ПРОЦІПУХЛІ́ННЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі для лячэння злаякасных новаўтварэнняў. Знішчаюць (цытатаксічны эфект) або прыгнечваюць дзяленне і паскораны рост (цытастатычны эфект) пухлінных клетак. Групы П.с.: алкіліруючыя злучэнні (напр., хлорбутын, цыклафасфамід), антыметабаліты (напр., метатрэксат, меркаптапурын), алкалоіды (напр., вінбластын, калхіцын), антыбіётыкі (напр., дыктынаміцын, мітаміцын), ферменты (аспарагіназа), гарманальныя прэпараты і іх антаганісты (напр., сінэстрол, фосфэстрол), цытакіны (інтэрфероны, фактар некрозу пухлін), фітапрэпараты, радыеактыўныя рэчывы. Выкарыстанне П.с. заснавана на імуналагічных і біяхім. адрозненнях здаровых клетак і пухлінных тканак. Для П.с. характэрна выбіральнасць проціпухліннага дзеяння (кожны прэпарат ужываюць пры пэўным відзе пухлін). Адмоўная якасць П.с.: разам з пухліннымі клеткамі пашкоджваюцца здаровыя, асабліва тыя якія хутка размнажаюцца (касцявога мозга, лімфоіднай тканкі, страўнікава-кішачнага тракту, палавых залоз, скуры). Большасць П.с. таксічныя, выклікаюць пабочныя эфекты: зніжэнне колькасці ў крыві лейкацытаў, трамбацытаў, эрытрацытаў, страту апетыту, выпадзенне валасоў і інш. Лячэнне П.с. праводзяць курсамі з перапынкамі, таксама ў камбінацыі з хірург. выдаленнем пухлін, прамянёвай тэрапіяй.

Літ.:

Гарин А.М., Хлебнов А.В., Табагари Д.З. Справочник по противоопухолевой лекарственной терапии. М., 1993;

Машковский М.Д. Лекарственные средства. Т. 1—2. 13 изд. Харьков, 1998.

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУ́КЦЫЯ ў фізіялогіі,

дынамічнае ўзаемадзеянне нервовых працэсаў узбуджэння і тармажэння. Выражаецца ў тым, што тармажэнне ў групе нерв. клетак выклікае ўзбуджэнне (станоўчая І.) і, наадварот, калі першаснае ўзбуджэнне індуцыруе тармажэнне (адмоўная І.). Мае 2 формы: адначасовую, калі ўзбуджэнне ў адным участку мозга выклікае тармажэнне ў суседніх і наадварот; паслядоўную, калі змена адносін праходзіць з цягам часу. Характэрна для ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы. Абмяжоўвае распаўсюджванне нерв. працэсаў і спрыяе іх канцэнтрацыі. Прыклад адмоўнай І.: моцнае раздражненне слыхавога цэнтра (напр., рэзкі званок) выклікае тармажэнне ў харчовым, бо спыняецца слінавыдзяленне. У эмбрыялогіі І. — уздзеянне адных частак (індуктараў) зародка, які развіваецца, на другія яго часткі (сістэмы, якія рэагуюць). Адкрыта ням. эмбрыёлагам Г.​Шпеманам (1901). Адбываецца пры кантакце і вызначае напрамак развіцця сістэмы, якая рэагуе, гоматыпічны, калі дыферэнцыроўка падобна індуктару, і гетэратыпічны, калі адрозніваецца ад яго. Пашырана сярод хордавых і многіх беспазваночных жывёл. Ажыццяўляецца пры ўмове, што клеткі сістэмы, якая рэагуе, здольны ўспрымаць індуцыраваны стымул і адказваць на яго стварэннем адпаведных структур. Тэрмінам «І.» вызначаюць таксама больш шырокі круг з’яў у індывід. развіцці жывёл і раслін: дыферэнцыроўка другасных палавых прыкмет, лінька лічынак насякомых, дыферэнцыроўка і рост раслін фітагармонамі, святлом, т-рай і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Несамавіты ’непрыгожы, няважны; нястрыманы’ (Гарэц.), ’несамастойны, непрыгожы; не маючы ўнутранай годнасці’ (Касп., Шат.), ’няякасны’ (Сл. ПЗБ), несамовіты ’неразумны, дурнаваты’ (ТС), nisamavity ’не зусім добры’ (Варл.), укр. несамови́тий ’раз’юшаны, сам не свой; у вышэйшай ступені моцны’, рус. пск. несамови́тый ’непрыгожы, нязграбны’, польск. niesamowity ’які мае зносіны з д’яблам; сам не свой’ (з укр., Варш. сл.). Утворана пры дапамозе адмоўя не ад менш ужывальнага самавіты (гл.); развіццё «адмоўнай» семантыкі звязана з канкрэтызацыяй зыходнага значэння, якое мае агульны (аморфны) характар, параўн. у Насовіча: самовитый ’настоящий, самый лучший’, у сваю чаргу «адмоўная» семантыка магла ўплываць на значэнне зыходнага слова, параўн. самовіты ’разумны’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

negative2 [ˈnegətɪv] adj.

