ГАЙДН ((Haydn) Франц Іозеф) (31.3.1732, Рораў, цяпер г. Брук-ан-дэр-Лайта, Аўстрыя — 31.5.1809),
аўстрыйскі кампазітар, дырыжор; прадстаўнік венскай класічнай школы. Ганаровы д-р Оксфардскага ун-та (1791), чл. Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1798), ганаровы чл. Філарманічнага т-ва ў Пецярбургу (1808). Пач.муз. адукацыю атрымаў у І.М.Франка ў г. Гайнбург. У 1740—49 спяваў у хоры сабора св. Стэфана ў Вене, удасканальваў ігру на клавіры, скрыпцы, аргане. У 1753—56 акампаніятар у італьян. кампазітара Н.Порпары, вывучаў кампазіцыю. У 1761—90 капельмайстар князёў Эстэрхазі. У 1792 вучыўся ў Л.Бетховена ў Вене. У 1791—92 і 1794—95 у Лондане. У творчасці Гайдна сфарміраваліся класічныя жанры (сімфонія, саната, канцэрт для інструментаў з арк., квартэт), формы (у т. л.санатная форма і санатна-сімф. цыкл), прынцыпы тэматычнага развіцця, класічны склад аркестра (т.зв. двайны). Яго музыцы ўласцівы аптыміст. тонус, шматграннасць зместу, кампазіцыйная стройнасць, шырыня фалькл. сувязей (аўстр., ням., венг., слав. ўплывы). Раннія квартэты і сімфоніі блізкія да бытавых сюітных жанраў. У творах пач. 1770-х г. прасочваюцца лірыка-драм. тэндэнцыі («Жалобная сімфонія», «Развітальная сімфонія», абедзве 1772; квартэты 1771—72 і інш.). Пераломныя ў яго творчасці т.зв. «Рускія квартэты» (1781), дзе аформіўся класічны інстр. стыль, які дасягнуў росквіту ў 6 «Парыжскіх» (1785—86) і 12 «Лонданскіх» (1791—95) сімфоніях. У канцы 1790 — пач. 1800-х г. стварыў лепшыя вак.-сімф. творы, у т. л. араторыі «Стварэнне свету» (1798) і «Поры года» (1801). Сярод інш. твораў: 24 оперы, у т. л. зінгшпіль «Крывы д’ябал» (1753), оперы-серыя «Ацыс і Галатэя» (1763), «Арміда» (1784), оперы-буфа «Аптэкар» (1768), «Святло месяца» (1777), «Сапраўднае пастаянства» (1779), героіка-камічная «Раланд-паладзін» (1782); араторыі, у т. л. «Сем слоў збавіцеля на крыжы» (1796) і інш.; 14 мес («Нельсан-меса», 1798, «Меса Тэрэзія», 1799, «Harmoniemesse», 1802); кантаты; 2 «Те Deum»; «Stabat mater» і інш. духоўныя творы; 104 сімфоніі; уверцюры, танцы, маршы; больш за 30 канцэртаў для інструментаў з арк.; дывертысменты, струнныя квартэты, у т. л. 6 «Сонечных» (1772), 6 «Рускіх» (1781), 6 «Прускіх» (1787); трыо, дуэты; творы для фп., для голасу з фп. і інш.
