БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ГАСПАДА́РКІ І КУЛЬТУ́РЫ (БІГіК),

арганізацыя культ.-асв. і гасп. кірунку ў Зах. Беларусі. Дзейнічаў з чэрв. 1926 да 4.12.1936 як філіял Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Стваральнікі і кіраўнікі А.​Станкевіч, Ф.​Ярэміч, В.​Багдановіч, У.​Казлоўскі, В.​Рагуля, В.​Гадлеўскі, А.​Уласаў. Асн. мэта — арганізацыя культ.-асв. працы і гасп. дзейнасці праз стварэнне бібліятэк, клубаў, с.-г. кааператываў, забеспячэнне сялян с.-г. тэхнікай і пашырэнне с.-г. ведаў. У сярэдзіне 1927 БІГіК налічваў 52 гурткі, у 1934—35 — 80 гурткоў (аб’ядноўвалі каля 1,2 тыс. чал.) у Віленскім, Браслаўскім, Дзісенскім, Вілейскім, Ашмянскім, Лідскім і Баранавіцкім пав. Іх уплыў пашыраўся на частку бел. інтэлігенцыі і сялянства пераважна каталіцкага веравызнання. Кіраўніцтва БІГіК знаходзілася ў канфрантацыі з КПЗБ, рэв.-дэмакр. арг-цыяй Беларуская сялянска-работніцкая грамада, культ.-асв. арг-цыяй Таварыства беларускай школы (ТБШ). У пач. 1936 па ініцыятыве ЦК КПЗБ на глебе барацьбы за школу на роднай мове намецілася супрацоўніцтва паміж ТБШ і БІГіК. У канцы 1936 дзейнасць БІГіК забаронена польскімі ўладамі.

У.​Ф.​Ладысеў.

Гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў в. Жодзішкі (Смаргонскі раён).

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

апане́нт, а, М ‑нце, м.

Той, хто выступае на публічным дыспуце, у публічнай спрэчцы з абвяржэннем чыіх‑н. доказаў, палажэнняў і пад. І вось Кухарчыкава дысертацыя гатова. Яна ляжыць у галоўнага апанента, доктара навук, прафесара Мітрафана Іванавіча Сініцкага. Сабаленка. // Наогул той, хто выступае як праціўнік у спрэчцы. Багдановіч быў не так вучань Карскага, як яго паплечнік і апанент. Лойка.

[Ад лац. opponens, opponentis — які пярэчыць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КЛЯШТО́РНЫ (Тодар Тодаравіч) (11.3.1903, в. Парэчча Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 30.10.1937),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1931). Працаваў на Бел. радыё, у рэдакцыях газет і часопісаў. Чл. літ. арг-цый «Маладняк», «Узвышша», БелАПП. У 1936 арыштаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб-каў вершаў «Кляновыя завеі» (1927), «Светацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Праз шторм, на штурм» (1934), паэмы «Палі загаманілі» (1930). Паэма «Калі асядае муць» (1927—28) як водгук на грамадскую сітуацыю канца 1920-х г. выклікала вострую палеміку. Уласцівая К. схільнасць да імпрэсіяністычнай вобразнасці захавала яго паэзію ад выраджэння ва «ўдарніцкую», не растварыла ў агульнапрынятай «пралеткультаўскай» паэтыцы непаўторнасць яго творчай індывідуальнасці і светаадчування. На бел. мову пераклаў паасобныя творы М.​Асеева, А.​Безыменскага, У.​Маякоўскага і інш. На вершы К. напісаны песні І.​Івановым, М.​Равенскім.

Тв.:

Залатое вязьмо: Выбр. вершы. Мн., 1960;

Выбр. вершы. Мн., 1970.

І.​Э.​Багдановіч.

Т.Т.Кляшторны.

