сцішэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цішэйшым, перастаць чуцца (пра гукі, шумы). Галасы птушак у полі сцішэлі, зоры міргалі ўжо не так выразна. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Але ўсюды неяк вельмі сцішэла, як наўмысля. Кулакоўскі. // Стаць нячутным. Галасы немцаў сцішэлі. Фашысцкая лінія абароны засталася ззаду. Новікаў.
2. Супакоіцца, перастаць хвалявацца і пад. На вуліцы .. [Нахлябіч] ужо сцішэў, вельмі ж пасля спаткання з сынам. Чорны. // Спыніць свае дзеянні і пад.; уціхамірыцца. — За апошні час мы трохі сцішэлі, — Алесь таксама сеў. — Усё ж не фельдфебель над галавою. Лягчэй стала жыць. Караткевіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Дождж, які пачаўся раніцай, трохі сцішэў; у твар палілася халодная, колкая імжа. Капыловіч. // Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Лясы сцішэлі. Мора сцішэла. // Крыху прыціхнуць (пра боль).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сяка́ч 1, секача, м.
1. Прылада, інструмент для раздрабнення, сячэння чаго‑н. Крыху счакаўшы, загрукаў сякач у карыце — гатавалася снеданне свінням. Колас. Лёдзя ачышчала мяса ад костак і потым драбіла яго секачом. Карпаў. Падбівае .. [цётка] нейкім секачом толькі што прытаптаны снег на тратуары. Мыслівец.
2. Спец. Механізм для разразання торфу на кускі.
сяка́ч 2, секача, м.
1. Дарослы самец дзіка, марскога коціка. Тым часам старэйшыя парасяты робяцца падсвінкамі і, нарэшце, секачамі, але ўсё роўна пры бацьках застаюцца. В. Вольскі. Даніла забіў ударам дзіды матку, і тут стары сякач кінуўся на каня і зваліў яго разам з коннікам. Караткевіч. // Пра зуб дзіка. Дзе трушком, а дзе наўскач, Выскаліўшы зуб-сякач, Бег стары кабан надворны. Вітка.
2. Насякомае з пакрытым кароткімі валаскамі целам, якое жыве ў зямлі і з’яўляецца шкоднікам сельскагаспадарчых культур.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́дны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн.
1. Схільны навязваць сваю волю, загадваць, падначальваць сабе. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Ермакоў] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. Мужчына ішоў з сабакам, моцны і шыракаплечы, уладны і пераможны і сам падобны на Геракла. Караткевіч. // Які выражае ўладу, волю, рашучасць; уладарны. [Жанчына] акінула Анатоля з галавы да ног уладным позіркам.. і лагодна ўсміхнулася. Ваданосаў. — Стой! Не варушыся! — пачуў .. [Карніцкі] уладны і моцны шэпт, як толькі выбраўся на супрацьлеглы бераг. Паслядовіч.
2. (звычайна з адмоўем «не»). Які мае права, уладу што‑н. рабіць. Агонь у камінку гарэў ласкава і роўна, над ім не ўладны быў асенні вецер, што зласліва шастаў за акном... М. Стральцоў.
3. перан. Неадольны, усемагутны. Уздыхне зямля шчасліва — і з пачуццём асалоды, Уся аддасца ўладнай сіле рук працоўных чалавека. Буйло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ча́ша, ‑ы, ж.
1. Старадаўняя пасудзіна для піцця ў форме паўшар’я. З інакшай думкай пойдзе ў свет і людзі Патомак гэты наш: Згібацца ўжо не будзе і не будзе Піць з недапітых чаш. Купала. // Уст. паэт. Кубак для віна. Давайце ўзнімем чашы За Час, працуе што на нас, На спадзяванні нашы. Вярцінскі. // перан.; чаго або якая. Пра ступень радасці, пакут і пад., якія прыйшлося перанесці каму‑н. Поўна з краем чаша гневу майго На людскія грахі ды бясчыннасці. Багдановіч. Людзі апусцілі галовы, бо ўсе ведалі, якая цяжкая чаша Кроеравай гасціннасці. Караткевіч.