Літ.:
Кремлев Ю.А. Йосеф Гайдн: Очерк жизни и творчества. М., 1972;
Seeger H. J.Haydn. Leipzig, 1961;
Geiringer K. Haydn: a creative life in music. 3 ed. Berkeley, 1982;
J.Haydn: Berichte über den Internationalen Kongress. München, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНІ́ЦА,
збудаванне для размяшчэння званоў. Ва ўсх. славян упершыню згадваецца ў 988. Найб. раннія З. вядомы ў Кіеве (Ірынінскай і Дзесяціннай цэрквах) з 1107 ва Уладзіміры, Ноўгарадзе-Северскім, Полацку. Крыніцай развіцця іх форм былі абарончыя вежы са званом і металічным білам для гукавога апавяшчэння. Іканаграфічныя матэрыялы, гравюры 15—17 ст. сведчаць, што на Беларусі З. мелі сакральныя пабудовы Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Клецка, Гродна і Брэста і інш. Яны былі драўляныя, мураваныя і драўляна-мураваныя. Драўляныя паводле тыпу канструкцыі бываюць слупавыя, каркасныя, зрубныя, зрубна-каркасныя. Найб. простыя З. — слупавой канструкцыі з перакладзінай, на якую падвешвалі звон, або козлы з брусоў, якія ставілі побач з царквою або касцёлам (в. Ражкоўка Камянецкага р-на). У іх часам быў подыум з дошак і стрэшка ці 4-схільны дах. Пазней З. ашалёўвалі дошкамі. Яны мелі гарыз. бэлькі, што дазваляла рабіць іх 2-яруснымі і размяшчаць званы на бэлечнай крыжавіне пад дахам. Больш трывалыя зрубныя З. Часцей сустракаюцца зрубна-каркасныя, дзе зрубам-чацверыком былі ніжнія ярусы, а верхні рабіўся каркасным і завяршаўся стромкім дахам (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, 1799; в. Дуды Іўеўскага р-на; в. Чэрск Брэсцкага р-на, абедзве 18 ст., і інш.). Вядомы і мураваныя, асобна збудаваныя З. (в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, 16 ст.). Іх верхнія ярусы часам былі глухія і мелі спец. праёмы, якія зачыняліся аканіцамі (г. Слуцк, 18 ст.; г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на, 17 ст.; в. Моладава Іванаўскага р-на, пач. 20 ст.). Будавалі З. ў арх. стылях адпаведна часу. Яны фланкіравалі фасады сакральных пабудоў абарончага тыпу 16—17 ст. (в. Сынковічы Зэльвенскага, в. Мураванка Шчучынскага, в. Камаі Пастаўскага р-наў), а таксама шматлікія 2-вежавыя касцёлы 17—18 ст. У царк. архітэктуры існавалі З.-дабудовы. Яны размяшчаліся над прытворам ці перад ім (в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 16 ст.; г.п. Заслаўе, 16 ст., і інш.). Вядомы З.-брамы: зрубныя, мураваныя, зрубна-мураваныя, якія ставіліся пры ўваходзе на двор царквы (касцёла); іх ніжні ярус выконваў ролю брамы. Дабудова З. з боку прытвора была пашырана ў 19 — пач. 20 ст. (Пакроўскі сабор у г. Баранавічы), у т. л. пры рэканструкцыі уніяцкіх цэркваў (в. Моладава Іванаўскага, в. Рамель Столінскага, в. Порплішча Докшыцкага, в. Хаціслаў Маларыцкага р-наў і інш.) і некаторых касцёлаў пад правасл. храмы.
А.І.Лакотка.
Званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.Званіца ў в. Ражкоўка Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.Званіца Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. 1924—31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРША́К (Самуіл Якаўлевіч) (3.11.1887, г.Варонеж, Расія — 4.7.1964),
расійскі паэт, перакладчык; адзін з пачынальнікаў рас. дзіцячай л-ры. Вучыўся ў Лонданскім ун-це (1913—14). У 1892—94 жыў у Віцебску. У 1920 арганізаваў у Краснадары адзін з першых рас. дзіцячых т-раў. Друкаваўся з 1904. Вершы для дзяцей «Казка пра неразумнае мышаня» (1923), «Вось які рассеяны» (1928), паэт.