка, А.​Адамовіча, мемуары У.​Глыбіннага, успаміны К.​Езавітава пра С.​Палуяна, творы М.​Багдановіча, Л.​Геніюш, Н.​Арсенневай, Я.​Палоннага і інш. Выйшлі не менш як 233 нумары.

С.​У.​Жумар.

т. 13, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ДНЫ КРАЙ»,

газета, якая выдавалася Цэнтр. бел. радай Гродзеншчыны з 22.6 да 10.7.1919 у Гродне на бел. мове. Адлюстроўвала пазіцыі бел. эсэраў. Вызначальныя ў газеце — незалежніцкія матывы. Дамагалася бел. дзяржаўнасці, свабоды ад усякага ціску звонку, апелявала да патрыят. пачуццяў насельніцтва, якія павінны яднаць яго дзеля супраціўлення акупацыі. Пратэставала супраць паланізатарскіх акцый польскіх улад. Патрабавала стварэння бел. войска, развіцця бел. школьніцтва, т-ра. Пісала пра заключэнне міру ў Версалі, пра заснаванне ў Гродне Грамады бел. моладзі, яе культ.-асветную праграму Публікавала гіст. матэрыялы, вершы і прозу мясц. аўтараў. У газеце друкаваліся пад псеўданімамі Б.​Тарашкевіч, С.​Рак-Міхайлоўскі, П.​Мядзёлка. Выйшла 6 нумароў. Забаронена польскімі ўладамі.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ ТЭРЫТО́РЫЯ,

тэрыторыя з прыродна-ландшафтнымі і культ.-антрапагеннымі комплексамі, якая выкарыстоўваецца для адпачынку, турызму, санаторна-курортнага лячэння. Падзяляецца на месцы адпачынку (паркі, скверы, леса- і лугапаркі, рэкрэацыйныя лясы, садова-агародныя кааператывы і інш.) і рэкрэацыйныя зоны (зоны адпачынку і турызму, курорты, турысцкія цэнтры і інш.). Вылучаюцца Р.т. кароткачасовага (штодзённага, штотыднёвага) і працяглага адпачынку; азёрна-лясныя, леса-рачныя, прыморскія, горныя і інш. На Беларусі Р.т. ўключае 8 курортаў рэсп. і 5 мясц. значэння, 14 зон адпачынку рэсп. і 187 мясц. значэння агульнай пл. 1,85 млн. га. Каля 30% Р.т. (пераважна ў Гомельскай, Магілёўскай, часткова ў Мінскай абласцях) пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС знаходзяцца ў зоне радыеактыўнага забруджвання, дзе патрабуецца працяглая рэкультывацыя.

І.​І.​Пірожнік.

т. 13, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНТ’Я́ГА-ДЭ-КУ́БА (Santiago de Cuba),

горад на ПдУ Кубы. Адм. ц. аднайм. правінцыі. Каля 500 тыс. ж. (2000). Порт на Карыбскім м., вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі пасля сталіцы эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая (тытунёвая, вінна-лікёрная, цукр., рыбакансервавая), металаапр., суднабуд., тэкст., гарбарна-абутковая, буд. матэрыялаў. Паблізу нафтаперапр. з-д. Ун-т. Нац. гіст. музей.

Засн. ў 1514 іспанцамі як перадавы порт для заваявання Мексікі і Цэнтр. Амерыкі. У 1522 атрымаў гар. правы. У 1553 разбураны франц. піратамі, у 1662 — англ. войскамі. Горад неаднаразова зруйнаваны землетрасеннямі (1675, 1766, 1852, 1932). Каля С.-дэ-К. адбылася вырашальная марская бітва ў Іспана-амерыканскай вайне 1898.

