КАСМАГО́НІЯ (грэч. kosmogonia ад космас + грэч. goneia зараджэнне),
раздзел астраноміі, які вывучае паходжанне і развіццё касм. цел і іх сістэм. Грунтуецца на выніках астр. назіранняў з Зямлі і з космасу, а таксама на навук. даных фізікі, геалогіі, геафізікі, геахіміі.
К. як навука зарадзілася ў 18 ст. — гіпотэзы І.Канта (1755), П.С.Лапласа (1796), пазней Дж.Х.Джынса (1916); далейшае развіццё атрымала ў працах О.Ю.Шміта (прапанаваў ідэю акумуляцыі планет з газава-пылавога воблака, якое абкружала Сонца). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў адрозніваюць некалькі этапаў зараджэння Сонца і планет. Першапачаткова адбываецца згушчэнне воблака міжзорнага рэчыва (складаецца з малекул вадароду H2, вады H2O, гідраксільнай групы OH і інш. і пылу). Найб. шчыльныя часткі воблака з масамі парадку зоркавых пачынаюць сціскацца. Воблака распадаецца на фрагменты, адзін з якіх у далейшым параджае Сонца і Сонечную сістэму. У цэнтры фрагмента, што сціскаецца, утвараецца згушчэнне пылу і газу, якое з’яўляецца ядром акрэцыі (захоп навакольнага разрэджанага асяроддзя, прыток якога паступова павялічвае масу ядра). Калі маса цэнтр. згушчэння дасягае прыблізна 0,1 сонечнай масы, рэчыва становіцца непразрыстым, т-ра павялічваецца і пыл выпараецца. Гэта адбываецца праз 104—105 гадоў пасля пачатку згушчэння фрагмента. Цэнтр. згушчэнне ўтварае газавую пратазорку. Потым пачынаецца яе гравітацыйнае сцісканне. На працягу гэтага перыяду ўжо існуе дыскападобная газава-пылавая пратапланетная туманнасць, цэнтрам якой з’яўляецца пратазорка. Маса туманнасці каля 0,01—2 сонечных мас. У туманнасці ідзе фарміраванне планет-гігантаў тым жа шляхам — з утварэннем дыскаў, з якіх у далейшым утвараюцца спадарожнікі-планеты. Гравітацыйнае сцісканне Сонца доўжыцца 108 гадоў. У гэты час дзьме моцны зоркавы вецер, што вымятае газ з унутр. часткі пратапланетнай туманнасці. Пылавое воблака ўсё больш канцэнтруецца да сярэдняй плоскасці. Пылінкі сутыкаюцца, утвараюцца буйныя часцінкі. Ідзе працэс акумуляцыі цвёрдых цел. Фарміруецца некалькі асабліва буйных цел — цэнтраў акрэцыі, вакол якіх утвараюцца планеты зямной групы. З рэшткаў рэчыва, выкінутага на край Сонечнай сістэмы, узнікаюць каметы і астэроіды пояса Койпера (гл.Малыя планеты). Гл. таксама Касмалогія.
Літ.:
Гуревич Л.Э., Чернин А.Д. Введение в космогонию: Происхождение крупномасштабной структуры Вселенной. М., 1978;
Іх жа. Происхождение галактик и звезд. 2 изд. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НЫ (Athēnai),
горад, сталіца, паліт., эканам. і культ. цэнтр Грэцыі. Адм. ц. нома Атыка. Размешчаны на п-ве Атыка, непадалёку ад Эгейскага м., на раўніне, якую арашаюць Кіфісос і яе прыток Ілісос. Раўніну перасякае ланцуг вапняковых узгоркаў, асн. вяршыні якіх — Акропаль (каля 125 м) і Лікавіт (каля 275 м) — пануюць над горадам; з трох бакоў раўніна абмежавана гарамі, з чацвёртага — заліў Саранікос. Разам з прыгарадамі і г. Пірэй (аванпорт Афін на Эгейскім м.) утварае агламерацыю Вял. Афіны. 748 тыс.ж., у агламерацыі (пл. 433 км²) больш за 3,5 млн.ж. (1991). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт Элінікон. У Вял. Афінах сканцэнтравана каля 2/3прамысл. вытв-сці краіны. Асн. галіны: металургія, машынабудаванне (у т. л. суднабудаванне, аўтамабільнае), нафтаперапр., хім., цэлюлозна-папяровая, тэкст., гарбарна-абутковая, швейная, харч.прам-сць, турызм. Праз Аыіны праходзіць каля 70% імпарту і 40% экспарту Грэцыі. Метрапалітэн. Ун-т. Акадэмія навук.Нац.б-ка. Музеі.