зб-кі «Дзеткі ў клетцы» (1923), «Рознакаляровая кніга» (1947), «Вершы для дзяцей» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), аповесці ў вершах «Містэр Твістэр» (1933), «Апавяданне пра невядомага героя» (1937), паэт. энцыклапедыя «Вясёлае падарожжа ад А да Я» (1952), п’есы-казкі «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» (1922, паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1962), «Церамок» (1941, паст. Гомельскім абл. т-рам лялек, 1962), «Дванаццаць месяцаў» (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. адметныя блізкасцю да фальклору, непасрэднасцю, Добрай казачнасцю, гумарам, гарэзлівасцю. Кн. «Выбраная лірыка» (1962) уласцівы глыбіня пранікнення ў вечныя праблемы быцця, шчырасць, імкненне да гармоніі. У Вял.Айч. вайну ствараў сатыр. вершы і подпісы да паліт. плакатаў (Дзярж. прэмія СССР 1942). Аўтар кн. успамінаў «У пачатку жыцця» (1962), зб-ка артыкулаў пра літ. майстэрства «Выхаванне словам» (1961) і інш. Майстар маст. перакладу: «Санеты Шэкспіра ў перакладах С.Маршака» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), вершы Р.Бёрнса, У.Блейка, Дж.Радары, Дж.Кітса, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Цёткі і інш. Падтрымліваў творчыя сувязі з Я.Коласам. П’есы-казкі М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Цудоўны кошык» паводле М. (1945), «Разумны казёл» (1953), «Кошчын дом» (1957, 1980) у Дзярж. т-ры лялек; «Фініст — Ясны Сокал» (1968), «Гора-няшчасце» (1969, абедзве з В.Васільевай) у Дзярж.рус.драм. т-ры; опера-казка І.Польскага на лібрэта М. «Церам-церамок» (1961) у т-ры оперы і балета. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.Астрэйка, П.Броўка, В.Вітка, К.Кірэенка, М.Лужанін, М.Маляўка, У.Шахавец, А.Якімовіч, і інш. Ленінская прэмія 1963.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1968—72;
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Надпись на часах: Эпиграммат. стихи. М., 1987;
Бел.пер. — Вайна з Дняпром. Мн., 1934;
Пошта. Мн., 1937;
Мы ваенныя. Мн., 1941;
Дванаццаць месяцаў. Мн., 1947;
Містэр Твістэр. 2 выд.Мн., 1952;
Круглы год. Мн., 1953.
Літ.:
Я думал, чувствовал, я жил: Воспоминания о Маршаке [2 изд.] М., 1988;
Шушкевіч С. Роздум над Дзвіною // Шушкевіч С. Выбр.тв.Мн., 1978. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́ЎСКІ (Валерый Мікалаевіч) (н. 20.6.1939, Мінск),
бел. рэжысёр, педагог. Засл. дзеяч маст. Беларусі (1976). Нар.арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). З 1968 у Нац. т-ры імя Я.Купалы (з 1973 гал. рэжысёр, з 1991 маст. кіраўнік). Адначасова выкладае ў Бел.АМ (з 1996 праф.). Творчасць Р. адметная паэтычнасцю, метафарычнасцю, філас. абагульненнямі, спалучэннем выразнай сцэн. формы з дакладнай распрацоўкай характараў. Сярод пастановак у т-ры імя Я.Купалы: «Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта (1969), «Трыбунал» (1971), «Святая прастата» (1976) і «Пагарэльцы» (1980) А.Макаёнка, «Лесвіца славы» Э.Скрыба (1972), «Вясёлы тракт» Б.Васільева (1973), «Брама неўміручасці» К.Крапівы (1974; 2-я рэд. 1983), «Апошні шанц» В.Быкава (1974), «Характары» паводле В.Шукшына (1975), «Эшалон» М.Рошчына (1976), «Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана (1979, апошнія тры з А.Андросікам), «Святая святых» І.Друцэ, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага (абедзве 1977), «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава (1980), «Закон вечнасці» Н.Думбадзе (1981), «Рэвізор» М.Гогаля (1982), «Парог» (1983), «Радавыя» (1984, Дзярж. прэмія СССР 1985), «Князь Вітаўт» (1997), «Чорная панна Нясвіжа» (2000) А.Дударава, «Бура» У.Шэкспіра (1986), «Мудрамер» М.Матукоўскага (1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988), «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева (1989), «Цынкавыя хлопчыкі» С.Алексіевіч і Р. (1991), «Тры сястры» А.Чэхава, «З нагоды мокрага снегу» паводле Ф.Дастаеўскага (абодва 1992), «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата (1996) і інш. Паставіў спектаклі ў Гомельскім абл.