т. 14, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЭ́ТЛ (Seattle),

горад на ПнЗ ЗША, штат Вашынгтон. Засн. ў 1851. 537 тыс. ж., з г. Такома і агульнымі прыгарадамі каля 2,5 млн. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Найбуйн. прамысл., гандлёва-фін., навук. і культ. цэнтр паўн. ч. Ціхаакіянскага ўзбярэжжа і ўсяго ПнЗ ЗША. Праз С. ідуць гал. сувязі з Аляскай і краінамі Д. Усходу. Адзін з найбуйнейшых цэнтраў авіяц. і ракетна-касм. прам-сці ЗША (праўленне, н.-д. лабараторыі і з-ды фірмы «Боінг»). Галіны прам-сці: суднабудаванне, радыёэлектронная, прыладабуд., аўтамаб., вытв-сць нафтавага абсталявання, дарожна-буд. машын, чыг. вагонаў, чорная металургія, нафтаперапр., дрэваапр., папяровая, паліграфічная. База рыбалоўства. 7 ун-таў. Тэатры, маст. музеі.

т. 14, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ САМАСВЯДОМАСЦЬ,

сукупнасць уяўленняў, пачуццяў і ведаў чалавека аб сваёй прыналежнасці да пэўнай нацыі. Першасныя элементы Н.с. складваліся яшчэ ў першабытным грамадстве. Фарміраванне Н.с. завяршаецца ў працэсе пераўтварэння народнасці ў нацыю на аснове ўсведамлення людзьмі свайго агульнага паходжання і непарыўнай сувязі з роднай зямлёй, адчування самабытнасці сваёй культуры, мовы, нацыянальнага характару, менталітэту, пачуцця агульнанац. салідарнасці. У структуры Н.с. арганічна ўзаемазвязаны рацыянальныя, ідэалаг., эмацыянальна-пачуццёвыя і нават ірацыянальна-містычныя элементы. Н.с. большасці народаў свету аформілася. на працягу 18—20 ст., калі ў выніку ўзмацнення кансалідацыі этнасац. супольнасцей, актывізацыі нац.-вызв. рухаў сфарміраваліся нацыі сучаснага тыпу (напр., англ., ням., франц., яп., амер.). На асаблівасці і тэмпы складвання Н.с. ўплываюць сац.-эканам., грамадска-паліт., этнакульт., канфесійныя, моўныя, полаўзроставыя і інш. фактары. Нац.-вызв. барацьба супраць каланіялізму ў шэрагу краін Азіі і Афрыкі ў 20 ст. прывяла да станаўлення развітых форм Н.с. значна раней за ліквідацыю феадальна-племяннога ладу жыцця. Паскарэнне росту Н.с. нярэдка абумоўлена ўзнікненнем рэальнай пагрозы культ. асіміляцыі, знешняй агрэсіі, каланізацыі краіны, фарсіраванай інтэрнацыяналізацыі і інтэграцыі. Паглыбленне Н.с. можа адыгрываць і станоўчую (у сэнсе спрыяння ўтварэнню нацыі і яе паспяховаму развіццю) і адмоўную (калі пачынае нарастаць нацыяналізм і шавінізм) ролю. Гіст. вопыт сведчыць, што пры інш. аднолькавых умовах узровень Н.с. найчасцей бывае больш высокім у адносна нешматлікіх народаў у параўнанні з буйнымі нацыямі. Н.с. знаходзіцца ў аснове пачуцця агульнадзярж патрыятызму, нац. гонару, любові да роднага народа, культуры, мовы, да сваёй Радзімы.

Н.с. жыхароў Беларусі ў старажытнасці была звязана з агульнасцю паходжання ад аднаго рэальнага або міфічнага продка, з адзінствам тэрыторыі пражывання, ладу жыцця, нар. звычаяў і абрадаў і інш. У больш позні перыяд (сярэднявечча, новы час) на асаблівасці этн. самасвядомасці беларусаў істотна ўплывала іх прыналежнасць да канкрэтных саслоўных, канфесіянальных, моўна-культ., лакальна-тэр. груп насельніцтва. Уласна Н.с. беларусаў аформілася адносна позна, прыблізна ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст, што было абумоўлена ўзмацненнем нац.-вызв. руху, актывізацыяй нац.-культ. жыцця і пачаткам складвання бел. нацыі. Спачатку больш высокі ўзровень Н.с. быў уласцівы прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, шляхце, заможнаму сялянству. У 1920-я г. яна ахапіла прадстаўнікоў усіх сац. катэгорый насельніцтва Беларусі. Гэтаму спрыялі палітыка беларусізацыі і спробы гарманізацыі міжнац. адносін. У наступныя дзесяцігоддзі развіццё Н.с. запаволена ў выніку ўзмацнення працэсаў асіміляцыі бел. грамадства. У сучасны перыяд паглыбленне Н.с. з’яўляецца важным сродкам самазахавання бел. нацыі і раскрыцця яе творчых магчымасцей у справе пабудовы свабоднага, дэмакр. і незалежнага грамадства.

