ШАРАНГО́ВІЧ Канстанцін Пятровіч (н. 4.1.1956, в. Качаны Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак. Брат В.П.Шаранговіча. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). З 1985 выкладае ў Бел. АМ (з 2000 заг. кафедры). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнік салона-галерэі «ГАЛ-творчасць» (з 1989). Працуе ў кніжнай і станковай графіцы, жывапісе. Аформіў «Казкі беларускіх пісьменнікаў» (1983), «Азербайджанскія народныя казкі» (1992), кнігі «Слон купіў веласіпед» І.Бурсава (1984), «Казкі. Нарысы. Літаратурныя партрэты» К.Паустоўскага, «Дзецям» В.Віткі (кн. 1—2), «Вайна з саламандрамі; Апавяданні» К.Чапека, «Мсціжы» І.Пташнікава (усе 1986), «Балады вайны і міру» А.Лойкі (1988), «У гадзіну Стральца» К.Тарасава (1989), «Люблю, спадзяюся, жыву» Г.Пашкова, «Аватара» В.Суханава (абедзве 1990), «Злая зорка» І.Шамякіна (1993), «ТВТ» Я.Маўра (1997). Аўтар графічнай серыі паводле рамана «Подых навальніцы» І.Мележа. (1980), жывапісных кампазіцый «Гара Чантурыя» (1989), «Рыжы лес» (1990), «Блакітная мячэць» (1992), «Вячэрні матыў» (1995), «Нёман» (2001), «Старая яблыня» (2002) і інш. Творы вылучаюцца вобразнасцю сюжэта, эмацыянальнасцю, лаканічнасцю выразных сродкаў.
Л.Ф.Салавей.
т. 17, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)