НАФТАПЕРАПРАЦО́УКА,

сукупнасць тэхнал. працэсаў па тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўцы нафты для атрымання розных відаў паліва, змазачных матэрыялаў, бітумаў, парафінаў і інш. нафтапрадуктаў. Працэсы Н. падзяляюцца на першасныя (адбываюцца без змен хім. будовы кампанентаў нафты) і другасныя (накіраваны на пэўную змену структуры нафтавых вуглевадародаў). Перапрацоўцы нафты папярэднічаюць працэсы стабілізацыі (выдаленне раствораных газаў), абязводжвання і абяссольвання.

Асн. працэс першаснай Н. — перагонка нафты (тэрмічнае раздзяленне яе на часткі ці фракцыі з атрыманнем прамагоннага бензіну, газы, рэактыўнага, дызельнага і кацельнага паліва, топачнага мазуту). Прамагонныя бензіны складаюць да 25% ад масы нафты, маюць невысокую дэтанацыйную ўстойлівасць і патрабуюць далейшай апрацоўкі. Балансавы дэфіцыт светлых нафтапрадуктаў і павышэнне іх якасці дасягаецца пры другасных працэсах Н. — каталітычным крэкінгу, каксаванні, гідракрэкінгу, рыформінгу, ізамерызацыі, полімерызацыі, алкіліраванні і інш. Ачыстка нафтапрадуктаў, атрыманых пры першасных і другасных працэсах, уключае выдаленне сярністых, азоцістых і кіслародных злучэнняў, смалістых рэчываў, цвёрдых парафінаў. Светлыя нафтапрадукты спачатку апрацоўваюць водным растворам шчолачы ці сернай к-ты. Сярністыя злучэнні з іх выдаляюць метадам каталітычнай гідраачысткі пры наяўнасці каталізатара і вадароду. Для ачысткі масляных фракцый карыстаюцца сернай к-той, селектыўнымі растваральнікамі (фенолам, фурфуролам, нітрабензолам і інш.) і спец. адсарбентамі. Дэасфальтызацыя масляных фракцый ажыццяўляецца вадкім прапанам. Гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць.

Ю.Р.Егіязараў.

т. 11, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)