ВІЛЬГЕ́ЛЬМ I Заваёўнік

(William the Conqueror; каля 1027, г. Фалез, Францыя — 9.9.1087),

герцаг Нармандыі (Вільгельм; 1035—1087), кароль Англіі [1066—87]. Пазашлюбны сын нармандскага герцага Роберта I Д’ябла. У 1062 далучыў да Нармандыі графства Мен і ч. графства Анжу. Пасля смерці англасаксонскага караля Эдуарда Спаведніка і каранацыі Гаральда II на чале франц. рыцарскага войска (5 тыс. воінаў) высадзіўся на англ. узбярэжжы і 14.10.1066 у бітве каля порта Гастынгс разбіў сял. апалчэнне Гаральда II, паклаўшы пачатак Нармандскаму заваяванню Англіі 1066. Каранаваны ў Вестмінстэры 25.12.1066. Стварыў уласны дамен (да ​1/7 тэр. краіны). У 1085 устанавіў прамую залежнасць ад караля сваіх непасрэдных васалаў і ўсіх ар’ервасалаў, абавязаўшы іх несці ваен. службу на сваю карысць, у 1086 правёў агульнадзярж. перапіс усіх феад. уладанняў. Пры Вільгельме I умацаваліся гандл. сувязі з Фландрыяй; далейшае запрыгоньванне сялян выклікала іх паўстанні (найб. значныя ў 1069 і 1071 на Пн і ПнУ Англіі).

М.​К.​Багадзяж.

т. 4, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫНАЦЦАЦІГАДО́ВАЯ ВАЙНА́ 1454—66,

вайна паміж Тэўтонскім ордэнам і Польскім каралеўствам. Пачалася ў лют. 1454 паўстаннем супраць ордэна, падрыхтаваным т.зв. Прускім саюзам (створаны ў 1440, аб’ядноўваў апазіцыйныя ордэну гарады, дробных рыцараў Памор’я Прусіі). З-пад улады ордэна былі вызвалены Гданьск, Торунь, Эльбланг, Кралявец (Кёнігсберг). У сак. 1454 польскі кароль Казімір IV абвясціў пра ўключэнне зямель ордэна ў склад Польшчы. Польскае апалчэнне ўступіла ва ўладанні ордэна, аднак у вер. 1454 пацярпела паражэнне каля Хайніцаў. Вайна прыняла зацяжны характар, ордэн атрымаў падтрымку Брандэнбурга і інш. герм. княстваў. Паваротным пунктам у вайне стала перамога польскіх войск у 1462 у бітве каля Жарноўца; шэраг паражэнняў войскі ордэна пацярпелі ў 1465—66. Скончылася вайна Тарунскім мірам 1466, паводле якога Польскае каралеўства зноў атрымала выхад да Балт. м.; вярнула сабе Усх. Памор’е з г. Гданьск, Хэлмскую і Міхалоўскую землі з г. Торунь, зах. частку Прусіі і Вармію. Тэўтонскі ордэн, пад уладай якога засталася Усх. Прусія, прызнаў сябе васалам польскага караля.

т. 15, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1682,

«Хаваншчына» (ад прозвішча кіраўніка кн. І.​А.​Хаванскага). Выклікана злоўжываннямі баярска-дваранскай адміністрацыі і ўціскам стральцоў з боку начальнікаў. Пачалося пасля смерці цара Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682). Па патрабаванні стральцоў былі пакараны ненавісныя ім палкоўнікі. 25—27 мая стральцы, салдаты і гараджане, якіх падбухторвалі сваякі першай жонкі цара Аляксея Міхайлавіча баяры Міласлаўскія, расправіліся з прыхільнікамі Нарышкіных (сваякоў другой жонкі Аляксея Міхайлавіча — маці новага цара малалетняга Пятра I) і інш. асобамі, якіх лічылі віноўнікамі злоўжыванняў. Малалетні Іван V (сын Аляксея Міхайлавіча ад першага шлюбу) быў абвешчаны «першым царом», Пётр I — «другім царом», а іх сястра Соф я Аляксееўна — рэгенткай. Стральцы дамагліся ад урада значных прывілеяў, але працягвалі патрабаваць новых уступак. У 2-й пал. верасня Соф’я разам з абодвума царамі пакінула Маскву і накіравалася ва ўмацаваную Троіца-Сергіеву лаўру, дзе пачала збіраць дваранскае апалчэнне. Паўстанцы хацелі абвясціць царом кн. І.​А.​Хаванскага, але, пасля таго як той быў схоплены і пакараны смерцю (27 вер.), пагадзіліся на прапанаваную ўрадам амністыю і капітулявалі.

