АРДА́ШНЯ,

на Беларусі ў 18 — 1-й пал. 19 ст. прадпрыемства па вытв-сці ардашу (вышэйшага гатунку паташу), які выкарыстоўвалі ў вырабе шкла, мыла, сукна, фарбаў, фарфору, пры апрацоўцы скур, адбельванні тканін і інш. На ардашні было 6—9 медных і жал. катлоў, кадкі для драўнянага попелу, з якога выраблялі ардаш; працавалі 9—10 чал. У 1740—80 ардашні найб. пашыраны ў Крычаўскім, Прапойскім, Чачэрскім староствах, Быхаўскім, Копыскім, Любавіцкім графствах, Гродзенскай эканоміі.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРДЫНА́ЦЫЯ» 1638, «Ардынацыя войска Запарожскага рэестравага»,

пастанова сойма Рэчы Паспалітай пра абмежаванне правоў казацтва пасля сялянска-казацкага паўстання 1637—38 на Украіне. «Ардынацыя» абмяжоўвала прывілеі рэестравых казакоў, скасоўвала пасаду гетмана, адмяняла выбарнасць есаулаў і палкоўнікаў; замест гетмана соймам назначаўся камісар, які ажыццяўляў вайсковую і судовую ўладу. У рэестры (на дзярж. службе) было пакінута 6 палкоў па 1 тыс. чал., астатнія пераводзіліся ў паспалітых казакоў (сялян). «Ардынацыя» страціла значэнне пасля вызв. вайны на Украіне 1648—54.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЛАКІ́ТНЫ ПАТРУ́ЛЬ»,

добраахвотныя аб’яднанні (атрады і групы) школьнікаў, навучэнцаў, аматараў прыроды, якія арганізоўваюцца для ўдзелу ў грамадскай прыродаахоўнай дзейнасці пры адначасовым удасканаленні ведаў па біялогіі і ахове прыроды. Ствараюцца з мэтай вывучэння і аховы рыбных багаццяў краіны на базе сярэдніх школ, станцый юннатаў, летніх лагераў адпачынку. Працуюць пад кіраўніцтвам выкладчыкаў і работнікаў прыродаахоўных арг-цый. На Беларусі «блакітныя патрулі» існуюць з 1965. На 1.1.1996 у 120 атрадах было каля 1500 чал.

Г.​П.​Прышчэпаў.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ ШКО́ЛА МАЛЯВА́ННЯ,

сярэдняя навуч. маст. ўстанова ў Вільні ў 1866—1914. Падпарадкоўвалася Пецярбургскай АМ. Навучанне было бясплатнае. Арганізатар школы і загадчык у 1866—1912 І.Трутнеў. Сярод выкладчыкаў: І.​Бальзукевіч, І.​Рыбакоў, П.​Ромер, І.​Чамаданаў. Падрыхтавала шмат настаўнікаў малявання і чарчэння для губ. і павятовых школ Беларусі і Літвы. У ёй вучыліся Л.Альпяровіч, М.Антакольскі, Я.Драздовіч, Э.Паўловіч, І.​Шрэдар і інш.

Літ.:

Кацер М.С. Изобразительное искусство Белоруссии дооктябрьского периода: Очерки. Мн., 1969. С. 164—166.

т. 4, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НА-КІТА́ЙСКІ ДАГАВО́Р 1946 аб дружбе, гандлі і навігацыі.

Падпісаны 4.11.1946 у Нанкіне паміж ЗША і ўрадам Чан Кайшы. Фактычна нераўнапраўны дагавор меў на мэце замацаваць і пашырыць ролю амер. капіталу ў эканоміцы паўкалан. Кітая, забяспечыць манаполіям і грамадзянам ЗША усе правы, якімі карысталіся кіт. карпарацыі і грамадзяне; дэклараваў роўныя правы кітайцам у іх эканам. дзейнасці ў ЗША, што было не па сіле эканамічна слабаму Кітаю. Скасаваны ў 1949 пасля ўтварэння КНР.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАНО́МНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у б. СССР вобласць, якая вызначалася асаблівасцямі нац. складу і быту і ўваходзіла ў склад саюзнай рэспублікі ці краю на правах адм. аўтаноміі. У 1990 было 8 аўт. абласцей, з іх 5 у РСФСР: Адыгейская, Горна-Алтайская, Карачаева-Чэркеская, Хакаская і Яўрэйская; 1 у складзе Груз. ССР — Паўд.-Асецінская; 1 у Азерб. ССР — Нагорна-Карабахская і 1 у Тадж. ССР — Горна-Бадахшанская. Пасля распаду СССР у Рас. Федэрацыі існуе Яўрэйская аўтаномная вобласць.

т. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́СТАНБЕРЫ (англ. Glastonbury),

помнік археалогіі, умацаванае паселішча апошніх вякоў да н.э. на аднайм. возеры ў графстве Сомерсет (Англія). Размяшчалася на драўлянай платформе, замацаванай у торфе, было абкружана драўляным частаколам. У выніку раскопак выяўлена больш за 60 круглых жытлаў з глінянай і драўлянай падлогай. Добра захаваліся драўляныя вырабы: кошыкі, выдзеўбаны човен, фрагменты колаў са спіцамі, келіхі, зробленыя на такарным станку, кадушкі, арнаментаваныя ў стылі латэн. Ёсць звесткі пра ткацкую, керамічную, кавальскую вытворчасць.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС БЕДНЯКА́»,

газета, орган Віцебскага губвыканкома. Выходзіла штотыднёва з 29.7 да 9.12.1918 у Віцебску на рус. мове. Выданне газеты было абумоўлена пераходам улад да палітыкі «ваеннага камунізму» і ўзмацненнем антысав. настрояў сярод сялян. Была разлічана ў асноўным на бяднейшае сялянства, мела на мэце распаўсюджванне ў яго асяроддзі камуніст. ідэалогіі. Публікавала матэрыялы ідэйна-асветніцкага і інструкцыйна-арганізац. характару. Давала практычныя парады па правядзенні харчразвёрсткі, арганізацыі на месцах камбедаў і інш. Выйшла 15 нумароў.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМА́КІ,

цюркскае племя, асн. ядро якога жыло ў 8—10 ст. у Зах. Сібіры, па сярэднім цячэнні р. Іртыш. Качэўі К. на ПдЗ дасягалі нізоўяў Сырдар’і. На чале К. стаяў каган (ямал-пейгу), у якога было 11 спадчынных зборшчыкаў падаткаў. Асн. занятак — качавая жывёлагадоўля, паляванне. З 11 ст. назва К. знікае. Зах. галіна К. вядома як кіпчакі (полаўцы).

Літ.:

Кумеков Б.Е. Государство кимаков IX—XI вв. по арабским источникам. Алма-Ата, 1972.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВА́ВАЯ ПО́МСТА,

звычай, што склаўся пры радавым ладзе як універсальны сродак абароны гонару, годнасці і маёмасці роду. Заключаўся ў абавязку родных забітага адпомсціць забойцу або яго родным. К. п. забаранялася, калі забойства было ўчынена па неасцярожнасці або выпадкова. К. п. існавала ў многіх краінах і рэгіёнах, а ў некаторых з іх (Албанія, Сербія, Паўд. Італія, Корсіка, Японія і інш.) захавалася да 20 ст. У Расійскай імперыі найдаўжэй захоўвалася ў некаторых народаў Каўказа і Сярэдняй Азіі.

т. 8, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)