ПІСАРО́ ((Pissarro) Каміль Жакоб) (10.7.1831, в-аў Сент-Томас, ЗША — 13.11.1903),
французскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. Вучыўся ў майстэрні А.Мельбі, Школе прыгожых мастацтваў і акадэміі Сюіса ў Парыжы (1855—61). Зазнаў уплывы Дж.Констэбла, К.Каро, Ж.Ф.Міле, у 2-й пал. 1880-х г. — неаімпрэсіянізму і пуантылізму. Майстар пейзажа, у якім праз сціплыя вясковыя ландшафты выяўляў паэзію і прыгажосць прыроды Францыі: «Дарога ў Раканкур», «Сена ў Марлі» (абодва 1871), «Уезд у вёску Вуазен» (1872), «Дарога з Жызора ў Пантуаз, снягі» (1873), «Узараная зямля», «Пейзаж у Пантуазё» (абодва 1874) і інш. З 1890-х г. звяртаўся і да адлюстравання жыцця гар. вуліц: «Вялікі мост, Руан», «Мост Буальдэ ў Руане, захад сонца» (абодва 1896), «Бульвар Манмартр у Парыжы» (1897), «Оперны праезд, эфект снегу», «Плошча Французскага тэатра, эфект дажджу» (абодва 1898), «Сад Цюільры, туман» (1900), «Царква Сен-Жак у Дзьепе» (1901) і інш. Творы вызначаюцца мяккасцю і багаццем колеравай гамы, тонкай перадачай святлаценю, эфектам празрыстасці і вільготнасці паветра. Працаваў таксама ў тэхніках акварэлі, малюнка, афорта і літаграфіі. Іл.гл. да арт.Імпрэсіянізм.
Літ.:
Юденич И.В. Пейзажи Писсарро в Эрмитаже. Л., 1963;
Герман М. Писсарро: [Альбом]. Л., 1973;
Камиль Писсарро: Письма. Критика. Воспоминания современников: Пер. с фр.М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕНЭ́Р (ад франц. plein air вольнае паветра),
1) жывапіс на адкрытым паветры, звязаны з непасрэдным вывучэннем натуры з мэтай найб. поўнага ўзнаўлення яе аблічча. Дазваляе перадаць у карціне багацце і разнастайнасць градацый колеру, каляровых ценяў, нюансаў, абумоўленых уздзеяннем сонечнага святла і станам атмасферы. Рысы пленэрнага жывапісу вядомы з эпохі Адраджэння. Як замаст. творчы метад П. склаўся ў 19 ст. ў творчасці Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), К.Каро (Францыя), А.Іванава (Расія), мастакоў Барбізонскай школы. Найб. паслядоўна і сістэматычна праблемы пленэрнага жывапісу былі распрацаваны майстрамі імпрэсіянізму, у творах якіх святло і паветра набылі самаст. значнасць. На Беларусі творы ў П. стварылі І.Ахрэмчык, А.Бархаткоў, В.Бялыніцкі-Біруля, С.Жукоўскі, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, П.Масленікаў, В.Цвірка і інш. У наш час П. — адзін з асн. элементаў маст. навучання.
2) Маст. акцыя, якая аб’ядноўвае шэраг мастакоў для сумеснай працы. П. звычайна прысвечаны памяці славутых мастакоў з мэтай ушанавання іх творчасці, прапаганды мастацтва, стварэння маст. калекцый (творы, як правіла, застаюцца ў месцы правядзення П.). Вылучаюць таксама П. скульптуры, дзіцячай творчасці і інш. На Беларусі пашырыліся ў 1990-я г. (П., у т. л.міжнар., памяці Бялыніцкага-Бірулі, Я.Драздовіча, К.Малевіча, Масленікава, М.Неўрава, Ф.Рушчыца, М.Шагала і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭРАФАЭЛІ́ТЫ (ад лац. prae раней, перад + Рафаэль),
англійскія мастакі і пісьменнікі 2-й пал. 19 ст., якія ставілі за мэту адраджэнне традыцый сярэднявечнага і раннерэнесансавага (да Рафаэля) мастацтва. «Брацтва прэрафаэлітаў» (англ. Pre-Raphaelite Brotherhood) засн. ў 1848 паэтам і жывапісцам Д.Г.Расеці, жывапісцамі Э.Мілесам, У.Х.Хантам (зазналі ўплыў М.Браўна, а праз яго — назарэйцаў), падтрымана Дж. Рэскіным. Выступалі з крытыкай бурж. культуры, супрацьпастаўлялі халоднаму акадэмізму «шчырасць», «свяшчэнны агонь» і «жывую веру» прымітываў (гл.Прымітыў). Маст. творам П. уласціва стылізацыя, перабольшаная графічнасць, дэкаратывізм у спалучэнні з дакладнай дэталізацыяй. Паэзія П. (Расеці, Р.Браўнінг, А.Тэнісан, А.Ч.Суінберн) вызначалася пачуццёвымі адносінамі да прыгажосці, спірытуалістычным культам кахання, заснаваным на традыцыях сярэдневяковай італьян. л-ры. Пасля распаду «Брацтва» ў 1853 новы ўздым руху П. пачаўся з канца 1850-х г., калі вакол Расеці згрупаваліся мастакі У.Морыс, Э.К.Бёрн-Джонс, У.Крэйн, Дж.Ф.Уотс і інш. Жывапіс развіваўся да складанай, стракатай плоскаснай арнаментыкі і містычнай ускладненасці вобразнага ладу. П. паўплывалі на развіццё сімвалізму і эстэтызму «канца стагоддзя» ў л-ры (О.Уайльд, У.Патэр), мадэрну ў выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве (О.В.Бёрдслі і інш.).
