кірунак у еўрап. авангардным мастацтве і архітэктуры 1920—30-х г., заснаваны на сцвярджэнні адзінства эстэт. вартасці і сац. функцыянальнасці твора, атаясамліванні яго вобразнай сістэмы, структуры і будовы (канструкцыі). Асн. канцэпцыі К.: стварэнне «мастацтва для ўсяго народа», уключэнне ў яго фактараў часу і прасторы для дасягнення «сінтэзу пластычных мастацтваў»; «канструяванне» навакольнага асяроддзя, якое актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы; асэнсаванне формаўтваральных магчымасцей новай тэхнікі, яе лагічных, мэтазгодных канструкцый, эстэт. якасцей металу, дрэва, шкла, прастаты і падкрэсленай утылітарнасці новых прадметных форм.
Узнік у 1920 у сав. авангардным мастацтве («Рэалістычны маніфест» Н.Габа і А.Пеўзнера). Існавалі 2 плыні К.: прыхільнікі «чыстага мастацтва» (Габа, Пеўзнер, К.Малевіч, В.Кандзінскі), што адхілялі падпарадкаванне утылітарнасці, даследавалі чыстыя форму і колер, сцвярджалі «Рытмічную дынаміку» як аснову мастацтва, і прыхільнікі «вытворчага мастацтва», ці «прадуктывісты» (У.Татлін, А.Родчанка, Эль Лісіцкі), якія адхілялі чыстае мастацтва як маскіроўку чалавечай бездапаможнасці, лічылі, што мастацтва павінна фарміраваць новы сучасны лад жыцця, аддавалі прыярытэт адзінству мастацтва і тэхнікі. У пошуку сувязі паміж мастацтвам і прам-сцю вял. ролю адыгралі мастачкі Л.Папова і В.Сцяпанава. у канструктывісцкай графіцы — Лісіцкі. У тэатр. і кінамастацтве К. праявіўся пераважна ў маст. афармленні: да пастановак А.Таірава, У.Меерхольда, С.Эйзенштэйна замест традыц. дэкарацый ствараліся падпарадкаваныя мэтам сцэн. дзеяння «станкі» для работы акцёраў, апранутых у рабочую вопратку (работы Паловай, А.Весніна і інш.). У музыцы ўзнік у пач. 20 ст. ў Францыі, пераважна ў творчасці кампазітараў «Шасцёркі». Асн. прынцып К. як «мастацтва паўсядзённасці» выкладзены яе літ. натхняльнікам Ж.Както ў яго зб. «Певень і арлекін» (1918). У Расіі адна з найб. яркіх фігур, звязаных з эстэтыкай К., — А.Масалоў. Яго сімф. эпізод «Завод. Музыка машын» з балета «Сталь» (1928, незак.) — сімвал канструктывісцкіх памкненняў у музыцы і ўзор засяроджання муз. тэхнікі новага тыпу, народжанай ідэямі К. Ярка выяўленыя рысы К. маюць таксама хор «Дваццаць чацвёрты год» Масалова, опера «Лёд і сталь» У.Дзешавова, балет «Стальны скок» С.Пракоф’ева, 2-я сімф. «Кастрычніку» Дз.Шастаковіча, «Жалобная ода» А.Крэйна, «Пасіфік 231» для сімф.арк. А.Анегера і інш. У сав. л-ры як самастойная, пераважна паэтычная плынь К. быў абвешчаны К.Зялінскім, І.Сельвінскім і А.Чычэрыным у 1923 (маніфест у зб-ках «Мена ўсіх», 1924, «Дзяржплан літаратуры», 1925, «Бізнес», 1929). Асн.эстэт. прынцыпы літ. К.: у прозе — арыентацыя на «канструкцыю матэрыялаў» замест інтуітыўна знойдзенага стылю, мантаж ці кінематаграфічнасць; у паэзіі — засваенне прыёмаў прозы, асобных пластоў лексікі (прафес. мова, жаргоны і інш.) адмаўленне ад «слоты лірычных эмоцый», імкненне да фабульнасці, эпічных жанраў. У 1924—30 існаваў Літ. цэнтр канструктывістаў (Сельвінскі, Зялінскі, Б.Агапаў, А.Квяткоўскі і інш.). Выдаваліся канструктывісцкія час. «ЛЕФ», «Вещь», «Современная архитектура».
На практыцы К. найб. пашырыўся ў архітэктуры, што абумоўлена патрэбай стварэння новых тыпаў будынкаў, зменамі ў тэхніцы буд-ва; быў блізкі да функцыяналізму. Гал. прынцыпы: макс. мэтазгоднасць планіровачных і канстр. вырашэнняў, дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню, эканамічнасць буд-ва. Маст. выразнасць выяўлялася праз лаканізм форм. Будынкам характэрны геаметрычнасць аб’ёмаў, кантраст глухіх паверхняў сцен з вял. плошчамі зашклення, плоскія дахі, гарыз. вокны, адкрытыя апоры ў ніжніх паверхах, закругленыя вуглы і інш. У сярэдзіне 1920-х г. К. быў асн. творчым кірункам; распрацаваны т.зв.функцыян. метад праектавання, новыя прыёмы планіроўкі населеных месцаў, тыпы грамадскіх будынкаў (рабочыя клубы, дамы саветаў, фабрыкі-кухні і інш.). Сярод архітэктараў-канструктывістаў: браты Весніны, М.Гінзбург, І.Голасаў (гл.Голасавы), К.Мельнікаў і інш.
У краінах Зах. Еўропы К. праявіўся ў дзейнасці групы «Дэ Стыль» (Галандыя), «Баўгауза», творчасці Г.Рыхтэра (Германія), Т. ван Дусбурга, Л.Мохай-Надзя (Венгрыя) і інш На Беларусі рысы К. выявіліся ў пач. 1920-х г. у Віцебску ў праграме аб’яднання Сцвярджальнікі новага мастацтва, у архітэктуры Мінска — будынкі клуба харчавікоў (арх. А.Бураў) і Дзяржбанка (арх. Г.Гальц, М.Паруснікаў, абодва 1929, не захаваліся), комплексу БДУ (1928—31, арх. І.Запарожац, Г.Лаўроў, часткова перабудаваны), Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.Весніна), гідраметэаралагічнай абсерваторыі (1934, арх. І.Валадзько), а таксама Дома культуры ў Бабруйску (1927—30, арх. А.Оль), дома-камуны ў Гомелі (1931, інж. С.Шабунеўскі), клуба металістаў у Віцебску (1932, арх. А.Васільеў) і інш.
