ПРЭЗІДЭ́НТ [ад лац. praesidens (presidentis) які сядзіць наперадзе, на чале)],
1) кіраўнік дзяржавы і ўрада або толькі дзяржавы ў краінах з рэсп. формай праўлення. Пасада ўзнікла ў ЗША у 1787. З краін, якія ўваходзяць у ААН, больш як 130 маюць пост П., у т. л. Рэспубліка Беларусь (2000). Канстытуцыйны статус і паўнамоцтвы П. адрозніваюцца ў залежнасці ад тыпу рэспублікі. У прэзідэнцкай рэспубліцы, класічнай формай якой з’яўляюцца ЗША, П. — кіраўнік дзяржавы і кіраўнік выканаўчай улады; выбіраецца на ўсеагульных выбарах. У парламентарнай рэспубліцы (напр., ФРГ, Італія) П. толькі кіраўнік дзяржавы, а ўрад узначальвае прэм’ер-міністр, П. выбіраецца, як правіла, парламентам або пры яго ўдзеле. У рэспубліках змешанага тыпу П. выбіраецца на ўсеагульных выбарах, з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і валодае рэальнымі ўладнымі паўнамоцтвамі, што дазваляе яму фактычна кіраваць урадам, адказным перад парламентам (Францыя, Польшча, Беларусь).
2) У шэрагу грамадскіх і навук. устаноў, т-ваў, арг-цый (у т. л. міжнар.) П. — выбарны старшыня выканаўчага органа.
т. 13, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)