народны муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны корпус (даўж. 600—700 мм) трохвугольнай формы (у 18—19 ст. і авальны), доўгі грыф з крыху адагнутай назад галоўкай, 3 струны. На грыфе 16—24 метал. лады. Настройка — пераважна мажорнае трохгучча (т.зв. гітарная), радзей — 2 струны ва унісон, 1 на кварту ніжэй вышэй (балалаечная). Гук даволі слабы, але звонкі. Балалайка вядома ў многіх слав. народаў з пач. 18 ст., у 1880-я г. ўдасканалена пад кіраўніцтвам В.Андрэева майстрамі Ф.Пасербскім і С.Налімавым; створана сям’я мадэрнізаваных балалаек — прыма, секунда, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца як сольны канцэртны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Пашырана і на ўсёй тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗГО́ЛЬДЭР (ад газ + англ. holder трымальнік),
стацыянарны метал. рэзервуар для захоўвання газаў. Бываюць нізкага (4—5 кПа) і высокага (0,07—3 МПа) ціску, пераменнага і пастаяннага аб’ёму, цыліндрычныя (гарыз. і верт.) і сферычныя.
Газгольдэры нізкага ціску падзяляюцца на мокрыя і сухія (поршневыя). Мокры газгольдэр — верт. купалападобны рэзервуар, ніз якога апушчаны ў водны басейн. Пры падачы газу ў рэзервуар ён падымаецца, пры выдачы апускаецца. Сухі газгольдэр — нерухомы верт. корпус з поршнем, які падымаецца пры падачы газу і апускаецца пры адборы. Ёмістасць газгольдэраў да 100 тыс.м³ і болей. Выкарыстоўваюцца ў газавай, хім., коксавай, металургічнай і нафтавай прам-сці, у гар. газавай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАПРЭ́НАВЫЯ КАЎЧУКІ́,
сінтэтычныя каўчукі, прадукты полімерызацыі ізапрэну. Найб. важныя стэрэарэгулярныя І.к., макрамалекулы якіх маюць 93—98% звёнаў ізапрэну ў 1,4-цыс канфігурацыі. Па мікраструктуры І.к. — аналагі каўчуку натуральнага.
Пры пакаёвай т-ры аморфныя рэчывы, шчыльн. 910—920 кг/м³. Крышталізуюцца пры ахаладжэнні ніжэй за 0 °C ці пры расцяжэнні. Раствараюцца ў вуглевадародах і іх галагенавытворных, серавугляродзе. Атрымліваюць полімерызацыяй ізапрэну ў растворы на каталізатарах Цыглера—Наты (комплексныя злучэнні тытану і алюміній-арган. злучэнняў) ці алюмініевых каталізатарах (напр.. метал. літый, літыйалкілы). Не патрабуюць пластыфікацыі, вулканізуюцца серай. Па асн. уласцівасцях вулканізаты падобны на гуму з натуральнага каўчуку. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шын, канвеерных стужак, рукавоў, гумавага абутку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮ́РЫЙ (лац. Curium),
Cm, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 96, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядома 15 ізатопаў з масавымі лікамі 237—251; найб. устойлівы — 247Cm (перыяд паўраспаду 1,58 107 гадоў) — α-выпраменьвальнік, знойдзены ў зямной кары ў некат. радыеактыўных мінералах. Адкрыты ў 1944 Г.Т.Сібаргам з супрацоўнікамі, названы ў гонар П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры.
Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 1358 °C, шчыльн. 13 510 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей падобны да лантаноідаў. Выкарыстоўваюць ізатопы 242Cm і 244Cm у ізатопных крыніцах току, для атрымання чыстага плутонію-238. Высокатаксічны, ГДК у паветры рабочых памяшканняў для 242Cm і 244Cm — 2,210−4 і 1,710 7Бк/л адпаведна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕ́РНІКА І ГРЭ́ШЭМА ЗАКО́Н,
эканамічны закон аб неабходнасці строгага вызначэння колькасці грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні. У адносінах да метал. грошай гэты закон сфармуляваў М.Капернік у 1526. Ён лічыў, што лішак грошай звыш устаноўленай колькасці непазбежна вядзе да змянення рыначнай ацэнкі манет, да таго, што «за манету нельга набыць такую колькасць серабра, якую яна ў сабе заключае». Англ.дзярж. дзеяч і фінансіст 16 ст. Т.Грэшэм таксама прыйшоў да высновы, што «горшыя грошы выцясняюць з абарачэння лепшыя». Дзеянне К. і Г. з. характэрна ў асн. для біметалізму, а таксама пры інфляцыі, калі залатыя і сярэбраныя манеты свядома выводзяцца са сферы абарачэння і ў ёй звычайна застаюцца папяровыя грошы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТУ́Ш (франц. cartouche ад італьян. cartoccio літар. скрутак, мяшочак),
скульптурнае ці графічнае ўпрыгожанне ў выглядзе дэкаратыўна акаймаванага шчыта або паўразгорнутага скрутка, на якім адлюстраваны герб, эмблема, надпіс. Адзін з найб. пашыраных дэкар. матываў у еўрап. мастацтве 15—19 ст. На Беларусі вядомы з 16 ст. У ліку першых К. гравюры з відамі Гродна Г.Адэльгаўзера, Нясвіжа і Клецка — Т.Макоўскага і інш.