Літ.:
Гинзбург М.Я. Стиль и эпоха: Пробл. современной архитектуры. М., 1924;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Хазанова В.Э. Советская архитектура первых лет Октября, 1917—1925 гг.М., 1970;
Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 2. 2 изд. Мн., 1987;
Да арт.Канструктывізм. Праект будынка аддзялення газеты «Ленинградская правда» ў Маскве. Арх. Весніны. 1924 (злева). Будынак гідраметэаралагічнай абсерваторыі ў Мінску. Арх. І.Валадзько. 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПААЗЕ́Р’Е, Падзвінне,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую ч. Віцебскай вобл. На ПдУ па дняпроўска-дзвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на Пд і ПдЗ па ўмоўнай лініі на Пн ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем. Як гіст.-этнагр. рэгіён адпавядае асн. масіву стараж. Полацкай зямлі (полацкія крывічы). У складзе Кіеўскай Русі Полацкая зямля была найб. самастойнай з уласцівымі ёй векавымі традыцыямі грамадска-паліт. ладу і арыгінальнай культурай. У 11 ст. тут было каля 10 буйных удзельна-валасных і эканам. цэнтраў (Полацк, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і інш.; гл.Полацкае княства). Для П. разам з часткай Падняпроўя на працягу сярэднявечча і да 2-й пал. 19 ст. захавалася этнагр. назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэр. Беларусі. З утварэннем Рэчы Паспалітай (1569) пашырылася каталіцтва, павялічыліся землеўладанні езуітаў. Ратуючыся ад рэліг. ганенняў і сац. ўціску, сюды перасялілася ч.рус. старавераў. У выніку Лівонскай вайны 1558—83, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўночнай вайны 1700—21 мясц. эканоміка і культура панеслі вял. страты, адбыліся істотныя змены ў геагр. размяшчэнні і этнасац. структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (1772 і 1793) П. далучана да Расіі і ўваходзіла ў склад Полацкай, з 1796 — Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ.; зах.ч. ўваходзіла ў Віленскую губ. Пасля 1917 і ўтварэння БССРусх. П. ў складзе БССР; зах. (левабярэжная) ч. П. ўз’яднана з БССР у 1939.
Традыц.-быт. культура складвалася на працягу стагоддзяў, адлюстроўваючы як агульнабел. рысы, так і спецыфіку мясц.гіст. і прыродных умоў. Нар.вытв. практыка выпрацавала свой гадавы каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі ўраджаю і інш. з улікам мясц. прыродных умоў. Палі апрацоўвалі з дапамогай мясц. варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабнення камякоў. Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для П. 2-рэбравых нахільных мялках. Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асн. і найчасцей адзінай рабочай жывёлай у сял. гаспадарцы быў конь. З канца 19 ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтр маслабойнай вытв-сці ў Віленскай губ. — Дзісенскі пав.). З развіццём капіталіст. адносін пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалт. парты. Мноства сялян ішло на буд. і земляныя работы: мясц. каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесляроў можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі. Найб. густа населеным здаўна было левабярэжжа Зах. Дзвіны. На П. пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3—5 сядзіб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр, у баку ад вял. дарог. Наяўнасць блізка ад вёсак і хутароў выгану і свабодных зямель, суседства з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невял. вёскі, хутары і асобныя двары звязвалі вузкія прасёлкі і сцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабай набітасцю грунту і невыразнымі абрысамі. Узімку ўзнікалі часовыя дарогі, т.зв. зімнікі. Найб. пашыраны тып сядзібнай забудовы — вянковы. Побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гасп. памяшканні цесна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыццёва-быт. комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэгіёне). На адлегласці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню. Гумно ў мясц. вызначэнні — комплекс гасп. пабудоў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняй для саломы і сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасці нярэдка ставілі невял. млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сял. гаспадаркі. Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвён хвоі ці елкі, звязаных паміж сабой у просты вугал «з астаткам» («у чашку»), Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-й пал. 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.
Для традыц. адзення жыхароў уласцівы прамы, свабодны крой. Найб. пашыраныя колеры адзення белы і светла-шэры. З верхняга адзення апрача агульнабел. світ і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў любое надвор’е. Паясное жаночае адзенне вызначалася значнай тыпалагічнай разнастайнасцю: льняныя спадніцы, разнаколерныя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл.Лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожвання пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жан. адзенні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі і мярэжкай. У вышыўцы дамінаваў чырв. колер, у набіванцы — сіні ці блакітны. Кераміка вызначалася масіўнасцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і грунтоўнасцю апрацоўкі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясц. вусна-паэт. творчасць і традыц. абраднасць. Побач з агульнабел. каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі пашыраны тыя жанры, якія ў інш. рэгіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомы, — валачобныя, масленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песні. Для песеннага фальклору П. ўласціва сольнае (манадыйнае) выкананне: мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя. Мясц. гаворкі П. складаюць групу паўн.-ўсх. дыялекту (гл.Дыялект).
1.(1і2ас.неўжыв.). Утварыцца з асобных частак, элементаў. З асобных карцін паступова склалася галерэя.//Разм. Арганізавацца, стварыцца. У Мінскім Савеце .. з самага пачатку склалася трывалае бальшавіцкае ядро.«Беларусь».Пасля гэтага ўсе вырашылі, што кампанія склалася досыць незвычайная і цікавая, і з вясёлым гоманам і смехам накіраваліся ў рэстаран.Рамановіч.
2.(1і2ас.неўжыв.). Узнікнуць у працэсе творчасці (пра верш, песню і пад.). Пра дзікія гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды.Чарнышэвіч.У такой вось неразбярысе пачуццяў, рытмаў і слоў і склаліся ў Ганькі тыя вершы.Васілевіч.// Узнікнуць, з’явіцца ў думцы, вырысавацца ў свядомасці, уяўленні. Расказваў я далёка не так складна, як гэта было ўжо склалася ў маёй галаве.Колас.Ва ўяўленні склаўся вобраз чалавека, зачараванага народнай песняй, чалавека, які аддаў ёй сваё гарачае сэрца.«Полымя».
3.(1і2ас.неўжыв.). Набыць якую‑н. закончаную форму, выпрацавацца, устанавіцца, сфарміравацца. У мяне ўжо склалася звычка па прыездзе на канікулы дадому здымаць вучнёўскую форму, апранацца па-вясковаму і працаваць разам з сям’ёй.Сяргейчык.З тых кароценькіх паездак у .. [бабулі] на ўсё жыццё склалася ўяўленне аб горадзе.Ракітны.// Набыць той ці іншы ход, кірунак (пра жыццё, абставіны і пад.). Эрна Гурбіна лічыла, што жыццё яе склалася няўдала.Навуменка.Прыйшоў бы на сход сам, ды абставіны склаліся так, што прыйсці не магу...Шахавец.Справа склалася так, што лепшыя сілы атрада і штаб былі коннымі.Брыль.// Пайсці на лад, атрымацца. Сям’я склалася дружная.// Устанавіцца, узнікнуць. Дружба склалася моцная.
4. Вызначыцца ва ўсёй сукупнасці асаблівасцей, якасцей; сфарміравацца. У гэты ж перыяд [14–15 стст.] у межах цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы склаўся рускі народ і яго мова.Юргелевіч.Карн выступае ў асноўным са сфарміраваным характарам, які склаўся за гады жыцця пры савецкай уладзе.Дзюбайла.У пачатку 30‑х гадоў выразна акрэсліліся погляды Чорнага на жыццё і мастацтва, склаўся яго светапогляд.Луфераў.// Дасягнуць майстэрства, дасканаласці ў якой‑н. галіне. [Сцяпан:] — Бартуль не склаўся яшчэ як паэт. Ён шукае свайго голасу, а можа і шляху.Машара.
5. Набыць якую‑н. форму, выгляд (пра губы, рукі, ногі, цела чалавека). Поўныя губы [агранома] склаліся ў лагодную ўсмешку.Бядуля.// Сагнуўшыся, наблізіцца асобнымі рухомымі часткамі і набыць кампактны выгляд. Сцізорык лёгка склаўся.
