Дзеепрыметнік 2/225; 4/190, 198; 9/558; 10/40

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕЕПРЫМЕ́ТНІК,

неспрагальная дзеяслоўная форма з асаблівасцямі дзеяслова і прыметніка. Абазначае дзеянне як прыкмету або ўласцівасць прадмета, што выяўляюцца ў часе. У сучаснай бел. мове Дз. захоўвае дзеяслоўнае кіраванне, мае формы незакончанага і закончанага трывання («сушаны», «высушаны»), цяперашняга і прошлага часу («утвараючая», «высахлая»), залежнага і незалежнага стану («засеянае», «засеяўшае»), а таксама роду, ліку і склону, якія выражаюцца тымі самымі грамат. сродкамі (канчаткамі), што і ў прыметніках. Дз. цяперашняга часу ўтвараюцца суфіксамі «-уч-(-юч-)», «-ач-(-яч-)» і «-ом-(-ем-)», «-ш-(-ым-)»; прошлага часу — суфіксамі «-ўш-», «-ш-», «-л-», «-н-(-ен-, -ан-, -ян-)» і «-т-». Яны могуць мець поўную і кароткую форму («збудаваны» — «збудован»).

Літ.:

Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968. С. 54—61;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕЯСЛО́Ў,

знамянальная часціна мовы, якая абазначае працэс, што адбываецца ў часе. Паняцце працэсу аб’ядноўвае прыватныя значэнні фіз. дзеяння, руху, перамяшчэння, стану, адносін, выяўлення ці змены прыкметы. У бел. мове Дз. мае формы стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку, зваротнасці і незваротнасці (гл. адпаведныя арт.). Дз. ўмоўнага ладу і прошлага часу абвеснага ладу маюць род — мужчынскі, жаночы, ніякі («ішоў», «ішла», «ішло»). Неспрагальныя формы Дз. — інфінітыў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе. Асобную групу складаюць безасабовыя Дз. («світае», «пацяплела», «шанцуе»).

У старабел. мове закончанае і незакончанае трыванні не проціпастаўляліся, але было болей форм часу (перфект. аорыст. плюсквамперфект, будучы I, будучы II і інш.), якія паказвалі закончанасць ці працягласць дзеяння; часцей ужываліся дзеепрыметнікі. Словаўтварэнне Дз. у сучаснай бел. мове надзвычай багатае прэфіксацыяй («ехаць — аб’ехаць — выехаць — даехаць — з’ехаць — наехаць — недаехаць — паехаць — пераехаць — прыехаць — уз’ехаць» і г.д.). Асн. сінтаксічная роля Дз. — быць выказнікам. Інфінітыў, дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе выступаюць і ў ролі інш. членаў сказа. У залежнасці ад адносін да аб’екта Дз. падзяляюцца на пераходныя, якія спалучаюцца з прамым дапаўненнем («будаваць дом», «выпіць квасу», «гандляваць агароднінай»), і непераходныя («ісці», «бялець», «сталярнічаць»).

Літ.:

Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 6, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗНАЧЭ́ННЕ ў граматыцы,

даданы член сказа, які паясняе словы з прадметнымі значэннямі, называючы прыкмету прадмета (яго якасць, форму, памер, матэрыял, адносіны да інш. прадметаў і г.д.). У бел. мове азначэнні падзяляюцца на дапасаваныя (сінтаксічная сувязь — дапасаванне, сродкі выражэння — прыметнік, дзеепрыметнік, займеннік, лічэбнік: «зялёная ялінка», «бацькава парада», «неадасланае пісьмо», «нашы сябры», «трэці год») і недапасаваныя (сінтаксічная сувязь — прымыканне, сродкі выражэння — назоўнік ва ўскосных склонах часам з прыназоўнікам, займеннік, інфінітыў, прыслоўе, а таксама словазлучэнні розных тыпаў: «дом восем», «дарога бацькоў», «дзяўчынка з бантам», «яе клопат», «імкненне вучыцца», «паварот налева», «стары высокага росту»). Асобная форма азначэнняў — прыдатак.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРФЕ́КТ (ад лац. perfectus закончаны),

складаная дзеяслоўная форма прошлага часу індаеўрапейскіх моў, існуе і цяпер у некат. слав. мовах. У стараж.-рус. мове ўтвараўся спалучэннем дапаможнага дзеяслова «быти» ў формах цяперашняга часу з актыўным дзеепрыметнікам прошлага часу на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Абазначаў дзеянне або стан, вынікі якога захоўваюцца ў момант гутаркі: «азъ есмь пришелъ — я прыйшоў» (і цяпер знаходжуся тут). У бел. мове з развіццём трывальных адрозненняў у дзеяслова П. выцесніў з ужытку аорыст і імперфект, увабраў у сябе іх значэнні і стаў асн. формай для выражэння ўсіх адценняў мінулага дзеяння. Паступова страціў дапаможны дзеяслоў, дзеепрыметнік на «-л» увайшоў у парадыгму дзеяслова, пачаў успрымацца як форма прошлага часу, суадносная з формамі цяперашняга і будучага часу: «пішу — буду пісаць — пісаў». Канцавое «-л» у формах мужч. роду адз. л. ў вымаўленні змянілася на «ў»: «былъ — быў», «далъ — даў». На пісьме гэта з’ява адлюстравалася толькі ў 19 ст.

А.​І.​Жураўскі.

т. 12, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКРАІНІ́ЗМ,

слова і форма слоў, запазычаныя бел. мовай з украінскай мовы.