драм. т-ры: «Страсці эпохі» паводле рамана «Завеі. Снежань» І.Мележа (1989), «Суцяшальнік удоў» Д.Марота і Б.Рандоне (1998), «Каханая, павінен я памерці» паводле Э.Растана (2000) і інш. Ажыццяўляе пастаноўкі таксама ў т-рах Расіі — «Характары» паводле Шукшына (Т-р камедыі, Ленінград, 1977), «Парог» Дударава (Якуцкі драм.т-р, 1987), «Надзежда Путніна, яе час, яе спадарожнікі» І.Малеева (Т-р на Малой Броннай, Масква, 1988), «Суцяшальнік удоў» Марота і Рандоне (Рус.драм. башкірскі т-р, Уфа, 1999); Украіны — «Паўлінка» Я.Купалы (Кіеўскі драм.т-р імя І.Франко, 1982); Польшчы — «З нагоды мокрага снегу» (1991), «Рэвізор» (абодва Т-р імя А.Венгеркі, Беласток, 1993); Славеніі — «Зацюканы апостал» Макаёнка (Славенскі нац.т-р, Марыбар, 1984); Эстоніі — «Рэвізор» (Рускі т-р, Талін, 1986); Паўн. Ірландыі — «Парог» Дударава (т-р «Luryc», Белфаст, 1989) і інш. На Бел. тэлебачанні паставіў спектакль «Па шчасце, па сонца» паводле твораў Я.Купалы (1971), фільм-спектакль «Апошні шанц» паводле Быкава (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВІЧ (Язэп Нарцызавіч) (13.10.1888, б. засценак Пунькі, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 15.8.1954),
бел. мастак, скульптар, этнограф, фалькларыст, археолаг, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў нац.гіст. жывапісу. Скончыў Віленскую школу рысавання (1908). Выкладаў маляванне ў бел. школах. Заснавальнік маст. студыі пры Віленскай бел. гімназіі (1927). Прадстаўнік рамант. кірунку ў бел. мастацтве. У пейзажах (графічная серыя «Старажытная будоўля на Беларусі», 1910 — пач. 20-х г.), «Вёска Стадолішча», 1919), тэматычных кампазіцыях «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя» (1923), «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Песня Баяна» (1940-я г.), партрэтах Ф.Багушэвіча, Я.Пачопкі, полацкіх і смаленскіх князёў асн. ўвагу аддае адлюстраванню праз паэтызаваныя, сімвалічныя вобразы стараж.бел. гісторыі. Шэраг работ прысвечаны Ф.Скарыне («Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або У свет па навуку», «Са свету з навукай», «Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе» (1927—1-я пал. 40-х г.). У 2-й пал. 1920-х г. стварыў графічныя серыі, прысвечаныя стараж. замкавай архітэктуры Беларусі і Літвы («Мір», «Крэва», «Ліда» і інш.). Этнаграфічнае і гіст.-краязнаўчае значэнне маюць замалёўкі сял. тыпажоў, узораў нар. дойлідства, прылад працы і прадметаў побыту, адзення. Асобную групу складаюць творы з сімволіка-алегарычнымі вобразамі («Мужык з панам цягаецца», 1935, «Пагоня», 1927, «Дух цемры», 1932, і інш.). Касмічная тэма прадстаўлена серыямі «Жыццё на Марсе» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (абедзве 1932), творамі «Пейзаж» (1930-я, г.), «Трывень» (1932—33), «Космас» (1940), «Артаполіс» (1934—35) і інш., у якіх спалучаецца гуманіст. зямны пачатак з наіўным бачаннем ірэальнага. Прымаў удзел у афармленні час. «Саха» (1912—15), «Рунь» (1920) і інш., кніг «Беларускі каляндар на 1910 год», «Курганная кветка» К.Буйло (1914), «Школьны спеўнік» А.Грыневіча (1920), «Лемантар» (1919), уласнай кнігі «Вар’ят без вар’яцтва, або Вялікая шышка» (1923, псеўд. Я.Нарцызаў), брашуры «Нябесныя бегі» (1931). Маляваў насценныя дываны. У аснову іх кампазіцыі паклаў раслінныя, зааморфныя, арх.-сюжэтныя матывы. Стварыў партрэты-барэльефы А.Грыневіча, Я.Пачопкі, М.Машары, маці (пач. 1930-х г.), бюст Ф.Скарыны, «Плач Гарыславы» (1920-я г.). Працаваў у галіне плаката. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў нар. лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Праводзіў археал. даследаванні, вёў археал. дзённікі «Дзісенская дагістарычная старына». У Мінску помнік Д., яго імем названы Германовіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.).
