ГО́ФМАН ((Hofmann) Аўгуст Вільгельм фон) (8.4.1818, г. Гісен, Германія — 5.5.1892),
нямецкі хімік-арганік; адзін з заснавальнікаў ням. прам-сці сінт. фарбавальнікаў. Скончыў Гісенскі ун-т (1840), дзе і працаваў. З 1845 дырэктар Каралеўскага хім. каледжа ў Лондане, з 1865 праф. Берлінскага ун-та. Навук. даследаванні па хіміі араматычных злучэнняў (фарбавальнікаў). Вылучыў з каменнавугальнай смалы бензол, з якога атрымаў нітрабензол, а яго аднаўленнем — анілін (1845, удасканаліў рэакцыю М.М.Зініна). Адкрыў спосаб сінтэзу аліфатычных амінаў уздзеяннем галагеналкілаў на аміяк (рэакцыя Гофмана, 1850), спосаб атрымання першасных амінаў з амідаў карбонавых к-т (перагрупоўка Гофмана, 1881).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЯ (лац. Gallia),
у старажытнасці вобласць, якая займала тэрыторыю паміж р. По і Альпамі (Цызальпінская Галія) і паміж Альпамі, Міжземным м., Атлантычным ак. (Трансальпінская Галія) — тэр. сучасных Паўн. Італіі, Францыі, Люксембурга, Бельгіі, ч. Нідэрландаў і ч. Швейцарыі. З 6 ст. да н.э. заселена кельтамі (рымляне наз. іх галамі). Каля 220 да н.э. Цызальпінскую Галію рымляне ператварылі ў правінцыю Галія Нарбонская. У 58—51 да н.э. Цэзарам заваявана астатняя Галія. У 16 да н.э.Аўгуст падзяліў Галію на 4 правінцыі: Нарбонскую Галію, Лугдунскую Галію, Аквітанію і Белгіку. З пач. 5 ст.н.э.тэр. Галію заваявалі герм. плямёны, у канцы 5 ст. яна ўвайшла ў Франкскую дзяржаву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕ́ЙЗЕНАЎ ((Gneisenau) Аўгуст Вільгельм Антон) (27.10.1760, Шыльдаў, каля г. Торгаў, Германія — 23.8.1831),
прускі палкаводзец. Генерал-фельдмаршал (1825). Граф фон Нейдгарт (1814). Скончыў Эрфурцкі ун-т. Служыў у арміях Аўстрыі (1778—80), ням. княства Ансбах (1780—86) і Прусіі (з 1786). У 1807 камендант крэпасці Кольберг (цяпер г. Калобжэг, Польшча), кіраваў яе абаронай ад франц. войск да заключэння Тыльзіцкага міру 1807. Пасля паражэння Прусіі працаваў у камісіі па рэарганізацыі прускай арміі. З 1813 генерал-кватэрмайстар, нач. штаба Сілезскай арміі ген. Г.Блюхера. Здзейснены паводле задумы Гнейзенава манеўр прускай арміі садзейнічаў перамозе каля Ватэрлоо (1815). З 1818 губернатар Берліна і член Дзярж. савета Прусіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГІМО́НТ IIАўгуст
(1.8.1520, Кракаў — 7.7.1572),
вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1548—72, фармальна з 1529], у ВКЛ Жыгімонт III Аўгуст. Сын Жыгімонта I Старога і Боны Сфорцы. На сейме ВКЛ у кастр. 1529 Ж. II абраны вял. князем пры жыцці бацькі (г. зн. другім вял. князем). 18.12.1529 на польск. сейме Жыгімонт I дамогся абрання сына польск. каралём (каранаваны 20.2.1530). Рэальная ўлада засталася ў руках бацькі. Для ўстанаўлення сяброўскіх адносін са «Свяшчэннай Рымскай імперыяй» Жыгімонт I у 1543 арганізаваў шлюб Ж. II з эрцгерцагіняй Лізаветай, дачкой наследніка імператарскага трона Фердынанда (памерла ў 1545). У 1544 Ж. II фактычна пачаў кіраванне ў ВКЛ, куды Жыгімонт I не прыязджаў, але захоўваў сваё вяршэнства. У 1547 Ж. II ажаніўся з Барбарай Радзівіл. У выніку шлюбу браты Барбары М.Радзівіл Руды і М.