ПУАЦЬЕ́ (Poitiers),
горад на З Францыі, на р. Клен (бас. Луары). Адм. ц. дэпартамента В’ена і гал. горад гіст. вобл. Пуату. Каля 120 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., хім., гарбарная, харчовая. Ун-т (1432). Музеі. Руіны рым. амфітэатра, шматлікія арх. помнікі 4—18 ст., у т. л. раманскі сабор Сен-Жан са славутымі рэльефамі і саркафагамі Меравінгаў.
У старажытнасці гал. цэнтр плямён піктонаў і значны камунікацыйны вузел рым. Галіі. У 507 франкскі кароль Хлодвіг I паблізу П. разбіў вестготаў. З 6 ст. важны гасп., культ. і рэліг. цэнтр. У 732 франкскае войска на чале з Карлам Мартэлам разбіла каля П. арабаў, якія ўварваліся ў Францыю з Іспаніі, і спыніла прасоўванне іх у Еўропу. У 9—18 ст. П. — гал. горад графства і правінцыі Пуату. У 9 ст. яго шмат разоў руйнавалі нарманы. У выніку шлюбу (1152) паміж Элеанорай Аквітанскай і Генрыхам Плантагенетам П. адышоў да Англіі. У 12 ст. горад атрымаў самакіраванне. У 1204 вернуты Францыі. У 1356 каля П. ў час Стогадовай вайны 1337—1453 англ. войска прынца Эдуарда Уэльскага (Чорнага прынца) перамагло франц. рыцарскае апалчэнне караля Іаана II Добрага, што выклікала Парыжскае паўстанне 1357—58 і Жакерыю. Пасля падзелу правінцыі Пуату на дэпартаменты (1790) горад страціў б. значэнне.
т. 13, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)