Тв.:
Дзённік // Маладосць. 1991. № 5—12.
Літ.:
Ліс А.С. Вечны вандроўнік. Мн., 1984;
Язэп Драздовіч: [Фотаальбом] // Аўтар тэксту Т.В.Габрусь. Мн., 1993;
Язэп Дроздович: «Меня еще поищут...» // Нёман. 1997. № 1.
М.Л.Цыбульскі.
Я.Н.Драздовіч.Я.Драздовіч. Пейзаж. 1930-я г.Я.Драздовіч. Космас. 1940.Я.Драздовіч. Вёска Стадолішча. 1919. Пяро, туш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
перабі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; зак.
1.каго. Забіць усіх, многіх; знішчыць. Перабіць ваўкоў. □ [Чалавек:] — А мы, вось.. толькі што ўцяклі з Пярэжырскага лагеру... Варту перабілі і ўцяклі...Лынькоў.
2.што. Разбіць усё, многае. — Асцярожней, Саша, асцярожней! — камандавала .. [Люся] шафёру. — У гэтай скрынцы посуд! Хоць бы не перабіць нам яго.Шашкоў.
3.што. Ударыўшы, зламаць, пераламаць. Учора, калі адыходзілі ад чыгункі, асколкі міны перабілі .. [Пецю] абедзве нагі.Шашкоў./убезас.ужыв.Аскабалкам жалеза .. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі.Лынькоў.
4.што. Разм. Раздзяліць памяшканне сцяной, перагародкаю на часткі, пакоі. [Тарэнта:] — Я з разлікам раблю: можа, калі разбагацею, дык тады пераб’ю .. [хату] на дзве палавіны.Галавач.
5.што. Парушыць натуральны ход, развіццё якіх‑н. падзей, з’яў і пад. Перабіць сон. □ [Лабановіч] .., стараючыся не думаць зусім аб смерці, закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі.Колас.Належныя словы не прыходзілі, і грэх было перабіць тое маўчанне, з якім пакідалі плошчу трое.Янкоўскі.
8.што. Заглушыць, перасіліць што‑н. Дым перабіў пах смалы. □ Калі гарачае сонца высушыць абшары, густыя травы зноў набудуць сваю тонкую пахучасць. Так і трымаецца яна аж да тае пары, пакуль пабялелая збажына не пераб’е яе своеасаблівым водарам спелага жыта.Асіпенка.Міканор адрэваў скібу хлеба, сам дастаў гуркоў і тым перабіў голад.Мележ.Потым, калі зразумеў, што немагчымае адбылося, [Каваль] пераключыў хуткасць і зарагатаў, закрычаў, намагаючыся крыкам перабіць боль у нагах.Савіцкі.
9.што. Узбіць нанава, зрабіць больш мяккім, пульхным. Я, заскочыў на воз, разгарнуў там салому, перабіў, ператрос, ды і лёг.Дубоўка.
10.што. Прыбіць іначай або ў іншым месцы. Перабіць кручок. Перабіць вешалку ў другі кут.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЕ́РДЗІ ((Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска) (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.Гюго («Эрнані», 1844), У.Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст.муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв.муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян.нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».
Тв.:
26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);
«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;
вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);
струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;
песні, рамансы і інш.
Літ. тв.: Рус.пер. — Избр. письма. М., 1959.
