ПІНТУРЫ́К’Ё [Pinturicchio; сапр. Бернардзіна ды Бета ды Б’яджа (Bernardino di Betto di Biagio); каля 1454, г. Перуджа (?), Італія — 11.12.1513],

італьянскі жывапісец, прадстаўнік умбрыйскай школы жывапісу эпохі Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплыў П.​Перуджына, якому дапамагаў пры стварэнні фрэсак Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане (1481—82). У творчасці спалучаў імкненне да натурнай дэталёвасці з дэкаратыўнасцю і паэтызацыяй вобраза чалавека і навакольнага свету. Манум. размалёўкі вызначаюцца стракатым каларытам і багаццем арнаментальных матываў: фрэскі ў капэле Буфаліні царквы Санта-Марыя ін Арачэлі (каля 1485) і царквы Санта-Марыя дэль Попала (1509) у Рыме, апартаментаў Борджа ў Ватыкане (1493—94), бібліятэкі Пікаломіні ў Сіенскім саборы (1503—08). У станковым жывапісе працаваў у партрэтным і міфалагічным жанрах: «Партрэт хлопчыка» (1485), «Адысей і Пенелопа» (1509) і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Пінтурык’ё. Імператар Фрыдрых III вянчае лаўрамі паэта Энеа Сільвіо Пікаломіні. Фрэска ў бібліятэцы Пікаломіні ў Сіенскім саборы. 1503—08.

т. 12, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)