Лю́ты ’злы, крыважэрны (пра жывёл)’, ’жорсткі, бязлітасны’, ’кровапралітны’, ’невыказна цяжкі’, ’суровы, крайне строгі’, ’вельмі моцны ў сваім праяўленні’, ’сіберны (пра з’явы прыроды), рэзкі, халодны’ — адсюль і назва другога месяца каляндарнага года — лю́ты (Нас., Бяльк., Шат., Гарэц., Бес., Яруш., ТС, ТСБМ). Булахаў (Гіст., 121–122) для ст.-бел. лютый вылучае наступныя значэнні: ’дзікі, неўтаймаваны, драпежны (звер)’, ’раз’юшаны, шалёны (чалавек)’, ’вельмі жорсткі, крывавы, кровапралітны (бой, зброя, сеча)’, ’бязлітасны, пакутлівы, вельмі цяжкі (стан здароўя)’, ’надзвычай халодны, марозны (зіма, другі месяц года)’. Укр. лю́тий, рус. лю́тый, люто́й, польск. luty азначаюць ’строгі, дзікі, бязлітасны, жорсткі’, ’халодны, марозны’ і ’другі месяц зімы’; толькі ў серб.-харв. гаворках лути мае апошняе значэнне; у іншых мовах: чэш. litý, ст.-чэш. lʼutý, славац. ľúty, славен. ljȗt, серб.-харв. љу̑т, макед. лут, балг. лют, ст.-слав. лютъ абазначаюць ’дзікі, злы, востры, строгі, бязлітасны, крыважэрны, крохкі, ломкі, кіслы, вельмі горкі, нязносны, атрутны’ і да т. п. Прасл. lʼutъ, якое збліжаюць з кімр. llid (< *lūto ’гнеў, раз’юшанасць’), з тах. прыслоўем lyutār ’вельмі’. Трубачоў (Эт. сл., 15, 236) суадносіць яго з і.-е. *leu‑, *leu̯ǝ‑, *lēu‑, ’аддзяляць’. Іншыя менш імаверныя версіі і л-ру гл. Фасмер (2, 547), Скок (2, 340–342), Бязлай (146), БЕР (3, 581–584). Сюды ж лю́тасць ’люты, раз’юшаны, гнеўны стан’ (ТСБМ). Аб бел. палютый, укр. палютий — назва 13‑га месяца паміж зімой і летам (вясной) гл. Шаўр (Этимология–71, 93–101). Аб выразе лютый звѣрь ’дзікая жывёла (леў, барс, мядзведзь і інш.’, ’казачная жывёла (змей, гривь)’ гл. артыкулы Сумнікавай, Сабаляўскаса і Іванава ў БСИ, 1984, 59–79.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Удушлівы атрутны газ, які ўтвараецца пры няпоўным згаранні вугалю ва ўмовах недастатковага прытоку паветра. Пакой дыхнуў цеплынёю і чадам, толькі што юшку закрылі, мусіць. Галавач. У хаце не было цяпла, хаця Волька зачыніла юшку яшчэ разам з чадам, і ці не ад таго ў Аркадзя пачынала балець галава. Пташнікаў.

2. Едкі, удушлівы дым, які ўзнікае пры гарэнні чаго‑н. (звычайна тлушчу). На кухні быў чад і прагорклы смурод апаленага пер’я і перасмажанага тлушчу. Самуйлёнак. // перан.; які або чаго. Моцны, насычаны пах чаго‑н. Расы хараство і на вейках, Узятае ў волкіх раслін, У руж, у альшэўнікаў клейкіх І хмелю, што чад свой разліў. Калачынскі. Ад канаплянага чаду баліць галава. Навуменка.

3. перан. Тое, што моцна ўздзейнічае на псіхіку чалавека, на яго свядомасць. Брыль вельмі праўдзіва і канкрэтна-гістарычна паказаў, як фашысцкі нацыяналістычны чад адурманьваў усё больш шырокія пласты нямецкага насельніцтва. Дзюбайла. Алесь бачыў усё гэта на свае вочы — і разгул расізму, і пратэст супроць шавіністычнага чаду. Юрэвіч. // Пра стан самазабыцця, захаплення. Марына Паўлаўна праз цэлы дзень жыла ў ружовым чадзе новага адчування. Зарэцкі. Маладзейшыя за яго [Віктара] хлопцы.. шчыра зайздросцілі Віктараваму шчасцю, дзяўчаты наперабой загаварвалі з ім, а Цімохава дачка Фруза ўвесь час тулілася да яго.. У нейкім чадзе мінула тры дні. Асіпенка. // Хмель. Калі выйшаў вінны чад, Ной устаў, судзіць пачаў. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)