Літ.:

Восстание в Москве 1682 г.: Сб. док. М., 1976.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НІН, Захар’еў-Сухарук,

Кузьма Мініч (?—1616), арганізатар і кіраўнік (разам з кн. Дз.М.Пажарскім) нар. апалчэння, якое вызваліла Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Ніжагародскі пасадскі чалавек, гандляр мясам і рыбай. 1.9.1611 выбраны земскім старастам. Ахвяраваў уласныя зберажэнні і ўзначаліў збор сродкаў на арганізацыю ніжагародскага нар. апалчэння, праз паслоў запрасіў Пажарскага стаць ваен. кіраўніком апалчэння. У пач. вясны 1612 апалчэнне на чале з М. і Пажарскім рушыла да Яраслаўля, дзе М. увайшоў у склад пераходнага ўрада — «Савета ўсёй зямлі» (дзейнічаў у 1612—13). Вызначыўся ў баях за Маскву 22—24.8.1612 як ваен. арганізатар і храбры воін. У 1613 уведзены ў Баярскую думу з чынам думнага двараніна. М. — адзін з найб. папулярных нац. герояў рус. народа. Яму ўстаноўлены помнікі ў Ніжнім Ноўгарадзе — у Крамлі (1826, скульпт. А.​І.​Мельнікаў) і на плошчы яго імя (1943, скульпт. А.​І.​Колабаў); у Маскве на Краснай плошчы ўстаноўлены помнік М. і Пажарскаму (1818, скульпт. І.​П.​Мартас).

Літ.:

Скрынников Р.Г. Минин и Пожарский: Хроника Смутного времени. М., 1981;

Шишов А.В. Минин и Пожарский. М., 1990.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ГВА́РДЫЯ.

1) узброенае цывільнае апалчэнне. Упершыню створана ў Парыжы (пад камандаваннем ген. М.Ж. дэ Лафаета) у 1789 у пач. французскай рэвалюцыі 1789—99. Будавалася паводле тэр. прынцыпу (па кварталах і акругах). Атрады Н.г. ўдзельнічалі ў паўстанні 10.8.1792 і задушэнні контррэв. выступленняў (гл. Вандэйскія войны). Пры Напалеоне I Н.г. выкарыстоўвалася як дапаможная сіла. У 1828 распушчана. Адноўлена пасля ліп. рэвалюцыі 1830, у 1852 рэарганізавана. У час франка-прускай вайны (1870—71) частка Н.г. абараняла Парыж. У сак. 1871 створаны Цэнтр. к-т Н.г., які 18—28 сак. быў часовым рэв. урадам Парыжскай камуны 187/. Дэкрэтам камуны ад 29 сак. 1871 пастаянная армія заменена Н.г., на чале якой стаялі Я.Дамброўскі, В.Урублеўскі і інш. Пасля ліквідацыі камуны Н.г. распушчана. У час рэвалюцый 1848—49 цывільныя апалчэнцы тыпу Н.г. (па-іншаму нар. міліцыя, цывільная гвардыя) дзейнічалі ў краінах Герм. саюза, Іспаніі, італьян. дзяржавах і інш. 2) Тэр. вайсковыя фарміраванні ў ЗША (каля 450 тыс. чал.) і шэрагу інш. краін; з’яўляюцца рэзервам рэгулярных узбр. сіл. У мірны час выкарыстоўваецца для выканання пэўных задач.

