Аско́рачыстка ствала ад кары’ (Сцяшк.). Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *аскарыць, *аскараць, што павінен быў азначаць ’ачышчаць ад кары’; блізкі дзеяслоў вядомы ў польскай oskórować ’здымаць скуру; забяспечваць скураным пакрыццём’, аднак генетычна зразумела толькі другое значэнне, якое надаецца пры ўтварэнні дзеясловаў паводле мадэлі о‑ + корань назоўніка + ‑ити са значэннем ’прыдаць тое, што выражана назоўнікавым коранем’ (параўн. аснасціць, ашкліць). Для першага значэння больш характэрна выкарыстанне прэфікса ‑ад (параўн. і польск. odskórzanie ’здыманне скуры’). Пры замацаванні зафіксаванай дыялектнай формы з а‑, а не ad‑, магчыма, мела значэнне наяўнасць элемента ‑c‑, які ўспрымаўся не як частка кораня (што атаясамліваўся з кара, кор‑, а не з скор‑), а як прэфіксальны элемент з‑ (с‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАВЕ́ТРА,

сумесь газаў, што ўтвараюць атмасферу Зямлі.

Састаў П. (у працэнтах па аб’ёме); азот — 78,09, кісларод — 20,95, аргон — 0,932, дыаксід вугляроду — 0,032, гелій, крыптон, неон, вадарод, азон і інш. газы. Вытв. дзейнасць чалавека істотна ўплывае на састаў П.: павялічваецца колькасць дыаксіду вугляроду (гл. Парніковы эфект), монааксіду вугляроду, аксідаў азоту, аміяку, серавугляроду, дыаксіду серы, фенолу, вуглевадародаў і інш., якія пагаршаюць стан здароўя людзей і небяспечныя для жывёл.

На Беларусі асн. крыніцы забруджвання П. — выкіды аўтатранспарту (каля 80%), аб’екты энергетыкі і прамысл. прадпрыемствы. Дзейнічае закон «Аб ахове атмасфернага паветра» (1997). Ажыццяўляецца дзярж. кантроль за прамысл. выкідамі і маніторынг атм. П. па радыеактыўнасці і амаль 30 шкодным рэчывам. Пры вызначэнні якасці П. карыстаюцца гранічна-дапушчальнымі канцэнтрацыямі і міжнар. стандартамі Сусв. арг-цыі аховы здароўя. Для буйных гарадоў разлічваецца індэкс забруджвання атмасферы, які ўлічвае класы бяспекі хім. рэчываў, стандарты якасці і сярэднія ўзроўні забруджвання. Найб. забруджаныя гарады Магілёў, Бабруйск, Гомель, Мазыр і Наваполацк. Гл. таксама Ахова атмасферы, Ачыстка паветра.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАІ́ЛЬНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,

комплекс машын, апаратаў і абсталявання для мех. даення кароў і першаснай апрацоўкі малака. Складаюць паточную паўаўтам. лінію, на якой робяцца пераддаільная падрыхтоўка жывёл, выдойванне малака даільнымі апаратамі, яго транспартаванне, ачыстка, ахаладжэнне і забор у ёмістасць.

Д.ў. дояць кароў у стойлах кароўнікаў (пераноснымі і перасоўнымі даільнымі апаратамі са зборам малака ў ёмістасці ці ў малакаправоды) або ў даільных залах (абсталяваны індывідуальнымі і групавымі станкамі, размешчанымі па пэўнай схеме). Д.ў. камплектуюць абсталяваннем для аўтам. выканання некат. ручных работ (напр., пераддаільнай сан. апрацоўкі вымяў), электроннымі сістэмамі для індывід. кармлення, уліку прадукцыі, часам для перапрацоўкі малака ў малочныя прадукты (вяршкі, масла і інш.). Для даення авечак выкарыстоўваюць перасоўныя і стацыянарныя Д.ў. паралельна-прахаднога (з групавым упускам і выпускам жывёл) і карусельнага тыпаў.

Літ.:

Краснокутский Ю.В., Рыжов С.В. Новые доильные аппараты и установки. М., 1984.

Даільная ўстаноўка: а — схема ўстаноўкі (1 — электрарухавік, 2 — вакуум-помпа, 3 — вакуумны балон, 4 — вакуумметр, 5 — вакуумправод, 6 — даільны апарат); б — пашыраныя схемы размяшчэння даільных станкоў для даільных залаў (1 — канвеернакальцавая, 2 — тыпу «Елачка», 3 — тыпу «Тандэм»).

