ГРЭНА́ДА

(Grenada),

дзяржава на в-ве Грэнада і ў паўд. ч. а-воў Грэнадзіны, у архіпелагу М. Антыльскія а-вы ў Вест-Індыі. Падзяляецца на 7 раёнаў. Пл. 344 км². Нас. 92 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Сент-Джорджэс. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 лют.).

Дзяржаўны лад. Грэнада — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1974. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены генерал-губернатарам. Заканад. ўлада належыць парламенту (15 дэпутатаў), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Востраў Грэнада (пл. 311 км²) гарысты (выш. да 840 м, гара Сент-Катэрын). На У невял. нізіна. Астравы Грэнадзіны пераважна нізінныя. Клімат субэкватарыяльны, пасатны, марскі. Сярэднямесячная т-ра паветра 25—28°C. Ападкаў больш за 1500 мм (у гарах да 5000 мм) за год, дажджлівы перыяд май—кастрычнік. Шмат невял. рэчак і ручаёў. У гарах захаваліся вільготныя трапічныя лясы. Заказнік Гранд-Этан.

Насельніцтва. Пераважаюць негры (53%) і мулаты (42%). Невял. колькасць англічан, французаў, карэнных жыхароў — індзейцаў карыбаў. Паводле веравызнання пераважаюць католікі і англікане. Сярэдняя шчыльн. 267 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах да 500—800 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 50% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Сент-Джорджэс (каля 7,5 тыс. ж.), Гуяў, Грэнвіл, Вікторыя. Характэрна эміграцыя ў суседнія краіны.

Гісторыя. Найб. стараж. насельніцтва Грэнады — індзейцы аравакі — называлі в-аў Камахонь. У 15 ст. іх выцеснілі адсюль індзейцы карыбы. У 1498 востраў адкрыў Х.Калумб і назваў яго Кансепсьён. З 1650 каланізаваны французамі, якія стварылі тут плантацыйную гаспадарку, заснаваную на рабскай працы (рабоў прывозілі з Афрыкі). У Сямігадовую вайну 1756—63 на востраве высадзіліся англічане (1762), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 ён стаў брыт. калоніяй і атрымаў назву Грэнада. У час вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 востраў зноў захапіла Францыя (1778), аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 уступіла яго Вялікабрытаніі. У вайну паміж Англіяй і Францыяй (пачалася ў 1794) на Грэнадзе ў 1795 адбылося антыангл. паўстанне пад кіраўніцтвам Ж.Федона (нац. герой Грэнады), задушанае брыт. войскамі. У 1834—38 тут скасавана рабства. У 1885—1958 Грэнада ў складзе брыт. калоніі Падветраныя астравы.

Ва ўмовах узмацнення мясц. руху за аўтаномію на чале з Э.Гейры (з 1950) калан. ўлады ўвялі ў Грэнадзе ўсеагульнае выбарчае права (1951) і абмежаваную аўтаномію (1958). У 1958—62 Грэнада ў складзе Вест-Індскай федэрацыі. З сак. 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» з поўным унутр. самакіраваннем (прэм’ер-міністр Гейры). З 7.2.1974 незалежная дзяржава ў складзе брыт. Садружнасці. Напачатку яе прэм’ер-міністр Гейры (1974—79) прытрымліваўся нацыянал-рэфармісцкага курсу, потым устанавіў дыктатуру, што выклікала рэвалюцыю (сак. 1979). Новы ўрад на чале з М.Бішапам (1979—83) праводзіў палітыку дэмакратызацыі і дыверсіфікацыю эканомікі, наладзіў сувязі з сацыяліст. краінамі, у т. л. з Кубай. У кастр. 1983 узнік канфлікт сярод лідэраў кіруючай партыі Новы рух ДЖУЭЛ, што прывяло да ўзбр. сутыкнення, у час якога загінулі Бішап і шэраг яго міністраў. 25.10.1983 пад выглядам аднаўлення законнасці і бяспекі амер. грамадзян на Грэнадзе супраць краіны распачалі ваен. аперацыю ЗША. У ходзе яе востраў з ліст. 1983 да чэрв. 1985 акупіравалі амер. войскі. Пасля выбараў у снеж. 1984 створаны пераходны ўрад на чале з Х.Блейзам. У 1990 яго змяніў урад Н.Брэтвейта. З 1995 прэм’ер-міністр Грэнады — К.Мітчэл. Грэнада — чл. ААН (з 1974), брыт. Садружнасці, Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва, Лаціна-амер. эканам. сістэмы, удзельнічае ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. Нац. партыя Грэнады, Патрыят. рух імя М.Бішапа, Нац.-дэмакр. кангрэс, Савет прафсаюзаў Грэнады.

Гаспадарка. Пераважае сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. Краіна спецыялізуецца на вытв-сці спецый: мускатнага арэха (каля 2 тыс. т штогод, 1/3 сусв. вытв-сці), гваздзікі, карыцы, ванілі. Вырошчваюць таксама какаву, бананы, цукр. трыснёг, какосавую пальму, цытрусавыя, бавоўну, харч. культуры. На схілах гор гаі мускатнага арэха, ніжэй какавы, потым бананаў і інш. культур. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы мускатных арэхаў (г. Гуйяў), копры, цукр. трыснягу, піваварны з-д, бавоўнаачышчальная, швейная, мэблевая ф-кі і інш. На востраве штогод бывае каля 100 тыс. турыстаў і адпачываючых пераважна з ЗША і Канады. Транспарт аўтамаб. (746 км дарог з цвёрдым пакрыццём) і марскі. Гал. порт Сент-Джорджэс. Паблізу міжнар. аэрапорт. Грэнада экспартуе мускатны арэх, какава-зярняты, бананы, гваздзіку, карыцу, ваніль, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Асн. гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, суседнія краіны, Канада. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.

І.Я.Афнагель (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 5, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)