6.Разм. Даць грошы на якую‑н. агульную справу; зрабіць складчыну. Будучыя семінарысты склаліся разам і нанялі балагола, які завёз іх у Нясвіж.С. Александровіч.
7.Разм. Спакаваць свае рэчы (звычайна для ад’езду). Скласціся для ад’езду.
8.(1і2ас.неўжыв.). Атрымацца ў выніку пошукаў. Асобныя рысы склаліся ў пэўную карціну. □ К гэтаму часу ў мастака цалкам склаўся эскіз карціны пра Кастуся Каліноўскага.Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАРУ́СКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ ЯКУ́БА КО́ЛАСА, Беларускі дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Створаны ў 1926 у Віцебску як Другі бел.дзярж.т-р (БДТ-2) з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. 21.12.1944 прысвоена імя Я.Коласа, у 1977 — званне акадэмічнага. Адкрыўся 21.11.1926 спектаклем «У мінулы час» І.Бэна. Напачатку рэпертуар т-ра склалі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: нар. драма «Цар Максімілян», «Апраметная» В.Шашалевіча, «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча, «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Вакханкі» Еўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Е.Жулаўскага і інш. Спектаклі вызначаліся пастановачнай яркасцю, пластычнасцю, пошукам новых формаў і былі разлічаны на тэатральна дасведчанага гледача. Афіцыйная крытыка абвясціла іх фармалістычнымі і эстэцкімі, патрабавала большай даступнасці і прастаты. У канцы 1920-х г.асн.кірунак быў узяты на тагачасную сав. драматургію і рэв. тэматыку. У 1930-я г. значнае месца ў рэпертуары пачала займаць бел. драматургія. Пастаўлены «Вечар беларускіх вадэвіляў» (увайшлі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы), «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.Коласа, «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка, «Над Бярозай-ракой» П.Глебкі, «Ірынка» К.Чорнага. Найб. нацыянальна яскравым, самабытным спектаклем, які на многія гады стаў вызначальным для т-ра, з’явілася пастаноўка п’есы «Несцерка» В.Вольскага. З класічнай драматургіі пастаўлены «Мяшчане» М.Горкага, «Беспасажніца» і «Лес» А.Астроўскага, «Лекар мімаволі» Мальера, «Здані» Г.Ібсена. Сярод найб. значных пастановак тагачаснай драматургіі — «Гібель эскадры» А.Карнейчука. З 1928 пры т-ры перыядычна працавалі студыі (гл.Студыі Беларускага тэатра імя Якуба Коласа). У Айч. вайну тэатр працаваў ва Уральску (з 1941) і Арэхава-Зуеве (1943—44). Найлепшыя спектаклі гэтага перыяду — «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага, «Нашэсце» Л.Лявонава, «Проба агнём» К.Крапівы. У 1944 брыгада акцёраў т-ра выехала на фронт. З кастр. 1944 т-р аднавіў дзейнасць у Віцебску. Пастаўлены «Рэвізор» М.Гогаля, «Гамлет» Шэкспіра і інш. класічныя творы; з бел. драматургіі: «Цэнтральны ход» і «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» і «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы. У 1950-я г. аснову рэпертуару т-ра склалі творы Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона, Астроўскага, А.Сухаво-Кабыліна, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага. У нац. рэпертуар вернута з забыцця п’еса Я.Купалы «Раскіданае гняздо». Пастаўлены «Машэка» Вольскага, «Простая дзяўчына» і «На крутым павароце» Губарэвіча. Вострымі, надзённымі сталі пастаноўкі «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Людзі і д’яблы» К.Крапівы. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. прынцыпова важнымі спектаклямі былі «Навальніца будзе» паводле Я.Коласа, «Выгнанне блудніцы» І.Шамякіна, «Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле яго раманаў, «Лявоніха» П.Данілава, «Пад адным небам» А.Маўзона, «Справа яе жыцця» А.Гутковіча і Ф.Казоўскай, «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава. Удачамі т-ра з’явіліся пастаноўкі «Ветрык, вей!» Я.Райніса і «Бацькаўшчына» К.Чорнага. Поспехі т-ра ў 2-й пал. 1960-х — 80-я г. абумоўлены зваротам да бел. драматургіі: «Сымон-музыка» паводле паэмы Я.Коласа, «Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча, «Трыбунал» і «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча, «Амністыя» М.Матукоўскага, «Трывога» А.Петрашкевіча, «Парог», «Вечар» і «Радавыя» А.Дударава. Цікавыя сцэн. трактоўкі атрымалі «Улада цемры» Л.Талстога, «Мяшчане» М.Горкага, «Клоп» У.Маякоўскага, «Доктар філасофіі» Б.Нушыча, «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта. Пэўнымі дасягненнямі адзначаны спектаклі «Летась у Чулімску» і «Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава, «Брыльянт» Е.Пшаздзецкага, «Стары дом» А.Казанцава, «Клеманс» К.Саі. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. прыкметнымі з’явамі сталі спектаклі «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Генрых VI» Шэкспіра, «ЧП-1» і «ЧП-2» паводле «Рэвізора» Гогаля.
У фарміраванне творчага аблічча т-равял. ўклад зрабілі акцёры А.Ільінскі, П.Малчанаў, Ц.Сяргейчык, рэжысёры М.Міцкевіч, В.Дарвішаў, Н.Лойтар, А.Скібнеўскі, Г.Шчарбакоў, С.Казіміроўскі, В.Мазынскі, Б.Эрын, мастакі Я.Нікалаеў, А.Марыкс, А.Салаўёў. Значную ролю ў развіцці т-ра адыгралі акцёры: М.Бялінская, Я.Глебаўская, Г.Дубаў, М.Звездачотаў, А.Лагоўская, Б.Левін, Г.Маркіна, І.Матусевіч, Л.Мацісава, А.Мельдзюкова, А.Радзялоўская, С.Скальскі, А.Трус, М.Цішачкін, А.Шэлег, кампазітар і дырыжор Л.Маркевіч, дырэктары засл. дзеячы маст. У.Стэльмах і І.Дорскі, засл. дз. культ. Г.Асвяцінскі.
У складзе трупы (1996): нар.арт.СССР Ф.Шмакаў, нар.арт. Беларусі С.Акружная, З.Канапелька, Т.Кокштыс, У.Куляшоў, Я.Шыпіла; засл. арт. Беларусі Г.Каралькова, В.Петрачкова, Л.Пісарава, Б.Сяўко, Л.Трушко, Т.Шашкіна; арт. А.Лабанок, П.Ламан, Н.Левашова, Т.Ліхачова, Г.Шкуратаў і інш. Дырэктар і маст. кіраўнік т-ра В.Маслюк (з 1993), гал. мастак С.Макаранка (з 1996), заг.муз. часткі А.Крыштафовіч (з 1995), заг.літ. часткі У.Ганчароў (1968—84 і з 1993).
