ПАЛІ́ТЫКА (грэч. politika дзяржаўныя, грамадскія справы ад polis дзяржава),
арганізацыйная і рэгулятыўна-кантрольная сфера дзейнасці, звязаная з размеркаваннем і ажыццяўленнем улады, рэгуляваннем грамадскіх адносін. Тэрмін стаў пашыраным пад уплывам трактата Арыстоцеля «Палітыка». Як спецыфічны від дзейнасці ўзнікла разам з дзяржавай. Напачатку П. называлі дзейнасць дзяржавы ўнутры краіны і за яе межамі, узаемадзеянні паміж грамадскімі сіламі, імкненні розных сац. груп да заваявання, утрымання і выкарыстання ўлады, да захавання або разбурэння соцыуму. Сучасная П. мае мнагамерны характар і выступае ў 3 асн. аспектах: як сфера грамадскага жыцця; як найважнейшы від сац. актыўнасці грамадскіх суб’ектаў; як від грамадскіх адносін, узаемаадносін паміж асобамі, сац. групамі, класамі, нацыямі, дзяржавамі і інш. Вылучаюць П. ўнутраную (ахоплівае асн. кірункі дзейнасці дзяржавы, партый палітычных) і знешнюю (ахоплівае сферу адносін паміж дзяржавамі). Адпаведна спецыфіцы дзейнасці і праяўлення ў асн. падсістэмах сістэмы сучаснага грамадства адрозніваюць П. эканамічную — рэгуляванне адносін паміж людзьмі, сац. групамі, грамадствам і дзяржавай у эканам. сферы; сацыяльную — рэгуляванне адносін паміж грамадскімі суб’ектамі ў сац. сферы; П. ў сферы духоўнага жыцця, якая адлюстроўвае дзейнасць дзяржавы, сац. ін-таў, працоўных калектываў, канкрэтных асоб адносна функцыянавання і рэалізацыі ідэй, поглядаў, норм, прынцыпаў, ідэалаў, маральных каштоўнасцей. У вузкім сэнсе П. — дзейнасць вял.сац. груп па заваяванні, ахове і выкарыстанні ўлады. У залежнасці ад узроўню і для характарыстыкі вымярэнняў паліт. прасторы вылучаюць: мегапалітыку (звязана з паліт. дзейнасцю на ўзроўні найвышэйшых суб’ектаў — міжнар. аб’яднанняў і арг-цый, адносіны на глабальным узроўні, механізмы дзейнасці міжнар. соцыумаў); макрапалітыку (дзейнасць на ўзроўні базавых суб’ектаў паліт. жыцця — дзяржаў, нацый, класаў, сац. груп і інш., абмежаваных адм.-прававымі межамі публічнай улады); мікрапалітыку (узаемаадносіны асоб малых груп, унутраныя механізмы групавой дынамікі і індывід. паводзін). Суб’екты П. — канкрэтныя гіст. носьбіты прадметна-практычнай дзейнасці, накіраванай на рашэнне паліт. задач, у т. л. на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх інтарэсаў, на захаванне стабільнасці і цэласнасці соцыумаў, на эфектыўнае выкананне грамадскіх функцый (дзяржава, партыі, масавыя грамадска-паліт. рухі, паліт. лідэры, кіраўнікі партый і рухаў). Суб’екты П. з’яўляюцца носьбітамі канкрэтных паліт. каштоўнасцей, сярод якіх вылучаюць 3 асн. сістэмы: бяспека і незалежнасць дзяржавы; развіццё эканомікі і дабрабыту народа; свабоды і правы чалавека і канстытуцыйны парадак. У функцыі П. ўваходзяць распрацоўка мэт грамадскага развіцця, мабілізацыя рэсурсаў на іх рэалізацыю; спыненне і рэгуляванне грамадскіх канфліктаў; фарміраванне паліт. свядомасці грамадства і кампанентаў, якія яе складаюць; структураванне паліт. арг-цыі грамадства і інш. Навука пра П. — паліталогія.
