РАССЕ́ЯННЕ СВЯТЛА́,

змена характарыстык святла (напрамку распаўсюджвання, інтэнсіўнасці, частотнага спектра, палярызацыі) пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам, што ўспрымаецца як няўласнае свячэнне рэчыва. Паслядоўнае апісанне Р.с. магчыма ў рамках квантавай тэорыі ўзаемадзеяння выпрамянення з рэчывам, аднак у многіх выпадках выкарыстоўваюць хвалевую тэорыю выпрамянення, паводле якой падаючая хваля ўзбуджае ў асяроддзі вымушаныя ваганні эл. зарадаў, якія становяцца крыніцамі другасных эл.магн. хваль.

Р.с. пругкае, калі яно адбываецца без пераўтварэння частаты (гл. Рэлея закон), і няпругкае, калі частата мяняецца; кагерэнтнае, калі фаза рассеянай хвалі адназначна вызначаецца фазай падаючай хвалі, у інш. выпадках — некагерэнтнае. У залежнасці ад саставу і стану рассейвальнага асяроддзя Р.с. адбываецца на розных кампанентах. Р.с. свабодным электронам з’яўляецца пругкім, інтэнсіўнасць рассеяння ўперад і назад удвая большая, чым у перпендыкулярным напрамку, і не залежыць ад даўжыні хвалі святла. Р.с. асобным атамам вельмі залежыць ад частаты падаючага святла ω : пры ω, параўнальным з частатой уласных ваганняў электронаў атама ω0, інтэнсіўнасць рассеяння прапарцыянальная ω​4 (закон Рэлея); пры рэзанансе (ω = ω0) Р.с. ўзрастае. Пры рассеянні малекуламі акрамя пругкага (аналагічнага атамнаму) можа ўзнікаць і няпругкае рассеянне са зрухам па частаце, інтэнсіўнасць якога на некалькі парадкаў меншая за рэлееўскае (гл. Камбінацыйнае рассеянне святла). Р.с. буйнымі ўтварэннямі абумоўлена флуктуацыямі аптычнай шчыльнасці асяроддзя па прасторы, якія могуць узнікаць з-за наяўнасці ў асяроддзі іншародных цел (кроплі вады, пылінкі ў паветры, суспензіі, украпіны ў крышталях і інш.) ці з прычыны цеплавых флуктуацый шчыльнасці аднароднага рэчыва (малекулярнае Р.с.). Рух абласцей неаднароднасці асяроддзя прыводзіць да ўзнікнення ў Р.с. зрушаных па частаце ліній, напр. пры гіпергуку. Пры вял. колькасці цэнтраў рассеяння акрамя элементарнага акта рассеяння ўзнікае шматразовае рассеянне паміж імі. Са з’яўленнем высокамонахраматычных магутных крыніц святла — лазераў, якія ствараюць у асяроддзі вял. шчыльнасці эл.-магн. выпрамянення, стала магчымым назіраць новыя віды Р.с. Розныя тыпы вымушанага Р.с. даюць магчымасць атрымліваць пасля ўзаемадзеяння з асяроддзем шмат дадатковых высокаінтэнсіўных ліній, што выкарыстоўваецца ў лазернай тэхніцы. Р.с. шырока выкарыстоўваецца пры даследаваннях розных фіз., хім., біял. працэсаў і з’яў. Спектры Р.с. даюць магчымасць вызначаць малекулярныя і атамныя характарыстыкі рэчыва. На Р.с. заснаваны многія метады вызначэння памераў, формы часціц, іх канцэнтрацыі і скорасці руху ў асяроддзі.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р.с. праводзяцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це прыкладной оптыкі Нац. АН Беларусі, БПА.

Літ.:

Хюлст Г. Рассеяние света малыми частицами: Пер. с англ. М., 1961;

Фабелинский И.Л. Молекулярное рассеяние света. М., 1965;

Иванов АП. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;

Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.Л. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985.

А.​П.​Іваноў.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

варыя́цыя

(лац. variatio = змяненне)

1) відазмяненне другарадных элементаў чаго-н. пры захаванні асноўнага;

2) варыянт распрацоўкі або паўтарэння асноўнай музычнай тэмы;

3) мат. змяненне функцыі пры яе лінеарызацыі, для звычайных функцый супадае з дыферэнцыялам, адно з асноўных паняццяў варыяцыйнага злічэння.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІЯЗДЫ́МКА,

натурнае карціраванне біятычных асаблівасцяў участка зямной паверхні або рэгіёна. Праводзіцца пры кадастравых доследах, распрацоўцы праектаў выкарыстання прыродных рэсурсаў, рацыяналізацыі іх эксплуатацыі, планаванні прыродаахоўных мерапрыемстваў.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРЭ́Б’Е,

грубая кудзеля, атрыманая пры першаснай апрацоўцы (трапанні) лёну, пянькі, а таксама палатно з такой кудзелі і адзенне з такога палатна (напр., зрэбная кашуля, мешкавіна).

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБЕЛІ́Н,

алкалоід, што маюць у сабе расліны роду лабелія сям. званочкавых; вытворнае піперыдзіну, стымулятар дыхання. Гідрахларыд Л. выкарыстоўваецца ў медыцыне пры аслабленні і спыненні дыхання.

т. 9, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУТАКРА́ТЫЯ (ад грэч. plutos багацце + kratos улада, моц),

1) улада багатых.

2) Паліт. лад, пры якім прадстаўнікі найб. багатых слаёў карыстаюцца ўсёй паўнатой дзярж. улады.

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУА́НТЫ (ад франц. pointe вастрыё, кончык),

балетныя туфлі з цвёрдым наском. Танец на П. — танец на кончыках пальцаў пры выцягнутым пад’ёме нагі. Упершыню скарыстала М.Тальёні.

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кавернатамі́я

(ад лац. caverna = поласць, пячора + -тамія)

хірургічная аперацыя рассякання кавернознай поласці пры захворванні на туберкулёз лёгкіх.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

каларго́л

[ад гр. kolla = клей + лац. arg(entum) = серабро + -ол]

лекавы прэпарат, які выкарыстоўваецца пры гнойных захворваннях.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

канасаме́нт

(фр. connaissement)

дакумент аб прыняцці грузаў, які выдаецца адпраўшчыку пры перавозцы грузу марскім шляхам (параўн. рэцэпіса).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)