нако́лькі, прысл.

1. меры і ступені. У якой ступені, у якой меры. [Гудовіч партызанам:] Абяцаю вам, што я выкарыстаю гэтую зброю на ўсю яе магутнасць, наколькі хопіць маіх сіл. Крапіва. Жанчына, наколькі я разумеў гэта, хварэла на сэрца, і яе, небараку, у дарозе хапіў прыступ. Чыгрынаў.

2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) у даданых дапаўняльных сказах. Сцяпан Каваль не раз трапляў пад паліцэйскую аблаву. Даводзілася ўсяк — і цяжка і лёгка. Усё залежала ад таго, наколькі сілы паліцыі пераважалі яго сілы. Пестрак. Сам па сабе ўзровень мастацкага твора не заўсёды з’яўляецца паказчыкам таго, наколькі пісьменнік выкарыстаў свае творчыя магчымасці. Крапіва; б) у даданых дзейнікавых сказах. Вочы .. [зубра] паблісквалі з-пад кучаравай, навісаючай грывы. Барада была чорная і густая. Дзіўна, наколькі яго аблічча гарманіравала з навакольным лясным пейзажам. В. Вольскі; в) у даданых сказах меры і ступені (звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «настолькі», «нагэтулькі» ў галоўным сказе). Наколькі дапамог.. [Чыкілевічу] Пракоп, нагэтулькі, калі не болей, пашкодзіць яму.. [Мікіта]. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасячы́ і перасе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. перасек, ‑ла; заг. перасячы; зак., што.

1. Рассячы папалам, на часткі. Перасячы жэрдку сякерай. □ Бізуном бервяна не перасячэш. Прыказка.

2. Перайсці, пераехаць што‑н. упоперак. Перасячы вуліцу. Перасячы экватар. □ З краю ў край Перасек я краіну. Смагаровіч. Выбраўшыся з лесу, партызаны перасеклі вялікае гарыстае поле і зноў апынуліся ў бары. Сіняўскі.

3. Прайсці, пралегчы па паверхні чаго‑н. Чыгунка перасекла вобласць з усходу на захад. / Пра маршчыны, рубцы і пад. Лоб .. [жанчыны] ўздоўж перасекла глыбокая зморшчына, якая неяк адразу змяніла выраз яе ажыўленага твару. Васілевіч. // Размясціцца, прайсці ў папярочным напрамку. Дарогу, па якой ішлі партызаны, павінна была перасекчы гравійная шаша. Краўчанка. Нейкі белаваты струмень, нібы рака, перасек .. [хлопцам] дарогу і пачаў адносіць човен убок. Маўр.

4. перан. Перарэзаць, перагарадзіць каму‑, чаму‑н. (дарогу, шлях і пад.). Прыгнуўшыся, Раманчык пабег берагам рачулкі, што ўпадала ў Нёман, каб перасекчы шлях парушальніку. Пальчэўскі. І вось савецкі мірны чалавек Дарогу сухавеям перасек. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., што.

1. Зачапіўшы за што‑н., прывесіць, прымацаваць. Зрабілі браты доўгі пасак з валовых шкур, прычапілі да яго кош. Якімовіч. Віця ўвагнаў у пясок жалезную палку, а канец капронавага троса, які быў наматаны на ёй, прычапіў да Паўлавага пояса. Шыцік. // Разм. Прышпіліць што‑н. да чаго‑н. Калі .. [Язэп] апрануўся, туга зацягнуў рэмень, адзеў на галаву пілотку, прычапіў медалі і два баявых ордэны, дык раптам адчуў сябе дужым, упэўненым і як бы зусім здаровым. Асіпенка.

2. Далучыць, прымацаваць пры дапамозе счэплівання (для руху). «Калі да цягніка прычапіць больш вагонаў, — разважаў Пеця, — дык і грузу можна перавезці больш». Шыловіч. Бавар, пераапрануты ў замасленую палатняную куртку, вывеў з-пад павеці старэнькі задымлены трактар, прычапіў да яго касілку. Ракітны.

3. Разм. Замацаваць за кім‑н., даць каму‑н. (празванне, мянушку і пад.). Ён рабіў справу старанна і дбала, З першай зоркай на працу заўсёды ўставаў. Хтось мянушку яму прычапіў — Грукатайла У адплату за тое, што спаць не даваў. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свя́тасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць святога. Набожныя людзі вераць у святасць царквы. □ Грубы адказ стражнікаў абражаў святасць мацярынства і таптаў элементарную гуманнасць. У. Калеснік.