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
ЗАХО́ДНЯЕ САМО́А (самаанскае Samoa i Sisifo, англ. Western Samoa),
Незалежная Дзяржава Заходняе Самоа (самаанскае Malo Sa’oloto Tuto’atasi o Samoa i Sisifo, англ. Independent State of Western Samoa), дзяржава ў зах.ч. архіпелага Самоа ў Ціхім ак. (усх.ч. архіпелага займае ўладанне ЗША — Усходняе Самоа). Уключае а-вы Савайі (1,7 тыс.км²), Уполу (1,1 тыс.км²) і 7 дробных. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 2831 км². Нас. 167 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Апія. Дзярж. мовы — самаанская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. З.С. — канстытуцыйная манархія. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пажыццёвы кіраўнік дзяржавы — кароль. Паводле канстытуцыі пасля смерці караля манархія ў краіне будзе ліквідавана і Асамблея выбера кіраўніка дзяржавы тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — Заканад. Асамблея з 47 членаў, выбраных насельніцтвам на 3 гады (45 ад карэннага, 2 ад некарэннага насельніцтва). Асамблея выбірае прэм’ер-міністра, якія фарміруе кабінет міністраў з членаў Асамблеі.
Прырода. Астравы вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1885 м, в-аў Савайі). Шмат патухлых вулканаў, на в-ве Савайі дзеючы вулкан Матавану. Берагі ў многіх месцах акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат субэкватарыяльны і трапічны пасатны, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Ападкаў 2000—3000 мм, на вяршынях гор да 7000 мм; частыя ўраганы. Шмат горных рэчак і ручаёў. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць 47% тэрыторыі. Мора багатае рыбай. Нац. парк Оле-Пупу-Пуэ на в-ве Уполу.
Насельніцтва. Самаанцы, народ палінезійскага паходжання, складаюць 90%. Жывуць таксама еўрапейска-самаанскія метысы (каля 9%), невял. групы кітайцаў і еўрапейцаў. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (71%) і католікі (22%). Сярэдняя шчыльн.нас. 59 чал. на 1 км², найб. населены ўзбярэжжы. 72% нас. жыве на в-ве Уполу. Гарадскога нас. 59% (1993). Моцная эміграцыя пераважна ў Новую Зеландыю. За мяжой жыве каля 90 тыс. самаанцаў.
Гісторыя. Астравы Самоа са стараж. часоў былі заселены палінезійцамі (на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э.). Адкрыты ў 1722 галандскім мараплаўцам Я.Рогевенам. Іх даследавалі франц. экспедыцыі Л.Бугенвіля (1768) і Ж.Лаперуза (1787). У 1830 англ. місіянеры заснавалі тут евангелічную місію. У 1889 ЗША, Германія і Вялікабрытанія ўстанавілі трохбаковы пратэктарат пад Самоа, а ў 1899 ажыццявілі іх падзел, зах. частку атрымала Германія, усх. — ЗША; Вялікабрытанія адмовілася ад сваёй часткі на карысць Германіі за яе нейтралітэт у бурскай вайне. У 1914 акупіравана Новай Зеландыяй, якая ў 1920 атрымала ад Лігі нацый мандат на кіраванне З.С. З 1946 падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Новай Зеландыі. З 1962 незалежная дзяржава.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (занята больш за 70% працаздольнага насельніцтва). Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае 700—900 дол. ЗША за год. Апрацаваныя землі займаюць 42% пл. краіны. Гал. таварныя культуры: какосавая пальма (штогадовая вытв-сць копры 20—30 тыс.т), бананы (каля 25 тыс.т), какава (каля 2 тыс.т). Меншае значэнне маюць мускатны арэх, чорны перац, кава. На свае патрэбы вырошчваюць тара, ямс, батат, кукурузу, рыс, плады хлебнага дрэва, агародніну, апельсіны, ананасы, папайю, манга. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 30 тыс. галоў), свіней (каля 70 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па перапрацоўцы прадукцыі сельскай гаспадаркі, вытв-сці адзення, абутку, харч. прадуктаў, сувеніраў, тытунёвых вырабаў, запалак і інш. Ёсць мылаварны і піваварны з-ды, швейная, мэблевая, тытунёвая, какосавага алею, кандытарская, марожанага, кока-колы ф-кі. Лесапрамысл. комплекс на в-ве Савайі. Народныя маст. промыслы і выраб сувеніраў. Штогод краіну наведвае каля 30—50 тыс. турыстаў пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі. Агульная працягласць аўтадарог 1800 км, з іх 260 км з цвёрдым пакрыццём. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца ў асноўным марскім транспартам. Гал. порт — Апія. Гал. экспартныя тавары — какосавыя крэм і алей, копра, какава, кава, бананы, тара, піва, сокі, цыгарэты, драўніна. У імпарце пераважаюць прадукты харчавання, прамысл. і хім. тавары, паліва. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Новая Зеландыя, Германія, Японія. Вял. ролю адыгрываюць замежная дапамога і грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — тала (заходнесамаанскі долар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛА́ХІЯ (Valahia),
гістарычная вобласць у Паўд. Румыніі, паміж Карпатамі і р. Дунай; падзяляецца р. Олт на Мунтэнію і Алтэнію. У 106—271 Валахія, якую насялялі гета-дакійскія плямёны, у складзе Рымскай імперыі. У канцы 3 ст. заваявана готамі і гепідамі, у 4—6 — гунамі і аварамі, у 6 ст. — слав. плямёнамі. У канцы 8—10 ст. значная частка Валахіі ў складзе 1-га Балгарскага царства. З 14 ст.самаст.феад.дзяржава. У 15 ст. ў залежнасці ад Турцыі, з 16 ст. пад яе прыгнётам. Пры Міхаю Храбрым на непрацяглы час аб’ядналася з Малдовай і Трансільваніяй у адну дзяржаву (распалася на залежныя ад Турцыі княствы). У канцы 16 ст. ўзмацніліся паліт. сувязі з Расіяй, у канцы 17 — пач. 18 ст. ўстаноўлены дыпламат. адносіны. З 18 ст. Турцыя назначала гаспадарамі ў Валахіі пераважна грэкаў-фанарыётаў. У 1820—50 разгарнуўся нац.-вызв. рух. Валашскае паўстанне 1821 на чале з Т.Уладзімірэску паклала канец фанарыёцкаму рэжыму. Паводле Акерманскай канвенцыі 1826 Валахія атрымала самакіраванне, паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 — аўтаномію (пад пратэктаратам Расіі да 1856). У 1829—34 пад кіраўніцтвам Расіі. У 1859—61 аб’ядналася з Малдовай у адзіную дзяржаву (з 1862 Румынскае княства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Варшаўскае княства,
залежная ад Францыі дзяржава ў 1807—15. Утвораная паводле Тыльзіцкага міру 1807 з часткі польск. зямель Прусіі. Пашырана за кошт польскіх зямель, адваяваных польскай арміяй у Аўстрыі ў ходзе Аўстра-французскай вайны 1809 (тэр. з гарадамі Кракаў, Кельцы, Радам, Люблін і Седльцы). Пл. 142 тыс.км², нас. 4,3 млн.чал. (79% палякаў, 8% літоўцаў і беларусаў, 7% яўрэяў, 6% немцаў). Узначальваў саксонскі кароль Фрыдрых Аўгуст, прызначаны франц. імператарам Напалеонам I. Дзейнічала прапанаваная Напалеонам канстытуцыя, паводле якой створаны сейм і дзярж. савет, армія (да 40 тыс.чал.; камандуючы Ю.Панятоўскі), пацверджаны прывілеі шляхты, тэр. герцагства падзелена на 6 дэпартаментаў і 60 паветаў. Дэкрэтам 1807 сяляне вызвалены ад прыгоннай залежнасці, аднак сял. і абшчынныя землі пакінуты ў неад’емнай уласнасці памешчыкаў. Развіваліся здабыча вугалю, металургія і сукнаробства. У 1812 база франц. арміі пры ўварванні ў Расію, у якім удзельнічала польск. армія; пасля правалу паходу Напалеона ў Расію (гл.Вайна 1812) занята рас. войскамі (1813). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 з б.ч. герцагства ўтворана Каралеўства Польскае, Пазнанскі і Быдгашчцкі дэпартаменты вернуты Прусіі (з іх створана Вял. княства Пазнанскае), Кракаў і яго наваколле сталі «вольным горадам» (гл.Кракаўская рэспубліка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАСЦЬ (ад лац. antiquus старажытны),
