ЯРШО́Ў Пётр Паўлавіч (6.3.1815, в. Бязрукава Ішымскага р-на Цюменскай вобл., Расія — 30.8.1869),
рускі пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1834). З 1836 настаўнік, у 1844—62 дырэктар гімназіі, дырэкцыі вучылішчаў Табольскай губ. Яшчэ студэнтам напісаў вершаваную казку «Канёк-Гарбунок» (1834, поўн. выд. 1856), высока ацэненую А.Пушкіным. Яна вызначаецца жывой нар. мовай, спалучэннем фалькл. сказу і прыёмаў літ. аповеду. Аўтар паэмы «Сузге», драм. сцэны «Фама-каваль» (абедзве 1835), п’ес «Сувораў і станцыйны наглядчык» (1836), «Каваль Базім...» (1858), апавяданняў (цыкл «Восеньскія вечары», 1857), вадэвіляў, лірычных вершаў, пед. работ. Паводле казкі «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні напісаў балет (паст. 1864; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1936, 1949), казку ставіў Бел. дзярж. т-р лялек (1946, 1953, 1960, 1963, 1974). На бел. мову ўрыўкі з казкі пераклаў В.Адважны.
Тв.:
Конек-Горбунок. Стихотворения. Л., 1976;
Сузге. Стихотворения, драматические произведения, проза, письма. Иркутск. 1984.
Літ.:
Утков В.Г. Дороги «Конька-Горбунка». М., 1970;
Яго ж. Гражданин Тобольска: О жизни и творчестве Ершова. 2 изд. Свердловск, 1979.
Л.В.Календа.
т. 18, кн. 1, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)