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Прэрафаэліты. У.Х.Хант. Клаўдзіо і Ізабела. 1850.Да арт.Прэрафаэліты. Д.Г.Расеці. La Ghirlandata. 1873.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКЕБА́НА (яп. — ажыўленыя кветкі, кветкі, што прачнуліся да жыцця),
мастацтва складання букетаў у Японіі; букет, састаўлены па законах І. Складаецца з трох асн. кампанентаў: прыроднага матэрыялу (кветкі, лісце і інш.), вазы і кендзана (прылады для ўмацавання сцябла і надання яму патрэбнага стану). Кампазіцыю вызначаюць 3 асн. галіны (або кветкі), якія маюць сімвалічны сэнс: высокая (сін) — неба, сярэдняя (сое) — чалавек, ніжняя (хікае) — зямля; пярэдні, сярэдні і задні планы адпавядаюць напрамкам свету і порам года. Гал.эстэт. прынцып І. — вытанчаная прастата, якая дасягаецца выяўленнем натуральнай прыгажосці матэрыялу.
Элементы І. вядомы ў Японіі здаўна як традыцыя ахвяравання кветак продкам і духам. Мастацтва састаўлення кампазіцый прыйшло ў 6 ст. з Індыі праз пасрэдніцтва кітайскіх будыйскіх місіянераў і першапачаткова выкарыстоўвалася як ахвярапрынашэнне да статуі Буды. У 7 ст. заснавана першая школа «ікеноба». З пашырэннем дзэнбудызму пры самурайскіх дынастыях І. пачалі выкарыстоўваць для аздаблення храмаў і палацаў, з 15 ст. — частка рытуалу «чайнай цырымоніі», важны элемент нац.яп. культуры. І., што размяшчаецца ў спец. нішы ў сцяне дома — таканома — стварае яркі дэкар. эфект і з’яўляецца эмацыянальнай дамінантай інтэр’ера. Існуе шэраг кірункаў І.: рыка («кветкі стаяць») — буйнамаштабныя кампазіцыі, што сімвалізуюць ландшафты; сэйка («стыль жывых кветак») вылучаецца асіметрыяй і дынамікай; марыбана («нагрувашчванне») — кампазіцыі ў плоскіх вазах; дзіюгата («свабодны стыль»), дзінэй («авангардны стыль») і інш. У 1956 створана арг-цыя «Сяброўства праз кветкі», якая прапагандуе мастацтва І. ў свеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́ ((Dali) Сальвадор) (11.5.1904, г. Фігерас, Іспанія — 23.1.1989),
іспанскі жывапісец, графік і тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў і вядучы прадстаўнік сюррэалізму. Вучыўся ў АМ у Мадрыдзе (1921—26), захапляўся футурызмам, кубізмам, метафіз. жывапісам. З 1929 у Парыжы, дзе пад уплывам П.Пікасо і А.Брэтона склаўся як сюррэаліст. Абапіраючыся на тэорыю псіхааналізму псіхааналізу З.Фрэйда, стварыў уласны творчы метад, які назваў «паранаістычна-крытычным». Свае ідэі сцвердзіў у першых сюррэаліст. фільмах, зробленых у супрацоўніцтве з Л.Буньюэлем («Андалускі пёс», 1929, і «Залаты век», 1931), што прынесла Д. славу самага эксцэнтрычнага і экстравагантнага мастака 20 ст. Жывапісныя творы Д., адметныя нястрыманай фантазіяй і віртуознай тэхнікай, як правіла, уяўляюць сабой фантасмагорыі, дзе самым ненатуральным сітуацыям і спалучэнням прадметаў надаецца знешняя дакладнасць і пераканаўчасць: «Пастаянства памяці», «Старасць Вільгельма Тэля» (абодва 1931), «Архітэктанічны «Анжэлюс» Міле» (1933), «Прадчуванне грамадзянскай вайны» (1936), «Сон Хрыстафора Калумба» (1959), «Лоўля тунца» (1967) і інш. З 1940 у ЗША, дзе яго ілюзійны прыём жывапісу дасягнуў найб. вастрыні («Сон, выкліканы палётам пчалы вакол граната за хвіліну да абуджэння», 1944, «Атамная Леда», 1949). З 1955 у Іспаніі, пад уплывам ісп. барочнага жывапісу ствараў творы хрысц. тэматыкі «Тайная вячэра», 1955, і інш.). Займаўся сцэнаграфіяй, плакатам, дэкар. мастацтвам, ілюстраваў творы М.Сервантэса, У.Шэкспіра і інш. Аўтар аўтабіягр. кніг «Тайнае жыццё Сальвадора Далі» (1942—1944) і «Дзённік генія» (1964). У 1972 у Фігерасе адкрыты музей мастака, у якім ён і пахаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕРЫХО́Н (стараж.-яўр.Ерыхо, грэч. lerichō, араб.Эрыха),