1. адмо́ўны; негаты́ўны (у розных знач.);

a negative response негаты́ўны адка́з/во́дгук;

a negative effect адмо́ўны/шко́дны ўплыў;

a negative sentence ling. адмо́ўны сказ;

a negative quantity math. адмо́ўная велічыня́;

a negative chargephys. адмо́ўны электры́чны зара́д

2. песімісты́чны;

We probably will not win. – Don’t be so negative. Мабыць, мы не пераможам. – Не будзь такім песімістам.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

АДВАРО́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

уздзеянне вынікаў функцыянавання якой-небудзь сістэмы (аб’екта) на характар гэтага функцыянавання. Характарызуе сістэмы рэгулявання і кіравання ў жывой прыродзе, грамадстве і тэхніцы, выяўляе накіраванасць узаемадзеяння пры пераносе рэчыва, энергіі, інфармацыі. Адно з паняццяў, што выкарыстоўваецца ў замкнутых сістэмах кіравання рознай фіз. прыроды (біял., тэхн., эканам., сац.), у якіх адхіленні сістэмы ад пэўнага стану служаць для фарміравання кіроўных уздзеянняў на працэс далейшага функцыянавання сістэмы. Адмоўная адваротная сувязь змяншае вынікі адхілення сістэмы ад першапачатковага стану, напр. павышае стабільнасць каэфіцыента ўзмацнення і памяншае нелінейныя скажэнні электроннага ўзмацняльніка. Дадатная адваротная сувязь звычайна прыводзіць да няўстойлівай работы сістэмы ў цэлым, выклікае лавінны працэс; выкарыстоўваецца, напр., у радыётэхніцы для стварэння аўтавагальных сістэм генератараў гарманічных і рэлаксацыйных ваганняў. У залежнасці ад характару сувязі паміж сістэмай і органам кіравання бывае бесперапынная, дыскрэтная (эпізадычная); статычная (жорсткая), дынамічная (гнуткая); лінейная або нелінейная адваротная сувязь. У складаных сістэмах (напр., у сац., біялагічных) вызначыць тып адваротнай сувязі вельмі цяжка, а то і немагчыма. Часам адваротную сувязь у такіх сістэмах разглядаюць як перадачу інфармацыі аб працяканні працэсу, на аснове якой выпрацоўваецца тое ці інш. ўздзеянне. У гэтым выпадку адваротную сувязь называюць інфармацыйнай. Прынцып адваротнай сувязі найбольш распрацаваны ў кібернетыцы, аўтаматычнага кіравання тэорыі, радыёэлектроніцы. У біял. сістэмах адваротная сувязь ажыццяўляецца ад клеткі да цэласнага арганізма. Звычайна накіравана на падтрымліванне пастаянства асн. параметраў жыццядзейнасці, рэчыўных і энергет. затрат пры ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЕ́РСІЯ ХВАЛЬ,

залежнасць фазавай скорасці распаўсюджвання монахраматычных хваль у рэчыве (або паказчыка пераламлення рэчыва) ад частаты іх ваганняў. Назіраецца для хваль любой прыроды, у т. л. пры распаўсюджванні хваль у накіроўных сістэмах (напр., хваляводах); вядзе да скажэння формы сігналу (напр., гукавога імпульсу) пры распаўсюджванні ў асяроддзі; хвалі розных частот на мяжы двух асяроддзяў пераламляюцца па-рознаму і інш. На Д.х. заснаваны прынцыпы дзеяння многіх радыётэхн., аптычных і інш. прылад: спектральных, рэфрактометраў, антэн з частотным сканіраваннем дыяграм накіраванасці і інш.