тэрмін, які абазначае старажытнасць, даўніну; пераважна ўжываецца ў дачыненні да грэка-рымскай даўніны і ўсёй сукупнасці яе праяў. Ахоплівае перыяд з 9 ст. да н.э. Да 476 н.э. (падзенне Зах.Рым. імперыі). Тэрмін «антычнасць» сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння, калі разам з абуджэннем цікавасці да грэка-рымскай культуры ўзніклі паняцці антычнае мастацтва, ант.л-ра, антычная філасофія, ант. гісторыя і інш. У ант. грамадстве нарадзіліся агульначалавечыя каштоўнасці, якія пазней вызначаны як гуманізм, дэмакратыя, патрыятызм. Тыповай формай ант. дэмакратыі сталі дзяржава-поліс у грэкаў і цывітас (гарадская абшчына) у рымлян (адсюль паходжанне слоў «цывільны», «цывілізацыя»). У антычнасці расквітнелі розныя філас. сістэмы, развіваліся этыка, эстэтыка, гісторыя, тэатр, архітэктура і скульптура, асновай заканадаўства многіх краін стала антычнае права. Гуманіст. ідэі ант. культуры паўплывалі на развіццё культуры ўсіх еўрап. народаў, асаблівае месца ў навуцы заняла лац. мова. Больш падрабязныя і канкрэтныя звесткі пра антычнасць гл. ў арт.Грэцыя Старажытная, Рым Старажытны, Рабаўладальніцкі лад, Элінізм і інш.
Літ.:
Античная цивилизация. М., 1973;
Штаерман Е.М. Роль античного наследия в европейской культуре // История Европы. М., 1988. Т. 1.
К.А.Равяка.
Да арт.Антычнасць. Сход багоў. Размалёўка старажытнагрэчаскага келіха. Каля 510 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМО́ЎСКІ ((Dmowski) Раман Станіслаў) (9.8.1864, Камёнак, каля Варшавы, Польшча — 2.1.1939),
польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Ідэолаг польскага нацыяналізму. Скончыў Варшаўскі ун-т (1890). З 1888 чл. тайнай арг-цыі «Саюз польскай моладзі», з 1890 — Польскай лігі, якую ў 1893 разам з З.Баліцкім ператварыў у Нац. лігу. Заснавальнік (1895) і выдавец час. «Przegląd Wszechpolski» («Усяпольскі агляд»), на старонках якога сфармуляваў праграму польскага нац. руху. У 1907—09 дэпутат і кіраўнік «Польскага кола» (аб’яднанне польскіх дэпутатаў) у рас. 2-й і 3-й Дзярж. думах. У 1917 у Парыжы арганізаваў Польскі нац.к-т, мэтай якога было аднаўленне незалежнай Польшчы. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы». Адмоўна ставіўся да бел.нац. руху, лічыў, што ўся Зах. і Цэнтр. Беларусь павінна ўваходзіць у склад польскай дзяржавы, выказваўся за асіміляцыю беларусаў і ўкраінцаў. Распрацаваў асновы нац.-дзярж. арганізацыі 2-й Рэчы Паспалітай. Аўтар кн. «Германія, Расія і польскае пытанне» (1908), «Польская палітыка і аднаўленне польскай дзяржавы» (1925), «Царква, народ, дзяржава» (1927), «Пасляваенны свет і Польшча» (1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНЯ́ТАСЦЬ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
удзел насельніцтва ў прац. дзейнасці. З.н. прынята лічыць грамадска карыснай дзейнасцю грамадзян, якая прыносіць, як правіла, заробак. Да занятых належаць тыя, хто працуе па найме, асобы, якія самастойна забяспечваюць сябе працай (прадпрымальнікі, фермеры), ваеннаслужачыя, а таксама тыя, хто вучыцца, служыць у арміі, вядзе хатнюю гаспадарку, даглядае дзяцей і састарэлых. Узровень З.н. залежыць ад суадносін паміж колькасцю працаздольнага насельніцтва і рабочых месцаў, а таксама наколькі рабочыя месцы могуць быць выкарыстаны работнікамі ў адпаведнасці з набытымі імі прафесіямі, спецыялізацыяй, прац. вопытам, ведамі і ўмельствам. Поўная З.н. азначае практычна поўнае забеспячэнне працаздольнага насельніцтва рабочымі месцамі. Частковая З.н. мае на ўвазе магчымасць уладкавацца на працу на няпоўны рабочы дзень. Няпоўная занятасць з’яўляецца крыніцай беспрацоўя.