2. Якая‑н. пасудзіна, ёмішча круглай формы. Палошчацца ў бронзавай чашы Вечны агонь. Аляхновіч. На прыгожай драўлянай падстаўцы ўзвышаецца велічная, акаймаваная каласамі чаша. «Маладосць».
•••
Перапоўніць чашу (цярпення) гл. перапоўніць.
Поўная чаша — багаты, заможны (пра дом).
Чаша (цярпення) перапоўнілася — няма больш сіл, магчымасці цярпець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гу́шча, ‑ы, ж.
1. Густы асадак (стравы, раствору і пад.) на дне пасудзіны. Высахла чарніла ў .. пляшцы — адна гушча была на дне. Баранавых. Сёрбай юшку, на дне гушча! Прымаўка.
2. Разм. Тое, што і гушчар. — Ты падумай толькі: пушча! Дзень ідзеш і два ідзеш, І такая табе гушча — Вокам цемры не праб’еш! Колас. Там, у гушчы, дзе дрэваў Звон рачулкі, птахаў спевы, Хатка ёсць. Кірэенка.
3. Месца найбольшага скопішча каго‑, чаго‑н. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала таптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам. Гартны. // перан. Глыбіня, асяроддзе чаго‑н. Рыгор уваходзіў у гушчу рабочага жыцця, у вадаварот грамадскай працы. Гартны. Выхадзец з гушчы працоўных мас, К. Чорны быў шчырай і сумленнай душой народа. Хведаровіч.
4. Абл. Каша. Марыля паставіла якраз на стол гушчу наліваную — пшанічную кашу з малаком, калі ў хату зайшоў Павал. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падабра́цца, падбяруся, падбярэшся, падбярэцца; падбяромся, падберацеся; зак.
1. Аб’яднацца на аснове нейкіх падобных адзнак; утварыцца шляхам падбору. Падабраўся калектыў. Падабралася добрая бібліятэка. □ Добрае, дружнае звяно падабралася ў Грышы. Пальчэўскі.
2. Падлезці пад што‑н. Сабака падняў галаву, прыслухаўся і пачаў пысай шукаць гаспадаровага твару. Але твару ён не знайшоў, не мог падабрацца галавой пад кажух. Галавач. Рахманыя вочы востра звузіліся. Пульхная ніжняя губа падабралася пад верхнія зубы. Караткевіч.
3. да каго-чаго і без дап. Непрыкметна наблізіцца, падкрасціся. Дзед непрыкметна падабраўся кустамі да карнікаў і, высока ўзмахнуўшы дубінай, аглушыў аднаго ў зялёнай касцы. Шчарбатаў. Удваіх і падабрацца да чыгункі лягчэй і ўцячы можна непрыкметна. Новікаў.
4. перан. Разм. Дасягнуць нейкага пункта, узроўню. Хата падабралася пад вокны, і Птах употай цешыцца ёю. Навуменка.
5. Разм. З насцярогай напружыцца, сабрацца. Спачатку .. [Вера] не заўважыла Раміра, адчула толькі востры, пранізлівы позірк чужых вачэй. Уся падабралася. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падста́ва 1, ‑ы, ж.
Прычына, абставіны, якія даюць тлумачэнне, робяць зразумелымі ўчынкі, паводзіны і пад. каго‑н. Пакуль школа не была яшчэ здадзена, Лабановіч адчуваў пад нагамі нейкі юрыдычны грунт, меў законную падставу заставацца там. Колас. Былі ўсе падставы для таго, каб хвалявацца, але, упэўнены ў сваіх ведах, Міхась быў спакойны. Шахавец. // Абставіны, якія могуць быць асновай для чаго‑н. Але як зняць.. [Машу] з пасады брыгадзіра, Максім не мог прыдумаць. Не было падстаў. Шамякін. // Дакумент, распараджэнне, на аснове якога адбылося пэўнае афіцыйнае дзеянне, мерапрыемства. Падстава: выпіска з пратакола сходу.