Афіны — стараж. горад Грэцыі; горад-дзяржава (гл.Афіны Старажытныя). Паводле паданняў, першыя паселішчы на месцы сучасных Афін з’явіліся ў 16—13 ст. да нашай эры. З 146 (паводле інш. звестак 86) да нашай эры Афіны знаходзіліся пад уладай Рыма. З 4 ст. ўваходзілі ў склад Візант. імперыі. З 1204 сталіца Афінскага герцагства. У 1458 захоплены туркамі. З 1834 сталіца Грэцыі.
Спалучэнне выдатных помнікаў антычнасці (гал.ч. на Афінскім акропалі) з помнікамі візант. дойлідства і буйнымі раёнамі новабудоўляў надае Афінам непаўторную своеасаблівасць. Стыхійная планіроўка ант. Горада склалася да 7 ст. да нашай эры. Гіст. ядро Афін — скала Акропаля. Сярод інш. помнікаў стараж.-грэч. і рым. дойлідства: плошча Агары з храмам Гефеста, Дыпілон — гал. гарадскія вароты стараж. Афін, Дыпілонскі некропаль са скульпт. надмагіллямі 5—4 ст. да н.э, храм Зеўса Алімпійскага, тэатр Дыяніса, б-ка і арка Адрыяна, стадыён, т.зв. «Вежа вятроў», помнік Лісікрата. Да візант. эпохі належаць цэрквы 11—12 ст. Малая Мітраполія, св. Апосталаў на Агары, Капнікарэя і інш.Найб. значныя грамадскія будынкі 19 ст. ўзведзены ў стылі неакласіцызму: парламент, Нац.б-ка, ун-т, Акадэмія навук, Нац. музей і інш. Сучасныя Афіны будуюцца паводле рэгулярнага плана ва ўсіх напрамках ад цэнтр. вуліц. Сярод збудавання 20 ст.: тэатр «Алімпія», Хілтан-атэль і інш. Музеі: Нац. археалагічны, Акропаля, Агары, Візантыйскі, Нац. галерэя жывапісу, керамікі.
Літ.:
Сидорова Н.А. Афины. 2 изд. М., 1984.
Афіны.Да арт.Афіны. Царква Капнікарэя. 12 ст.Афіны. Агульны выгляд (на пярэднім плане музей Агары).Да арт.Афіны. Тэатр Дыяніса. 6—4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён на ПнУБеларускага Паазер’я, у Віцебскай вобл. Мяжуе з Суражскай нізінай на У, Віцебскім узв. на ПдУ, Полацкай нізінай на ПдЗ і З, на Пн адгор’і ўзвышша зліваюцца з Невельскім узв. у Пскоўскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Выцягнута з Пн на Пд да 70 км, з З на У да 45 км. Пл. каля 3 тыс.км². Выш. ад 135 м (урэз р.Зах. Дзвіна каля в. Курына Віцебскага р-на) да 263 м (каля в. Загараны Гарадоцкага р-на).
У геаструктурных адносінах Гарадоцкае ўзвышша прымеркавана да паўн.-зах.ч.Аршанскай упадзіны, дзе да канца дэвону завяршылася структурная перабудова і ўтварылася плато, расчлянёная паверхня якога служыць цокалем Гарадоцкага ўзвышша. Магутнасць адкладаў антрапагенавай сістэмы 40—170 м, асноўная частка іх складзена з 5—6 комплексаў ледавіковых (марэнных, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых) утварэнняў. Карысныя выкапні: даламіт (блізка ад паверхні на Рубаўскім выступе парод дэвону і ў адорвенях), пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі і легкаплаўкія гліны, прэсныя і мінер. падземныя воды.