З 1964 т-р працуе ў будынку на пл. Тысячагоддзя Віцебска (арх. А.Максімаў, І.Рыскіна). Яго гал. фасад вырашаны ў выглядзе 8-калоннага порціка з франтонам. Па гал. восі размешчаны вестыбюль, фае, паўкруглая ў плане глядзельная зала на 639 месцаў з партэрам і 2 балконамі, развітая сцэн. група памяшканняў. З 1973 працуе камерная сцэна ў фае з залай на 100 месцаў.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2—3. Мн., 1985—87;
Няфёд У.І. Беларускі тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1976;
Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1986;
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт.Мн., 1985.
А.В.Сабалеўскі.
Да арт.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Гамлет» У.Шэкспіра.Да арт.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Хам» паводле Э.Ажэшкі.Да арт.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́РМАНТАЎ (Міхаіл Юр’евіч) (15.10. 1814, Масква — 27.7.1841),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1830—32), скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў у Пецярбургу (1834). За верш «Смерць Паэта» пра гібель А.Пушкіна (нап. 1837, апубл. за мяжой 1858, у Расіі цалкам — 1860) высланы ў Грузію. Другі раз сасланы на Каўказ у 1840. Удзельнік бітвы на р. Валерык у Чэчні. Забіты на дуэлі ў Пяцігорску М.Мартынавым. Першыя вершы напісаў у 1828. Друкаваўся з 1830. Лірыцы Л. ўласцівы рамант., мяцежны герой, які паўстае супраць законаў бяздушнага грамадства і імкнецца да недасяжнага ідэалу, пачуццё адзіноты і расчаравання, бязмежнасці кахання і пакуты, тэмы свабоды, радзімы і яе гіст. лёсу: вершы «Ветразь», «Барадзіно», «Дума», «Хмары», «Радзіма» і інш. Стварыў вяршынныя ўзоры рус.рамант. паэмы: «Уцякач» (1838, апубл. 1846), «Мцыры» (1839, апубл. 1840), «Дэман» (8 рэдакцый, 1829—39, апубл. ў Германіі 1856, у Расіі цалкам у 1860) і інш. Распрацоўваў рэаліст. паэму: «Сашка» (1836, апубл. 1882), «Песня пра цара Івана Васілевіча...» (1838) і інш.Асн. рысы Л.-празаіка — тонкі псіхалагізм, лаканізм, афарыстычнасць, умелае валоданне маст. дэталлю — выявіліся ў рамане «Герой нашага часу» (1839—40), дзе стварыў новую раманную форму і новага героя, поўнага сіл і расчараванага ў дзеянні. Аўтар гіст. рамана пра Пугачоўскае паўстанне «Вадзім» (1832—34, незакончаны, апубл. 1873), рамана на аўтабіягр. аснове «Княгіня Лігаўская» (1836, незакончаны, апубл. 1882), у якім дадзены першы накід характару Пячорына, драм у вершах «Іспанцы» (1830, апубл. 1880), «Маскарад» (3 рэдакцыі, 1835—36, апубл. 1842, паст. цалкам 1862), нарысаў і інш. Займаўся жывапісам, пісаў акварэлі, карціны алеем, малюнкі (пейзажы, жанравыя сцэны, партрэты і карыкатуры; лепшыя з іх звязаны з каўк. тэмай). Вершы Л. сталі асновай для опернай («Дэман» А.Рубінштэйна), сімфанічнай («Уцёс» С.Рахманінава, «Тры пальмы» А.Спендыярава) і рамансавай (А.Даргамыжскі, М.Балакіраў і інш.) творчасці, нар. песнямі («Выходжу адзін я на дарогу...»).
Творы Л. здаўна папулярныя на Беларусі, якая займала значнае месца ў творчасці паэта. Пад уздзеяннем твораў А.Міцкевіча (гал. чынам яго паэм «Гражына» і «Конрад Валенрод») у сюжэтах паэм Л. прысутнічаюць вобразы «дзевы-воіна» («Літвінка», 1832), баярына Оршы (аднайм. паэма, 1835—36), Арсенія («Літвінка», «Баярын Орша») і інш. Л. імкнуўся адлюстраваць сац.-бытавыя і гісторыка-паліт. падзеі мінулых эпох: Адна з першых крыніц на Беларусі, дзе з вял. прыхільнасцю ўпамінаецца імя Л., — ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1889 газ. «Минский листок» змясціла арт. «Міхаіл Юр’евіч Лермантаў», прысвечаны адкрыццю помніка Л. ў Пяцігорску. Хоць бел. паэзія 19 ст. тыпалагічна адрознівалася ад творчасці Л. сваімі параўнаўча нераспрацаванымі «чалавеказнаўчымі» магчымасцямі і ў мастацка-стылявым плане, у ёй выкарыстоўваліся лермантаўскія матывы і сімвалы. Верш Ф.Багушэвіча «Хмаркі» ідэйна і эстэтычна блізкі да аднайм. верша Л. Паэзія Цёткі звязана з яго традыцыямі грамадз. лірыкі. Наследаванне Л. праглядаецца ў вершах Я.Купалы «Мой дом», «Прыстаў я жыць...» і інш. Героі рамант. паэм Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва») блізкія рамант. героям Л. Матывы Л. пра ролю паэта ў жыцці народа творча распрацоўваў Я.Колас («Пясняр», «Паэту» і інш.). Рамант. паэма Я.Коласа «Сымон-музыка» сугучная паэме «Мцыры». Надзвычай блізкі да Л. быў М.Багдановіч; да 100-годдзя з дня нараджэння Л. ён змясціў у яраслаўскай газ. «Голос» (2.10.1914) арт. «Адзінокі», у якім раскрыў значэнне і своеасаблівасць Л. сярод рус. паэтаў. Паэма Багдановіча «Максім і Магдалена» стваралася не без уплыву «Песні пра... купца Калашнікава» і «Баярына Оршы». Напружанасць духоўнага эмацыянальнага жыцця характэрна асуджаным на адзіноту гал. героям паэмы «Дэман» і паэмы Багдановіча «Страцім-Лебедзь», у якой некаторыя даследчыкі адзначаюць пэўную палеміку. Пра захапленне паэзіяй Л. пісаў у аўтабіяграфіі З.Бядуля. Пад уплывам Л. напісаны першыя лірычныя вершы К.Крапівы. У арт. «Тры сустрэчы» А.Куляшоў пісаў, што пачаты ў даваен. час пераклад на бел. мову твораў Л. ў многім вызначыў кірунак яго паэт. дзейнасці. П.Панчанка ў арт. «Нязгасны агонь» падкрэсліваў, што Л. стаў асабліва блізкім і дарагім у гады Вял.Айч. вайны. На бел. мове першыя пераклады паэм «Мцыры» і «Дэман» апублікаваны ў 1920-я г. ў Вільні. У канцы 1930-х г. Я.Колас пераклаў 1-ю частку «Дэмана». У 1950 асобным выданнем выйшаў пераклад паэм «Дэман» (пер. Я.Колас, А.Зарыцкі, А.Бялевіч), «Баярын Орша» і «Каўказскі нявольнік» (пер. Зарыцкі і А.Вялюгін), «Ізмаіл-Бей» (пер. У.Шахавец), «Песня пра... купца Калашнікава» (пер. М.Клімковіч). У 1969 выдадзены зб-к перакладаў Куляшова (выбраныя вершы Л., паэмы «Мцыры», «Дэман»), за які разам з перакладамі твораў інш. пісьменнікаў яму прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970. Творы Л. перакладалі В.Зуёнак, П.Макаль, Я.Міклашэўскі (Я.Верабей) і інш. Л. прысвяцілі свае вершы і артыкулы П.Броўка, М.Танк, Я.Брыль, С.Грахоўскі і інш.