горад у Палесціне, на тэр.Заходняга берага ракі Іардан, на ПнУ ад Іерусаліма. Каля 7 тыс.ж. (1990). І. самы нізка размешчаны горад у свеце (250—260 м ніжэй узр. м.). Харч.прам-сць. Гандл. і рамесны цэнтр с.-г. раёна (плантацыі бананаў, апельсінаў). Турызм.
Самае стараж. ў свеце паселішча, пазней умацаваны мурамі горад першабытных земляробаў. У 7—2-м тыс. да н.э. горад у Палесціне. У 3-м тыс. да н.э. дасягнуў росквіту (развіваліся вінаробства, гандаль серай, бітумам, соллю і інш.). У 13 ст. да н.э. захоплены яўр. плямёнамі. У 7—6 ст. да н.э. адбудаваны, у 587 да н.э. разбураны вавілонцамі. У час Іудзейскай вайны 66—73 разбураны Веспасіянам. У 7 ст. захоплены арабамі, у 1099 — крыжакамі, у 1187 без бою ўзяты войскамі Салах-ад-дзіна. У заняпадзе да 19 ст. З 1948 у межах Іарданіі. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 далучаны да тэр. Ізраіля. Паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 атрымаў аўтаномію.
У выніку раскопак 1907—56 (з перапынкамі) адкрыты рэшткі ўмацаваных паселішчаў эпохі неаліту і бронзы, руіны горада 18—16 ст. да н.э. з магутнымі сценамі, вял. шахтавыя грабніцы; знойдзены скульпт. галовы з гліны, налепленай на чалавечыя чарапы. Паводле біблейскага падання, сцены І. абваліліся ад гукаў труб заваёўнікаў (адсюль выраз «іерыхонскія трубы).
Я.Ф.Шунейка (гісторыя, архітэктура).
Да арт.Іерыхон. Ж.Фуке. Узяцце Іерыхона. Мініяцюра. 1470-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМІ́ДА,
манументальнае збудаванне, якое мае геам. форму піраміды (часам ступеньчатую або вежападобную). У сваёй класічнай форме П. склаліся ў 3—2-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце як пахавальні фараонаў (грабніцы). Іх налічваецца каля 100 разнастайных па памерах і функцыях у рознай ступені захаванасці. Самыя вял. П. пабудаваны ў Гізе для фараонаў IV дынастыі: Хеопса (выш. 146,6 м), Хефрэна (выш. 143,5 м), Мікерына (выш. 66,5 м). Паводле Герадота, П. Хеопса будавалі 100 тыс.чал. на працягу 20 гадоў (з’яўляецца адным з 7 дзівосаў свету). Кожная П., акрамя наземнай ч. з калідорамі і рытуальнымі камерамі, мае падземную ч. з сістэмай лабірынтаў, шахтаў і інш. Функцыі П. канчаткова не высветлены. Яны выраслі з мегалітычнай традыцыі першабытнасці і ўключаюць у сябе сінтэз розных ідэйных, рытуальных, мемар. мэт. Асн.буд. матэрыял — каменныя блокі, часам цэгла і разнастайнае запаўненне ўнутр. частак. У Шумеры, Вавілоне і Асірыі ступеньчатыя збудаванні пірамідальнага тыпу — зікураты — выкарыстоўвалі ў якасці асновы для храма ці інш. месца пакланення багам (напр., Вавілонская вежа). У 1-м тыс. да н.э. ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы будавалі насыпныя храмы ў выглядзе ўсечаных П. (Тыкаль, Гватэмала; Чычэн-Іца, Мексіка). У стараж.-рым. і новаеўрап. мастацтве матыў П. часта выкарыстоўвалі ў збудаваннях мемар. тыпу. Іл.гл. таксама да арт.Егіпет Старажытны.