Сучасны рэльеф аформіўся ў час адступання ледавіка паазерскага зледзянення. На Пн знаходзіцца ўласна Гарадоцкае ўзвышша, якое ўзнікла як астраўны лёдападзельны масіў. У рэльефе яго выражана сістэма канцова-марэнных град. На Пн вылучаецца больш высокі ўнутр. клінападобны пояс канцовых марэнных град (даўж. 20—22 км), складзеных пераважна з валунных суглінкаў. Знешні дугападобны пояс канцова-марэннага рэльефу складаюць грады, валы і ўзгоркі. У паўн.ч. знешняга пояса буйна- і сярэднеўзгорысты рэльеф. На Пд ад канцова-марэннага масіву пераважае камава-ўзгорысты рэльеф, які ўзнік у паласе «мёртвага лёду», што заставаўся некаторы час пасля адступання краю ледавіка на Пн. Трапляюцца ўчасткі спадзіста-хвалістага рэльефу асн. марэны, далінныя зандры, озы. Рачная сістэма належыць да бас.Зах. Дзвіны і Ловаці. На зах. схілах прытокі Обалі — Усыса, Чарняўка, Чарнуйка, на ўсх. — Ловаць, Аўсянка (прыток Усвячы), на Пд пачынаецца р. Лужасянка. Найб. азёры: Езярышча, Лосвіда, Кашо, Вымна, Заронава. Сярэдняя т-растудз. -7,9 °C, ліп. 17,6 °C, ападкаў 625 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і поймавыя. Пад ворывам каля 25%, пад лесам да 30% тэрыторыі. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-яловыя, другасныя бярозавыя, асінавыя і шэраальховыя лясы, вярховыя і пераходныя балоты, у катлавінах азёр — лугі. Раён вылучаецца маляўнічасцю ландшафтаў. У межах Гарадоцкага ўзвышша заказнікі: гідралагічныя Карыценскі Мох, Цёста; біял. Езярышчанскі, Паташэнскі, Сурміно і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РАЎСКІ РАЁН.
На ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 12.2.1935. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 27,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 36,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Кіраўск. 126 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Баравіцкі, Грыбавецкі, Дабаснянскі, Казуліцкі, Любоніцкі, Мышкавіцкі, Паўлавіцкі, Скрыпліцкі, Стайкаўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 21 нас. пункт знаходзіцца ў зоне радыяцыйнага кантролю.
Размешчаны у паўд.ч.Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня раўнінная, слаба парэзаная далінамі. Пераважаюць выш. 160—170 м, найвыш пункт 196,4 м (на ПнЗ ад в. Казулічы). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 594 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. На У працякае р. Друць з прытокамі Вепрынка, Хмялінка, Белая (з Чарабаміркай), Дабрыца, на З — р. Бярэзіна з прытокамі Ольса, Ала, р. Добасна (прытокр. Дняпро). Невял. азёры, буйнейшыя — Бярозавае і Жывін. Створана 15 вадасховішчаў, найб. Чыгірынскае (на р. Друць). Глебы дзярнова-падзолістыя (50,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,6%), тарфяна-балотныя (10,7%). Лясы займаюць 40% тэрыторыі, з іх 9,9% — штучныя насаджэнні; пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя, найб. масівы суцэльнага лесу на Пн. Пад балотамі 1,6% тэр. раёна, найб. Ганчанскае, Вялікае, Заліцвінскі Мох. Зоны адпачынку Чыгірынка, Бераснёўка. Заказнікі геал. (тарфяныя) мясц. значэння Белыя Рэчкі, Любін Бор. Помнікі прыроды: рэспубліканскага значэння — участак лесу з каштоўнымі дрэвавымі пародамі (хвоя Веймутава, лістоўніца сібірская) у Чыгірынскім лясніцтве, парк «Жылічы» ў в. Жылічы; мясцовага — алея дубова-ліпавая ў в. Зялёная Рошча, дуброва ў Бабруйскім ваен. лясгасе.