Упершыню на Беларусі да творчасці Л. звярнуўся тэатр А.К.Басевіча ў Пінску, які 13.4.1880 ажыццявіў пастаноўку драмы «Маскарад». П’еса ўваходзіла і ў рэпертуар Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. У 1953 гэтая драма пастаўлена Брэсцкім абл.драм. т-рам. Падзеяй у тэатр. жыцці Беларусі стаў спектакль Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі «Маскарад» (1966). Бел.т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўку оперы Рубінштэйна «Дэман» (1951). Трагедыю «Іспанцы» ставіў Гродзенскі абл.драм.т-р (1955).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1986;
Соч.Т. 1—2. М., 1988—90;
Избр. соч. М., 1994;
Зорка зорцы голас падае = И звезда с звездою говорит: Выбр. вершы. Мн., 1989.
Літ.:
М.Ю.Лермонтов в русской критике. М., 1985;
Лотман Ю.М. В школе поэтического творчества: Пушкин. Лермонтов. Гоголь. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (франц. impressionnisme ад impression уражанне),
кірунак у мастацтве апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. Склаўся ў франц. жывапісе канца 1860 — пач. 1870-х г. Назву атрымаў ад карціны К.Манэ «Уражанне. Узыход сонца» («Impression. Soleil Levant», 1872), якая экспанавалася на парыжскай выстаўцы групы маладых франц. жывапісцаў у 1874. У групу таксама ўваходзілі А.Рэнуар, К.Лісаро, А.Сіслей. Э.Дэга, П.Сезан, П.Банар, Б.Марызо і інш. мастакі, што аб’ядналіся для барацьбы за абнаўленне мастацтва і пераадолення афіц. салоннага акадэмізму. У 1874—86 праведзена 8 выставак, пасля чаго імпрэсіяністы страцілі былое адзінства і працягвалі свае творчыя пошукі паасобку (гл.Неаімпрэсіянізм, Постімпрэсіянізм, Пуантылізм). Адным з заснавальнікаў І. быў таксама Э.Манэ (не ўваходзіў у гэтую групу, але яшчэ ў 1860—70-х г. прадвызначыў яго накіраванасць).
Імпрэсіяністы імкнуліся знайсці форму выражэння, максімальна блізкую да першаснага ўражання, гал. ролю жывапісу бачылі не ў адлюстраванні рэчаіснасці, а ў яе пачуццёвым успрыняцці. Спробы перадаць зіхаценне святла, вібрацыю паветра, зафіксаваць імгненне як бы выпадковай сітуацыі ці руху прывялі да ўзнікнення своеасаблівай тэхнікі жывапісу. Праз накладанне фарбаў асобнымі мазкамі, невыразнасць абрысаў прадметаў, вылучэнне толькі некалькіх іх гал. рысаў імпрэсіяністы здолелі ажывіць карціну, перадаць адчуванне рухомасці, хісткасці і няўстойлівасці імгнення. Такі метад дазваляў лёгка ўводзіць адну фарбу ў зону іншай без страты яе моцы, за кошт чаго ўзбагачаўся каларыт. Асобныя мазкі, якія не супадаюць з абрысамі прадмета, аптычна змешваюцца зрокам гледача, што выклікае пачуццё незвычайна светлага, трапяткога жывапісу. Яны выпрацавалі паслядоўную сістэму пленэра, скарыстаўшы пошукі Дж.Констэбла, К.Каро, мастакоў барбізонскай школы, упершыню стварылі шматгранную карціну паўсядзённага жыцця сучаснага горада. Для І. характэрна змяшэнне быт. жанру з партрэтам, тэндэнцыя да знішчэння дакладных граней паміж жанрамі.
Зварот да І. і вывучэнне яго прынцыпаў у значнай ступені паўплывалі на развіццё шэрагу нац.еўрап.маст. школ і творчасці мастакоў (М.Ліберман, Л.Карынт у Германіі; К.Каровін, В.Сяроў, І.Грабар у Расіі; М.Касат у ЗША; Л.Вычулкоўскі ў Польшчы і інш.), хоць за межамі Францыі развіваліся толькі асобныя тэндэнцыі І. Тэрмін «І.» ужываецца таксама ў дачыненні да скульптуры 1880—1910-х г., якая мае некаторыя сходныя з жывапісам І. рысы: імкненне да перадачы імгненнасці руху, цякучасць і мяккасць форм, пластычная незавершанасць (творы А.Радэна і Дэга ў Францыі, П.Трубяцкога і Г.Галубкінай у Расіі, і інш.). У бел. мастацтве рысы І. ўласцівы творчасці Я.Драздовіча, У.Кудрэвіча, В.Бялыніцкага-Бірулі.
У літаратуры — метад, які грунтуецца на дынамічнай раўнавазе суб’ектыўнага і аб’ектыўнага пачаткаў, на фіксацыі няўлоўных і амаль непадуладных рацыянальнаму асэнсаванню ўражанняў аўтара або героя, станаў яго душы, на імгненнай асацыятыўнасці. Для І. характэрны эскізнасць, фрагментарнасць, эмацыянальны прынцып арганізацыі тэксту (адсюль — пошукі складаных асацыятыўных метафар, увага да гучання слова, асаблівая семантызацыя рытму і мелодыкі), замена разгорнутых лагічных канструкцый незавершанымі фразамі, якія накладваюцца як мазкі на палатне мастака-імпрэсіяніста. Яскравая прыкмета І. — «пейзаж душы», зліццё ў адзіны непадзельны вобраз унутр. стану чалавека і стану навакольнай прыроды.
Складваўся як адзін з кірункаў літ.дэкадэнцтва ў 1860—70-я г. ў Францыі (проза бр. Ж. і Э.Ганкураў) і дасягнуў апагею ў сталай творчасці П.Верлена, праграмны верш якога «Мастацтва паэзіі» быў маніфестам літ. І. Буйнейшай з’явай І. стала спадчына «школы венскіх імпрэсіяністаў» (А.Шніцлер, П.Альтэнберг, Г. фон Гофмансталь). Пакінуў бліскучы след у творчасці пісьменнікаў розных кірункаў, у т. л. Э.Заля (раман «Старонка кахання»), у ранняй навелістыцы Т.Мана, С.Цвэйга; у творчасці М.Пруста даў імпульс станаўленню плыні свядомасці. У рус. л-ры рысы І. ў паэзіі А.Фета, у прозе А.Чэхава, І.Буніна, у ранняй паэзіі А.Блока, А.Белага, М.Валошына, Б.Пастарнака і інш., у бел. л-ры — у паэзіі М.Багдановіча.
У музыцы І. склаўся ў 1890—1910-я г. Для яго характэрна імкненне да ўвасаблення мімалётных уражанняў, да адухоўленай пейзажнасці. Навакольны свет раскрываецца праз прызму тонкіх псіхал. рэфлексаў, ледзь прыкметных адчуванняў, народжаных сузіраннем, што збліжае яго з літ. сімвалізмам: творы П.Верлена, С.Малармэ, П.Луіса, М.Метэрлінка ўвасоблены ў музыцы К.Дэбюсі — заснавальніка муз. І., і яго паслядоўнікаў. У сферы фантастыкі і экзотыкі (цікавасць да Іспаніі, краін Усходу) імпрэсіяністы прадоўжылі традыцыі рамантызму, адмовіўшыся ад вострых драм. калізій, сац. тэм.