т. 11, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гонфаланье́р

(іт. gonfaloniere)

1) службовая асоба ў гарадах-рэспубліках Італіі ў 13—15 ст., якая ўзначальвала апалчэнне гарадскога квартала;

2) начальнік атрада, які ахоўваў урад Фларэнцыі з 13 ст., а ў 15—18 ст. быў галавой гарадскога магістрата.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПУАЦЬЕ́ (Poitiers),

горад на З Францыі, на р. Клен (бас. Луары). Адм. ц. дэпартамента В’ена і гал. горад гіст. вобл. Пуату. Каля 120 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., хім., гарбарная, харчовая. Ун-т (1432). Музеі. Руіны рым. амфітэатра, шматлікія арх. помнікі 4—18 ст., у т. л. раманскі сабор Сен-Жан са славутымі рэльефамі і саркафагамі Меравінгаў.

У старажытнасці гал. цэнтр плямён піктонаў і значны камунікацыйны вузел рым. Галіі. У 507 франкскі кароль Хлодвіг I паблізу П. разбіў вестготаў. З 6 ст. важны гасп., культ. і рэліг. цэнтр. У 732 франкскае войска на чале з Карлам Мартэлам разбіла каля П. арабаў, якія ўварваліся ў Францыю з Іспаніі, і спыніла прасоўванне іх у Еўропу. У 9—18 ст. П. — гал. горад графства і правінцыі Пуату. У 9 ст. яго шмат разоў руйнавалі нарманы. У выніку шлюбу (1152) паміж Элеанорай Аквітанскай і Генрыхам Плантагенетам П. адышоў да Англіі. У 12 ст. горад атрымаў самакіраванне. У 1204 вернуты Францыі. У 1356 каля П. ў час Стогадовай вайны 1337—1453 англ. войска прынца Эдуарда Уэльскага (Чорнага прынца) перамагло франц. рыцарскае апалчэнне караля Іаана II Добрага, што выклікала Парыжскае паўстанне 1357—58 і Жакерыю. Пасля падзелу правінцыі Пуату на дэпартаменты (1790) горад страціў б. значэнне.

т. 13, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУ́ТНЕЎ Іван Пятровіч (1827, г. Чакалін Тульскай вобл., Расія — 18.2.1912),

рускі і бел. жывапісец, графік, педагог. Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы ў Маскве, Пецярбургскай АМ (1850—58; з 1868 акадэмік). У 1866—1912 арганізатар і загадчык Віленскай школы малявання. Шмат зрабіў для развіцця маст. адукацыі на Беларусі. Працаваў у жанрах гіст. і быт., партрэта, пейзажа. Многія яго работы прысвечаны побыту бел. і літ. сялян. Творы вызначаюцца рэалістычнасцю, крытычным падыходам да адлюстравання рэчаіснасці. Выканаў замалёўкі шэрагу будынкаў Полацка, Віцебска, Мсціслава і інш., Ільінскай царквы ў Віцебску (змешчана ў кн. П.​Бацюшкава «Беларусь і Літва», 1890). Сярод жывапісных твораў: «Блаславенне сына ў апалчэнне» (1855), «Хрэсны ход на вадохрышча ў вёсцы» (1857, вял. залаты медаль), «Народная школа», «Партрэтная ў Антверпене» (1868), «Літоўская пагранічная карчма» (1889), «Віленскія пакутнікі Антоній і Іаан» (1880-я г.), «Сляпы кабзар», «На раку з бялізнай», «Рэвалюцыя 1905 года ў Вільні» і інш. Аўтар шэрагу партрэтаў (аўтапартрэт, партрэт М.​Марцюшавай, 1901), абразоў, пейзажаў («Ручай», пач. 20 ст.), а таксама акварэлей, у якіх увасобіў гіст. помнікі і памятныя мясціны на Беларусі.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Кацер М.С. Изобразительное искусство Белоруссии до октябрьского периода: Очерки. Мн., 1969.

Б.​А.​Лазука.

І.Трутнеў. Аўтапартрэт.