У Рэспубліцы Беларусь права на працу гарантавана Канстытуцыяй. Адносіны, звязаныя з З.н., рэгулююцца заканадаўствам. Дзяржава садзейнічае беспрацоўным у пачатку або аднаўленні прац. дзейнасці і дае ім паводле заканадаўства пэўныя гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя нормамі КЗаП і інш. прававымі актамі. Для рэалізацыі палітыкі З.н. ў краіне дзейнічае спец.дзярж. служба (гл.Цэнтр занятасці) і створаны Дзярж. фонд садзеяння занятасці з мэтай страхавання па беспрацоўі і фінансавання мерапрыемстваў у галіне занятасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ВАРВА́РЫНСКІ МАНАСТЫ́Р,
жаночы манастыр у г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 16—19 ст. Вядомы паводле пісьмовых крыніц з 1520, калі кн. Фёдар Яраславіч з жонкай адпісалі яму вёскі Высокае, Гальцы, Дубай, Ласіцк, двор Піскалаўшчына ў в. Асобавічы. Аднак, верагодна, манастыр першапачаткова засн. ў Тураве ў часы ўдзельнага княства і быў пераведзены ў Пінск у 15—16 ст. У 16—18 ст. ігуменні паходзілі з вядомых родаў — Валовічаў, Велятыцкіх, Войнаў, Ордаў, Пачапаўскіх, Сапегаў, Трызнаў, Шырмаў. Пры ігуменні Ефрасінні Трызне (канец 16 — пач. 17 ст.) манастыр стаў уніяцкім, ігумення набыла вёскі Завідчыцы і Жытнавічы; манастыру належалі 32 валокі зямлі і 732 душы, 23 пляцы ў Пінску і 2 у Слуцку. Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 манастыр зноў стаў праваслаўны. У 1842 дзяржава пакінула яму 147 дзес. зямлі і 100 сялян, з казны была прызначана гадавая пенсія 1455 руб., графіня Г.Арлова запісала манастыру 10 тыс.руб. серабром. У той час жыло 9—14 манашак, мелася вучылішча для дачок дваран і святароў (навучалі чытанню, пісьму, рукадзеллю). Будынкі былі драўляныя. У 1858—75 манастыр размяшчаўся ў арх. комплексе б.Пінскага касцёла і кляштара бернардзінцаў, потым пераведзены ў Мінск. У 1993 дзейнасць манастыра адноўлена ў Пінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
суб’е́кт, ‑а, М ‑кце, м.
1. У філасофіі — чалавек, які пазнае знешні свет (аб’ект) і ўздзейнічае на яго сваёй практычнай дзейнасцю.
2. Асоба, калектыў, арганізацыя, краіна і пад., якія актыўна выступаюць у якім‑н. працэсе, акце, зносінах і пад. Аўтар мае рацыю, падкрэсліваючы, што з моманту абвяшчэння Беларуская рэспубліка, як суверэнная дзяржава, з’яўлялася паўнапраўным суб’ектам міжнароднага права.«Полымя».
3.Спец. Асоба або арганізацыя, якія валодаюць пэўнымі, дакладна акрэсленымі правамі і абавязкамі. Суб’ект права. Суб’ект злачынства.
4.Разм. Чалавек як носьбіт якіх‑н. уласцівасцей; асоба. [Марынчук:] — Брыдка, самая нікчэмная рэч — у вырашэнні канфлікту даваць волю рукам. Іншага суб’екта, праўда, можна сяк-так зразумець.Ракітны.//Зневаж. Пра чалавека з адмоўнымі рысамі характару, пра падазронага чалавека. [Ганя:] — [Намыснік] паклёпнік і наогул небяспечны суб’ект...Грамовіч.
5. У логіцы — прадмет суджэння, лагічны дзённік. Суб’ект суджэння.
6. У граматыцы — дзённік.
[Лац. subjectum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)