т. 8, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНДЭ́ЛЬ (франц. rondel ад rond круг),

верш з 13 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. Дзеліцца на 3 страфы — два 4-радкоўі і адно 5-радкоўе. Два першыя радкі верша паўтараюцца ў канцы другога 4-радкоўя, а першы — і ў канцы Р. Узнік у старафранц. паэзіі, потым перайшоў у англ. і інш. еўрап. л-ры. У канцы 19 — пач. 20 ст. яго выкарыстоўвалі сімвалісты. У бел. л-ру ўвёў М.​Багдановіч:

Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах

Ля склепу. Часам лёгкі пах
Сюды даносіцца ад рожы.
Паўсюль крыжы, вянкі...
Чаго жа Тут, дзе магілы, сцень і прах,
Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах?

І ціха думаў я: быць можа,
Любоў, палёгшы у трунах,
Перамагла і смерці жах!
Спачніце ж! Вечна на старожы
Амур і сумны і прыгожы.
(«На могілках»).

У сучаснай бел. паэзіі не атрымаў пашырэння.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

су́ма, ‑ы, ж.

1. Лік, які атрымліваецца ў выніку складання дзвюх або некалькіх велічынь. Сума двух лікаў.

2. Агульная колькасць, сукупнасць чаго‑н. Багдановіч класічна выкарыстоўваў і першы і другі сродак [метафару і эпітэт], абапіраючыся на суму сродкаў, а не на паасобныя з іх. Лойка. У суме дзесяці відаў праграмы юнак устанавіў новы рэкорд рэспублікі. Шыцік.

3. Пэўная колькасць грошай. [Вера Паўлаўна:] А большую суму на будаўніцтва вы не маглі вылучыць? Крапіва.

•••

Круглая (кругленькая) сума — пра вялікія грошы.

[Лац. summa.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́вар, а і ‑у, м.

1. а. Дрэва сямейства кляновых з вялікімі пяцілопасцевымі лістамі; белы клён (у Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўнае дрэва ў парках і садах). Каля сцежкі пахіліўся явар да каліны. Багдановіч. / ‑у, у знач. зб. Пасадка явару.

2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Паркет з явару.

3. ‑у. Абл. Аер. [Рэчка] нешырокая, з нізкімі берагамі, якія густа зараслі яварам, сітнягом і чаротам. Якімовіч. Не шумі, човен, па явару, не пужай качак маладзенькіх. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАЙХРО́ВІЧ (Сцяпан Казіміравіч) (21.6.1908, в. Старэва Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 1.7.1981),

бел. літ.знавец і крытык. Канд. філал. н. (1959). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1941). У 1944—48 дырэктар Дзярж. выд-ва Беларусі, у 1951—54 гал. рэдактар Вучэбна-пед. выд-ва Беларусі, у 1959—70 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Асн. працы прысвечаны бел. л-ры 19 ст., помнікам стараж. пісьменнасці, якія разглядаў у плане бел.-рус. і бел.-польскіх культ. кантактаў. Аўтар «Нарыса беларускай літаратуры XIX ст.» (1957), «Нарыса гісторыі старажытнай беларускай літаратуры XIV—XVIII ст.» (1980), кніг, прысвечаных бел. культ.-асветным дзеячам і пісьменнікам.

Тв.:

Янка Лучына. Мн., 1952;

В.​І.​Дунін-Марцінкевіч. Мн., 1955;

Максім Багдановіч: Жыццё і творчасць. Мн., 1958;

Жизнь и творчество Ф.​Богушевича. Мн., 1961;

Янка Брыль. Мн., 1961;

Георгій Скарына. Мн., 1966;

Слова аб палку Ігаравым. Мн., 1968;

Прыказкі і прымаўкі: Гіст. нарыс. Мн., 1976;

Іван Шамякін. Мн., 1978.

А.​С.​Ліс.