Літ.:
Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;
Михаловский К. Пирамиды и мастабы. Варшава, 1973.
Я.Ф.Шунейка.
Піраміда Хеопса ў Гізе (Егіпет).Піраміда з храма № 1 у Тыкалі (Гватэмала).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОСХ, Бос (Bosch) Хіеранімус [сапр.Акен (Aken) Еранімус ван; каля 1450—53, г. Хертагенбас, Нідэрланды — 1516),
нідэрландскі жывапісец; прадстаўнік ранняга нідэрландскага Адраджэння. Спалучаў вытанчаную сярэдневяковую фантастыку з фальклорна-сатырычнымі тэндэнцыямі і яскравымі рэаліст. навацыямі, смела пашыраў кола незвычайных, часам вычварна-мудрагелістых тэм і вобразаў, крыніцай для якіх служылі фальклор, нар. прытчы і забабоны. У ранніх працах карыстаўся з’едлівай крытычнай метафарай, выяўляючы заганныя бакі тагачаснага грамадства («Лячэнне глупства», «Галоўныя грахі», 1470—80). У 1480—85 напісаў метафарычныя і выкрывальныя карціны «Карабель дурняў», «Шарлатан», «Смерць скупога». У 1485—1510 стварыў вял. этапныя палотны «Спакушэнне Святога Антонія», «Аперацыя галавы», «Нясенне крыжа», трыптыхі «Воз сена», «Сад уцех», «Пакланенне вешчуноў», у якіх рэальнасць пераплятаецца з фантастычнымі ўяўленнямі мастака і быццам прыадкрываюцца стасункі чалавецтва з высокім і ганебным, дабром і злом. У створанай ім мадэлі Сусвету вобразныя асацыяцыі значна апераджаюць яго час, хоць і народжаны светапоглядным крызісам той эпохі. Больш познія яго творы (1510—16) набылі заспакоенасць, філас. паглыбленасць і засведчылі прыняцце ім асн. канцэпцый рэнесансавага мастацтва («Паклон трох каралёў» і інш.). Працы Босха, выкананыя стракатымі лакальнымі фарбамі і прасякнутыя жыццесцвярджальным духам нар. творчасці, даюць у гратэскава-сатыр. форме шырокую карціну нар. жыцця. Смелыя жыццёвыя назіранні, трапныя і каларытныя нар. тыпы і быт. матывы, уражвальныя пейзажныя фоны яго палотнаў зрабілі вял. ўплыў на развіццё рэаліст. тэндэнцый у нідэрл. жывапісе 16 ст. і падрыхтавалі глебу для фарміравання быт. жанру і пейзажа. Творчасць Б. значна паўплывала і на многія кірункі сучаснага выяўл. мастацтва.
Літ.:
[Фомин Г.И.] И.Босх. М., 1974;
Unverfehrt G. H.Bosch. Berlin, 1980.
Я.Ф.Шунейка.