Радзівіл Чорны занялі кіруючае становішча ў ВКЛ, пэўны час Ж. II знаходзіўся пад іх уплывам. Супраць шлюбу былі Жыгімонт I, Бона і значная частка польск. магнатаў. Пасля смерці бацькі ў 1548 Ж. II стаў паўнапраўным вял. князем і каралём. Ён заключыў тайны трактат аб узаемнай дапамозе з каралём Чэхіі і Венгрыі Фердынандам Габсбургам. Гэты саюз прадоўжаны, калі ў 1553 Ж. II ажаніўся з эрцгерцагіняй Кацярынай, сястрой сваёй першай жонкі. У далейшым адышоў ад саюзу з Габсбургамі. Знешняя палітыка Ж. II была накіравана на захаванне мірных адносін з суседнімі краінамі. Прусія заставалася васальнай дзяржавай у дачыненні да польск. караля. Адносіны са Швецыяй палепшыліся, калі там у 1568 трон заняў Юхан III, швагер Ж. II. Лівонская вайна 1558—83 выявіла небяспеку з боку Маскоўскай дзяржавы і падштурхнула да заключэння Люблінскай уніі 1569, стварэння Рэчы Паспалітай. Унутр. палітыка Ж. II была накіравана на ўзмацненне правоў сярэдняй шляхты. Садзейнічаў правядзенню валочнай памеры. Пачаў буд-ва ваенна-марскога флоту Польшчы і стварыў Марскую камісію. У час кіравання Ж. II у ВКЛ і Польшчы пашырылася Рэфармацыя ў розных яе галінах. Праводзіў палітыку талерантнасці ў адносінах да ўсіх канфесій. Прывілеем 1563 ураўнаваў паліт. правы правасл. шляхты ВКЛ з каталіцкай. Зацвердзіў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Пад націскам кіраўніцтва каталіцкай царквы згадзіўся на допуск езуітаў у Польшчу (1564) і ВКЛ (1569), што стала пачаткам контррэфармацыі ў гэтых краінах. Быў мецэнатам, на праўленне Ж. II прыпадае росквіт культуры эпохі Адраджэння ў ВКЛ. На Ж. II скончылася мужчынская лінія дынастыі Ягелонаў.
Літ.:
Kolankowski L. Zygmunt August, wielki książę Litwy, do rołu 1548. Lwów, 1913;
Cynarski S. Zygmunt August. Wrocław etc., 1988;
Sucheni-Grabowska A. Zygmunt August, król polski i wielki książę litewski (1520—1562). Warszawa, 1996.
дзяржаўны дзеяч БССР. З 1908 вёў рэв. дзейнасць у Лібаве, Пецярбургу, Рызе, Харкаве, Баку, Грозным. Шмат разоў арыштаваны і зняволены (1909, 1913, 1914, 1916). Пасля Кастр. рэвалюцыі старшыня Закаўказскага каап. саюза, нам. старшыні Цэнтрасаюза, старшыня Міжкаап. савета і інш. З 1929 у БССР: старшыня Белкаапсаюза, нарком гандлю (1930), забеспячэння (1931—33), нам. старшыні СНКБССР (1933—34), нарком лёгкай (1934), мясцовай (1934—37) прам-сці. Чл.ЦВКСССР (1935—37), ЦВКБССР (1929—37). Чл.ЦККП(б)Б у 1930—37. Старшыня Т-ва старых бальшавікоў у БССР (1933—37). 4.9.1937 арыштаваны і зняволены. Рэабілітаваны і вызвалены з турмы ў канцы 1940-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШНЕР ((Marschner) Генрых Аўгуст) (16.8.1795, г. Цытаў, Германія — 14.12.1861),
нямецкі кампазітар, дырыжор; прадстаўнік ранняга ням. рамантызму. Ганаровы д-р Лейпцыгскага ун-та (1834). У 1811—16 вучыўся кампазіцыі ў І.Шыхта. З 1827 дырыжор у Лейпцыгу, у 1831—59 прыдворны капельмайстар у Гановеры. У творчасці развіваў традыцыі К.М.Вебера, асабліва ў жанры рамант. оперы на казачна-фантаст. і сярэдневяковыя сюжэты; імкнуўся да псіхал. распрацоўкі характараў, сімфанізацыі муз.-драм. дзеяння. У лепшых з 14 опер («Вампір», паст. 1828; «Храмоўнік і яўрэйка», паст. 1829; «Ганс Гейлінг», паст. 1833) прадвызначыў прынцыпы муз. драмы Р.Вагнера. З інш. твораў: балет «Гордая сялянка» (1810), зінгшпілі, духоўныя творы; 2 арк. уверцюры, камерна-інстр. ансамблі, мужчынскія хары, песні, музыка да драм. спектакляў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз шляхты ў ВКЛ супраць палітыкі абсалютызму, што намагаўся ўвесці ў Рэчы Паспалітай кароль Аўгуст II Моцны. Створана 23.3.1716 на шляхецкім з’ездзе ў Вільні. Яе маршалкам выбраны ашмянскі харунжы К.Сулістроўскі. Віленская канфедэрацыя далучылася да Тарнагродскай канфедэрацыі, якая патрабавала вываду саксонскіх войск з Рэчы Паспалітай. Падтрымалі Віленскую канфедэрацыю войска ВКЛ, магнаты, якія і да гэтага выступалі за абмежаванне ўлады караля. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі войскамі на тэр. ўсёй Рэчы Паспалітай. 3.11.1716 пры пасрэдніцтве рас. дыпламатаў паміж каралём і абедзвюма канфедэрацыямі падпісана пагадненне, паводле якога саксонскія войскі выводзіліся з Рэчы Паспалітай, улада караля абмежавана (не меў права пачынаць вайну без згоды сейма, арыштоўваць шляхціца без суда, раздаваць пасады чужаземцам і некатолікам), а правы шляхты пашыраліся (пацверджана права ліберум вета, абмежавана вайсковая ўлада гетманаў). Пагадненне зацверджана Нямым сеймам 1717.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫНСКІ СВЯ́ТА-ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў з 16 ст. да 1824 у г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча). Засн. на Крамчэўскай гары пры царкве св. Тройцы, вядомай з 1494. У 1563 кароль польскі і вял. князь ВКЛ Жыгімонт II Аўгуст даў манахам 2 валокі ворыўнай зямлі, 8 маргоў агародаў, дзесяціну з в. Сяневічы і Хралавічы, дазволіў штогадовы кірмаш на Сёмуху каля Крамчэўскай гары. Апекавала манастыр навакольная правасл. шляхта. Пасля Брэсцкай уніі 1596 манастыр неаднаразова зачыняўся мясц. ўладамі, былі спробы перавесці яго на уніяцтва. У 1659 зноў адчынены. Правасл. статус манастыра і ўсе яго ранейшыя прывілеі пацверджаны каралямі Янам Казімірам (1661), Янам III Сабескім (1695) і Аўгустам II (1698). У 1769 разрабаваны войскамі Барскай канфедэрацыі, адноўлены на сродкі Кіеўскай мітраполіі. У 1824 закрыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮ́РГЕР ((Bürger) Готфрыд Аўгуст) (31.12.1747, Мольмерсвендэ, каля г. Гарцгеродэ, Германія — 8.6.1794),
нямецкі паэт. Прадстаўнік руху «Бура і націск», блізкі да «гётынгенскай садружнасці паэтаў». Родапачынальнік ням. і еўрап.літ. балады. Прыхільнік нац. самабытнага мастацтва, адзін з першых увёў нар. песенны лад у ням. паэзію. Лепшыя балады Бюргера напісаны ў 1773—75: «Граф-разбойнік», «Сон беднай Зусхен», «Дзікі паляўнічы», «Ленора». Вяршыня паліт. лірыкі — верш «Селянін — свайму найсвятлейшаму тырану». Бюргеру належыць адна з апрацовак паданняў пра барона Мюнхгаўзена (1786). Аўтар эсэ «Аб распаўсюджанасці паэзіі ў народзе» (1777—78), эпіграм.
Тв.:
Рус.пер. — Ленора // Зарубежная поэзия в переводах В.А.Жуковского. М., 1985. Т. 2;
Удивительные путешествия на суше и на море, военные походы и веселые приключения барона фон Мюнхгаузена... М., 1985.
Літ.:
Лозинская Л.Я. Бюргер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕТЫ́НГІ (Capétiens),
каралеўская дынастыя ў Францыі ў 987—1328. Паходзілі ад парыжскіх графаў Раберцінаў, якія ўзмацніліся ў 9 ст. дзякуючы тэр. магутнасці і поспехам у барацьбе з нарманамі. Заснавальнік дынастыі Гуго Капет (адсюль назва) выбраны каралём (987), што стала канцом з дынастыі Каралінгаў. Пры першых К. Францыя была раздробленай дзяржавай са слабай каралеўскай уладай, яны валодалі толькі Іль-дэ-Франсам. У часы праўлення К. каралеўская ўлада з выбарнай ператварылася ў спадчынную, пашырана тэр. каралеўскага дамена, у пач. 14 ст. ўключала 3/4тэр. Францыі. Да К. належалі: Гуго Капет [987—996], Роберт II [996—1031], Генрых I [1031—60], Філіп I [1060—1108], Людовік VI [1108—37], Людовік VII [1137—80], Філіп II Аўгуст [1180—1223], Людовік VIII [1223—26], Людовік IV Святы [1226—70], Філіп III Смелы [1270—85], Філіп IV Прыгожы [1285—1314], Людовік X [1314—16], Філіп V [1316—22], Карл IV [1322—28]. Пасля смерці Карла IV каралямі Францыі былі прадстаўнікі пабочных ліній К. — Валуа і Бурбонаў. Дз.М.Чаркасаў.