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКАВЕ́Ц (Віктар Пятровіч) (н. 5.8.1947, г. Докшыцы Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). Для твораў характэрны адзінства кампазіцыйнага вырашэння і колеравых нюансаў, строгая акрэсленасць малюнка. Аўтар тэматычных кампазіцый «Беларускія нафтавікі» (1972), «Палескі матыў» (1973), «Свята ў Докшыцах», «Купалле» (абедзве 1976), «Парк Перамогі» (1980), «Партызанская кузня» (1984), «Крыніца» (1991), «Сакавік. Вайшкуны» (1997), «Цёплы вечар» (1999); серыі «Кастусь Каліноўскі» (1970-я г.), партрэтаў бабулі (1976), «Дзед Алесь і бабка Марыля», А.​Пупко, П.​Сергіевіча (усе 1978), «Марыя Багдановіч з сынам Максімам» (1981—82), бацькоў Я.​Купалы і Я.​Коласа (ўсе 1982), У.​Сыракомлі, «В.​Дунін-Марцінкевіч з дачкой Камілай» (абодва 1983), С.​Кібіцкага (1991); пейзажаў «Рака Бярэзіна каля Докшыц», «Камяні пад Докшыцамі» (1991); нацюрмортаў, трыпціха «Спакон вякоў» (1982). У 1990-я г. стварыў карціны, прысвечаныя Заслаўю, маляваныя дываны. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Іл. гл. таксама да арт. Нацюрморт.

В.​Я.​Буйвал.

В.Маркавец. Заслаўе 9—11 ст. 1992.

т. 10, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЙКА,

невялікі фабульны, найчасцей вершаваны твор сатыр. або павучальнага зместу, у якім у алегарычнай форме адлюстраваны жыццёвыя з’явы, паводзіны людзей; блізкая да прытчы і апалога. Звычайна персанажамі байкі выступаюць жывёлы, расліны, рэчы, радзей людзі, а сам твор суправаджаецца абавязковай «мараллю», якая выяўляе яго асн. сэнс.

Як жанр вядома са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі байкі стварыў Эзоп (6 ст. да нашай эры), у Рыме — Федр (1 ст. нашай эры). З байкапісцаў пазнейшага часу найб. вядомыя Ж.Лафантэн і І.Крылоў. У бел. л-ры байка ўзнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. Першыя спробы ў гэтым жанры належаць Ф.​Багушэвічу («Воўк і авечка», «Свіння і жалуды») і А.​Абуховічу («Ваўкалак», «Старшына»). Пасля рэвалюцыі 1905—07, калі бел. прагрэс. творам цяжка было абысці цэнзурныя перашкоды, да байкі звярнуліся Я.​Купала («Мікіта і валы», «Два мужыкі і глушэц»), Я.​Колас («Конь і сабака», «Пастух і авечкі»), М.​Багдановіч («Варона і чыж»); празаічныя байкі пісаў Ядвігін Ш. («Павук», «Журавель і чапля»). Высокай дасканаласці бел. байка дасягнула ў творчасці К.​Крапівы. У жанры байкі плённа працавалі У.​Корбан, Э.​Валасевіч, М.​Скрыпка і інш.

Літ.:

Казека Я. Беларуская байка // Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАНІ́М (ад псеўда... + грэч. onyma імя),

подпіс ці імя, якімі асоба замяняе сваё сапраўднае прозвішча (імя). Найб. пашыраны ў літаратараў, журналістаў, мастакоў, дзеячаў т-ра, кіно і інш. Прычыны з’яўлення П. розныя: праследаванні цэнзуры, немілагучнасць сапр. прозвішча, наяўнасць аднолькавых прозвішчаў, саслоўныя забабоны, боязь правалу ў маст. творчасці, жаданне захаваць інкогніта, падкрэсліць якія-н. свае асабістыя якасці ці прадставіць сябе іншым, чым ў сапраўднасці (літ. маска). Літ. П. можа лічыцца адным з відаў літ. містыфікацый.

