МАХНА́Ч Аляксандр Іванавіч (н. 27.8. 1922, в. Забалацце Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. драматург, празаік, публіцыст. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1960). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Брэсцкай крэпасці. З 1947 працаваў бібліятэкарам на Уздзеншчыне, у 1953—61 і 1963—66 — у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Дэбютаваў вершамі ў 1949. Выдаў зб-кі драм. твораў «Драматычныя мініяцюры» (1956), «Аднаактовыя п’есы» (1961), «Мы будзем жыць» (1967), «П’есы» (1974), «Не кажы: мая хата з краю...» (1980), «Няхай красуе жыццё» (1982) і інш. Піша для дзяцей, шмат увагі аддае асэнсаванню героікі Вял. Айч. вайны: гераічныя драмы «Шпачок» (паст. 1964), «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача ў 1972), дакумент. аповесці «Дзеці крэпасці» (1988), «Камандзір Усходняга форта» (1991). Складальнік зб. нарысаў «Людзі граніцы» (1989). Аўтар нарысаў па праблемах экалогіі, краязнаўству.

Тв.:

Нізок: Краязн. нарысы. Мн., 1998.

т. 10, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦЕ́ХІН Аляксей Анціпавіч (13.7. 1829, г. Кінешма Іванаўскай вобл., Расія — 29.10.1908),

рускі драматург, празаік. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1900). Скончыў Яраслаўскі Дзямідаўскі ліцэй (1849). Удзельнік літ.-этнагр. экспедыцыі 1856. У 1880-я г. займаўся тэатр. рэформамі, у 1882—90 кіраваў драм. трупамі Пецярбурга і Масквы. Друкаваўся з 1851. У «мужыцкіх» драмах «Суд людскі — не божы», «Шуба авечая — душа чалавечая» (абедзве 1854), «Чужое дабро не на карысць» (1855), рамане «Сялянка» (1853) ідэалізацыя патрыярхальнасці рус. вёскі, фалькл. і этнагр. матывы. Спроба аб’яднаць сац. і этычную праблематыку, паказаць грамадскія праблемы праз прызму маральных патрабаванняў у п’есах «Мішура» (1858), «Вакантнае месца» (паст. 1880), «Адрэзаны кусок» (1865; усе забараняліся цэнзурай) і інш. У аповесцях і апавяданнях 1870—80-х г. крытычнае стаўленне да сялянскай абшчыны. Аўтар раманаў «Крушынскі» (1856), «Каля грошай» (1876), «Маладыя парасткі» (1879), цыкла нарысаў «Вясковыя міраеды» (1880), тэатр. рэцэнзій і інш.

Тв.:

Избр. произв. Иваново, 1960.

т. 12, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫШЫ́НСКІ (Tyszyński) Аляксандр (21.5.1811, С.-Пецярбург — 5.11.1880),

польскі літаратуразнавец, крытык, празаік. Чл. АН у Кракаве (з 1873). Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829—38 жыў у в. Мясата (Маладзечанскі р-н) і Мінску. Адзін з заснавальнікаў (1841) і вядучых аўтараў час. «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка»). У 1866—69 выкладчык Гал. школы ў Варшаве. Апошнія гады жыцця правёў у Мясаце. Развіваў тэорыю рэгіянальных, у т. л. бел., школ у польскай л-ры. Упершыню яе абгрунтаваў у даследаванні «Пра школы ў польскай паэзіі», уключыў у яго свой раман у лістах «Амерыканка ў Польшчы» (1837). Матэрыялы пра літ. жыццё Беларусі ў асн. яго працах: «Даследаванні і крытыка» (т. 1—3, 1854), «Польскія вобразы» (1875), «Крытычныя працы» (т. 1—2, 1904). Аўтар «Гістарычнага нарыса асветы славян» (1841), «Дзённіка за 1829—1878 гг.», дзе падрабязна расказаў пра гады жыцця на Беларусі (лёс рукапісу невядомы).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 16, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НДЫС (Brandys) Казімеж (н. 27.10.1916, г. Лодзь, Польшча),

польскі празаік. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це. У раманах «Драўляны конь» і «Няскораны горад» (абодва 1946) адлюстраваў лёс і духоўныя пошукі польскай інтэлігенцыі. Партрэт маладога інтэлігента на фоне перадваен. і ваен. падзей стварыў у тэтралогіі «Паміж войнамі» (т. 1—4,1947—51), якую склалі раманы «Самсон», «Антыгона», «Трон — адкрыты горад», «Чалавек не памірае». Працэс станаўлення асобы прасачыў у рамане «Абывацелі» (1954). Маральна-філас. праблемы дамінуюць у зб-ках апавяданняў «Рамантычнасць» (1960), «Спосаб існавання» (1963), «Джокер» (1966), «Кірмаш» (1968), «Думка» (1974), «Ірэальнасць» (1977). У «Лістах да пані Z.» (т. 1—3, 1958—62) уражанні Брандыса ад падарожжа па краінах Еўропы. З 1981 на Захадзе, жыве ў Францыі. Аўтар дзённіка «Месяцы» (ч. 1—4, 1980—87), літ. эсэ «Характары і лісты» (1991).