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕЦЫЯ́НАЎ (Аляксей Гаўрылавіч) (18.2.1780, Масква — 16.12.1847),

рускі жывапісец. Адзін з заснавальнікаў быт. жанру ў рус. жывапісе. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1811). Вучыўся ў У.Баравікоўскага. У ранні перыяд пісаў інтымныя лірычныя партрэты А.​І.​Бібікава, М.​А.​Фанвізіна, часам блізкія да рамантызму. У 1807 падрыхтаваў 4 афорты («Вяльможа» і інш.) для «Часопіса карыкатур на 1806 год у тварах» — першага ў Расіі ілюстраванага гумарыстычнага лістка. З 1819 жыў у в. Сафонкава Цвярской губ., дзе пісаў партрэты сялян і сцэны з іх жыцця («Ачыстка буракоў», пастэль, 1822; «Гумно», каля 1821—23, «Пастух, які спіць», 1823—24; «На раллі. Вясна», «На жніве. Лета», абедзве 1820-я г., «Галава старога селяніна», 1825). У сваіх творах ствараў ідэалізаваныя паэт. вобразы сял. жыцця, звязаныя з прыгажосцю рус. прыроды. У канцы 1820-х г. заснаваў прыватную маст. школу, у якой вучыліся і працавалі жывапісцы М.​Крылоў, А.​Тыранаў, Я.​Крандоўскі, Л.​Плахаў, А.​Аляксееў, А.​Дзянісаў, С.Заранка, Р.​Сарока.

Літ.:

А.​Г.​Венецианов: Ст.;

Письма;

Современники о художнике. Л., 1980.

А.Венецыянаў. На раллі. Вясна. 1820-я г.

т. 4, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТАПЕРАПРАЦО́УКА,

сукупнасць тэхнал. працэсаў па тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўцы нафты для атрымання розных відаў паліва, змазачных матэрыялаў, бітумаў, парафінаў і інш. нафтапрадуктаў. Працэсы Н. падзяляюцца на першасныя (адбываюцца без змен хім. будовы кампанентаў нафты) і другасныя (накіраваны на пэўную змену структуры нафтавых вуглевадародаў). Перапрацоўцы нафты папярэднічаюць працэсы стабілізацыі (выдаленне раствораных газаў), абязводжвання і абяссольвання.

Асн. працэс першаснай Н. — перагонка нафты (тэрмічнае раздзяленне яе на часткі ці фракцыі з атрыманнем прамагоннага бензіну, газы, рэактыўнага, дызельнага і кацельнага паліва, топачнага мазуту). Прамагонныя бензіны складаюць да 25% ад масы нафты, маюць невысокую дэтанацыйную ўстойлівасць і патрабуюць далейшай апрацоўкі. Балансавы дэфіцыт светлых нафтапрадуктаў і павышэнне іх якасці дасягаецца пры другасных працэсах Н. — каталітычным крэкінгу, каксаванні, гідракрэкінгу, рыформінгу, ізамерызацыі, полімерызацыі, алкіліраванні і інш. Ачыстка нафтапрадуктаў, атрыманых пры першасных і другасных працэсах, уключае выдаленне сярністых, азоцістых і кіслародных злучэнняў, смалістых рэчываў, цвёрдых парафінаў. Светлыя нафтапрадукты спачатку апрацоўваюць водным растворам шчолачы ці сернай к-ты. Сярністыя злучэнні з іх выдаляюць метадам каталітычнай гідраачысткі пры наяўнасці каталізатара і вадароду. Для ачысткі масляных фракцый карыстаюцца сернай к-той, селектыўнымі растваральнікамі (фенолам, фурфуролам, нітрабензолам і інш.) і спец. адсарбентамі. Дэасфальтызацыя масляных фракцый ажыццяўляецца вадкім прапанам. Гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць.

Ю.​Р.​Егіязараў.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сумле́нне, ‑я, н.

Маральная ацэнка сваіх дзеянняў і ўчынкаў на аснове разумення абавязку перад грамадствам, радзімай, калектывам, сям’ёй. І не магло быць іншага рашэння, Чым тое, што падказана сумленнем: Памерці, а свабоду адстаяць! Жычка. Сэрца і чыстае сумленне патрабавалі не маўчаць. Няхай. Работа ў гаспадароў была гэтакая, што калі і не калупацца з ёю, дык сумленне вельмі мучыць не будзе. Чорны. // Пра найбольш сумленных, справядлівых, адказных за свае паводзіны прадстаўнікоў якога‑н. калектыву, грамадства і пад. За партыю мы тост свой узнімаем, Яна сумленне нашае і сцяг. Астрэйка.

•••

Для ачысткі сумлення гл. ачыстка.

Здзелка з сумленнем гл. здзелка.

Са спакойным (з чыстым) сумленнем — будучы ўпэўненым у правільнасці сваіх учынкаў, дзеянняў, зусім спакойна (рабіць што‑н.).

