МІРАНО́ВІЧ Спартак Пятровіч (н. 20.6.1938, г. Магнітагорск, Расія),

бел. трэнер (гандбол). Майстар спорту СССР (1964). Засл. трэнер Беларусі (1967), СССР (1977), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1981). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1963). З 1964 старшы трэнер зборнай каманды школьнікаў Беларусі — чэмпіёна СССР (1967), з 1969 — Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства. З 1970 трэнер зборнай каманды юніёраў СССР — пераможцы чэмпіянату свету сярод юніёраў (1977, 1979, 1983, 1985). З 1976 гал. трэнер каманды СКА (Мінск); пад яго кіраўніцтвам каманда была ўладальніцай Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1987, 1989, 1990), Кубка ўладальнікаў кубкаў (1983, 1988), Кубка СССР (1980, 1981, 1982), чэмпіёнам СССР (1981, 1984, 1985, 1986, 1988, 1990), чэмпіёнам Беларусі (1993—99). З 1986 трэнер зборных каманд СССР — пераможцы XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул, Рэспубліка Карэя) і СНД — пераможцы XXV Алімп. гульняў (1992, Барселона, Іспанія), пераможцы Гульняў добрай волі (1986, Масква; 1990, г. Сіэтл, ЗША). У 1991—97 член выканкома Нац. алімп. к-та Беларусі.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́Й (сапр. Гурка) Сямён Піліпавіч

(1640-я г., г. Борзна Чарнігаўскай вобл., Украіна — студз. 1710),

правадыр нац.-вызв. руху на Правабярэжнай Украіне ў канцы 17 — пач. 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскім калегіуме, быў казаком Запарожскай Сечы. У пач. 1680-х г. адзін з кіраўнікоў нар. каланізацыі спустошаных войнамі раёнаў Прыдняпроўя, дзе ўтварылася казацкая «рэспубліка» з цэнтрам у г. Фастаў (на ПдЗ ад Кіева). У час нар. паўстання канца 1680-х г. на Правабярэжнай Украіне вызваліў з-пад польскага панавання некалькі гарадоў. Быў за ўз’яднанне пад уладай Расіі Правабярэжнай і Левабярэжнай Украіны, карыстаўся тайнай падтрымкай рас. ўрада. У 1702—04 узначаліў новае казацка-сял. паўстанне, што ахапіла Кіеўшчыну, Валынь і Падолію. У 1704 арыштаваны ўкр. гетманам І.Мазепам і па лжывым абвінавачанні сасланы ў Сібір. Вызвалены Пятром I пасля здрады Мазепы (1708) і прызначаны белацаркоўскім палкоўнікам. Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. П. — герой укр. нар. песень і паданняў, яго апеў Т.Р.Шаўчэнка ў творах «Чарнец» і «Швачка».

т. 11, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ КРАЙ,

афіцыйная назва ў 19 — пач. 20 ст. тэр. Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай (з 1842), Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Да 1840 гэтыя губерні падзяляліся на 2 групы — зах., ці беларускія (Віцебская, Магілёўская, Мінская), і паўн.-зах., ці літоўскія (Віленская, Гродзенская, Ковенская). 18.7.1840 Мікалай I выдаў указ, каб літоўскія і беларускія губ. «называлі ў далейшым кожную асобна». Аднак у справаводстве гэтыя 6 губерняў часта наз. П.-З.к. (у адрозненне ад Паўд.-Зах. краю — Кіеўскага ген.-губернатарства). У публіцыстыцы тэрмін «П.-З.к.» пачаў шырока ўжывацца пасля паўстання 1863—64. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 П.-З.к. называўся Паўн.-Зах. вобласцю. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 назва «П.-З.к.» перастала ўжывацца. На яго тэр. ўтвораны БССР, Літ. Рэспубліка, зах. частка краю (Заходняя Беларусь) адышла да Польшчы.

Літ.:

Рубинштейн С.Ф. Хронологический указатель указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России, Белоруссии и Малороссии за 240 лет с 1652 по 1892 г. Вильна, 1894;

Weeks T. Nation and State in late imperial Russia. Illinoys, 1996.

М.​А.​Сакалова.