Літ.:
Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;
Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;
Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;
Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІ-БІРУ́ЛЯ (Вітольд Каятанавіч) (29 2.1872, б. сядзіба Крынкі, Бялыніцкі р-н Магілёўскай вобл. — 18.6.1957),
бел. і рускі жывапісец-пейзажыст; прадаўжальнік лепшых традыцый рус. пейзажнага жывапісу канца 19 — пач. 20 ст.Нар. мастак Беларусі (1944) і Расіі (1947). Ганаровы акад.АНБССР (1947), правадз.чл.АНСССР (1947). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1889—96) у С.Каровіна, М.Неўрава, І.Пранішнікава, В.Паленава. Зазнаў уплыў І.Левітана. Чл.Т-ва перасоўных выставак (з 1904), т-ва імя А.Куінджы (з 1909). Адзін з арганізатараў і чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Пісаў пераважна лірычныя пейзажы. Тонкая кампазіцыйная пабудова, складаная нюансіроўка каляровых суадносін шаравата-серабрыстых і ліловых тонаў — аснова іх эмацыянальнай выразнасці. Найб. вядомыя раннія палотны: «З ваколіц Пяцігорска» (1892), «Вясна ідзе» (1899), «Вечныя снягі» (1901), «Веснавы дзень» (1902), «У канцы зімы» (1907), «Восень» (1908), «Красавіцкі дзень» (1908), «У час цішыні» (1909, залаты медаль у Мюнхене), «Зімовы сон», «Вясна ідзе» (абедзве 1911), «Ізумруд вясны» (1915), «Ціхая восень» (1916—17), «Перад вясной» (1919, бронзавы медаль у Барселоне) і інш.Найб. вядомыя лірычныя пейзажы 1920—30-х г.: «Лясная рэчка зімой», «Веснавыя воды», «Аголеныя бярозкі», «Лёд пайшоў», «Задуменныя дні восені», «Пачатак восені», «Бэз цвіце»; 1940—50-х г.: «Лотаць зацвіла», «Прыцемкі юнага мая», «Май зазелянеў», «Дні майскіх навальніц», «Блакітнай вясной», «Вясна ідзе» і інш. Б.-Б. непераўзыдзены майстар веснавога пейзажа (больш як 200 карцін). Значнае месца ў яго творчасці займаюць пейзажы мясцін, дзе бывалі Л.М.Талстой («Ясная Паляна. Від на сяло і сядзібу», 1928), А.С.Пушкін («Міхайлаўскае. Домік няні», «Святагорскі манастыр», «Трыгорскае», усе 1935—36; «Асеннія дні. Алея Керн», 1952). У гады Айч. вайны стварыў палотны патрыят. гучання: «Чырвоная Армія ў лясах Карэліі», «Па слядах фашысцкіх варвараў», пейзажы сядзібы П.І.Чайкоўскага ў Кліне (усе 1942), серыю арх. пейзажаў для выстаўкі «Шэдэўры рускага драўлянага дойлідства» (1944). У 1947 жыў пад Мінскам, напісаў цыкл карцін, у якіх паказаў своеасаблівасць прыроды бел зямлі: «Зноў расцвіла вясна», «Беларусь. Пачатак лета», «Зялёны май», «Зазелянелі беларускія бярозкі». Аўтар успамінаў, артыкулаў па методыцы выкладання. У г.п. Бялынічы адкрыты Бялыніцкі мастацкі музей яго імя, у Магілёве — маст. музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі (аддзел Нац.маст. музея Беларусі). У 1996 у Магілёве адбыўся першы міжнар. пленэр па жывапісе імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі.
Тв.:
Из записок художника // Из творческого опыта. М., 1958. Вып. 4.
Літ.:
Жидков Г. В.К.Бялыницкий-Бируля: [Альбом]. М., 1953;
Тарасов Л. В.К.Бялыницкий-Бируля: Народный художник РСФСР и БССР. М.; Л., 1949;
Туроўнікаў М. В.К.Бялыніцкі-Біруля. Мн., 1959;
Карамазаў В. Крыж на зямлі і поўня ў небе: Эскізы, эцюды і споведзь Духу, альбо Аповесць-эсэ жыцця жывапісца і паляўнічага Бялыніцкага-Бірулі. Мн., 1991.
А.К.Рэсіна.
