канцэрці́на

(іт. concertina)

1) музычны твор меншых памераў, чым канцэрт 2, для саліста з аркестрам;

2) група музычных інструментаў, якая выконвае сола ў канцэрце;

3) музычны інструмент, які мае выгляд шасціграннага гармоніка.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КРЫВАШЭ́ЕЎ (Мікалай Аляксеевіч) (н. 16.4.1949, г. Ніжнія Сяргі Свярдлоўскай вобл., Расія),

бел. музыкант, педагог. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1976). З 1976 канцэртмайстар аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1979 саліст Дзярж. камернага аркестра, з 1980 канцэртмайстар групы кантрабасаў Дзярж. акад. сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь. З 1979 адначасова выкладае ў Бел. акадэміі музыкі і ў гімназіі-каледжы пры ёй. Выконвае сола ў аркестры, у т. л. канцэрты для кантрабаса з арк., выступае з сольнымі канцэртамі. Аўтар транскрыпцый для кантрабаса многіх твораў бел. кампазітараў. Дыпламант міжнар. конкурсу імя Я.​Кокі (1997, Кішынёў).

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЧЭ́ЛІ (Георгій) (Гія) Аляксандравіч (н. 10.8.1935, Тбілісі),

грузінскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Грузіі (1972). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1963), з 1970 выкладае ў ёй. Працуе пераважна ў сімф. і опернай музыцы. Сярод твораў: опера «Музыка для жывых» (паст. 1984); муз. камедыя «Хітрыкі Ханумы» (паст. 1973); кантата «Светлы смутак» (1985); 7 сімфоній (1967—86); літургія «Аплаканыя ветрам» для вял. сімф. аркестра і альта сола (1988); музыка для эстр. аркестра, да драм. спектакляў і кінафільмаў, у т. л. «Не бядуй», «Міміно». Дзярж. прэмія СССР 1976. Дзярж. прэмія Грузіі 1981.

Літ.:

Зейфас Н. Симфонии Гии Канчели // Композиторы союзных республик. М., 1980. Вып. 3.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІ ((Corelli) Арканджэла) (17.2.1653, Фузіньяна, каля г. Равена, Італія — 8.1.1713),

італьянскі скрыпач, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Балонні і Рыме. З 1670 чл. Балонскай філарманічнай акадэміі. Працаваў скрыпачом царк. капэл, тэатр. аркестраў, кіраваў муз. ансамблямі. У 1687—1712 узначальваў кардынальскую капэлу. Скрыпач-віртуоз і буйнейшы педагог, стварыў т.зв. рымскую школу, якая знаменавала пачатак росквіту італьян. скрыпічнага мастацтва. Класік скрыпічнай музыкі ў жанрах трыо-санаты, санаты для скрыпкі сола з суправаджэннем, канчэрта гроса. Сярод твораў: 4 зб. трыо-санат (па 12 у кожным; 1681, 1685, 1689, 1694), 12 санат для скрыпкі і баса кантынуа (1700), 12 канчэрта гроса (1714). Сярод вучняў Ф.​Джэмініяні, П.​Лакатэлі, Дж.​Соміс.

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖА́БКА»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Бытаваў пераважна на Бел. Палессі і Віцебшчыне. Выконваўся мужчынамі. Асн. змест танца — жартоўнае перайманне рухаў і скокаў жаб, часта з выкарыстаннем трукавых рухаў. «Ж.» выконвалася найчасцей сола, адным ці двума мужчынамі: абапіраючыся на падлогу рукамі, сагнутымі ў локцях, і пальцамі выцягнутых ног, адзін з іх падскокамі рухаўся па падлозе, другі, расставіўшы ногі, скакаў над ім. Сярод шматлікіх рухаў «Ж.» — скокі на руках з выцягнутымі ўперад нагамі, скокі адзін цераз аднаго ў гарыз. становішчы, кулянне праз галаву і інш. Часам танец выконвалі жанчыны, зрэдку з прыпеўкамі ці імітацыяй квакання жаб.

Ю.​М.​Чурко.

т. 6, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬСІ́С ((Balsys) Эдуардас) (20.12.1919, г. Мікалаеў, Украіна — 3.11.1984),

літоўскі кампазітар. Нар. арт. Літвы (1965), нар. арт. СССР (1980). Скончыў Літ. кансерваторыю (1950), з 1953 выкладаў у ёй (праф. з 1969). У 1962—71 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Літвы. Асн. творы: опера «Падарожжа ў Тыльзіт» (паст. 1980), балет «Эгле, каралева вужоў» (паст. 1960; экранізаваны ў 1965), араторыя «Не чапайце сіні глобус» (1969); кантаты; 2 канцэрты для скрыпкі з арк.; канцэрт для скрыпкі сола; «Драматычныя фрэскі» для скрыпкі, фп. і арк.; Сімфонія-канцэрт для аргана, духавых і ўдарных інструментаў; песні, музыка да кінафільмаў і драм. спектакляў; эстрадная музыка. Дзярж. прэміі Літвы 1958, 1960, 1967, 1969, 1974.