У бел. пісьмовай мове вядомы з 15 ст. Рэалізаваліся ў змяшэнні «ы—и» [«печаты (и)», «влади (ы)-ка]; «ь—и» [«види(ъ)ти», «терпи(ъ)ти»]. Трапляюцца ў помніках стараж. перыяду, што ўзніклі на аснове ўкр. крыніц, напр., камянецкая «Чэцця-мінея» (1489). Узбагачэнне бел. лексікі У. найб. інтэнсіўна адбывалася з 1-й пал. 17 ст. (пасля перамяшчэння цэнтра правасл. культуры з Вільні ў Кіеў), праз помнікі, створаныя на суседняй з Украінай паўд.-зах. тэр. Беларусі, напр., Мазырскі спіс «Александрыі» (1697), Маскоўскі (бел.) спіс «Дыярыуша» Афанасія Філіповіча (1638—48). Пранікненню ў бел. помнікі У. садзейнічалі пісьменнікі, якія паходзілі з Украіны, але стваралі свае творы на бел. землях, напр. «Евангелле вучыцельнае» (1616) і «Казанне пахвальнае» (1620) М.​Сматрыцкага У некат. бел. помнікі траплялі словы з укр. агаласоўкай («котрий», «що», «сокіра»), а таксама лексічныя і словаўтваральныя У. («бучный» — раскошны, «зволокати» — адцягваць, марудзіць, «прохати» — прасіць, «шадок» — нашчадак). У 1920-я г. пры распрацоўцы бел. навук. тэрміналогіі некат. тэрміны бел. мовы ўтвараліся паводле ўкр. узораў: грамадска-паліт. («барацьба», «барацьбіт»), лінгвістычныя («дзеяслоў», «дзеепрыметнік», «займеннік», «дзеепрыслоўе», «чаргаванне»), бел. геагр. назвы ва ўкр. агаласоўцы («Мінск—Мънскъ, Пінск—Пьнскъ). Лексічныя У., звязаныя з абазначэннем спецыфічна ўкр. (сучасных і гіст.) рэалій, захоўваюцца ў перакладах з укр. мовы. Напр., у перакладах Я.​Купалы твораў Т.​Шаўчэнкі на бел. мову трапляюцца У. «байдак», «байрак», «гайдамак», «кабзар» і інш. Традыцыі ўкр. мовы аказаліся найб. устойлівымі ў бел. нар.-гутарковым маўленні (на ПдЗ), чым у літ. мове: «доня» — дачка, «худоба» — жывёла.

Літ.:

Булахаў М.Г. Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі. Мн., 1958;

Анічэнка У.В. Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі. Мн., 1969.

У.​В.​Анічэнка.

т. 16, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСЦІ́НЫ МО́ВЫ,

лексіка-граматычныя класы слоў, якія характарызуюцца адзінствам абагульненага значэння, агульнасцю грамат. катэгорый і асаблівасцей словазмянення, характарам спалучальнасці з інш. словамі, асн. сінтакс. функцыямі і спосабамі словаўтварэння. Аднясенне слова да пэўнай Ч.м. грунтуецца на аснове ўсіх пералічаных адзнак, але не ўсе яны маюць аднолькавую значнасць. Кожная Ч.м. мае свае спецыфічныя асаблівасці, якія адрозніваюць яе ад інш. Ч.м., і аб’ядноўвае вял. групу слоў з розным лексічным значэннем.

Арыстоцель у 4 ст. да н.э. падзяляў усе словы грэч. мовы на 4 Ч.м.: імя, дзеяслоў, член і злучнік (звязка). Пазней у грэч. і лац. граматыках было вылучана 8 Ч.м.: (імя, дзеяслоў, дзеепрыметнік, член, займеннік, прыназоўнік, прыслоўе, злучнік). Гэта класіфікацыя з нязначнымі зменамі перайшла ў зах.-еўрап. граматыкі, а таксама ў рус. і бел. грамат. працы (М.​Сматрыцкі, М.​В.​Ламаносаў). Рус. вучоныя (А.​А.​Патабня, П.​Ф.​Фартунатаў, А.​А.​Шахматаў, Л.​У.​Шчэрба, В.​У.​Вінаградаў) развілі вучэнне аб Ч.м., удакладнілі іх класіфікацыю. У сучасных бел. граматыках традыцыйна вылучаюць 10 Ч.м.: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, часціцы, выклічнік. Ч.м. падзяляюцца напаўназначныя (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, прыслоўе) і непаўназначныя (службовыя — прыназоўнік, злучнік, часціцы); выклічнік знаходзіцца па-за межамі гэтага падзелу. Сярод паўназначных Ч.м. вылучаюцца ўказальныя словы (займеннікі), якія не называюць прадметаў, прыкмет ці колькасці, а толькі ўказваюць на іх. Астатнія паўназначныя Ч.м. адносяцца да знамянальных. Прыведзеная класіфікацыя Ч.м. пабудавана не на адзінай лагічнай аснове і не ахоплівае ўсе класы слоў. У сучасным мовазнаўстве вядуцца пошукі новай класіфікацыі, абмяркоўваецца правамернасць вылучэння ў асобныя марфал. класы мадальных слоў («відаць», «пэўна»), слоў катэгорыі стану («холадна», «трэба»), звязак («ёсць», «быць»), гукаперайманняў («ку-ку», «гаў-гаў»). Паміж Ч.м. заўсёды адбываецца ўзаемадзеянне, адна Ч.м. можа пераходзіць у другую, што абумоўлена зменай сінтакс. функцыі: прыметнікі — у назоўнікі («рабочыя працуюць на заводзе»), прыслоўі — у прыназоўнікі («ходзіць вакол возера») і г.д.

Літ.:

Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1969;

Виноградов В.В. Русский язык. 2 изд. М., 1972;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 17, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)