ШЧЫТ у архітэктуры,

верхняя частка пераважна тарцовай сцяны, абмежаваная двума схіламі даху і не аддзеленая ўнізе карнізам (у адрозненне ад франтона). Пабудовы са стромкім 2-схільным дахам маюць востравугольны Ш. Найб. пашыраны Ш. ў архітэктуры стылю готыкі. На Беларусі вядомы з 15—16 ст. Ш. аздаблялі разнастайнымі нішамі (цэрквы-крэпасці ў вёсках Мураванка Шчучынскага, Сынковічы Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл.), часам мелі крывалінейную або ступеньчатую форму (касцёл у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.). У нар. драўляным дойлідстве пашыраны Ш., вынесеныя наперад за плоскасць тарцовага фасада, маюць традыц. дэкар. аздабленне.

Шчыт царквы-крэпасці ў вёсцы Сынковічы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобл.

т. 17, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́МНІ ПАЛА́Ц у Санкт-Пецярбургу,

помнік рас. архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1754—62 арх. В.​В.​Растрэлі ў стылі барока. У плане мае форму магутнага карэ з унутраным дваром; фасады выходзяць на Няву, Адміралцейства і Дварцовую плошчу. Будынак грандыёзных памераў (больш за 1000 пакояў) з фасадамі рознага вырашэння, з выступамі-рызалітамі, акцэнтаваннем ступеньчатых вуглоў, зменлівым рытмам калон стварае ўражанне пластычнай моцы і ўрачыстасці. Пышнае аздабленне фасадаў падкрэслівае параднае прызначэнне будынка. Інтэр’еры З.п. неаднаразова перабудоўваліся. Пасля пажару 1837 фасады і парадныя залы аднавіў арх. В.​П.​Стасаў, унутр. памяшканні — арх. А.​П.​Брулоў. Быў рэзідэнцыяй расійскіх імператараў. У 1922 перададзены Эрмітажу.

Зімні палац у Санкт-Пецярбургу. Бакавы фасад. Арх. В.​Растрэлі. 1754—62.

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

медальён, ‑а, м.

1. Аздабленне авальнай ці круглай формы ў выглядзе футарала, унутр якога можна ўстаўляць фотаздымак або які‑н. талісман; носіцца звычайна на ланцужку на шыі. Налева ад трона, некалькі воддаль ад усіх, стаіць Гамлет. Па ім чорны аксамітавы плашч, на фоне якога блішчыць залаты ланцужок з вялікім медальёнам. «Полымя».

2. Рэльеф або малюнак у авальным або круглым абрамленні.

[Фр. médaillion.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ламбрэке́н

(фр. lambrequin)

1) аздабленне з матэрыі на дзвярных і аконных праёмах, на партале тэатральнай сцэны;

2) драўляная разьба на выступах страхі, над дзвярамі і вокнамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЛЫБО́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры 18—пач. 20 ст. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1764—82 у стылі позняга барока. Мураваны 1-нефавы храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і 2-вежавым фасадам, аздобленым ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, крапаванымі карнізамі і інш.). У 1902—08 (арх. Ю.​Заро) прыбудаваны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало касцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. 2-ярусныя вежы павялічаны на 2 ярусы, якія, як і цэнтр. фігурны франтон, маюць выцягнутыя верт. прапорцыі. Дэкар. аздабленне стылізавана пад першапачатковае. Тры драўляныя разныя алтары і амбон выкананы ў пач. 20 ст. У касцёле знаходзіцца абклад абраза «Маці Боская Адзігітрыя» 18 ст., захавалася каваная рашотка амбона. Над бабінцам хоры з арганам у стылі неаготыкі.

С.​Г.​Багласаў.

Глыбоцкі Троіцкі касцёл.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

рукапісны помнік усх.-слав. пісьменства 14 ст. Укладзена кн. Васілём Міхайлавічам Друцкім і яго жонкай Васілісай у царкву Багародзіцы ў Друцку (Талачынскі р-н), у 1441 — віленскім месцічам Коканам у царкву Уваскрэсення Хрыстова ў Вільні, у 18 ст. належала архіепіскапу наўгародскаму Феадосію Яноўскаму.

Напісана на царк.-слав. мове ўставам на 376 старонках фарматам «у аркуш». Тэкст размешчаны ў 2 калонкі па 25—28 радкоў у кожнай. Важнае культ.-гіст. значэнне маюць запісы ў канцы рукапісу, якія сведчаць пра існаванне Друцка ўжо ў 10 ст. і пабудову першай царквы ў гэтым горадзе ў 1001. Маст. аздабленне — застаўкі і 54 ініцыялы тэраталагічнага характару, выкананыя чырвонай фарбай (кінавар). Зберагаецца ў б-цы Сібірскага аддзялення Рас. АН.

Літ.:

Тихомиров М.Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. М., 1968. С. 9—11.

