Мы́йка ’машына, прыстасаванне для мыцця чаго-небудзь’ (ТСБМ). Калька з рус. мойка ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАДЗЯНО́Е КО́ЛА,

прыстасаванне ў выглядзе кола з лопасцямі, якое прыводзіцца ў дзеянне энергіяй патоку вады; самы просты гідраўлічны рухавік. Бывае ніжнябойнае (падліўное), сярэднябойнае і верхнябойнае (наліўное). Магутнасць да дзесяткаў кілават. Выкарыстоўваецца са стараж. часоў у сістэмах арашэння (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), на Беларусі — для прыводу ў дзеянне вадзяных млыноў, машын і механізмаў дробных вытв-сцяў.

Вадзяное кола: 1 — рэгулявальная заслонка; 2 — коўш; 3 — рабочы вал; 4 — апора.

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМНАЯ ПО́МПА,

прыстасаванне для стварэння і падтрымання вакууму. Бываюць форвакуумныя (поршневыя, пласцініста-ротарныя, залатніковыя), бустэрныя (двухротарныя, параструменныя), высокавакуумныя (дыфузійныя, турбамалекулярныя), звышвысокавакуумныя (крыягенныя, магнітныя электраразрадныя). Асн. параметры вакуумнай помпы — гранічны астаткавы ціск (у паскалях) і хуткадзеянне (літы за секунду). Выкарыстоўваюцца пры вытв-сці асвятляльных лямпаў, кінескопаў, касм. апаратаў, пры нанясенні вакуумных пакрыццяў, у вакуумнай металургіі, харч. прам-сці і інш.

Механічныя вакуумныя помпы: а — вярчальная двухступенная пласцініста-ротарная; б — двухротарная.

т. 3, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАРЭ́Я ў тэхніцы,

аднолькавыя прылады, прыстасаванні ці збудаванні, аб’яднаныя ў адзіную сістэму (устаноўку) для сумеснага больш эфектыўнага дзеяння. напрыклад, коксавая батарэя — шэраг коксавых печаў для сухой перагонкі каменнага вугалю ў кокс; радыятарная батарэя — злучаныя ў адно ацяпляльнае прыстасаванне радыятары; ахаладжальныя батарэі — сістэмы труб (гладкіх ці з рэбрамі), у якіх выпараецца холадагент або працякае халадзільны раствор. Пашыраны электрычныя батарэі — кандэнсатарныя (з кандэнсатараў), акумулятарныя (з акумулятараў) і з інш. хімічных крыніц току.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАМАНІТО́Р, манітор,

прыстасаванне для візуальнага кантролю якасці тэлевізійнага відарыса ў розных пунктах тракту яго перадачы (напр., на выхадзе перадавальнай тэлевізійнай камеры). Бывае: чорна-белы і каляровы; малагабарытны, пераносны і універсальны. На відэаманітор падаецца відэасігнал, каляровы відэасігнал, сігналы асн. колераў (або яркасны і два колерарознасныя сігналы). Відэаманітор для кантролю амплітуды і фазы сігналаў у каляровых сістэмах ПАЛ і НТСЦ наз. вектараскопам. Выкарыстоўваецца ў відэакамерах, на тэлецэнтрах, прыкладных тэлевізійных устаноўках і інш.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЕ́Я (ад лац. vinea асадны навес),

прыстасаванне, якое выкарыстоўвалася стараж.-рым. арміяй у час аблогі ўмацаванняў. Уяўляла сабой лёгкае збудаванне на катках са сценамі і дахам з плеці або дошак, накрытымі шкурамі або дзёрнам. Бакавыя сцены мелі дзверы і амбразуры. У час руху вінеі да ўмацавання або сцяны крэпасці ззаду прыстаўляліся іншыя вінеі — атрымліваўся крыты ход. Наперадзе ставілася вінея большага памеру з нахіленым шчытом спераду, прызначаная для размяшчэння тарана.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАРЫ́НА (італьян. ocarina літар. гусяня),

музычны інструмент класа аэрафонаў віду глабулярных флейтаў. Мае гліняны корпус авальнай формы, свістковае прыстасаванне, 8—10 ігравых адтулін. Створана ў 1860 італьян. майстрам Дж.​Данацы, хутка пашырылася ў краінах Еўропы, у т. л. на Беларусі (нар. назвы «карына», «конік»). У адпаведнасці з бел. традыцыяй набыла цыліндрычную форму. Вырабляецца найчасцей уручную, пакрываецца палівай. Выкарыстоўваецца пастухамі для ігры сола, музыкантамі-аматарамі для суправаджэння спеваў.

І.​Дз.​Назіна.

Акарыны.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРА́НТ (ад грэч. hydōr вада),

стацыянарнае прыстасаванне для адбору вады са знадворнай водаправоднай сеткі. Адрозніваюць гідранты пажарныя (найб. пашыраныя), паліўныя і прамыўныя; падземныя (размяшчаюцца ў закрытых накрыўкамі калодзежах) і наземныя (сумяшчаюцца з водаразборнымі калонкамі). Для далучэння пажарных рукавоў, гнуткіх шлангаў з наканечнікамі на падземны гідрант накручваецца пажарная калонка, якая мае патрубкі з вентылямі (у наземнага гідранта пажарная калонка стацыянарная).

Падземны гідрант: 1 — напорныя патрубкі; 2 — вентылі; 3 — штанга.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШЫ́ЦЕЛЬ,

прыстасаванне для зніжэння шуму рухавікоў, вентылятараў, машын, а таксама збудаванняў, куды шум пранікае праз паветра- і газаправоды. Бываюць актыўныя, рэактыўныя і інтэрферэнцыйныя. Актыўны глушыцель — трубаправод з гукаізаляцыйнымі матэрыяламі ўсярэдзіне. Рэактыўны мае ўнутр. перагародкі з адтулінамі ці рэзкія звужэнні і расшырэнні трубаправода; ставіцца на аўтамабілях, матацыклах. У інтэрферэнцыйных глушыцелях струмень газу накіроўваецца па 2 трубах рознай даўжыні, каб гукавыя хвалі розніліся па фазе і пры накладанні гасілі адна адну.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́,

1) у беларусаў прыстасаванне для начной лоўлі рыбы восцямі. Мела выгляд плеценага з дроту кошыка, на якім распальвалі агонь і падвешвалі на канцы палкі, устаноўленай на носе лодкі або чоўна. Рабілі і са скляпаных паміж сабой метал. пласцінак, якія прымацоўвалі да палкі ўтулкай, на ПнЗ Беларусі — з метал. пласцін у выглядзе жолаба.

2) Сажань, драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў.

І.​М.​Браім.

т. 7, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)