Д.х. абумоўлена спазненнем водгуку асяроддзя пры ўзаемадзеянні яго з пераменным (у часе) полем хвалі; канкрэтны выгляд дысперсійнай залежнасці для розных тыпаў хваль розны і можа быць знойдзены на аснове квантава-мех. даследаванняў працэсу ўзаемадзеяння поля хвалі з часціцамі асяроддзя. Д.х. суправаджаецца паглынаннем, пры гэтым вызначана інтэгральная сувязь паміж паказчыкам пераламлення і каэфіцыентам паглынання як функцыямі частаты (суадносіны Крамерса—Кроніга). Адрозніваюць Д.х. нармальную (удалечыні ад вобласці паглынання асяроддзя) і анамальную (у межах гэтай вобласці). Звычайна назіраецца дадатная Д.х. (у нармальнай вобласці паказчык пераламлення расце з ростам частаты, у анамальнай — спадае). Пры асаблівых умовах, калі значная частка атамаў рэчыва знаходзіцца ва ўзбуджаным стане, узнікае адмоўная Д.х.: па-за вобласцю паглынання паказчык пераламлення спадае, унутры — расце.

Літ.:

Уизем Дж.Б. Линейные и нелинейные волны: Пер. с англ. М., 1977;

Степанов Б.И. Введение в современную оптику: Основные представления оптич. науки на пороге XX в. Мн., 1989.

Б.​А.​Соцкі, А.​Р.​Хаткевіч.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

недахо́п, ‑у, м.

1. Памылка, хіба; недасканаласць чаго‑н. Новы парторг праўдзіва і адкрыта расказвае пра недахопы .., пра тыя цяжкасці, якія перажывае будоўля. Дадзіёмаў. Паказваць на недахопы, вядома, лягчэй, чым выпраўляць іх. Шамякін. // Фізічная загана; вада. У Косці Грушэўскага быў адзін фізічны недахоп, які хутка і даў аб сабе знаць.. У апошнія дні вайны яго раніла ў лёгкае. Карпюк. // Адмоўная рыса ў каго‑н. Пры ўсіх сваіх недахопах Рыгор Карпавіч меў адну вельмі станоўчую рысу: ніколі не хлусіў самому сабе, заўсёды дашукваўся прычыны сваіх паводзін. Шыцік.

2. Адсутнасць неабходнай колькасці каго‑, чаго‑н.; патрэба ў кім‑, чым‑н. Недахоп вільгаці ў глебе. Недахоп часу. □ У адным з баёў на Заходнім фронце дывізія Старобінскага, з-за недахопу патронаў, вымушана была адступіць. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПРЫ́ПЯЦКІ ПРАГІ́Н, Прыпяцкая ўпадзіна,

адмоўная тэктанічная структура Усходне-Еўрапейскай платформы. Размешчаны на ПдУ Беларусі, ва ўсх. ч. Беларускага Палесся, паміж Беларускай антэклізай і Жлобінскай седлавінай на Пн і Украінскім шчытом на Пд. Аддзяляецца седлавінамі на З Палескай ад Падляска-Брэсцкай упадзіны, на У Брагінска-Лоеўскай ад Дняпроўска-Данецкай упадзіны. Працягваецца ў зах.-паўн.-зах. напрамку на 280 км, шыр. да 150 км. Уключае Прыпяцкі грабен (палеарыфт) і Паўн.-Прыпяцкае плячо. Прыпяцкі грабен на Пн і Пд абмежаваны Паўн.-Прыпяцкім і Паўд.-Прыпяцкім глыбіннымі мантыйнымі лістрычнымі разломамі, якія складзены з шэрагу скідаў, размешчаных кулісападобна, з агульнай амплітудай зруху да 4 км. Паўн.-Прыпяцкае плячо адмежавана ад Жлобінскай седлавіны Жлобінскім і Малінаўска-Глазаўскім разломамі. Прагін сфарміраваўся ў герцынскі этап тэктагенезу, пераважна ў познім дэвоне. Ён запоўнены магутнай (да 6 км) тоўшчай, пераважна асадкавых парод рыфею, венду, дэвону, карбону, пярмі, трыясу, юры, мелу, палеагену, неагену і антрапагену, з якіх асн. ч. разрэзу складаюць верхнедэвонскія адклады. Магутныя дэвонскія саляносныя тоўшчы (верхняфранская і фаменская) падзяляюць асадкавы чахол прагіну на комплексы: падсалявы, ніжнесаляносны, міжсалявы, верхнесаляносны і надсалявы. Ніжнія 3 комплексы мантыйнымі і коравымі скідамі субшыротнага распасцірання разбіты на ступені з паўн. нахілам адкладаў на Пн і з паўд. — на Пд і восевую прыўзнятую Петрыкаўска-Хобненскую зону паглыбленых выступаў. Яе зах. працягам з’яўляецца Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ. Разломы затухаюць уверх па разрэзе. У верхнесаляносным і надсалявым комплексах вылучаюцца валы і сінклінальныя зоны. У П.п. выяўлены і эксплуатуюцца радовішчы нафты, калійных і каменнай солей, буд. матэрыялаў, паклады каменнага і бурага вуглёў, гаручых сланцаў, багатыя рэсурсы прэсных, мінералізаваных і тэрмальных вод і інш. Гл. таксама Прыпяцкі саляносны басейн.