Найчасцей выкарыстоўвалі ў арх. дэкоры (змяшчалі над параднымі ўваходамі ў палацы, дзе часта падтрымліваліся або фланкіраваліся скульпт. выявамі пуцці, анёлаў, звяроў, птушак, над уязнымі брамамі і інш.), надмагіллях, мэблі, ювелірных вырабах, дакументах, геагр. картах і інш. Выраблялі з розных матэрыялаў (камень, дрэва, метал, стук) і ў розных тэхніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУЖА́ЛА (Bombyliidae),
сямейства насякомых падатр. караткавусых прамашыўных атр. двухкрылых. Больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў сухіх тропіках і субтропіках. Асобныя віды трапляюцца на Пд Карэльскага перашыйка і каля г. Якуцк, у гарах на выш. да 4500 м. Мухі жывуць пераважна на кветках, на адкрытых сонечных прасторах. На Беларусі каля 30 відаў, найб. трапляюцца Ж. вялікі (Bombylius major), разнаколерны (B. discolor) і жаласніца чорная (Anthrax morio).
Даўж. 0,8—30 мм. Цела з шырокім кароткім брушкам, укрытае густымі валаскамі або лусачкамі, стракатае з метал. бляскам. У многіх доўгі хабаток. Крылы празрыстыя, стракатыя. Развіццё большасці Ж. з гіперметамарфозам; лічынкі рухомыя, паразіты розных насякомых. Дарослыя добра лётаюць, харчуюцца нектарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎМЕТА́ЛЫ,
крышталічныя рэчывы, якія паводле электрафіз. уласцівасцей займаюць прамежкавае становішча паміж металамі і паўправаднікамі.
Характарызуюцца кавалентнай крышт. рашоткай. Асн.фіз. ўласцівасці П.: значна меншая, у параўнанні з металамі, эл. праводнасць; больш слабы, чым у паўправаднікоў, рост эл. праводнасці пры павышэнні т-ры; наяўнасць эл. праводнасці каля абс. нуля т-ры (паўправаднікі ў гэтых умовах — ізалятары). Да П. адносяць вісмут, сурму, мыш’як, графіт і некаторыя інш. простыя рэчывы. Паўметал. ўласцівасці маюць і некаторыя складаныя рэчывы, што ўключаюць П. (напр., вісмутыды). Выкарыстоўваюць П. ў навук. практыцы для рэгістрацыі пераходаў дыэлектрык—метал у моцным магн. полі (датчыкі напружанасці магн. поля), у металургіі ў якасці прысадак, злучэнні мыш’яку і сурмы з металамі — як паўправадніковыя матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ДАЎБНІ,
процітанкавыя, процітрансп., процідэсантныя загароды з бярвён (дыяметрам не менш за 25 см), метал., жалезабетонных бэлек або камянёў, укапаных у грунт вертыкальна або з нахілам 60—75° у бок праціўніка; выступаюць над паверхняй зямлі на 0,5—1,2 м. Устанаўліваюць Н. ў 3—5 радоў у шахматным парадку; аплеценыя калючым дротам, адначасова служаць і проціпяхотнай загародай. Н. выкарыстоўваліся са стараж. часоў. У 1-ю і 2-ю сусв. войны ўстанаўліваліся ва ўмацаваных раёнах, пры абароне буйных гарадоў і інш. Н. часам ставілі партызаны Беларусі, але больш шырока выкарыстоўвалі засекі. У сучасных умовах Н. ўстанаўліваюць супраць дэсантаў у прыбярэжных раёнах мора, на берагах рэк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАНКААХО́ВА,
комплекс мерапрыемстваў і тэхн. сродкаў для засцярогі будынкаў, збудаванняў, электратэхн. установак ад пашкоджанняў пры прамых ударах маланкі.
Кампактныя аб’екты ахоўваюць стрыжнёвымі маланкаадводамі (разлічваюцца на ток да 200 кА, супраціўленне зазямлення да 10—20 Ом), працяглыя аб’екты — тросавымі маланкаадводамі. Стальныя тросы падвешваюць над аб’ектам (напр., над паветранай лініяй электраперадачы) і зазямляюць. Ахоўная зона тросавага маланкаадвода мае форму трохграннай прызмы, рабром якой служыць трос. Для аховы эл. абсталявання (трансфарматараў, эл. машын і інш.), злучанага з правадамі паветр.ЛЭП, ад навальнічных перанапружанняў выкарыстоўваюць разраднікі. М. жылых будынкаў з метал. дахам робіцца зазямленнем даху.