Літ.:

Нарбутиене О. Эдуардас Бальсис: Очерк творчества. Л., 1975.

т. 2, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БЕРН ((Webern) Антон Фрыдрых Вільгельм фон) (3.12.1883, Вена — 15.9.1945),

аўстрыйскі кампазітар і дырыжор; адзін з прадстаўнікоў новай венскай школы. Вучыўся ў Венскім ун-це (1902—06), у А.Шонберга (1904—08). Творчасць кампазітара фарміравалася пад уплывам эстэтыкі экспрэсіянізму. Манера яго муз. пісьма вызначаецца гранічным лаканізмам і эканомнасцю гукавых сродкаў, якія ствараюць уражанне «бесцялеснасці», ірэальнасці вобразаў. Метад дадэкафоніі, распрацаваны Шонбергам, Веберн развіў у строгую сістэму. Адзін з найб. відных прадстаўнікоў серыйнай тэхнікі і пуантылізму ў музыцы 20 ст.

Тв.:

3 кантаты (1935, 1939, 1943), сімфонія (1928), канцэрт для 9 інструментаў сола (1934), стр. квартэт (1938), хары і сольныя вак. творы на вершы паэтаў, кананічныя і нар. рэліг. тэксты.

Літ.:

A. Webern. Bd. 1. München, 1983.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАДО́ ((Cassadó) Гаспар) (30.9.1897, г. Барселона, Іспанія — 24.12.1966),

іспанскі віяланчэліст, кампазітар. Вучыўся ў Д.​Марча і ў кансерваторыі «Лас Мерседэс» у Барселоне. Удасканальваўся ў П.Касальса. Выступаў з 9 гадоў. Жыў у Парыжы, Барселоне, Фларэнцыі. З 1918 гастраліраваў як саліст і ансамбліст з буйнейшымі аркестрамі і інструменталістамі ў многіх краінах свету. З 1947 выкладаў у Акадэміі Кіджана ў Сіене (Італія), з 1958 — у Вышэйшай муз. школе ў Кёльне. Аўтар «Каталонскай рапсодыі» для арк., канцэрта для віяланчэлі з арк., «Санаты ў старадаўнім іспанскім стылі» для віяланчэлі з фп., сюіты для віяланчэлі сола, камерна-інстр. ансамбляў, шматлікіх транскрыпцый для віяланчэлі. З 1969 у Фларэнцыі раз у 2 гады праводзяцца міжнар. конкурсы віяланчэлістаў імя К.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА-ДЭ-ДЭ (франц. pas de deux літар. танец удваіх),

музычна-танцавальная форма пераважна ў класічным балеце. Першапачаткова — танец 2 выканаўцаў, які дэманстраваў іх майстэрства і грацыёзнасць. Класічная форма пачала складвацца ў эпоху рамантызму і была звязана з паяўленнем новых сцэн. герояў, абмалёўка вобразаў якіх патрабавала больш складанай тэхнікі. У 2-й пал. 19 ст. склалася канчатковая структура — выхад выканаўцаў (антрэ), адажыо (дуэтны танец у павольным тэмпе), варыяцыі (сола) танцоўшчыка і танцоўшчыцы, сумесная кода (заключная частка). Класічныя ўзоры па-дэ-дэ стварылі М.​Петыпа («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), у сучасным балеце — В.​Вайнонен («Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева), І.​В.​Псота («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева).

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНУ́ХІН ((Menuhin) Іегуды) (22.4.1916, Нью-Йорк — 12.3.1999),

амерыканскі скрыпач, муз.-грамадскі дзеяч. Вучань Л.​Персінгера, А.​Буша, Дж.Энеску. З 7 гадоў канцэртаваў з буйнейшымі аркестрамі і інструменталістамі. Яго выканальніцкі стыль адметны яскравай інтэрпрэтацыяй, віртуознасцю, пявучасцю гуку. У рэпертуары творы муз. класікі і сучасных кампазітараў. Першы выканаўца шэрагу твораў (некаторыя прысвечаны яму, у т. л. саната для скрыпкі сола Б.​Бартака). Выступаў і як дырыжор. Арганізатар муз. фестываляў у Швейцарыі (г. Гштад, з 1959), Вялікабрытаніі (г. Бат, кіраўнік у 1958—68; Віндзар, 1969—72), спец. муз. школы для адораных дзяцей (г. Сток-д’Абернан, Вялікабрытанія, 1963). У 1969—75 прэзідэнт Міжнароднага музычнага савета.

Літ. тв.: Theme and variations. London; New York, 1972; Unfinished journey: [Autobiography]. London, 1977.

І.Менухін.

т. 10, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)