Тв.:

Opowiadania. Warszawa, 1973;

Nowele filmowe. Warszawa, 1975;

Бел. пер. — Грамадзяне. Мн., 1958;

Рус. пер. — Между войнами Т. 1—2. М., 1957—58.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 3, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬЕ́ХА (Vallejo) Сэсар (16.3.1892, г. Сант’яга-дэ-Чука, Перу — 15.4.1938),

перуанскі празаік, паэт. У першым зб. вершаў «Чорныя геральды» (1918; бел. пер. Р.​Барадуліна, 1993) элементы паэтыкі лаціна-амер. мадэрнізму арганічна спалучаны з протаавангардысцкімі тэндэнцыямі і індзейскім фальклорам. У 1920—21 зняволены за ўдзел у сял. хваляваннях. У турме напісаў зб. «Трыльсе» (1922), вытрыманы ў традыцыях авангардысцкай паэзіі. З 1923 у эміграцыі (Францыя, Іспанія). У 1928 і 1931 наведаў СССР. Напісаў раман пра рабочых-індзейцаў «Вальфрам» і публіцыстычную кн. «Расія ў 1931 г.» (абодва 1931). Пад уражаннем грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 стварыў цыкл «Іспанія, няхай абмінае мяне чаша гэта» (выд. 1939). Сталая творчасць (зб. «Чалавечыя вершы», выд. 1939) характарызуецца прастатой і эмацыянальнасцю, спалучэннем авангардысцкага наватарства з сац. і агульначалавечай праблематыкай. Аўтар публіцыст. кн. «Супраць прафесійнай тайны», «Мастацтва і рэвалюцыя» (абедзве выд. 1973).

Тв.:

Рус. пер. — Черные герольды. М., 1966;

Избранное. М., 1984.

Літ.:

Сесар Вальехо: Биобиблиогр. указ. М., 1986.

К.​М.​Міхееў.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РА (Hora) Іосеф? (8.7.1891, м. Добржыні каля г. Роўдніцы, Чэхія — 21.6.1945),

чэшскі паэт, празаік. Нар. мастак Чэхаславакіі (1945). На яго раннія паэт. творы (зб. «Вершы», 1915) паўплывалі падзеі 1-й сусв. вайны. У 1018 — 20 адзін з тэарэтыкаў пралетарскага мастацтва і рэв. паэзіі. Аўтар зб-каў «Працоўны дзень» (1920), «Сэрца і хаос свету» (1922), «Бурлівая вясна» (1923), кнігі прозы «Сацыялістычная надзея» (1922), рамана «Галодны год» (1926) і інш. Зб-кі вершаў «Махоўскія варыяцыі», «Ціхія пасланні» (абодва 1936), «Родны дом» (1938), «Запіскі з немачы» (1945), паэма «Ян-скрыпач» (1939) прасякнуты філас. роздумам пра сэнс чалавечага існавання, лёс айчыны і чэш. народа. Перакладаў на чэш. мову вершы Я.​Купалы, А.​Пушкіна, М.​Лермантава, С.​Ясеніна. Напісаў арт. «Беларускія пісьменнікі ў Празе» (1927; пра Я.​Купалу, М.​Чарота, М.​Зарэцкага). Удзельнічаў у акцыях пратэсту супраць нац. і сац. ўціску ў Зах. Беларусі: На бел. мову яго творы перакладалі Х.​Жычка, С.​Панізнік і інш.

С.​С.​Панізнік.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДЖАЕ́ЎСКІ (Andrzejewski) Ежы (19.8.1909, Варшава — 19.4.1983),

польскі празаік і публіцыст. У 1927—31 вучыўся ў Варшаўскім ун-це. Першае апавяданне «Хлусня» (1932). Вядомасць прынесла аповесць «Лад сэрца» (1938). У зб. апавяд. «Ноч» (1945) адлюстраваў жыццё суайчыннікаў у час ням. акупацыі. Раман «Попел і дыямент» (1948; экранізацыя А.​Вайды, 1958) пра супярэчлівую грамадска-паліт. і маральную атмасферу ў пасляваеннай Польшчы. У метафарычных аповесцях «Цемра ахінае зямлю» (1957), «Брама раю» (1960) праблемы быцця чалавека ў складанай гіст. плыні часу, пошукі справядлівасці, веры, сэнсу існавання. У аповесці «Ужо амаль нічога» (1976) даследуе душэўны стан і памкненні мастака, у аповесці «Ніхто» (1983) праз міфалагічную прызму спрабуе асэнсаваць месца і прызначэнне чалавека ў Сусвеце. Яго творам уласцівы філасафічнасць, нетрадыцыйнае светаўспрамынне, экзістэнцыяльная праблематыка.