Кампазітары-імпрэсіяністы пакінулі вытанчаныя і ясныя па выразных сродках, эмац. стрыманыя і строгія па стылі творы (пераважна праграмныя сімф. і фп. мініяцюры, сюітныя цыклы). Узбагацілася гарманічнае і тэмбравае мысленне (М.Равель, П.Дзюка і інш.). Элементы І. развіліся таксама ў інш. кампазітарскіх школах (М. дэ Фалья ў Іспаніі, А.Рэспігі, часткова А.Казела і Дж.Ф.Маліп’ера ў Італіі, Ф.Дыліус і С.Скот у Вялікабрытаніі, К.Шыманоўскі ў Польшчы, І.Стравінскі, М.Чарапнін у Расіі і інш.).
У тэатры ў канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася ўвага рэжысёраў і выканаўцаў да перадачы атмасферы дзеяння, раскрыцця яе падтэксту. Эфект дасягаўся з дапамогай наўмысна беглых характарыстык у спалучэнні з асобнымі выразнымі дэталямі, што раскрывалі патаемныя перажыванні герояў, іх думкі, імпульсы ўчынкаў. Рэжысурай выкарыстоўваліся гукі, жывапісна-колеравыя плямы, раптоўныя змены рытмаў для стварэння эмацыянальнай насычанасці і ўнур. нарастання драматызму спектакля. Рысамі І. вызначалася творчасць рэжысёраў і акцёраў А.Антуана, Г.Рэжан (Францыя), М.Райнгарта, О.Брама (Германія), Э.Дузе (Італія), У.Меерхольда, В.Камісаржэўскай, П.Арленева (Расія), пастаноўкі МХАТа і інш.
Літ.:
Андреев Л.Г. Импрессионизм. М., 1980;
Денвир Б. Импрессионизм: Художники и картины: Пер. с англ.М., 1994;
Велтон Д. Пейзажи импрессионистов: [Перевод]. М., 1995;
Яроциньский С. Дебюсси, импрессионизм и символизм: Пер. с пол. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ (ад археа... + ...логія),
галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв.археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.
Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац. гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял.франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.Ю.Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.Я.Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.Шліман, А.Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.С.Уварава, Д.Я.Самаквасава, Л.К.Іваноўскага, У.І.Сізова, А.А.Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.
На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.Нарбут, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.П.Тышкевічы, А.Г.К.Кіркор, Е.Р.Раманаў, У.З.Завітневіч, В.А.Шукевіч, М.Ф.Кусцінскі, М.М.Турбін, Г.Х.Татур, Л.Ю.Лазарэвіч-Шапялевіч, З.Глогер, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыі Бел.АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.М.Ляўданскі, К.М.Палікарповіч, С.А.Дубінскі, А.Дз.Каваленя, І.А.Сербаў, С.С.Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, З.Шмід, З.Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.Дз.Будзько, У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі, У.П.Ксяндзоў, А.Г.Калечыц, Э.М.Зайкоўскі, В.Ф.Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, К.П.Шут, В.І.Шадыра, В.С.Вяргей, М.І.Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў, Э.М.Загарульскі, П.Ф.Лысенка, Я.Г.Звяруга, М.А.Ткачоў, З.С.Пазняк, Т.С.Бубенька, В.М.Ляўко, Л.У.Калядзінскі, В.Е.Собаль, Ю.А.Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.У.Дучыц, Я.Р.Рыер, У.У.Багамольнікаў, Т.М.Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.А.Трусаў, А.К.Краўцэвіч, В.У.Шаблюк, І.М.Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.В.Аляксееў, І.І.Арцёменка, Ф.Д.Гурэвіч, Н.М.Гурына, Ю.У.Кухарэнка, В.М.Мельнікоўская, П.А.Рапапорт, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, В.В.Сядоў, П.М.Траццякоў).
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.Да арт.Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЭ́ТЫКА (ад грэч. poiētikē паэтычнае мастацтва),
1) у шырокім сэнсе — тое, што і тэорыя літаратуры (гл. ў арт.Літаратуразнаўства).
2) Раздзел літаратуразнаўства, у якім вывучаецца структура, асаблівасці і змястоўнасць літ. формы.
3) Сістэма спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету ў іх змястоўнай, сэнсава-выяўл. сутнасці, абумоўленая ідэйнай задумай мастака. П. падзяляецца на агульную (тэарэт.), функцыян. (апісальную) і гістарычную. Вылучаюць таксама параўнальную, практычную і сацыялагічную П. Агульная П. аперыруе агульнымі заканамернасцямі і элементамі л-ры як сістэмы: даследуе ўсе магчымыя спосабы маст. ўвасаблення аўтарскай задумы і законы суадносін розных творчых метадаў арганізацыі тэксту з літ. жанрам, відам, родам. Падзяляецца на 3 галіны, што вывучаюць гукавую, славесную і вобразную будову тэксту. Функцыянальная П. аналізуе эстэт. кампаненты твораў пэўнага літ. кірунку, жанру ці перыяду творчасці пісьменніка (П. рамана, П. рамантызму, паэтыка М.Танка і інш.). Гістарычная П. вывучае рух і змену літ. форм у працэсе гіст. эвалюцыі, паходжанне і развіццё маст. сродкаў (эпітэт, метафара, метрыка верша і г.д.) у залежнасці ад сац.-гіст. і літ. умоў, карыстаецца параўнальна-гіст. метадам даследавання, імкнецца абагульніць вынікі сусв.літ. працэсу. Параўнальная П. займаецца тыпалагічным супастаўленнем спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету дзвюма і больш нац. л-рамі (напр., параўнальная метрыка ўсх.-слав. верша), засноўваецца на параўнальнай стылістыцы, карыстаецца данымі перакладу мастацкага. Сацыялагічная П. даследуе ўздзеянне сац. фактараў на змену літ. форм. Практычную П. складаюць розныя курсы і дапаможнікі па агульнай П., разлічаныя на шырокага чытача; задача яе — выхаванне паэт. культуры, азнаямленне з асновамі вершаскладання.