•••
На падставе чаго — зыходзячы з чаго‑н., абапіраючыся на што‑н.
падста́ва 2, ‑ы, ж.
Уст. Зменныя коні ў дарозе, а таксама месца змены коней. Ноч спалі ў.. вазку, а ля Дошчыцы сустрэлі трэцюю падставу і зноў пераселі ў сёдлы, хаця з Кастуся быў і не зусім добры яздок. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Развіцца (пра што‑н. звітае, туга скручанае). Перавясла раскруцілася. // Перастаць быць завітым, закручаным. Валасы раскруціліся.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разгарнуцца (пра што‑н. скручанае). Трубка палатна зачапілася канцом за сучок вішні, раскруцілася і легла дарожкай цераз усю вуліцу. Жычка.
3. Вызваліцца ад чаго‑н. наматанага, накручанага. [Майка:] — Ты накідай на сябе сена. А то давай я раскручуся і дам табе частку плашча. Караткевіч.
4. Разм. Пачаць круціцца з узрастаючай хуткасцю, сілай. Калаўротак раскруціўся, і вядро са звонам ланцуга плюхнулася ў ваду. Лобан. Шарэйка, прыгажун, артыст. Тыя разы, на танцах, раскруціцца з якой-небудзь увішнай Веркай ці Алесяй. Брыль.
5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічыцца ў дыяметры ад кручэння, свідравання. Адтуліна раскруцілася да патрэбнага памеру.
6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расшрубавацца, расківацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
само́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца ў адзіноцтве, жыве адасоблена ад іншых; адзінокі. На самотным, запушчаным хутары.. жыла з старым бацькам дзяўчына. Брыль. Цётка Еўка падобна на сваю хату — такая ж згорбленая і самотная. Сіпакоў. // Які адчувае сябе чужым сярод людзей, далёкім ад іх. [Цімох:] — А з добрымі людзьмі ніколі сумаваць не будзеш, ніколі самотнай сябе не адчуеш. Дубоўка. / у перан. ужыв. Самотным дрэвам сняцца май і радасць, А мне — маё забытае святло. Караткевіч. Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся. Бывай, смуглявая, каханая, бывай. Стаю на ростанях былых, а з паднябесся Самотным жаўранкам звініць і плача май. Куляшоў.
2. Сумны, журботны. Калі.. [Яўхім] убачыў Ганну, маўклівую, самотную, вінаватасць лягла на душу. Мележ. // Прасякнуты самотай, тугой. [Арсень Андрэевіч] стараўся адкаснуцца ад самотных думак, але не мог. Марціновіч. Я не хачу шукаць прычыны Самотнай ростані навек. Прыходзька. // Які выражае самоту. Самотныя вочы, як промні, Душу працінаюць да болю. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сваяўство́, ‑а, м.
1. Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў. Нябожчыцы матцы Яніны яна даводзілася стрэчнай сястрой, вось і ўсё сваяўство — от так, дзесятая вада на кісялі. Мурашка. Губернатар вырашыў ніколі больш не звязвацца з гэтымі людзьмі. З дваццаці сямі тысяч дваран губерні сем тысяч былі з малодшых іхніх радоў, на розных ступенях сваяўства, ды яшчэ столькі ж залежалі ад іх і глядзелі таму з іхніх рук. Караткевіч. // Адносіны паміж сваякамі тых, хто пажаніўся. [Сабастыян Рамашка:] — І Ганнуся дома, і лякарства дома, і я на яе наглядзеўся, і да вас [Прыбыткоўскіх] завітаў на добрае знаёмства, сваяўство і лад. Чорны. // перан. Падабенства, блізкасць па зместу, прыкметах, уласцівасцях. Першыя мае радкі былі ў простым і непасрэдным сваяўстве з Андрэевымі і на той мове, якою мы гаварылі. Лужанін.
2. зб. Родныя, сваякі; радня. Сабраўшы баравіцкае сваяўство, .. [Пракоп] нечага ўсё шаптаўся са стрыечным братам. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)