2. Прадмет захаплення, чыстаты. «Якія.. [дзяўчаты] розныя! — паволі набліжаючыся, падумаў я. — Гэта — простая, ёмкая, моцная, так і карціць з ёю пажартаваць. А тая — нейкая сама святасць. З той хочацца марыць». Ваданосаў. Сваю нявольніцкую душу.. [Тварыцкі] любіць, яна ў яго стала гарманічнай, ён узвёў яе на пастамент святасці і рад. Чорны. // Рысы незвычайнасць уласцівыя святому (у 2, 3 знач.). [У касцёле] толькі каляровыя вітражы ў мараканскім духу ды статуя мадонны з дзіцём на руках, без аніякіх адзнак святасці ці царкоўнасці. В. Вольскі. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці сагнаць Даволі густа. Корбан. Праўда, у Цельшыне было многа такіх палешукоў, як, напрыклад, дзед Мікіта, да якіх святасць пс падыходзіла ніякім чынам. Колас. // Надзвычайная чыстата, дабрата і пад. Жонка была прыгожая, добрая, але не кахала яго [Загорскага]. Чыстая да святасці, святая да бязглуздасці. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скорагаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Хуткае, паспешлівае маўленне. Шчаслівы .. смех [Тамары] перадаўся Мані, і яна, слухаючы таварышкі блытаную скорагаворку, не магла стрымаць яго і ў сабе. Васілевіч. Пачуўся смяшок, неразборлівая і, відаць, смяшлівая скорагаворка, і ўсё змоўкла. Паўлаў. // у знач. прысл. скорагаво́ркай. Хутка, паспешліва (пра мову). Мы цокалі на польскай мове — [Стася] з паморскім акцэнтам, скорагаворкай, а я нараспеў, як усе беларусы. Бажко. — Мяне тата прыслаў, — скорагаворкай прамовіў Юрка, — там, — ён махнуў рукой у бок лесу, — нейкія людзі... Двое... Курто. // Што‑н. (артыкул, кніга і пад.), напісанае наспех, без дакладнасці, неглыбока. Там, дзе зніжаецца творчая напружанасць паэта, з-пад яго пяра выходзіць скорагаворка. Бярозкін. Увага да ўсіх гістарычных этапаў, якія прайшла краіна, была прычынай адсутнасць сюжэтнай сканцэнтраванасці, хранікальнай бегласці і скорагаворкі ў асобных раздзелах. Кучар.

2. Жартаўлівая фраза, пабудаваная на спалучэнні гукаў, якія робяць цяжкім хуткае вымаўленне яе. Заняткі пачыналіся з работы над тэхнікай мовы. Колькі скорагаворак было вызубрана напамяць. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скру́так, ‑тка, м.

1. Прадмет, згорнуты, скручаны трубкай; рулон. Скрутак сукна. Скрутак ватманскай паперы. □ [Цярэшка] паддаваў на плечы мяхі, насіў доўгія скруткі дываноў. Грахоўскі. Сяргей кідаў работу і насіў на воз скруткі толю, скрынкі з цвікамі, хамуты, атосы. Адамчык. [Паходня] ўявіў Марынку ў яе пакоі, столік, завалены кнігамі, сшыткамі, скруткамі чарцяжоў. Хадкевіч. // Прадмет, звіты, скручаны колцам. Да хаты збочыла з шашы яшчэ адна грузавая машына са скруткамі калючага дроту. Хомчанка. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. Якімовіч. Андрэй, узлёгшы на самую высокую яліну, увесь вечар паліў, начапіўшы на доўгую палку, скруткі бяросты. Скрыпка. // перан. Пра тое, што падобна на скрутак (скруткі). Дровы гарэлі кепска. Са шчылін .. выпаўзалі скруткі дыму. Савіцкі.

2. Прадмет або некалькі прадметаў, загорнутых у паперу, тканіну і пад.; пакунак. Мама разгортвае скрутак і ўсё, што ў ім ёсць, раскладвае на паперы. Брыль. // Наогул скручаныя або звязаныя разам прадметы; клунак. На .. [муле] высока сядзіць на нейкіх скрутках і мяшках жанчына. В. Вольскі. З-пад .. [ложкаў] віднеліся дошкі, скруткі вопраткі. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаўбу́н, ‑а, м.

Абл.

1. Збан без ручкі. А раніцой, пабраўшы ў рукі стаўбуны з пітвом для жней і кошык з яблыкамі-падалкамі, ідуць [Васілінка з Зоськай] на поле. Ус.

2. Высокі конусападобны прадмет з круглым верхам; падобны на такі прадмет. На Серабранцы цвілі каштаны. Белыя стаўбуны кветак сама браліся ў сілу. Паўлаў. Як акінуць вокам ляжалі высокія штабялі аблузанага яловага бярвення і стаўбуны сухой кары. Машара. / у вобразным ужыв. Не менш прыгожая Сонька... І вялікі белы стаўбун валасоў на галаве, і чысты румяны твар, і блакітныя вочы. Мыслівец. // перан. Пра высокага чалавека. Каб у яго быў бацька, дык, можа, Віця быў бы большы і за гэтага стаўбуна Кастуся. Марціновіч.