В.К.Бялыніцкі-Біруля. Работа мастака А.Бархаткова. 1945.В.К.Бялыніцкі-Біруля. Зялёны май. 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАМАТУРГІ́Я МУЗЫ́ЧНАЯ,
сістэма выразных сродкаў і прыёмаў увасаблення ў музыцы драм. дзеяння на аснове агульных заканамернасцей драмы. У найб. дзейснай форме Д.м. выяўляецца ў муз.-сцэнічных жанрах (опера, балет), больш апасродкавана — у сферы інстр. музыкі. У жанрах муз. тэатра законы драмы набываюць своеасаблівую трактоўку ў сувязі з сінт. характарам гэтых жанраў і вызначальнай роляй музыкі. Гістарычна склаліся 2 асн. тыпы Д.м. — нумарны і скразны. У нумарным тыпе драматург. функцыі завершаных нумароў звязаны з пэўным прыпыненнем дзеяння (у оперы — перш-наперш арыя, у балеце — адажыо, варыяцыі), або непасрэдным яго развіццём (у оперы — рэчытатыў, у балеце — па д’аксьён). Аднак і ў межах гэтага тыпу ўсё большае значэнне набывалі нумары, якія маглі выконваць абедзведраматург. функцыі (у оперы — ансамблі і хары, у балеце — па-дэ-дэ, па-дэ-труа). У выніку збліжэння завершаных і свабодных эпізодаў сфарміраваўся скразны тып драматургіі, калі дзеянне ахоплена безупынным муз. развіццём. Скразны тып драматургіі складваўся пад уплывам сімф. музыкі (адзін з асн. сродкаў сімфанізацыі муз.-драм. жанраў — лейтматыў). Найб. пашырана Д.м., дзе спалучана скразное муз. развіццё з часовымі прыпынкамі дзеяння. У оперным мастацтве 20 ст. вылучаюць і мантажны тып Д.м. (структурная адзінка — эпізод), якому ўласцівы расчлянёнасць, хуткая змена сцэн, раптоўныя павароты сцэн. дзеяння, налажэнні кантрастных планаў. Першыя бел. оперы «Тарас на Парнасе» М.Аладава і «Кветка шчасця» А.Туранкова заснаваны на прынцыпах нумарной драматургіі. У операх «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага і «У пушчах Палесся» А.Багатырова спалучаюцца прынцыпы нумарной і скразной драматургіі, якая пазней стала асновай развіцця нац. оперы і балета. Рысы мантажнага тыпу драматургіі ўласцівы муз.сцэн. творам сярэдзіны 1960-х г. (тэлеопера «Ранак» Г.Вагнера, «Джардана Бруна» С.Картэса). Існуюць мяшаныя формы Д.м., якія аб’ядноўваюць элементы оперы і ўласна драмы (аперэта, муз. камедыя, мюзікл) да сферы Д.м. іх адносяць, калі ў музыцы вырашаны найважн. вузлавыя моманты драм. дзеяння (аперэты «Несцерка» Р.Суруса, «Мільянерка» Я.Глебава, мюзіклы «Джулія» і «Залёты» У.Кандрусевіча і інш.).
Паняцце Д.м. выкарыстоўваюць і ў дачыненні да твораў інстр. музыкі, не звязаных са сцэн. дзеяннем або пэўнай літ. праграмай. У інстр. музыцы паводле якасных адзнак вылучаюць Д.м. бескантрастную, кантрастную і канфліктную, паводле колькасных — 1-, 2-, 3- і шматэлементную. У працэсе гіст. развіцця муз. мастацтва ў некат. тыпавых формах склаліся пэўныя драматург. стэрэатыпы (прынцыпы санатнасці, цыклічнасці і інш.). Спецыфічныя заканамернасці, якім падпарадкоўваецца развіццё муз. вобразаў у інстр. музыцы, толькі часткова супадаюць з законамі сцэн. драмы.