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 65,5 тыс.га, з іх асушаных 14 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 12 калгасаў, 2 саўгасы, 37 фермерскіх гаспадарак, с.-г. прадпрыемствы «Ніва» і «Чырвоны баец», Жыліцкі с.-г. тэхнікум. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства, садоўніцтва. Пашыраны пасевы бульбы, збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч. (малочныя і мясныя вырабы, кансервы, крухмал і інш.), лёгкай, ільноапрацоўчай, дрэваапрацоўчай і лясной прам-сці. Працуе Чыгірынская ГЭС. Праходзяць аўтадарогі Магілёў—Бабруйск, Мінск—Гомель. У раёне 12 сярэдніх, 10 базавых, пачатковая, дзіцяча-юнацкая спарт., муз., 3 маст. школы, с.-г. тэхнікум, ПТВ, 21 дашкольная ўстанова, 15 дамоў культуры, 12 клубаў, кінатэатр, 27 б-к, 3 бальніцы, 2 паліклінікі, 2 амбулаторыі, 21 фельч.-ак. пункт, санаторый, дом паляўнічага, турбаза. Жыліцкі комплекс-музей на базе палацава-паркавага ансамбля. Помнік архітэктуры — Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль (18—19 ст.). Выдаецца газ. «Кіравец».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ,
прыродныя вадаёмы, запоўненыя ў межах азёрнай чашы (ложа) вадой, якія не маюць непасрэднага злучэння з морам. Пл. азёр зямнога шара каля 2,7 млн.км². Найб. азёры: Каспійскае (1371 тыс.км²), Верхняе ў Паўн. Амерыцы (82,4 тыс.км²), Вікторыя ў Афрыцы (68 тыс.км²). Самае глыбокае воз. Байкал (1620 м). Размешчаны на розных вышынях: Харпа (Арпорт) у Тыбеце на выш. 4400 м, Мёртвае м. ў Зах. Азіі на 392 м ніжэй за ўзр. акіяна. У залежнасці ад умоў утварэння азёрнага ложа вылучаюць тыпы азёр: плацінныя (рачныя, далінныя і прыбярэжныя, таксама штучныя азёры-вадасховішчы); катлавінныя (карставыя, тэрмакарставыя, дэфляцыйныя, вулканічныя і тэктанічныя) і мяшанага паходжання. Паводле характару воднага балансу вызначаюць азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, адносна тэрмічнага рэжыму — умераныя, трапічныя і палярныя, адпаведна з хім. саставам вады — прэсныя, саланаватыя і салёныя, азёры па ступені развіцця арган. жыцця — алігатрофныя, эўтрофныя, дыстрофныя. Форма, памеры і ўзровень азёр значна мяняюцца з часам у выніку намнажэння адкладаў, змены контураў берагоў, балансу вільгаці. На Беларусі налічваецца каля 10 800 азёр. Сумарная пл. амаль 2000 км², агульны аб’ём вады 6—7 км³. Самае вял. па пл.воз.Нарач (80 км²); самае глыбокае Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Размешчаны азёры ў асноўным на Пн (Бел. Паазер’е) і на Пд (Палессе).
Утварэнне большасці азёр Бел. Паазер’я звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых водаў. Катлавіны ледавіковых азёр разнастайныя: падпрудныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Лукомскае), утвораны ў выніку намнажэння талых ледавіковых водаў у паніжэннях паміж марэннымі градамі; лагчынныя (Саро, Сянно, Балдук і інш.), узніклі ад ледавіковага выворвання і эразійнай дзейнасці талых водаў; эварзійныя (Рудакова, Вісяты, Жанно), выбіты сілай ледавіковай вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка; тэрмакарставыя (Лісіцкае, Усомля, Канашы), утвораны ў выніку раставання пахаваных лінзаў лёду. На Палессі азёрныя катлавіны пераважна старычныя, карставыя (Вулька, Сомінскае), азёры-разлівы (Чырвонае, Олтушскае).