3. Слуп чаго‑н. (пылу, дыму і пад.), які падымаецца ўверх. Пад вёскаю падымаліся белыя стаўбуны дыму, а ў акенцах пагойдвалася няроўнае святло — палілі ў печах. Грахоўскі.

4. Віхор, ураганны вецер. [Дзед:] — Мінулым летам як наляцеў быў стаўбун, дык у Варывончыка — майго суседа — усю хату аскуб. Кулакоўскі.

5. Кветаноснае сцябло ў клубневых раслінах, цыбур. Цыбуля ў стаўбуны пайшла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стачы́ць 1, стачу, сточыш, сточыць; зак., што.

1. Зняць верхні слой чаго‑н. або няроўнасці на чым‑н. Стачыць зазубіну на нажы.

2. Зрабіць вельмі тонкім, вузкім у выніку тачэння. Стачыць нажніцы.

стачы́ць 2, сточыць; зак., каго-што.

Прагрызці, пабіць у дзіркі, зрабіць непрыгодным. Крот стачыў луг. □ Чэрві стачылі дзічкі,.. яны сыпаліся зверху на мяжу, як з кошыка. Пташнікаў. // перан. Падарваць сілы, здароўе (пра хваробу, перажыванні і пад.). Ці то збалелася Вольчына душа, стачылі яе адзінота і сум, а можа пераканаў гарачы шэпт Арыны, але без доўгіх угавораў пагадзілася яна перабрацца да свякрухі. Б. Стральцоў. Разам .. [Міхась і Зося] гэтак, рука ў руку, прайшлі б, відаць, і ўсё жыццё, калі б Зосіных грудзей не стачылі ў астрозе сухоты. Сабаленка.

стачы́ць 3, стачу, сточыш, сточыць; зак., што.

1. Злучыць шыццём. Стачыць дзве полкі.

2. Зрабіць даўжэйшым, звязаўшы канцы. Стачыць два шнуры.

3. Спец. Злучыць, змацаваць пры дапамозе зваркі (лісты жалеза і пад.). Стачыць трубы.

•••

Стачыць канцы з канцамі — тое, што і звесці канцы з канцамі (гл. звесці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАРО́НЕЖСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

біясферны запаведнік у Расіі, на мяжы Варонежскай і Ліпецкай абл., у цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны на водападзеле р. Варонеж і Усмань. За 40 км на Пн ад Варонежа. Засн. ў 1927 для аховы і аднаўлення колькасці рачнога бабра. З 1984 біясферны запаведнік. Пл. 31 053 га, у т. л. 28 481 га пад лесам, 535 га займаюць лугі і 121 га — вадаёмы. У запаведніку, размешчаным у паўн. ч. Усманскага бору, зберагаюцца астраўныя бары і дубровы лесастэпавай зоны, якія маюць водаахоўнае значэнне. У фауне звычайныя бабёр, высакародны алень, дзік, казуля, з рэдкіх відаў — хахуля, сярод птушак — шэры журавель, няясыць і інш. Доследны гадавальнік па вывучэнні і развядзенні бабра.

Літ.:

Заповедники СССР: Заповедники Европейской части РСФСР. Ч. 2. М., 1989.

т. 4, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТУНЫ́ (Gyrinidae),

сямейства насякомых атр. жукоў. У сусв. фауне больш за 1600 відаў, пашыраных пераважна ў тропіках. Жывуць у прэсных вадаёмах, круцяцца на паверхні вады ў пошуках здабычы (адсюль назва). На Беларусі 7 відаў з 2 родаў. Найб. пашыраны вяртун-паплавок (Gyrinidae natator) і вяртун змрочны (Gyrinidae villosus).

Даўж. да 8 мм. Цела цёмнае, бліскучае. Пярэднія ногі хапальныя, падоўжаныя, сярэднія і заднія плавальныя (плоскія, падобныя да вёслаў). Вочы падзелены на 2 палавіны, адна з якіх здольная бачыць над вадой, другая — пад вадой. Удзень плаваюць часцей чародамі, пры небяспецы ныраюць; у цёмны час лётаюць. Драпежныя: кормяцца дробнымі вадзянымі насякомымі (у т. л. лічынкамі малярыйных камароў) і інш. Лічынкі жывуць у глеі, акукліваюцца на беразе.

Да арт. Вертуны. Вяртун-паплавок.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)