Сумленне загаварыла — стала сорамна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАРБА́РСТВА,

рамяство па вырабе скур для пашыву абутку. На Беларусі сыравінай служылі скуры рагатай жывёлы, зрэдку коней, свіней. Традыц. тэхніка вырабу скур уключала падрыхтоўчыя аперацыі (мачэнне, заленне, мяздрэнне, ачыстка ад шэрсці, абяззольванне, квашанне), дубленне (каб скура стала вільгаценепранікальнай) і апрацоўку (фарбаванне, пакрыццё тлушчам, глянцаванне і інш.). Гатовыя скуры адрозніваліся па гатунках: юхт (скура для верху абутку), падэшвенная, апойка (скура з цяляці-сысунка), саф’ян (мяккая скура з казліных, цялячых, авечых скур), замша (авечая ці аленевая скура без верхняга пласта), лайка (з авечых скур). Гарбарства на Беларусі было пашырана пераважна ў мястэчках і гарадах, а з сярэдзіны 19 ст. і ў вёсках, калі заможныя сяляне пачалі шыць скураны абутак. У канцы 19 — пач. 20 ст. гарбарная вытворчасць развівалася як фабрычна-заводская і саматужная (апошняя пераважала). Тыповымі былі невялікія гарбарні, у якіх працаваў гаспадар з 2—4 рабочымі або членамі сям’і. Найбольш вядомымі цэнтрамі гарбарства былі Гродна, Мір, Ліда, Пружаны, Кобрын, Ашмяны, Смаргонь, Віцебск, Полацк, Лепель, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Слуцк, Мазыр і інш. Высокай якасцю славіліся магілёўскія і мазырскія скуры, якія карысталіся вял. попытам і за межамі Беларусі. У 1920—40-я г. саматужнае гарбарства было забаронена. У 1950-я г. кааператыўна-прамысловыя арцелі рэарганізаваны ў дзярж. прадпрыемствы. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 5, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАЛІЗАЦЫ́ЙНАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць падземных трубаправодаў і калектараў для прыёму і выдалення з тэр. населеных пунктаў і прадпрыемстваў сцёкавых вод для іх ачысткі і абеззаражвання ў ачышчальных збудаваннях; асн. ч. сістэмы каналізацыі. Бывае ўнутраная (для выдалення быт. і прамысл. сцёкавых вод за межы будынкаў і збудаванняў) і вонкавая (дваровая, унутрыквартальная, вулічная).

Асн. элементы ўнутр. К.с.: адводныя лініі (каналізацыйныя трубы) з прыёмнікамі сцёкавых вод (умывальнікамі, ракавінамі, ваннамі, і інш.), стаякі і выпускныя (з будынка) прыстасаванні. Вонкавая К.с. — безнапорныя трубаправоды з жалезабетонных, бетонных, керамічных, чыгунных, азбестацэментных труб, пракладзеных з нахілам, а таксама калектары (трубы, якія збіраюць сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання і адводзяць іх на ачыстку, затым у вадаём). Калі самацёчны рух немагчымы, будуюць помпавыя станцыі. Перасячэнні К.с. з рэкамі, ярамі, чыгункамі робяць з дапамогай дзюкераў, пераходаў, эстакад. Для назірання за К.с. і яе ачысткі на трасе будуюць спец. калодзежы. Гл. таксама Ачыстка сцёкавых водаў.

А.​Р.​Варонін.

Каналізацыйная сетка: а — унутраная (1 — вентыляцыйная труба, 2 — санітарныя прылады — прыёмнікі, 3 — выпускны трубаправод, 4—6 — назіральныя і кантрольны калодзежы); б — вонкавая (1 — сетка населенага месца, 2 — помпавыя станцыі, 3 — трубаправод, 4—5 — збудаванні, у якіх збіраюць і ачышчаюць сцёкавыя воды прамысловага прадпрыемства П, 6—7 — ачышчальныя збудаванні, 8 — трубаправод з рассейвальным прыстасаваннем).

т. 7, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫШЧА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

комплекс інж. збудаванняў для ачысткі сцёкавых водаў і апрацоўкі асадкаў. Падзяляюцца на збудаванні механічнай, біялагічнай і фізіка-хімічнай ачысткі. Выбар схемы ачысткі залежыць ад складу і колькасці сцёкавых водаў, характарыстыкі вадаёма, куды яны адводзяцца, ці тэхнал. патрабаванняў да вады ў выпадку іх паўторнага выкарыстання.