т. 12, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗІДЭ́НТ [ад лац. praesidens (presidentis) які сядзіць наперадзе, на чале)],

1) кіраўнік дзяржавы і ўрада або толькі дзяржавы ў краінах з рэсп. формай праўлення. Пасада ўзнікла ў ЗША у 1787. З краін, якія ўваходзяць у ААН, больш як 130 маюць пост П., у т. л. Рэспубліка Беларусь (2000). Канстытуцыйны статус і паўнамоцтвы П. адрозніваюцца ў залежнасці ад тыпу рэспублікі. У прэзідэнцкай рэспубліцы, класічнай формай якой з’яўляюцца ЗША, П. — кіраўнік дзяржавы і кіраўнік выканаўчай улады; выбіраецца на ўсеагульных выбарах. У парламентарнай рэспубліцы (напр., ФРГ, Італія) П. толькі кіраўнік дзяржавы, а ўрад узначальвае прэм’ер-міністр, П. выбіраецца, як правіла, парламентам або пры яго ўдзеле. У рэспубліках змешанага тыпу П. выбіраецца на ўсеагульных выбарах, з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і валодае рэальнымі ўладнымі паўнамоцтвамі, што дазваляе яму фактычна кіраваць урадам, адказным перад парламентам (Францыя, Польшча, Беларусь).

2) У шэрагу грамадскіх і навук. устаноў, т-ваў, арг-цый (у т. л. міжнар.) П. — выбарны старшыня выканаўчага органа.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САДА́Т, ас-Садат Мухамед Анвар (25.12.1918, в. Міт-Абу-эль-Ком, Егіпет — 6.10.1981), дзяржаўны дзеяч Егіпта. Скончыў ваен. каледж у Каіры (1938). Сумесна з Г.​А.​Насэрам стварыў тайную арг-цыю «Свабодныя афіцэры». За антыбрыт. дзейнасць у 1942 звольнены з арміі, у 1942—44 і 1946—49 у турме. У 1950 адноўлены на ваен. службе. Удзельнік дзярж. перавароту 1952. У 1953—56 чл. Рэв. савета Егіпта, у 1957—58 нам., у 1960—61 і 1964—68 старшыня Нац. сходу (парламента) Аб’яднанай Араб. Рэспублікі (ААР). У 1964—66 і 1969—70 віцэ-прэзідэнт ААР. З вер. 1970 прэзідэнт ААР (з 1973 Араб. Рэспубліка Егіпет). Пераарыентаваў краіну на супрацоўніцтва з ЗША, пачаў ажыццяўленне ліберальных рэформ у палітыцы і эканоміцы. У ліст. 1977 першы з араб. лідэраў наведаў Ізраіль. У 1978—79 падпісаў пагадненні з Ізраілем (гл. Кэмп-Дэвідскія пагадненні 1978). Забіты фанатыкамі-ісламістамі. Нобелеўская прэмія міру 1978 (разам з М.​Бегінам).

т. 14, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІГУРО́ЎСКІ Мікалай Мікалаевіч (н. 7.12.1923, г. Чухлама Кастрамской вобл., Расія),

расійскі і бел. рэжысёр, сцэнарыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1964). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1951). У 1953—66 рэжысёр на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1967 выкладае ва Усерас. дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1995 праф.). На «Беларусьфільме» паставіў фільмы «Дзеці партызана» (1954, з Л.​Голубам), «Палеская легенда» (паводле апавяд. «Лес шуміць» У.​Караленкі, 1957, з П.​Васілеўскім), па ўласных сцэнарыях «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1968, сцэнарый з А.​Кучарам), «Веснавыя навальніцы» (1960), «Колькі лет, колькі зім!» (1966). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Апавяданні пра юнацтва» (1961) і «Рудабельская рэспубліка» (1972; паст. на кінастудыі «Беларусьфільм»), «Калі дрэвы былі вялікія» (1962), «Вясна на Одэры» (1968), «Злачынства і кара» (паводле Ф.​Дастаеўскага, 1970, з Л.​Куліджанавым), «Мора ў агні» (1972, з Л.​Саакавым), «Аповесць пра двух салдатаў» (1977, з У.​Умарбекавым, Дзярж. прэмія Узбекістана 1977), «Жанчына здалёк» (1979), «Рэпартаж з лініі агню» (1985) і інш. Аўтар рамана «Знак Вадалея» (кн. 1—2, 1985—2003).