Тв.:

Popiół i diament. Warszawa, 1964;

Trzy opowieści: Ciemnści kryją ziemię. Bramy raju. Idzie skacząc po górach. Warszawa, 1973: Nikt. Warszawa, 1987;

Рус. пер. — Сочинения. Т. 1—2. М., 1990.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎТУШЭ́НКА Яўген Аляксандравіч (н. 18.7.1933, г. Зіма Іркуцкай вобл., Расія),

рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (1951—54). Друкуецца з 1949. Паэзія вызначаецца незалежнасцю пазіцыі, вострай пастаноўкай складаных маральных і сац. пытанняў, праблем грамадзянскасці, міжнар. палітыкі, гуманіст. і антываен. пафасам (зб-кі «Разведчыкі будучага», 1952, «Шаша энтузіястаў», 1956, «Яблык», 1960, «Інтымная лірыка», 1973, «Зварка выбухам», 1980, «Грамадзяне, паслухайце мяне...», 1989, і інш., паэмы «Брацкая ГЭС», 1965, «Мама і нейтронная бомба», 1982, за апошнюю Дзярж. прэмія СССР 1984). Выступае як празаік, публіцыст і крытык (зб-кі артыкулаў «Талент ёсць цуд невыпадковы», 1980, «Пункт апоры», 1981, раманы «Ягадныя мясціны», 1982, «Не памірай пасля смерці», 1993). Паставіў фільмы «Дзіцячы сад» (1984), «Пахаванне Сталіна» (1991), здымаўся ў іх. На бел. мову творы Е. перакладалі Р.​Барадулін, А.​Вольскі, А.​Вярцінскі, В.​Макарэвіч, У.​Нядзведскі і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1983—84;

Нет лет. СПб., 1993;

Мое самое-самое. М., 1995.

Я.А.Еўтушэнка.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РПАЎ Уладзімір Барысавіч (13.2.1912, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 6.8.1977),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1941). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Звязда», «Советская Белоруссия», «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя». Літ. дзейнасць пачаў у 1944 як крытык. Аўтар зб-каў літ.-крытычных артыкулаў «Па шляху сталасці» (1952), «Крылаты ўзлёт» (1966). З 1949 выступаў як празаік. Творы прысвечаны барацьбе бел. партызан і падпольшчыкаў Мінска супраць ням.-фаш. захопнікаў, жыццю рабочых і інтэлігенцыі: аповесць «Без нейтральнай паласы» (1949), раманы «За годам год» (1955—56), «Вясеннія ліўні» (1959—60), «Нямігі крывавыя берагі» (1962), «Сотая маладосць» (1969). Аўтар кн. ўспамінаў і апавяданняў «Прызнанне ў нянавісці і любві» (1976). Даследаваў творчасць К.​Чорнага, М.​Лынькова, К.​Крапівы.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1983—85.

Літ.:

Успаміны пра Уладзіміра Карпава. Мн., 1991;

Грамовіч І. Адчуваў пульс жыцця // Грамовіч І. У сховах памяці і сэрца. Мн., 1983;

Грахоўскі С. Недапіты бярозавік // Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986;

Дзюбайла П. У вялікай дарозе. Мн., 1981.

У.Б.Карпаў.

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРО́ЧКА Мікола (Мікалай Мікалаевіч; н. 10.12.1930, в. Вецявічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт, літ.-знавец, крытык, празаік, перакладчык. Д-р філал. н. (1981). Скончыў БДУ (1956). З 1966 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1949. Першы зб. паэзіі «Не ўсе лугі пакошаны...» (1958). У паэзіі Арочкі спалучаюцца лірызм, задушэўнасць інтанацый, роздум пра мінулае Бацькаўшчыны, трагізм вайны, што апаліла маленства паэта, складаныя праблемы сучаснасці (зб. «Ветраломная паласа», 1962; «Крылатае семя», 1967; «Кветкі бяссмертніка», 1972; «Матчына жыта», 1978; «Падземныя замкі», 1986). Адрадзіў у сучаснай бел. л-ры жанр драм. паэмы («Курганне», 1980; «Крэва», 1982; «Шляхі і краты», 1984; «Судны дзень Скарыны», 1991). Аўтар аповесці «Хай расце маладая таполя» (1963), зб. вершаў для дзяцей «У птушынай вёсцы» (1964). Даследуе сучасную бел. паэзію, жанр паэмы, літ. ўзаемасувязі (кн. «Валянцін Таўлай», 1969; «Сучасная беларуская паэзія», 1976; «Беларуская савецкая паэма», 1979; «Максім Танк», 1984; «Пад высокай зоркай: Паэзія М.​Ю.​Лермантава ў творчым лёсе Аркадзя Куляшова», 1990).

Тв.:

Колас на ржышчы: Выбр. Мн., 1980;

Памяць зярнятаў: Выбр. Мн., 1991.

І.​У.​Саламевіч.

М.Арочка.

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)