Да збудаванняў мех. ачысткі адносяцца: прыстасаванні для працэджвання (рашоткі, драбілкі, сіты) і сепарацыі (пескаўлоўнікі, тлушчаўлоўнікі, маслааддзяляльнікі, нафтапасткі, адстойнікі, гідрацыклоны, цэнтрыфугі). Збудаванні біял. ачысткі ў прыродных умовах — палі фільтрацыі і арашэння, біял. сажалкі (бываюць з сістэмамі прымусовай аэрацыі). Біял. ачыстка ў штучных умовах ажыццяўляецца на біяфільтрах і ў аэратэнках. Збудаванні фіз.-хім. ачысткі: флататары, сарбцыйныя, экстракцыйныя і інш. калоны, нейтралізатары, іонаабменныя фільтры, гіперфільтрацыйныя ўстаноўкі, збудаванні эл.-хім. ачысткі і інш. Вузел апрацоўкі асадку ўключае збудаванні па стабілізацыі, кандыцыянаванні, абязводжванні асадку. На невялікіх ачышчальных збудаваннях асадак затрымліваюць і зброджваюць у септыках і адстойніках. На буйных станцыях стабілізацыя асадку робіцца ў анаэробных (метатэнкі) ці аэробных стабілізатарах. Пры выкарыстанні метатэнкаў для утылізацыі газу, што выдзяляецца, прадугледжваюцца газгольдэры. Для абязводжвання стабілізаваных асадкаў у прыродных умовах служаць глеістыя пляцоўкі. Механічнае абязводжванне робяць вакуум-фільтрамі, фільтрпрэсамі, цэнтрыфугамі. Абеззаражваюць ачышчаную ваду ў кантактных рэзервуарах з дапамогай хлору ці азону. Устаноўкі па абеззаражванні бактэрыцыднымі прамянямі ўключаюць выпрамяняльную лямпу, уманціраваную ў трубаправод, які транспартуе ваду, што апрацоўваецца. Лакальныя ачышчальныя збудаванні прадпрыемстваў камплектуюцца вузламі мех. і фіз.-хім. ачысткі. Гарадскія ачышчальныя збудаванні, якія прымаюць сумесь бытавых і вытв. сцёкаў, уключаюць мех. і біял. ачыстку, абеззаражванне ачышчаных сцёкавых водаў і апрацоўку асадку. Збудаванні ачысткі атм. сцёку складаюцца з адстойнікаў і фільтраў (біял. сажалак). Да ачышчальных збудаванняў адносяцца таксама збудаванні для ачысткі паветра.

В.​Г.​Аўсянікаў.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ветрыць1 ’сушыць на ветры, праветрываць’ (Нас., Касп., Бяльк.), жыт. ’дзьмуць (аб ветры)’; (перан.) ’круціцца’ (Мат. Гом.); ’выветрываць’ (Яруш.); ’веяць збожжа на ветры’ (Касп., Арх. ГУ; рагач., жыт., Мат. Гом.; докш., карэліц., Янк. Мат., Янк. I, Юрч., Яўс.), палес. ві́трыты, ві́трыннеачыстка збожжа на ветры пасля падсейвання яго рэшатам’ (Выг.). Укр. вітрити ’праветрываць’, рус. паўн.-сіб. ветрить ’сушыць на ветры, на марозе, праветрываць’, польск. wietrzyć ’трымаць на свежым паветры’; ’губляць пах, свежасць пад уздзеяннем паветра і цяпла’; ’распадацца, выветрывацца (аб мінералах)’, чэш. větřiti se ’віцца на ветры (аб спадніцы)’, славен. vẹ́triti ’праветрываць’, серб.-харв. ве̏трити, вје̏трити ’праветрываць, выпарвацца (аб газах)’; ’плаваць пад ветразем’; ’хутка махаць крыламі’, макед. ветрее се, ветри се ’праветрываць’; ’выжываць з розуму’, балг. ветрея ’выветрываць, праветрываць’; ’выдыхацца, выветрывацца’; ’махаць (хусткай, флагам)’, ветрея се ’калыхацца ад ветру’. Прасл. дзеяслоў větr‑it‑i, які ўтварыўся пры дапамозе суф. ‑i‑ti (< ‑ě‑ti). Да ве́цер (гл.).

Ветрыць2 ’пазнаваць, вызначаць што-небудзь, прынюхвацца да ветру, чуць нюхам’ (КТС). Укр. ві́трити ’нюхаць паветра (аб сабаку)’, рус. ветрить ’валодаць здольнасцю адшукваць дзічыну нюхам «па ветры»’, польск. wietrzyć ’шукаць, сачыць, чуць нюхам’, чэш. větřiti ’чуць нюхам (аб сабаку, каню)’, славац. vetriť ’тс’, серб.-харв. ве̏трити, вје̏трити ’чуць нюхам пах, які прыносіцца ветрам’. Прасл. větriti (суф. ‑i‑ti < ‑ě‑ti). Да вецер (гл.). Лексема větrъ, ад якой утварыўся дзеяслоў, мела пераноснае значэнне ’пах’, якое сёння мы маем, напр., у чэш. народн. větry ’страўнікавыя газы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)