т. 15, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАСІ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Багдадскі халіфат,

дзяржава арабаў у 750—1258. Назва ад дынастыі Абасідаў, якія прыйшлі да ўлады ў выніку справакаванага імі ў 747 у Харасане паўстання супраць Амеядаў. Сталіца з 762 Багдад. У склад Абасідава халіфата ўваходзілі Ірак, Іран (да пач. 9 ст.), ч. Закаўказзя, паўд. ч. Сярэдняй Азіі, Зах. Аравія, Сірыя з Палесцінай, Егіпет і Паўн. Афрыка (да пач. 9 ст.). У Абасідавым халіфаце іншапляменныя мусульмане былі ўраўнаваны ў правах з арабамі, роды перс. паходжання вылучыліся на адно з першых месцаў. Абасіды аднавілі перс. адм. сістэму на чале з візірам, замянілі араб. апалчэнне прафес. наёмнай арміяй (з харасанцаў, бербераў, пазней цюркаў). Гал. месца ў войску заняла гвардыя халіфа (з нявольнікаў), якая, памацнеўшы, стала ўмешвацца ва ўладу. У Абасідавым халіфаце найб. ўздыму дасягнула араба-мусульм. духоўная (іслам, ісламскае права, л-ра, філасофія, навука) і матэрыяльная (рамёствы, гандаль, мараплаванне і інш.) культура. Частыя нар. паўстанні (гал. чынам у форме сектанцкіх рухаў), з 9 ст. і сепаратызм намеснікаў-эміраў, якія сілай захоплівалі тэрыторыі і ператваралі іх у самаст. дзяржавы (напр., Ідрысідаў у Марока, Аглабідаў у Іфрыкіі і інш.), вялі да распаду Абасідава халіфату. На пач. 10 ст. ў ім засталіся зах. ч. Ірана і тэрыторыя, сумежная з Багдадам. Канчаткова Абасідаў халіфат знішчыла манг. нашэсце.

Літ.:

Беляев Е.А. Арабы, ислам и арабский халифат в раннем средневековье. 2 изд. М., 1966;

Васильев Л.С. История Востока. М., 1993. Т. 1, ч. 2. С. 272—281.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1867 у Магілёве як Магілёўскі музей. У 1918 аб’яднаны з Магілёўскім царкоўна-археалагічным музеем, з 1924 быў аддзяленнем Бел. дзярж. музея, з 1929 Магілёўскі дзярж. музей. Меў філіялы: музей гісторыі і атэізму (1935—41), мемар. музей Р.​К.​Арджанікідзе (1937—41). У пач. Вял. Айч. вайны ўсе экспанаты разрабаваны. У 1949 аднавіў дзейнасць як гісторыка-краязн., з 1953 сучасная назва. Меў філіялы: музей гісторыі бітвы пад Лясной (1958—85, Слаўгарадскі р-н), музей дзекабрыстаў (1985—96). Пл. экспазіцыі 1390 м², больш за 105 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў знаходкі з археал. помнікаў Магілёўшчыны, берасцяная грамата 13 ст., калекцыі крыжоў 11—17 ст., зброя 14—19 ст., манеты ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш.; кнігі Магілёўскай друкарні, калекцыя абразоў, жывапісу 18 ст., катэхізіс 18—19 ст.; матэрыялы пра сац.-эканам. становішча, рэв. барацьбу працоўных пач. 20 ст., устанаўленне сав. улады, калектывізацыю, рэпрэсіі. У экспазіцыі Вял. Айч. вайны матэрыялы пра Магілёва абарону 1941, Магілёўскае народнае апалчэнне, партыз. рух, дзейнасць падполля, ваенна-аператыўных груп, пра Лупалаўскі лагер смерці, Магілёўскую аперацыю 1944 і інш. У аддзеле прыроды экспанаты флоры і фауны краю, глебавыя і кліматычныя карты, узоры карысных выкапняў. Зберагаюцца работы сучасных нар. майстроў разьбы па дрэве, керамікі, габеленаў, ткацтва, вышыўкі, узоры нар. адзення. Філіял — Магілёўскі музей этнаграфіі.

В.​М.​Аненкаў.

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава. Фрагмент экспазіцыі.
Будынак Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.​В.​Масленікава.

т. 9, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)