Вядомы са старажытнасці. У некат. асоб акрамя асн. было шмат інш. П. (у Вальтэра болей за 160, у Кацусікі Хакусая болей за 10). Часам П. далучаліся да асн. прозвішча (М.​Салтыкоў-Шчадрын), многія сталі сталым аўтарскім імем (Мальер, Стэндаль, М.​Горкі, Чымабуэ). П. могуць паказваць на нацыянальнасць (Леся Украінка), месца нараджэння асобы або яе жыхарства (Дз.​Мамін-Сібірак, Леанарда да Вінчы), рысу характару і перакананні (Павел Беспашчадны) або творчасці (Наваі, г.зн. меладычны). Існуюць калектыўныя П. (Казьма Пруткоў, Кукрыніксы). Ёсць П. з мэтай маскіроўкі, каб прыпісаць асобам неўласцівыя ім якасці: жанчынам — мужчынскі пол (Жорж Санд), інш. нацыянальнасць (Гіём Апалінэр — В.​А.​Кастравіцкі), іншую прафесію (Пасічнік Руды Панько — М.​Гогаль) і інш. Вядомы гумарыстычныя П. (Зубаскал — Ф.​Дастаеўскі, Гайка №6 — А.​Чэхаў, Кабзар Дармаграй — Т.​Шаўчэнка).

На Беларусі П. пачалі ўжывацца з 16 ст. ў палемічнай л-ры: Стафана Куколя (Тустаноўскага) — Стафан Зізаній, Марціна Бранеўскага — Хрыстафор Філалет, Мялеція Сматрыцкага — Тэафіл Арфалог і інш. Інтэнсіўнае пашырэнне П. ў прэсе Беларусі назіраецца з 2-й пал. 19 ст. А.​Вярыга-Дарэўскі выдаў у Магілёве паэму «Гутарка пра сваяка» (1858), падпісаную «Białoruska Duda», газ. «Мужыцкая праўда» К.​Каліноўскі падпісваў «Jaśko — haspadar s pad Wilni». Шмат П. у народніцкіх выданнях 1880-х г., у газ. «Минский листок» (1886—1902). Ф.​Багушэвіч свае кнігі, выдадзеныя за мяжою, падпісваў «Мацей Бурачок» і «Сымон Рэўка з-пад Барысава», А.​Абуховіч падпісваўся «Граф Бандынэлі», А.​Лявіцкі — Ядвігін Ш. Шмат П. выкарыстоўвалася ў газ. «Наша ніва» (1906—15), у прэсе Зах. Беларусі, на Беларусі з 1920-х г. і да сённяшняга дня.