Х.Босх. Сад уцех. Сярэдняя частка трыптыха.Х.Босх. Нясенне крыжа. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЗІ́НСКІ (Васіль Васілевіч) (16.12.1866, Масква — 13.12.1944),
расійскі жывапісец, тэарэтык авангардызму, адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1886—92), у Мюнхене ў школе А.Ашбе (1897—98) і АМ (1900). Працаваў у Германіі (1896—1914; 1921—33, з 1922 праф. «Баўгауза»), у Расіі (1914—21): выкладаў у Дзярж.маст. вольных майстэрнях і ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях, з 1919 заг. маск. Музея жывапіснай культуры, у 1920 арганізаваў Ін-тмаст. культуры; з 1933 у Францыі. Стваральнік маст. груп «Новае аб’яднанне мастакоў Мюнхена» (1909, з А.Яўленскім), «Сіні коннік» (1911, з Ф.Маркам), «Сіняя чацвёрка» (1924). Імкнуўся да «універсальнай духоўнасці», інтэграцыі розных культур, развіваў ідэі сімвалізму ў кірунку «чыстай формы» і беспрадметнасці. Творчасць фарміравалася пад уздзеяннем экспрэсіянізму, мадэрну, музыкі Р.Вагнера. У ранні перыяд працаваў у духу фавізму; пад уплывам этнаграфіі, іканапісу і рус.нар. мастацтва рабіў «візантыйскія» і фальклорна-лубачныя акварэлі. З 1910-х г. ствараў імпрэсіі, імправізацыі («Імправізацыя № 2»), кампазіцыі ў абстрактным кірунку, шукаў узаемасувязь паміж колерам і муз. гукам. У 1920-я г. пад уплывам супрэматызму рабіў геаметрызаваныя кампазіцыі («Шматкаляровае кола», 1921; «Жоўтае — чырвонае — сіняе», 1925; «Цяжкія колы», «Квадрат», абодва 1927). У франц. перыяд імкнуўся да сімвалізму, пераўтварэння фігур у ідэаграмы («Трыццаць», 1937), геам. формы спалучаў з арганічнай абстракцыяй («Тры рознакаляровыя фігуры», 1942). Працаваў у графіцы (альбомы «Вершы без слоў», 1904; «Дрэварыты», 1909, і інш.), зрабіў дэкарацыі і касцюмы да сюіты М.Мусаргскага «Карцінкі з выстаўкі» (1928, Германія). Аўтар кніг «Сугучча» і «Позірк назад» (1913), «Кропка і лінія на плоскасці» (1926; усе на ням. мове), «Прыступкі» (1918, на рус. мове). Іл.гл. таксама да арт.Абстрактнае мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫНЬ І КІРУ́НАКу літаратуры і мастацтве,
эстэтычныя гісторыка-маст. катэгорыі, якія абазначаюць светапогляднае або творчае адзінства літ.-маст. з’яў, характэрных для асобных творцаў ці літ.-маст. аб’яднанняў. Суадносяцца з паняццямі метаду мастацкага і стылю, на практыцы нярэдка атаясамліваюцца з імі, што вядзе да метадалагічнай невыразнасці. Плынь узнікае і развіваецца звычайна ўнуры складаных маст.-творчых з’яў (стыль, кірунак), дзе існуюць розныя магчымасці вырашэння агульных задач (напр., плыні «рубенсістаў» і «пусэністаў» у мастацтве франц. класіцызму канца 17 ст.: неакласічная і неарус. ў рус. архітэктуры мадэрна 1910-х г.; рэліг.-маралістычная і грамадз. плыні ў л-ры еўрап. рамантызму канца 18—1-й трэці 19 ст.; «сумарокаўская» і «ламаносаўская» плыні ў л-ры рус. класіцызму 18 ст. і інш.). Плынь існуе адносна непрацяглы час, часта перарастае ў больш сістэматызаваную і складаную форму — кірунак. Кірунак абазначае прынцыповую агульнасць літ.-маст. з’яў на працягу значнага адрэзка часу. У адрозненне ад стылю, які бярэ за аснову класіфікацыі агульнасць вобразнай сістэмы і сродкаў маст. выразнасці, крытэрыі кірунку маюць духоўны, сацыяльны характар, адносяцца да свету ідэй, эстэт. поглядаў і прынцыповых адносін мастацтва да рэчаіснасці. Разыходжанні паміж стылем і кірункам вызначыліся з 2-й пал. 18 ст. (кірункі сентыменталізму і перадрамантызму ў межах стылю класіцызму і інш.). Пачынальнікамі новых плыней і кірункаў з’яўляюцца, як правіла, арыгінальныя творцы, вакол якіх ствараюцца аб’яднанні на аснове дэкларацый, статутаў, маст. школ, літ. выданняў (напр., кірункі сімвалізму, імажынізму, футурызму ў л-ры і мастацтве мадэрнізму, супрэматызму ў абстрактным мастацтве пач. 20 ст., плыні этнаграфізму, міфалагізму, рэтраспектывізму, неасімвалізму ў бел.выяўл. мастацтве 2-й пал. 20 ст. і інш.). Сучасная маст. культура характарызуецца разнастайнасцю П. і К. — ад традыц. да мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх.
Літ.:
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.