ЕЎТУШЭ́НКА (Яўген Аляксандравіч) (н. 18.7.1933, г. Зіма Іркуцкай вобл., Расія),
рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1951—54). Друкуецца з 1949. Паэзія вызначаецца незалежнасцю пазіцыі, вострай пастаноўкай складаных маральных і сац. пытанняў, праблем грамадзянскасці, міжнар. палітыкі, гуманіст. і антываен. пафасам (зб-кі «Разведчыкі будучага», 1952, «Шаша энтузіястаў», 1956, «Яблык», 1960, «Інтымная лірыка», 1973, «Зварка выбухам», 1980, «Грамадзяне, паслухайце мяне...», 1989, і інш., паэмы «Брацкая ГЭС», 1965, «Мама і нейтронная бомба», 1982, за апошнюю Дзярж. прэмія СССР 1984). Выступае як празаік, публіцыст і крытык (зб-кі артыкулаў «Талент ёсць цуд невыпадковы», 1980, «Пункт апоры», 1981, раманы «Ягадныя мясціны», 1982, «Не памірай пасля смерці», 1993). Паставіў фільмы «Дзіцячы сад» (1984), «Пахаванне Сталіна» (1991), здымаўся ў іх. На бел. мову творы Е. перакладалі Р.Барадулін, А.Вольскі, А.Вярцінскі, В.Макарэвіч, У.Нядзведскі і інш.