ЧАСЦІ́НЫ МО́ВЫ,

лексіка-граматычныя класы слоў, якія характарызуюцца адзінствам абагульненага значэння, агульнасцю грамат. катэгорый і асаблівасцей словазмянення, характарам спалучальнасці з інш. словамі, асн. сінтакс. функцыямі і спосабамі словаўтварэння. Аднясенне слова да пэўнай Ч.м. грунтуецца на аснове ўсіх пералічаных адзнак, але не ўсе яны маюць аднолькавую значнасць. Кожная Ч.м. мае свае спецыфічныя асаблівасці, якія адрозніваюць яе ад інш. Ч.м., і аб’ядноўвае вял. групу слоў з розным лексічным значэннем.

Арыстоцель у 4 ст. да н.э. падзяляў усе словы грэч. мовы на 4 Ч.м.: імя, дзеяслоў, член і злучнік (звязка). Пазней у грэч. і лац. граматыках было вылучана 8 Ч.м.: (імя, дзеяслоў, дзеепрыметнік, член, займеннік, прыназоўнік, прыслоўе, злучнік). Гэта класіфікацыя з нязначнымі зменамі перайшла ў зах.-еўрап. граматыкі, а таксама ў рус. і бел. грамат. працы (М.​Сматрыцкі, М.​В.​Ламаносаў). Рус. вучоныя (А.​А.​Патабня, П.​Ф.​Фартунатаў, А.​А.​Шахматаў, Л.​У.​Шчэрба, В.​У.​Вінаградаў) развілі вучэнне аб Ч.м., удакладнілі іх класіфікацыю. У сучасных бел. граматыках традыцыйна вылучаюць 10 Ч.м.: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, часціцы, выклічнік. Ч.м. падзяляюцца напаўназначныя (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, прыслоўе) і непаўназначныя (службовыя — прыназоўнік, злучнік, часціцы); выклічнік знаходзіцца па-за межамі гэтага падзелу. Сярод паўназначных Ч.м. вылучаюцца ўказальныя словы (займеннікі), якія не называюць прадметаў, прыкмет ці колькасці, а толькі ўказваюць на іх. Астатнія паўназначныя Ч.м. адносяцца да знамянальных. Прыведзеная класіфікацыя Ч.м. пабудавана не на адзінай лагічнай аснове і не ахоплівае ўсе класы слоў. У сучасным мовазнаўстве вядуцца пошукі новай класіфікацыі, абмяркоўваецца правамернасць вылучэння ў асобныя марфал. класы мадальных слоў («відаць», «пэўна»), слоў катэгорыі стану («холадна», «трэба»), звязак («ёсць», «быць»), гукаперайманняў («ку-ку», «гаў-гаў»). Паміж Ч.м. заўсёды адбываецца ўзаемадзеянне, адна Ч.м. можа пераходзіць у другую, што абумоўлена зменай сінтакс. функцыі: прыметнікі — у назоўнікі («рабочыя працуюць на заводзе»), прыслоўі — у прыназоўнікі («ходзіць вакол возера») і г.д.

Літ.:

Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1969;

Виноградов В.В. Русский язык. 2 изд. М., 1972;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 17, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гару́чы, рус. горю́чий. У бел. мове фіксуецца, здаецца, толькі ў БРС, таму можна меркаваць, што гэта, магчыма, запазычанне з рус. мовы. Па паходжанню гэта дзеепрыметнік ад *gorěti: *gorǫt‑i̯‑ь‑ (з другаснай палаталізацыяй: ‑r‑ > ‑rʼ‑). Параўн. Шанскі, 1, Г, 144.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліго́мы ’распешчаны’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Паводле ілюстрацыі бліжэй было б значэнне ’пераборлівы’. Па форме — дзеепрыметнік з суф. ‑ом‑ (як лакомы, ядомы). Да ляжаць (гл.). На значэнне, відавочна, уплывала лексема лігуміны ’ласункі, саладосці’ (Вешт.), якая з польск. legumina ’салодкая, мучная ежа’ і інкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пітомы 1 ’тоўсты, празмерны, насычаны’ (Булг.). Дзеепрыметнік залежнага стану цяп. часу ад піта́ць (гл.), ст.-бел. питомъ < *pitati ’карміць, гадаваць, выхоўваць’. Да нітавацца (гл.).