У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы прыток і атмасферныя ападкі, роля падземных водаў малапрыкметная. Характэрны дадатны баланс воднага жыўлення і нязначнае ваганне ўзроўню. Прыродныя ўмовы спрыяюць фарміраванню разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету азёр.
Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, з’яўляюцца рэгулятарамі рачных і падземных водаў, назапашвальнікамі арган. сыравіны (сапрапеляў), асобныя — басейнамі-ахаладжальнікамі ДРЭС. Азёры — мясціны для адпачынку, санаторна-курортнага лячэння, турызму. Некаторыя ахоўваюцца як заказнікі: Белае ў Брэсцкай, Міжазёрны ў Віцебскай, Мазырскія яры ў Гомельскай, Свіцязянскі і Азёры ў Гродзенскай, Блакітныя азёры ў Мінскай абласцях. Вывучае азёры азёразнаўства.
В.П.Якушка.
Да арт.Азёры. Возера Клухорскае на Каўказе.Да арт.Азёры. Возера ў позняй стадыі зарастання.Да арт.Азёры. Возера Воласа Паўночны ў Беларусі.Да арт.Азёры. Бабровіцкае возера ў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЕБЯРЭ́ЗІНСКАЯ НІЗІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на Пд Віцебскай і Пн Мінскай абласцей, у бас. верхняга цячэння р. Бярэзіна (прыток Дняпра). Мяжуе на ПнЗ са Свянцянскімі градамі, на ПнУ — з Ушацка-Лепельскім узв. і Чашніцкай раўнінай, на Пд — з Мінскім і Аршанскім узвышшамі, на З — з Нарачана-Вілейскай нізінай. Працягнулася з Пн на Пд на 105 км, з З на У на
15—100 км. Абс. вышыні рэльефу пераважна 160—180 м, змяншаюцца на Пд да 155 м пры ўпадзенні р. Гаўя ў Бярэзіну. Пл. каля 2,5 тыс.км².
Верхнебярэзінская нізіна прымеркавана да Беларускай антэклізы, на ПдУ — да Аршанскай упадзіны. У платформавым чахле пераважаюць асадкавыя пароды пратэразою. У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 180 м) найб. пашыраны ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў. Асн. рысы сучасны рэльеф набыў пры дэградацыі ледавіка Ашмянскага стадыялу і ў выніку дзейнасці расталых вод паазерскага зледзянення.
У рэльефе Верхнебярэзінскай нізіны пашыраны зандравыя раўніны і азёрна-алювіяльныя нізіны. Каля краю паазерскага ледавіка, які з Пн падступаў да Верхнебярэзінскай нізіны, намнажаліся водна-ледавіковыя пясчаныя адклады раўніны. На спадзіста-хвалістай паверхні іх трапляюцца дэльты водна-ледавіковых патокаў (на Пн), тэрмакарставыя западзіны і эолавыя формы — дзюны, грады, узгоркі выш. да 5—7 м. На Пд Верхнебярэзінскай нізіны расталыя ледавіковыя воды падпруджваліся Барысаўскай градой, утваралася вял. возера. Пазней возера спушчана Бярэзінай, на яго месцы ўзнікла затарфаваная нізіна з рэшткавымі азёрамі. Найб. высокія ўчасткі рэльефу — спадзістахвалістыя марэнныя раўніны і канцовамарэнныя, моцна згладжаныя грады, увалы і ўзгоркі дняпроўскага зледзянення, што ўзнімаюцца над забалочанай нізінай на 30—40 м. Даліна Бярэзіны перасякае Верхнебярэзінскую нізіну з ПнЗ на ПдУ, яна сфарміравалася пасля адступання паазерскага ледавіка, слаба выпрацавана; мае надпоплаўную тэрасу выш. 3—4 м. Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял. Гал. рэкі: Бярэзіна з прытокамі Поня, Гайна з Цной і Усяжай (справа), Чарніца, Сергуч, Вял. Рэчка, Жартайка (злева); Лукомка і Эса, вярхоўі Ушачы (бас.Зах. Дзвіны); Бярэзінская водная сістэма. На Верхнебярэзінскай нізіне шмат азёр — Межужол, Медзазол, Палік, Плаўна, Манец, Бярэшча, Вольшыца, Вокана, Домжарыцкае, Лукомскае і Сялява. Сярэднія т-ры студз. -7,2 °C, ліп. 17,2 °C, ападкаў 623 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя на водна-ледавіковых пясках і марэнных супесках і суглінках, дзярнова-падзолістыя глеяватыя, тарфяна-балотныя, поймавыя дзярновыя забалочаныя. Пад лесам каля 42% тэр., пераважаюць хваёвыя, каля даліны Бярэзіны бярозава-асінавыя і асінава-альховыя. Вялікія балоты ў асноўным нізінныя, бязлесныя або парослыя рэдкалессем з бярозы пушыстай і хвоі, часткова меліяраваныя. Пад ворывам 20% тэр. У межах Верхнебярэзінскай нізіны Бярэзінскі біясферны запаведнік, частка гідралагічнага заказніка Галубіцкая пушча.
