МЕТАЛАПАЛІМЕ́РЫ,
пластмасы з метал. напаўняльнікамі. У якасці напаўняльнікаў выкарыстоўваюць практычна ўсе металы і іх сплавы ў выглядзе парашкоў ці валокнаў. М. атрымліваюць на аснове тэрмапластаў, фенола-фармальдэгідных смол, поліэфірных і эпаксідных смол, крэмнійарганічных палімераў, каўчукоў.
Уласцівасці М. вызначаюцца прыродай палімера і напаўняльніка, ступенню напаўнення і характарам размеркавання напаўняльніка. Напр., жалеза і яго сплавы надаюць палімерам ферамагн. ўласцівасці; алюміній, медзь, серабро — цепла- і электраправоднасць; свінец, вальфрам, вісмут, кадмій — здольнасць экраніраваць іанізавальныя выпрамяненні. Выкарыстоўваюць М. для вырабу ўкладышаў падшыпнікаў (замяняюць металы, маюць высокую цеплаправоднасць і нізкі тэмпературны каэф. расшырэння), у вытв-сці магн. стужак, прылад для адвядзення статычнай электрычнасці, экранаў для аховы ад эл.магн. палёў і інш. Гл. таксама Пластычныя масы.
Літ.:
Металлополимерные материалы и изделия. М., 1979;
Помогайло А.Д., Савостьянов В.С. Металлосодержащие мономеры и полимеры на их основе. М., 1988.
т. 10, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)