Літ.:

Тектоника Белоруссии. Мн., 1976;

Тектоника Припятского прогиба. Мн., 1979.

В.​С.​Конішчаў.

т. 13, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Не- (ня‑) адмоўная часціца ў якасці прэфікса і ў складзе словазлучэнняў, вядомая усім славянскім мовам. Прасл. *ne‑, ідэнтычнае па паходжанню адмоўю *не (гл. не1); у шэрагу выпадкаў выконвае чыста структурную функцыю, утвараючы назвы прадметаў з «адмоўным» значэннем, параўн. нягода ’дрэннае надвор’е’ пры пагода ’добрае надвор’е’, нясла́ва ’ганьба’, няволя ’палон’ і пад.; выступае як дээтымалагізаваны элемент, параўн. небара́ка ’нябога’, ненаві́дзець (гл.), часам у якасці т. зв. збыткоўнага («пустога») адмоўя, параўн. неўбой ’неслух’ (Растарг.) і убой ’тс’, якое можа выкарыстоўвацца для табуізацыі, параўн. не́вад (гл.), нячы́сцік (гл.), нядо́бры ’вуж’ (ТС) і пад. (гл. ESSJ SG, 2, 446–448; Шустар-Шэўц, 13, 1006–1007; Талстой, Зб. Рэфармацкаму, 282–287; Папова, ФН, 1971, 1, 81–92). У складзе словазлучэнняў: не (ў)ва што ’няма ў што’ пры не́вашта ’тс’ (Растарг.); не ў змогу ’сіл не стае; няма сілы’ (Нас.), не ў чо́м ’ах як; вось чаму; вось табе і’ (Нас.) пры неўчом ’нездарма, то-та ж’ (ТС) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Несудо́мны, несудомы ’надта вялікі, страшны’ (ТС); несудо́мны лес = вялікі, непраходны лес, нетра; несудомны мороз = вялікі, траскучы мароз (мазыр., ул. зал.). Відаць, да суд (гл.), параўн. рус. несудимый ’вельмі моцны, перавышаючы звычайную меру’, не судом (божиим) ’вельмі моцна, у вельмі вялікай колькасці’ (Дзяул. сл.), несудо́м кричать ’крычаць вельмі моцна’ (паўд.-рус., СРНГ), што тлумачыцца зыходным значэннем ’які не падлягае абмеркаванню ці асуджэнню’ (Даль), г. зн. ’надзвычайны’. Аднак для названых слоў нельга выключыць і іншыя версіі ці па меншай меры ўплыў біблейскага імені уласнага Садом, якое пачало ужывацца як апелятыў, паради, судом ’нешта нядобрае, непрыемнае’: Судом ее возьмі, дзе вона дзелася, тая шапка! (ТС), параўн. садомія (содомія) ’вялікае злоўжыванне; моцная разбэшчанасць’ (Нас.) і інш., гл. Някрасава, Диалект, иссл. по рус. яз. M., 1977, 247–250; іншая версія ад *sędoma (паводле Ліуканен, Отглаг. сущ., 131 < Zsędębma ад sъ‑dębiti ’акачанець’), параўн. укр. судо́ма ’міжвольнае скарачэнне мускулаў (ад болю, холаду, пры некаторых захворваннях і г. д.), сутарга’; тады адмоўе ў несудомны можа выконваць функцыю табу; адносна семантычнай мадэлі параўн. халерны, пранцаваты і пад. як экспрэсіўная адмоўная характарыстыка ў адносінах да нежывых прадметаў (халерны холад і пад.). Для спалучэнняў тыпу гушча несудомая можна дапусціць народна-этымалагічнае збліжэнне з сыйці, сходзіць (гушча несы(и)домая?); параўн. несходзімы ’непраходны; вялікі (пра лес)’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)