С.​А.​Акуліч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ХАВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,

тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі пераважна ў Ляхавіцкім, а таксама Баранавіцкім, Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст. Даўжыня ручнікоў 310—400 см, шыр. 26—30 см. Ткуць з адбеленага кужалю або белай бавоўны. Кампазіцыя аздобы ствараецца чаргаваннем папярочных суцэльных і пункцірных палосак рознай шырыні, якія групуюцца ў шлякі — на канцах шырокія, шчыльныя, да сярэдзіны вузкія, рэдка размешчаныя. Узор ствараецца чырвонымі ніткамі ўтку з невял. ўкрапінамі чорных, цёмна-сініх, жоўтых. Тэхніка ткання шматнітовая, часам закладная. Аздабляюць на канцах мохрыкамі, утворанымі з нітак асновы, кутасамі, карункамі. Аздабленне і каларыстычная гама блізкая да афармлення нар. адзення, розных відаў маст. тканін гэтай этнагр. зоны.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Ляхавіцкія ручнікі. Фрагмент ручніка з в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. Пач. 20 ст.

т. 9, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ПАЛА́Ц ТЫЗЕНГА́ЎЗА.

Пабудаваны ў 1760—70-я г. ў Гродне (арх. І.​Г.​Мёзер, Дж.​Сака, маст. П.​Гежыдовіч, А.​Грушэцкі) як палац А.Тызенгаўза (з пач. 19 ст. рэзідэнцыя губернатара). Кампазіцыйны цэнтр Гарадніцы, гал. фасадам выходзіў на плошчу і ўтвараў трапецападобны курданёр. Аднапавярховы П-падобны ў плане мураваны будынак быў накрыты высокім вальмавым дахам з невял. мансардамі ў цэнтры бакавых крылаў і завяршаўся авальным у плане бельведэрам з купалам і скульпт. выявай Цэрэры над гал. уваходам. Аздабленне фасадаў мела элементы стылю ракако, у каларыстычным вырашэнні — спалучэнне зялёнага колеру сцен, белых ляпных дэталей, чырвонай дахоўкі. Парадныя залы былі аздоблены плафонамі з размалёўкай і мармуровымі разнымі камінамі з карскага мармуру. У ансамбль уваходзіў будынак Гродзенскага тэатра Тызенгаўза. Разбураны ў 1915. На ПнУ ад палаца праф. Ж.​Э.​Жыліберам быў створаны Гродзенскі батанічны сад.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенскі палац Тызенгаўза.

т. 5, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́МУТ-МАЛІНО́ЎСКІ Васіль Іванавіч (13.3.1779, С.-Пецярбург — 28.7.1846),

рускі скульптар-манументаліст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1785—1800) у М.І.Казлоўскага, выкладаў там у 1808—36; праф. з 1813, рэктар па аддзеле скульптуры з 1836. Пенсіянер АМ у Рыме (1803—06). Выканаў разам з С.​С.​Піменавым аздабленне ў стылі ампір шэрагу арх. збудаванняў. Аўтар манум.-дэкар. скульптурнай групы «Выкраданне Празерпіны» перад гал. фасадам Горнага ін-та (1809—11), барэльефаў Міхайлаўскага палаца (цяпер Рускі музей, 1823—25), скульпт. групы на атыку Гал. штаба на Дварцовай пл. (1827—28, усе ў Пецярбургу) і інш. Творам уласцівы гераічны лад вобразаў, урачысты рытм і яснасць кампазіцыйных вырашэнняў, арган. адзінства з архітэктурай. Працаваў у станковай (у т. л. партрэтнай) і надмагільнай пластыцы (надмагіллі М.​І.​Казлоўскага, 1802—03; М.​Б.​Барклая дэ Толі, 1823, і інш.).

В.Дэмут-Маліноўскі. Надмагілле М.​І.​Казлоўскага. 1802—03.

т. 6, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫМПА́Н (грэч. tympanon) у архітэктуры, 1) поле трохвугольнага ці фігурнага франтона. Вядомы са старажытнасці (Грэцыя і Рым). У бел. драўляным і мураваным дойлідстве найб. пашыраныя элементы аздаблення Т.: шалёўкі простыя (верт., гарыз.), фігурныя («квадратам», «ромбам», «у елачку». салярныя матывы) і камбінаваныя; накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка; у цэнтры люкарна або рытмічна згрупаваныя аконныя праёмы і нішы рознай формы. З 18 ст. ў буйных палацавых пабудовах пашырана аздабленне Т. скульпт. пластыкай у выглядзе дэкар. заставак з геральдычнымі выявамі (картушы, гербы, манаграмы і інш.). У архітэктуры 1950-х г. выкарыстоўваліся элементы геральдыкі і тагачаснай эмблематыкі. У сучасным нар. дойлідстве Т. аздабляюцца маст. укладкай шалёўкі, разьбой у выглядзе салярных выяў і інш. элементаў пластыкі.

2) Ніша паўцыркульнай, трохвугольнай ці спічастай формы над акном або дзвярыма, дзе часта размяшчаюць скульптуру, жывапісныя выявы, рэльефы.

Тымпан у гатычным касцёле.
Тымпан класіцыстычнага палаца.

т. 16, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)