Літ.:
Друскин М.С. Вопросы музыкальной драматургии оперы. Л., 1952;
Ярустовский Б. Драматургия русской оперной классики. М., 1953;
Яго ж. Очерки по драматургии оперы XX в. Кн. 1—2. М., 1971—78;
Конен В.Д. Театр и симфония. 2 изд. М., 1975;
Кулешова Г.Г. Вопросы драматургии оперы. Мн., 1979;
Чернова Т.Ю. Драматургия в инструментальной музыке. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЮ́ ((Camus) Альбер) (7.11.1913, г. Мандові, Алжыр — 4.1.1960),
французскі пісьменнік, філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму. Скончыў Алжырскі ун-т (1937). З 1939 у Францыі. Займаўся журналістыкай, тэатр. дзейнасцю. Загінуў у аўтамаб. катастрофе. Творчасць умоўна падзяляюць на 3 перыяды: «абсурду» (зб-кіфілас.-лірычных эсэ «Ніцво і твар», 1937; «Шлюбны баль», 1938; філас. эсэ «Міф пра Сізіфа». 1942; раманы «Шчаслівая смерць», нап. 1938, выд. 1971; «Чужаніца», 1942; п’есы «Калігула», «Непаразуменне», абедзве 1944), «бунту» (раман «Чума», 1947; п’есы «Аблога», 1948; «Праведныя», 1950; філас.-гіст. трактат «Чалавек, які бунтуе», 1951), «выгнання» (раман «Падзенне», 1956; зб-кі эсэ і апавяданняў «Лета», 1954, «Выгнанне і царства», 1957). Аўтар кніг «Злабадзённыя нататкі» (т. 1—3, 1950—58), «Шведскія прамовы» (1958), інсцэніровак твораў Ф.Дастаеўскага, У.Фолкнера і інш. У творах пераважаюць тэмы абсурднасці існавання, адзіноты, закінутасці чалавека і адначасова яго адказнасці за свае паводзіны, непазбежнасці маральнага выбару. Філас. глыбіня спалучаецца ў іх з моўным лаканізмам, амаль поўнай адсутнасцю метафар, рэмінісцэнцый. Зыходны пункт філас. разважанняў К. — трагічнае перажыванне смерці Бога, абвешчанай у свой час Ф.Дастаеўскім і Ф.Ніцшэ. Для К. яна азначала страту метафізічнага сэнсу жыцця чалавека.
На яго думку, вопыт чалавечага існавання, якое непазбежна заканчваецца смерцю, прыводзіць мыслячую асобу да ўсведамлення абсурднасці зямнога быцця; аднак гэта не павінна абяззбройваць чалавека, і ён выбірае бунт супраць усіх багоў, які надае каштоўнасць індывідуальнаму жыццю. Чалавек мусіць жыць і дзейнічаць так, каб адчуць сябе шчаслівым у гэтым абсурдным свеце. Трагічны вопыт вайны і Супраціўлення прывёў К. да эстэтыкі бунту, якая адраджала колішняе, антычнае значэнне л-ры і мастацтва, усёй духоўнай культуры, значэнне адзінства прыгажосці, дабра і справядлівасці ў жыцці як асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. Менавіта яны надаюць сэнс і веліч чалавечаму жыццю, творчасці і самой смерці; усведамленне абсурду прыводзіць да бунту, а бунт — да свабоды, у якой чалавек знаходзіць сэнс жыцця. К. лічыў, што жыццё чалавека — гэта пастаянная і няспынная творчасць, магчымая толькі ва ўмовах свабоды; без свабоды няма творчасці і ўсяго таго, што складае асноўныя вымярэнні чалавечых каштоўнасцей.
На бел. мову прозу К. перакладаў З.Колас. У Бел. т-ры імя Я.Коласа пастаўлена п’еса К. «Непаразуменне». Нобелеўская прэмія 1957.
Калігула // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Избранное. Мн., 1989;
Сочинения. М., 1989;
Избр. произв.М., 1993;
Бунтующий человек. М., 1990;
Творчество и свобода: Статьи, эссе, зап. книжки. М., 1990.
Літ.:
Великовский С.И. Грани «несчастного сознания»: Театр, проза, филос. эстетика, эстетика А.Камю. М., 1973: Яго ж. В поисках утраченного смысла. М., 1979;
Кушкин Е.П. Альбер Камю: Ранние годы. Л., 1982;
Акудовіч В. Камень Сізіфа;
Білацэрківец Н. Ганебная «чалавечнасць» гісторыі;
Лявонава Е. Дастаеўскі і Камю // Крыніца. 1994. № 11(5);