ПРАГРА́МА РАЗВІЦЦЯ́ ААН (ПРААН). Засн. ў 1965 для аказання дапамогі найменш развітым краінам свету ў справеэканам. развіцця. Кіруецца выканаўчым саветам з 36 чал. (7 ад Азіі, 4 ад Усх. Еўропы, 5 ад Лац. Амерыкі, 12 ад Зах. Еўропы і ЗША). Мае 4 рэгіянальныя бюро, якія знаходзяцца пры Сакратарыяце ААН. Супрацоўнічае з больш чым 150 краінамі у такіх сферах, як эканам. планіраванне, транспарт, сувязь, гандаль, ахова здароўя, адукацыя, занятасць. Супрацоўніцтва ажыццяўляецца на безграшовай аснове, у форме накіравання ў пэўную краіну спецыялістаў, падрыхтоўкі і адукацыі мясц. кадраў, распрацоўкі планаў эканам. і тэхн. развіцця і г.д. З 1990 штогод ПРААН выдае Даклад пра чалавечае развіццё, які змяшчае звесткі пра т.зв. індэкс чалавечага развіцця. З 1990-х г. праводзіць. канферэнцыі па чалавечым вымярэнні, на якіх абмяркоўваюцца асн. пытанні павелічэння дабрабыту людзей і захавання правоў чалавека. Беларусь супрацоўнічае з ПРААН у выкананні нац. праграмы па структурнай перабудове эканомікі і рацыянальным прыродакарыстанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСТА́НТ [ад лац. sextans (sextantis) шостая частка; у марской справе часцей секстан],
вугламерны адбівальны інструмент, асн. частка якога — дуга памерам у 1/6 частку акружнасці (60°), падзеленая на градусы і долі градуса (лімб). Вымярае вуглы да 120°. Выкарыстоўваецца ў мараходнай і авіяц. астраноміі для вымярэння вышынь нябесных свяціл і берагавых прадметаў над гарызонтам, а таксама вуглоў паміж бачнымі з карабля прадметамі.
Выявы аб’ектаў, напр., нябеснага свяціла і марскога гарызонту, паміж якімі вымяраецца вуглавая адлегласць, сумяшчаюцца ў трубе С. Гэта дае магчымасць не замацоўваць С. на нерухомай аснове, рабіць вымярэнні, трымаючы яго ў руках. Для астр. вызначэння месца карабля ці самалёта С. вымяраюць вышыні некалькіх нябесных свяціл, а потым будуюць вышынныя лініі становішча з улікам папраўкі на паніжэнне гарызонту з прычыны шарападобнасці Зямлі.
Схема секстанта: 1, 3 — святлафільтры; 2, 4 — люстэркі; 5 — падзорная труба; 6 — шкала; φ — вугал паміж напрамкамі на нябеснае свяціла і гарызонт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЕ́ДЧЫ,
службовая асоба пракуратуры, органаў папярэдняга следства мін-ваўнутр. спраў, дзярж. бяспекі і фін. расследаванняў, якая ажыццяўляе папярэдняе следства. С. абавязаны прымаць усе меры да ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей крымін. справы, ажыццяўляць крымін. праследаванне асобы, у адносінах якой сабраны дастатковыя доказы аб учыненні ёю злачынства, шляхам прыцягнення яе ў якасці абвінавачанага, прад’яўлення абвінавачання, ужыванні ў адносінах да яе меры стрымання, перадачы яе справы пракурору для накіравання ў суд. С. таксама абавязаны прыняць меры па забеспячэнні бяспекі ўдзельнікаў крымін. працэсу і інш. асоб у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Ён правамоцны ўзбуджаць крымін. справу ці адмаўляць у яе ўзбуджэнні, спыняць ці прыпыняць папярэдняе следства па крымін.справе, ажыццяўляць усе следчыя і інш. працэсуальныя дзеянні, прадугледжаныя законам. Пастановы С., вынесеныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі закону, па крымін. справах, што знаходзяцца ў яго вядзенні, абавязковыя для выканання ўсімі юрыд. і службовымі асобамі і грамадзянамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУМ,
неўпарадкаваныя ваганні рознай фіз. прыроды, якія адрозніваюцца складанасцю часавай і спектральнай структуры. Асн. віды Ш. — акустычныя і электрычныя (гл.Флуктуацыі электрычныя). Характарыстыкі Ш. вымяраюць шумамерамі, частотнымі аналізатарамі, карэлометрамі і інш.
Ш. акустычны — розныя непажаданыя перашкоды ўспрыманню мовы, музыкі і інш. Выклікаецца любымі ваганнямі ў цвёрдых, вадкіх і газападобных асяроддзях, асн. крыніцы — розныя рухавікі і механізмы, прыродныя з’явы. Працяглы ці празмерны па інтэнсіўнасці Ш. адмоўна ўплывае на арганізм чалавека (гл.Шумавое забруджванне); вядомы таксама заспакойвальны ўплыў яго на чалавека (напр., Ш. лесу ці марскога прыбою). Ш. адыгрывае істотную ролю ў многіх галінах навукі і тэхнікі: оптыцы, радыётэхніцы, радыёлакацыі, радыёастраноміі, выліч. і вымяральнай тэхніцы, медыцыне і інш. (напр., змяншае дакладнасць вымярэнняў аналагавымі і лічбавымі вымяральнымі прыладамі, абмяжоўвае адчувальнасць прыёмнай апаратуры). Часам выкарыстоўваецца як крыніца інфармацыі, напр., у ваеннай справе, радыёастраноміі. Шумападобныя сігналы выкарыстоўваюць у радыё- і акустычнай тэхніцы для розных вымярэнняў (гл.Белы шум).