Існуе больш за 50 відаў П. Асноўныя: уласна П. (сапраўдныя П.), ці фіктонімы, абагульняльныя П., крыптанімы. Уласна П. — формы, утвораныя па законах якой-н. мовы, даюць поўнае ўражанне імя і прозвішча аўтара: І.​Луцэвіч — Янка Купала, Марка Бяздольны, Цімох Каруза; К.​Міцкевіч — Якуб Колас, Тарас Гушча, Тамаш Булава; А.​Луцкевіч — Антон Навіна; В.​Ластоўскі — Власт; М.​Раманоўскі — Кузьма Чорны; З.​Жылуновіч — Цішка Гартны, Сымон Друк, Янка Кліч; М.​Касянкоў — Міхась Зарэцкі; Я.​Скурко — Максім Танк; І.​Навуменка — Яўхім Цыбук і інш. Абагульняльныя П. — тыя, у якіх імя і прозвішча аўтара заменена на паказанне яго нацыянальнасці (Беларус — М.​Янчука і П.​Дземідовіча, Максім Беларус — М.​Гарэцкага, Litwin (г.зн. беларус) — А.​Рымшы; тэрытарыяльнай прыналежнасці (С.​Пятроўскага-Сітніяновіча — Сімяон Полацкі, К.​Міцкевіча — Мікалаевец, І.​Луцэвіча — Янук з-пад Мінска); сац. становішча (З.​Жылуновіча — Бэйгар, С.​Крыўца — Сярожа Пастушок) і інш. Калі да такіх П. дадаецца поўнае імя або ініцыял, яны набываюць форму сапраўдных П. (З.​Жылуновіча — Змітро Капылянін, Дз.​Бяспалага — Зм Вялікаборац). Вельмі пашыраная форма П. — крыптанімы, якія ўтвараюцца з ініцыялаў імя або прозвішча, імя і прозвішча, часам імя, імя па бацьку і прозвішча, пачатковых літар П. аўтара (ІЛ., Я.К. — І.​Луцэвіч, М.Б. — М.​Багдановіч, Я.С. — Я.​Сіпакоў), з літар розных алфавітаў (A.D. — Ф.​Багушэвіч, *S — І.​Неслухоўскі), з розных скарачэнняў імя або прозвішча аўтара ці яго П. (Ка, К-А-А — І.​Луцэвіч, Б—ч — М.​Багдановіч), анаграм, змешвання літар і складоў імя і прозвішча (А.​Рэка — А.​Бабарэка). Своеасаблівая форма П. — псеўдаандронімы, г.зн. мужчынская форма П. для аўтара-жанчыны (Гаўрыла з Полацку — Алаіза Пашкевіч) і псеўдагінімы, жаночыя формы П., выкарыстаныя мужчынамі (Ганна Крум — К.​Міцкевіча, Ек.Февралёва — М.​Багдановіч, Ганна Аршыца — У.​Дубоўка, Ганна Галубянка — І.​Канчэўскі). Часам за П. хаваецца не адна асоба (Лукаш Бандылевіч — П.​Броўка і Я.​Скрыган; І.​Сібарсач — Я.​Сіпакоў, Р.​Барадулін, Б.​Сачанка; Я.​Лупаты — Я.​Брыль, М.​Лужанін, П.​Панчанка, М.​Танк). П. карыстаюцца акцёры (Юрка Куртаты — М.​Кудзелька, Г.​Глебаў — Г.​Сарокін, У.​Уладамірскі — У.​Малейка, В.​Галіна — В.​Александроўская, Л.​Рахленка — Л.​Г.​Рахлін і інш.), мастакі (Эль Лісіцкі — Л.​Лісіцкі, Ксёндз — А.​Ксяндзоў, Мара — А.​Марачкін, А.​Эроціч — А.​Тарановіч і інш.). Пераважная большасць П. не дае ніякіх звестак пра іх носьбітаў: прозвішчы (І.​Іваноў — А.​Пушкін), літары лац. алфавіта (N., г.зн. Nemo, — ніхто), таксама друкарскія абазначэнні — зорачкі (астронімы), знакі прыпынку, матэм. знакі, геам. фігуры (стыгмонімы). Паводле заканадаўства кожны аўтар мае права карыстацца П. Рэдакцыі газет і часопісаў абавязаны захоўваць таямніцу П.

Літ.:

Масанов Ю.И. В мире псевдонимов, анонимов и литературных подделок. М., 1963;

Дмитриев В.Г. Замаскированная литература. М., 1973;

Яго ж. Скрывшие свое имя: (Из истории анонимов и псевдонимов). 2 изд. М., 1977;

Яго ж. О псевдонимах и их классификации // Филол. науки. 1975. № 5;

Старущенко Г.П. Отечественные труды по библиографированию псевдонимов // Вопросы истории методики универсальной и отраслевой библиографии. Л., 1980;

Масанов И.Ф. Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и общественных деятелей. Т. 1—4. М., 1956—60;

Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.). Мн., 1983;

Świerczyńska D. Polski pseudonim literacki. Warszawa, 1983;

Słownik pseudonimów pisarzy polskich. T. 1—4. Wrocław etc., 1994—96.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)