Літ.:

Беларусіка = Albaruthenica. Кн. 2. Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Мн., 1993: Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова: Літ.-гіст. арт. Мн., 1994: Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі: Пер. з англ. Мн., 1995;

Дубянецкі С.Ф., Дубянецкі Э.С. Цяжкі шлях да адраджэння. Брэст, 1997.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 11, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАМІ́СІЯ (БВК),

орган па фарміраванні бел. часцей у польскім войску ў 1919—21. Утворана 2.8.1919 у Вільні Цэнтр. бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны паводле дамоўленасці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю.​Пілсудскім. Яго дэкрэтам ад 22.10.1919 дазвалялася фарміраванне бел. часцей і зацвярджалася БВК у складзе: П.​Аляксюк (старшыня), А.​Аўсянік, палкоўнікі Г.​Канапацкі (камандуючы бел. войскам) і Д.​Якубоўскі, штабс-капітаны Ф.​Кушаль і А.​Якубецкі, Ю.​Мурашка, А.​Прушынскі (А.​Гарун), С.​Рак-Міхайлоўскі. Камандаванне бел. войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваен. адміністрацыі. Сфарміраваныя часці меркавалася накіраваць на польска-савецкі фронт. У ліст. 1919 БВК пераехала ў Мінск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі: вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк), кваліфікацыйную (Якубецкі), статутную (Прушынскі), культ.-асветную (Рак-Міхайлоўскі) і інш. У паветах БВК стварала бел. вярбовачныя бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у нац. войска. Перакладала на бел. мову польскія вайск. статуты, выдала зб. «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Вяла рэгістрацыю добраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваен. чыноўнікаў, урачоў). У сак. 1920 распараджэннем ваен. мін-ва вярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампетэнцыі БВК і перададзены мясц. органам акупац. адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Удалося скамплектаваць толькі 1 бел. пяхотную роту. У ліп. 1920 у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі БВК фактычна распалася. Адноўлена 3.10.1920 у г. Лодзь (Польшча) у складзе: Якубецкі (Старшыня), Кушаль, Ф.​Умястоўскі, Э.​Якабіні, Якубоўскі. Накіравала групу афіцэраў на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстання 1920. Займалася культ.-асв. працай сярод інтэрніраваных у Польшчы вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоў Зах. Беларусі былі адхілены польск. ўладамі. 15.5.1921 скасавана.

С.​С.​Рудовіч.

Адозва Беларускай вайсковай камісіі. 1920.