Першае сістэм. выкладанне П. даў Арыстоцель. Яго традыцыя развівалася як нарматыўная П., што ўстанаўлівала стылістычныя прынцыпы будовы маст. твораў (працы Гарацыя, Н.Буало, В.Традзьякоўскага, М.Ламаносава). Элементы нарматыўнасці П. распрацоўвалі пэўныя літ. кірункі і плыні (напр., П. сімвалістаў), асобныя паэты (П. А.Пушкіна). Да 18 ст. пераважала П. вершаваных (высокіх) жанраў. Значнымі ў яе развіцці сталі канцэпцыі Г.Лесінга (вызначыў паэзію як мастацтва, якое разгортваецца ў часе, у адрозненне ад выяўл. мастацтва), В.Гумбальта (разумеў мову як творчасць), рас.рэв. дэмакратаў (В.Бялінскага, М.Дабралюбава, М.Чарнышэўскага і інш.). У 19 ст. П. займалася «акадэмічная» навука (А.Весялоўскі, А.Патабня, С.Шавыроў). У 1920-я г. ў П. пашырыліся сацыялагічная і фармальная школы. Першая з іх тлумачыла ўсе факты л-ры гіст. і сац.-эканам. прычынамі; другой уласцівы іманентнасць літ.-знаўчага аналізу, спробы разглядаць мастацтва як прыём, асаблівым чынам арганізаваную мову, але асобныя прадстаўнікі фармальнай школы (Ю.Тынянаў, Б.Эйхенбаум, В.Шклоўскі і інш.) выявілі прынцыпы сюжэтаскладання, своеасаблівасць паэт. мовы як тыпу маўлення і інш. Ідэі фармальнай школы пазней ляглі ў аснову структурнай і лінгвістычнай П. Новым крокам у распрацоўцы праблем П. сталі працы В.Жырмунскага, В.Вінаградава, Дз.Ліхачова, М.Храпчанкі, М.Гаспарава і інш.
На Беларусі ў 16—18 ст. П. распрацоўвалі выкладчыкі брацкіх школ і езуіцкіх калегіумаў. Л.Зізаній у кн. «Грамматика словенска...» (Вільня, 1596) упершыню ва ўсх.-слав. л-ры сцісла падаў тэорыю пабудовы верша. М.Сматрыцкі ў кн. «Грамматики словенския правильная синтагма» (Еўе, 1619) імкнуўся перанесці законы ант. (метрычнага) вершаскладання на ўсх.-слав. паэзію. Найвыш. дасягненне тэарэтыка-літ. думкі Беларусі, Літвы і Польшчы 17—18 ст. — праца М.Сарбеўскага «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (на лац. мове) і курс паэтыкі, у аснову якога ляглі лекцыі аўтара, прачытаныя ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Яго нарматыўная П. паяднала тэарэт. палажэнні эпохі Адраджэння і барока, вызначыла кірунак далейшага развіцця навукі пра л-ру і самой маст. л-ры на Беларусі. У кн. Ф.Пракаповіча «Пра мастацтва паэзіі» (Магілёў, 1786) абгрунтоўваліся прынцыпы класіцызму. Выказвалі свае думкі пра сілаба-танічны верш Я.Чачот і пра нар. вершаскладанне І.Насовіч.
У пач. 20 ст. да пытанняў П. звярнуўся М.Багдановіч, меркаванні якога пра еднасць формы і зместу, суадносіны метра, рытму і рыфмы, нарыс пра санет маюць прынцыповае значэнне для тэорыі бел. вершаванага слова. Бел.функцыян. П. папоўнілася працамі А.Вазнясенскага («Паэтыка М.Багдановіча», 1926), Я.Барычэўскага («Тэорыя санета» і «Паэтыка літаратурных жанраў», 1927), даследаваннем У.Дубоўкі («Рыфма ў беларускай народнай творчасці», 1927). Пытанні П. закраналіся ў працах «Беларусы» Я.Карскага (вып. 1—7, 1903—22), «Гісторыя беларускай літаратуры» М.Гарэцкага (4-е выд., 1926), «Пуціны беларускай літаратуры» (1924) і «Беларуская драматургія» (1927) І.Замоціна, «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.Піятуховіча (1928), у даследаваннях па тэорыі рамана І.Акушкі, публікацыях А.Бабарэкі і інш. З 1960-х г. сістэматычна вывучаюцца метрыка і рытміка верша (М.Грынчык, А.Кабаковіч, В.Рагойша, І.Ралько, В.Славецкі, В.Ярац), яго кампазіц. асаблівасці і слоўна-паэт. вобразнасць (І.Шпакоўскі, А.Яскевіч), П. празаічных твораў (В.Жураўлёў), праблемы псіхааналізу ў л-ры (А.Матрунёнак), стылю (М.Арочка, В.Бечык, Л.Гусева), рытмічнай арг-цыі маст. тэксту (Яскевіч), маст. асаблівасцей фалькл. жанраў (Г.Барташэвіч, Н.Гілевіч, А.Ліс, Л.Салавей, А.Фядосік. І.Цішчанка, М.Янкоўскі). Выйшлі спец. даследаванні Гусевай, Кабаковіч, Рагойшы пра П. асобных пісьменнікаў, вучэбныя дапаможнікі па агульнай П. (І.Гутараў, М.Лазарук, А.Ленсу, А.Майсейчык, М.Палкін). Створаны літ.-знаўчыя слоўнікі (Лазарук, Ленсу, А.Макарэвіч, Рагойша).
Як літ.-знаўчая дысцыпліна П. стаіць на мяжы эстэтыкі, стылістыкі, літ.-знаўства, мовазнаўства, выкарыстоўвае асобныя палажэнні матэматыкі, кібернетыкі, тэорыі інфармацыі, семіётыкі.
Літ.:
Веселовский А.Н. Историческая поэтика. Л., 1940;
Виноградов В.В. Стилистика. Теория поэтической речи. Поэтика. М., 1963;
Потебня А.А. Эстетика и поэтика. М., 1976;
Поспелов Г.Н. Вопросы методологии и поэтики. М., 1983;
Рагойша В.П. Паэтыка М.Танка. Мн., 1968;
Яскевіч А. Ад слова — да вобраза. Мн., 1968;
Матрунёнак А. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972;
Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Жураўлёў В., Шпакоўскі І., Яскевіч А Пытанні паэтыкі. Мн., 1974;
Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;
Яго ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;
Гілевіч Н. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Максім Адамавіч) (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн.кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел.нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел.нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІГАЗНА́ЎСТВА,
навука пра кнігу як з’яву культуры і яе бытаванне ў грамадстве. У вызначэнні К. існуе некалькі падыходаў: як комплексная грамадская навука пра кнігу і кніжную справу, якая вывучае працэсы стварэння, распаўсюджвання і выкарыстання твораў пісьменства і друку; як комплекс адносна самаст. дысцыплін (тэорыі і арганізацыі кнігавыдання, кнігагандлю, бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства і інш.); як асобная вузкаспецыяльная навука пра гісторыю кнігі і тэорыю яе грамадскіх дачыненняў. Сінонімамі К. ў розныя часы былі тэрміны «бібліялогія», «бібліягнозія», «бібліясофія». У кнігазнаўчых даследаваннях гіст. кірунку вылучаюць гісторыю пісьма, рукапіснай кнігі (кадыкалогія), друкаванай кнігі, гісторыю мастацтва кнігі і бібліяфільства. Сярод дапаможных гісторыка-кніжных дысцыплін — палеаграфія, археаграфія, крыніцазнаўства, філіграналогія (гл.Вадзяныя знакі), бібліяпегія (вывучэнне пераплётаў) і інш.
Пачынальнікам К. лічаць аўстр. бібліёграфа М.Дэніса, які адзін з першых ужыў тэрмін «К.». Яго погляды развілі аўстр. і франц. спецыялісты кніжнай справы 18 ст. У Расіі першымі тэарэтыкамі К. былі В.С.Сопікаў, В.Р.Анастасевіч, М.М.Лісоўскі, А.М.Лавягін, М.А.Рубакін, М.М.Куфаеў. У 1894—96 у Маскве выдаваўся штомесячны час. «Книговедение». Уздым К. пачаўся ў канцы 1950-х г. Праблемамі К. займаецца ЮНЕСКА (з 1982 выдае серыю «Даследаванні пра кнігу і чытанне»).