Пітомы 2, у словазлучэнні пітома горла ’стрававод’ (Сл. ПЗБ) — ’горла, праз якое падаецца страва, корм’. Гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стука́н ‘вельмі высокі чалавек’ (Мат. Маг.). Параўн рус. истука́н ‘ідал, бажок’, што з стараж.-рус., ц.-слав. истуканъ ‘які выразаны, высечаны’, залежны дзеепрыметнік прош. ч. ад истукати ‘высякаць, выразаць з дрэва, каменя’, якое звязана чаргаваннем галосных з тъкнѫти ‘ткнуць’ (гл. тыкаць) (Фасмер, 2, 144).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гара́чы. Рус. горя́чий, укр. гаря́чий, горя́чий, польск. gorący чэш. horoucí, серб.-харв. (старое) го̀рӯћ, ст.-слав. горѧ (gen. sg. горѧшта, горѫшта). Прасл. *gorǫt‑ (секундарнае *goręt‑) — дзеепрыметнік да *gorěti ’гарэць’. У некаторых слав. мовах ён зрабіўся прыметнікам. Гл. Слаўскі, 1, 319; Шанскі, 1, Г, 145. Параўн. гара́чка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Салёны ’які ўтрымлівае ў сабе соль, насычаны соллю’, ’прыпраўлены соллю, занадта пасолены’, ’прыгатаваны ў запас з соллю, у салёным растворы’ (ТСБМ, ТС, Сцяшк. МГ). Рус. солёный ’тс’. Руск.-бел. інавацыя ад соль; параўн. салоны, або першапачатковы залежны дзеепрыметнік мін. ч. ад саліць, які потым стаў прыметнікам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суку́пны ’сумесны, агульны, аб’яднаны’ (ТСБМ). Дзеепрыметнік, утвораны ад дзеяслова ку́піць ’збіраць у адно’ (Ласт.) з прыст. су-; аднак адсутнасць утварэнняў тыпу *сукупіць або *сукупа схіляе да думкі пра няпоўную кальку з рус. совокупный ’агульны, злучаны ў адно’ (з ц.-слав., гл. Фасмер, 3, 705). Гл. купа 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аста́цца. Праслав. ostati sę — зваротная форма да *o‑stati, o‑staviti, утворанага з прэфіксальным o‑ ад дзеяслова *stati (> стаць). Ад гэтага дзеяслова ўтвораны дзеепрыметнік остатъ, адкуль астатак (остатъкъ) (КЭСРЯ, 316) і астача (*остатја). Параўн. падаць, падатак, падача. Дзеепрыметнік даў аснову і для ўтварэння з суфіксам ‑ьн‑ прыметніка остатьний > астатні ’апошні’ (Булахаў, Працы IM, 7, 142; Анічэнка, Праблемы філал., 9). Ад остатъкъ утворана остаточьныи (Карскі, Труды, 372; Булахаў, Працы IM, 7, 141) і астаткавы (остатък‑ов‑ъ); ст.-бел. остатечный ’апошні’ — з польскай (Гіст. лекс., 96), дзе ъ > е. Ад гэтага ж дзеяслова ўтворана было осталь ’тое, што засталося’ (Даль; гл. КЭСРЯ, 315), адкуль астальцы ’астатак’ (Касп.), ст.-рус. остальць ’той, што застаўся’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́лы ‘салідны, дарослы’, ‘грунтоўны’, ‘пастаянны, нязменны’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Федар. 4, Сержп. Прымхі, Варл.). Укр. ста́лий, польск. stały ‘пастаянны, нязменны’, чэш. stalý, славац. stály, серб.-харв. ста́лан, славен. stȃlen ‘тс’. Да стаць, першапачаткова незалежны дзеепрыметнік прошлага часу; гл. Сной₁, 604.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)