т. 16, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУЛА́КІ Міхаіл Іванавіч (19.11.1908, г. Сімферопаль, Рэспубліка Крым — 29.1.1989),

расійскі кампазітар, педагог, муз.-грамадскі дзеяч. Нар. арт. Расіі (1969). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1931, кл. кампазіцыі У.​Шчарбачова). У 1937—39 дырэктар і маст. кіраўнік Ленінградскай філармоніі. З 1951 працаваў у К-це па справах мастацтваў пры СМ СССР, у Мін-ве культуры СССР. У 1955—59 і ў 1963—70 дырэктар і маст. кіраўнік Вял. т-ра ў Маскве. З 1933 выкладаў у Ленінградскай, з 1948 — у Маскоўскай (з 1962 праф.) кансерваторыях. Сярод твораў: балеты «Казка пра папа і работніка яго Балду» (паст. 1940), «Уяўны жаніх» (паст. 1946), «Юнацтва» (паст. 1947), «Іван Грозны» (на аснове музыкі С.​Пракоф’ева да аднайм. балета, паст. 1975); опера «Малады марак сусвету» (1977); 4 сімфоніі (1930—87), сімф. цыкл «Песні і танцы старой Францыі» (1959), кантаты. Аўтар кніг «Інструменты сімфанічнага аркестра» (1950), «Жывыя ў памяці маёй» (1990), муз.-крытычных артыкулаў. З 1948 сакратар Саюза кампазітараў СССР, з 1959 — Саюза кампазітараў Расіі. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948, 1950.

т. 17, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМАРЭ́НКА Віктар Уладзіміравіч (н. 11.6.1945, г. Гродна),

бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1968). Працаваў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект» (у 1983—88 гал. архітэктар). З 1990 кіраўнік персанальнай творчай майстэрні, адначасова ў 1985—99 выкладаў у БПА. Асн. работы: лячэбны корпус санаторыя «Беларусь» у г. Друскінінкай (Літва; 1973), археал. музей «Старажытнае Бярэсце» на тэр. мемар. комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» (1978, абедзве ў сааўт.), будынак Магілёўскага т-ра драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча ў г. Бабруйск (1977); у Мінску (у сааўт.) — кінатэатр «Масква», арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой», навучальна-лабараторны корпус Ін-та механізацыі сельскай гаспадаркі на праспекце Ф.​Скарыны (1986), станцыя метро «Трактарны завод» (1990), комплекс новага чыгуначнага вакзала (гл. ў Дадатку Мінскія чыгуначныя вакзалы, 2000, з М.​Вінаградавым; Гран-пры Рэсп. фестывалю архітэктуры 2001, сярэбраны медаль Сусв. трыенале архітэктуры ў Сафіі 2003), будынак Нац. б-кі (з Вінаградавым; будуецца з 2002); помнікі «Рудабельская рэспубліка» ў г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. (1984), Т.​Шаўчэнку ў Мінску (2002).

т. 18, кн. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гісторыя

Каменны век (143).

Бронзавы век (145).

Жалезны век (146).

Беларусь у 6 — 1-й палавіне 13 ст. 148

Беларусь у складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай 154

Беларусь у складзе Расійскай імперыі 166

Беларусь у першай сусветнай вайне 194

Беларусь у перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 199

Беларусь у перыяд грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—20 204

Міжнароднае становішча і знешнепалітычная дзейнасць Беларусі (1918 — пач. 1930-х г.) 220

БССР у міжваенны перыяд 222

Заходняя Беларусь 236

Беларусь у міжнародных адносінах 1939—41 245

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—43 247

Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны 261

Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё Беларусі ў 1950-х — сярэдзіне 1980-х г. 269

На шляху да суверэнітэту і дэмакратызацыі 275

Рэспубліка Беларусь на мяжы 20—21 стагоддзяў 282

Ідэалогія беларускай дзяржавы. Беларуская мадэль развіцця 287

Беларуская дыяспара 288

т. 18, кн. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

машы́на, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць механізмаў, прызначаная для пераўтварэння энергіі, выканання пэўнай карыснай работы, збору, захоўвання і выкарыстання інфармацыі. Швейная машына. Сельскагаспадарчыя машыны. Вылічальная машына. // перан. Пра чалавека, які дзейнічае машынальна, бяздумна, як аўтамат. // перан. Аб чым‑н. складаным, што дзейнічае падобна механізму бесперабойна і дакладна; сістэма. Беларуская Савецкая Рэспубліка першай прыняла на сябе ўдар пачварнай ваеннай машыны гітлерызму. Клімковіч.

2. Транспартны сродак, які прыводзіцца ў рух пры дапамозе якога‑н. рухавіка. Да свірна пад’ехала машына, на яе пачалі грузіць мяхі. Шахавец. // Уст. Поезд, цягнік. Вось кончан лес, і Стоўбцы блізка. Туман на возера лёг нізка, Вада шумела каля млына, Свістала голасна машына. Колас.

•••

Як заведзеная машына — а) рытмічна, аднастайна, бесперапынна; б) механічна, не думаючы (рабіць што‑н.).

[Фр. machine ад лац. machina.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)