На Беларусі зараджэнне К. цесна звязана з развіццём пісьменства. Гуманістычную ролю кнігі абгрунтоўвалі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч, Аўрамій Смаленскі. Мэтам дэмакратызацыі і ўзвышэння кнігі, яе эстэтычнай прыгажосці, зразумеласці і даступнасці служыў Ф.Скарына. У прадмовах, пасляслоўях, каментарыях да сваіх выданняў Скарына і яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі, браты Мамонічы, друкары брацкіх друкарняў высока ўзнялі кніжную справу Беларусі, сцвердзілі значнасць бел. кніжнасці ў агульным рэчышчы еўрап. Адраджэння. Кнігазнаўчая праца праводзілася ў Віленскай акадэміі, калегіумах, буйных манастырскіх і прыватных бібліятэках. Многія з прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Алелькавічаў, Зяновічаў, Храптовічаў і інш. выдатна разумелі значэнне кнігі ў адукацыі і культуры. Добрае веданне юрыд. л-ры свайго часу Л.Сапега выкарыстоўваў пры ўкладанні і рэдагаванні Статута ВКЛ 1588. Кнігазнаўчы кірунак мелі вопісы бібліятэк. Вопіс б-кі Слуцкага Троіцкага манастыра 1494 — першы з вядомых на Беларусі. У аналагічным вопісе б-кі Супрасльскага манастыра 1557 улічана і часткова апісана афармленне 211 кніг, у т. л. каваных золатам, серабром і інш. У 19 ст. развіццё К. на Беларусі звязана з Віленскім ун-там і дзейнасцю ў ім І.Лялевеля, які ў працах «Дзве бібліяграфічныя кнігі» (т. 1—2, 1823—26) і «Гісторыя бібліятэк» (1827) асвятляў тэарэт. пытанні К. як комплекснай навукі пра кнігу. У 1829 А.М.Багаткевіч чытаў у Віленскім ун-це фактычна першы ў Рас. імперыі курс К. У 19 ст. вялася работа па апісанні бел. старадрукаў, стварэнні каталогаў прыватных і грамадскіх бібліятэк, кнігарняў (П.А.Гільтэбрант, Ф.М.Дабранскі, А.І.Мілавідаў, С.Л.Пташыцкі, Р.А.Зямкевіч і інш.). Асобныя аспекты К. і гісторыі стараж.бел. кніжнасці разглядаліся ў працах П.У.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына. Яго пераклады, друкаваныя выданні, і мова» (1888) і Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У 1920-я г. на ніве бел. К. працавалі Ю.І.Бібіла, Дз.І.Даўгяла, М.В.Мялешка, У.І.Пічэта, М.М.Шчакаціхін, Б.І.Эпімах-Шыпіла. Многія працы выходзілі за межамі БССР, у т. л. «Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і беларускіх Вялікага княства Літоўскага» А.Шлюбскага (Коўна, 1925), «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» В.Ю.Ластоўскага (Коўна, 1926) — першая вял. анталогія па гісторыі бел. кніжна-літаратурнага і дакументальнага пісьменства 10 — пач. 19 ст. У БССР у 1926 выйшла калектыўнае даследаванне «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925». У 1926—29 у Мінску працавала Беларускае таварыства бібліяфілаў, якое выдала першую ў БССР працу аб кніжных знаках (кніга Шлюбскага «Exlibris’ы А.Тычыны», 1928). У цяперашні час пытанні К. распрацоўваюць б-кі: Нацыянальная Беларусі, Цэнтр.-навук.АН Беларусі, Прэзідэнцкая, БДУ, Нац. кніжная палата Беларусі, Бел.ун-т культуры, кафедры гуманітарнага профілю ВНУ. Шмат зрабілі ў галіне К. вучоныя С.Х.Александровіч, М.Б.Батвіннік, Г.Я.Галенчанка, А.П. і В.П.Грыцкевічы, Л.І.Збралевіч, А.К.Каўка, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, Ю.А.Лабынцаў, А.В.Мальдзіс, Я.Л.Неміроўскі, М.В.Нікалаеў, С.А.Падокшын, Т.І.Рошчына, І.В.Саверчанка, В.У.Скалабан, В.А.Чамярыцкі, В.Ф.Шматаў, Я.Я.Янушкевіч і інш. Артыкулы па К. друкуюцца ў штогодніку «Пытанні бібліяграфазнаўства і бібліятэказнаўства» (выдаецца з 1980). Значны абагульняльны і канкрэтна-гіст. матэрыял па К. сістэматызаваны ў фундаментальных выданнях, тэматычных зборніках і манаграфіях, прысвечаных 500-годдзю Скарыны: «Біблія Скарыны» (факс. выд., т. 1—3, 1990—91), «Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.» (1988), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. л-ры» Неміроўскага і Л.А.Осіпчыка (1990), «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» Галенчанкі (1993) і інш. Выдатны ўзор вынікаў працы бел. кнігазнаўцаў — выданне да 400-годдзя зацвярджэння Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 (1989). У наш час даследаванне важных праблем К. суправаджаецца выхадам адпаведных серый кнігазнаўчых выданняў. Вызначэнню зместу паняццяў «нацыянальны дакумент», «кніжная спадчына Беларусі» і інш.тэарэт. пытанням прысвечана серыя «Здабыткі: Дакументальныя помнікі Беларусі», рэстытуцыі кніжных каштоўнасцей — серыя «Вяртанне», міжнар. славяназнаўчай праграме «Гісторыя кніжнай культуры Падляшша» — аднайм. серыя, комплексным праблемам культуры і гісторыі — серыя «Беларусіка=Albaruthenica». Выходзяць серыі: «З гісторыяй на «Вы», «Скарыніч: Літ.-навук. гадавік», «Шляхам гадоў: Гіст.-літ.зб.». Пошукам кнігалюбаў і лёсу асобных рарытэтаў прысвечана выданне «Свіцязь: Альманах бібліяфілаў Беларусі» (1989). Пытанні гісторыі кніжнай справы на Беларусі асвятляюцца ў выданнях суседніх краін: «Друкары старажытнай Польшчы з XV да XVIII ст. Сш. 5. Вялікае княства Літоўскае» (1959), «400 гадоў рускага кнігадрукавання» (1964), «Украінская кніга» (1965), «Слоўнік дзеячаў польскай кнігі» (1972), «Кнігазнаўства: Энцыкл. слоўнік», «Гісторыя кнігі Літвы: Паказ. л-ры, 1659—1982» (абодва 1982). У бел. замежжы кнігазнаўчыя даследаванні вялі Бел.бібліягр. служба (Германія), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, даследчыкі М.Панькоў, М.Вакар, Л.Акіншэвіч, В.Тумаш (С.Брага), А.Надсон, В. і З.Кіпелі, Я.Запруднік, А.Ружанец-Ружанцоў і інш.Найб. значныя працы — «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства» (т. 1, Мюнхен; Лондан, 1974—75; т. 2, Кліўленд, 1978) А.Калубовіча, «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (Нью-Йорк, 1989) Тумаша.