т. 2, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Гродне, Гродзенскі беларускі камітэт, прадстаўнічы орган бел. нац. арг-цый Гродзеншчыны ў 1918—22. Утвораны ў ліст. 1918. У яго кіраўніцтва ўваходзілі Я.​Натусевіч (старшыня), У.​Курбскі, Л.​Дзекуць-Малей, пазней кааптаваны П.​П.​Аляксюк, Л.​І.​Заяц, Т.​М.​Вернікоўскі і інш. Выступаў супраць прарасійскай арыентацыі органаў мясц. самакіравання і земскіх устаноў. Ствараў бел. школы, культ.-асв. гурткі, кааператывы, выступаў за наданне бел. мове афіц. статуса. У снеж. 1918 склікаў бел. сялянскі з’езд Гродзенскага пав. У пач. 1919 выдаваў газ. «Зорка», у кастр. 1920 — студз. 1921 газ. «Беларускае слова». Намаганнямі Вернікоўскага ў студз. 1919 у Гродне адкрыты бел. клуб «Наша хатка». У лют. 1919 БНК правёў у склад магістрата Дзекуця-Малея. З прыходам у горад польск. легіянераў у маі 1919 фактычна спыніў дзейнасць, аднавіў яе ў сак. 1920. Новае кіраўніцтва [старшыня С.​Баран (Баранаў), віцэ-старшыня А.​Бялецкі, Дзекуць-Малей, У.​Федарук і інш.] арыентавалася на бел. эсэраў і стаяла ў паліт. апазіцыі да польск. акупац. улад. Пры к-це створаны адм., арганізац., культ.-асв., дабрачынны аддзелы, юрыд. бюро. БНК ініцыіраваў стварэнне ў маі 1920 Бел. школьнай рады ў Гродне і гродзенскага кааператыва «Беларусь». Працаваў у кантакце з Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Грамадой беларускай моладзі ў Гродне. З прыходам Чырв. Арміі ў ліп. 1920 зноў спыніў дзейнасць. Чл. БНК Баран і Дзекуць-Малей у жн. 1920 увайшлі ў склад Гродзенскага губ. рэўкома. Пасля вяртання польск. войскаў кіраўніцтва ў БНК перахапілі т.зв. паланафілы на чале з В.​А.​Адамовічам, у студз. 1920 да кіраўніцтва вярнуліся бел. эсэры (старшыня Баран). У 1921 БНК перайшоў на нелегальнае становішча.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЯЎЛЕ́ВІЧ (Яўлевіч) Ігнацій

(26.9.1619, г. Магілёў — каля 1686),

бел. педагог-асветнік, пісьменнік, грамадскі і царк. дзеяч. Першапачатковую адукацыю атрымаў у г. Шклоў. Вучыўся ў Магілёўскай брацкай школе, тэалогію і медыцыну вывучаў у Замойскай акадэміі (Польшча). Працаваў выкладчыкам у Кіева-Магілянскай калегіі, быў прафесарам свабодных навук. Разам з рэктарам гэтай калегіі С.​Пачаскім удзельнічаў у арганізацыі ў Ясах (Румынія) славяна-грэка-лацінскай акадэміі (адкрыта ў 1640). У 1647 пастрыгся ў Кіеве ў манахі. Жыў у Львове, Ярославе (у Галіцыі), Кракаве, Скіце, Камянцы, Сочаве (Валахія), Оршы і інш. З 1655 у Полацку, быў ігуменам Богаяўленскага манастыра, пры якім адкрыў школу і бібліятэку. З 1660 таксама архімандрыт Полацкага Барысаглебскага манастыра. Апекаваўся мясц. паэтамі Ф.Утчыцкім і Сімяонам Полацкім, падтрымліваў прыязныя адносіны з рус. дзярж. і культ дзеячамі Ф.​Рцішчавым і А.​Ардын-Нашчокіным. У час прыезду ў Полацк цара Аляксея Міхайлавіча (1656) выступіў з прамовай. Удзельнік Маскоўскага царк. сабора 1660 па справе патрыярха Нікана. Апошнія звесткі пра І. ў перапісцы з маскоўскім патрыярхам Іаакімам за студз.—сак. 1686. З літ. спадчыны І. дайшла яго аўтабіягр. запіска (на польск. мове, апубл. С.​Голубевым у 1886), у якой важныя матэрыялы па гісторыі гар. адукацыі 2-й чвэрці 17 ст., культ. і пед. узаемасувязі бел. і ўкр. народаў. Захаваліся яго прамовы з нагоды розных рэліг. і паліт. падзей, некалькі лістоў да Сімяона Полацкага. Вядомы яго дэкламацыя на прыезд у Магілёў віцебскага, аршанскага, мсціслаўскага і магілёўскага епіскапа Іосіфа Гарбацкага (4.8.1650), некалькі вершаў на ўзор элегій Авідзія. У паэзіі І. яскрава выяўлены рысы сілабізму.

Літ.:

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мн., 1968. Т. 1. С 363—364.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)