Н.К.Кліцунова.
Верхнебярэзінская нізіна ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛІ,
горад, сталіца Індыі і адм. ц. саюзнай тэр. Дэлі. Знаходзіцца на Пн краіны на р. Джамна (прытокр. Ганг), каля паўн.-ўсх. падножжа ўзгорыстай грады Аравалі. 7,2 млн.ж., з прыгарадамі 8,4 млн.ж. (1991). Складаецца са Старога Д. (Шахджаханабада, гіст. ядро горада), тэр.ваен. пасялення і Новага Д. (Нью-Дэлі з нас. 301,3 тыс.ж., 1993), які лічыцца афіц. сталіцай. Вузел 5 чыгунак і 11 аўтадарог. Міжнар. аэрапорт (Палам). Буйны прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Развіты галіны прам-сці, што абслугоўваюць патрэбы сталіцы: тэкст. (баваўняныя і шарсцяныя тканіны), швейная, трыкат., хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, шклокерамічная, металаапр., паліграф., буд., некат. галіны машынабудавання (станкабудаванне, радыёэлектронная прам-сць). Маст. рамёствы (філігранныя сярэбраныя і залатыя ювелірныя вырабы, кераміка, разьбярства па слановай косці і камені, вырабы з пап’е-машэ), саматужнае ткацтва. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Акадэмія музыкі, танца і драмы.
Паводле «Махабхараты» ў 1-м тыс. да н.э. горад быў рэзідэнцыяй царскай дынастыі Пандаваў і меў назву Індрапрастха. Сучасная назва з 736 пасля буд-ва на месцы стараж. гарадзішча г. Дхіліка (Дэлі). У 1206—1526 сталіца мусульман Дэлійскага султаната, з 1658 — імперыі Вялікіх Маголаў. У 1803 захоплены англічанамі, якія ў 1858 перанеслі сталіцу ў Калькуту. Адзін з цэнтраў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. З 1911 сталіца Брыт. Індыі, з 1947 — дамініёна, з 1950 — Рэспублікі Індыя.
У Старым горадзе захаваліся гар. муры з брамамі (часткова), Саборная мячэць (1644—58), крэпасць Лал-Кіла (Чырвоны форт, 1639—48, з палацамі Ранг-Махал, Дывані-Ам, Дывані-Кхас, усе 1639—48, і Жамчужнай мячэццю, каля 1660). На Пд ад Старога горада — руіны г. Фіразабад (1351—88), палацава-крапасны ансамбль Пурана-Кіла (закладзены ў 1540; мячэці Кулан, 1380, і Кілаі-Кухна, 1545), маўзалей Хумаюна (2-я пал. 16 ст.). Прыкладна за 20 км на Пд ад Старога горада — 4 гарады-крэпасці: Сіры (будаваўся з 1303), Джаханпанах (14 ст.), Туглакабад (1325; маўзалей Гіяс-ад-дзіна) і Лал-Кот (канец 12 ст.; жал. калона, 415; руіны мячэці Куват-уль-Іслам, пачата ў 1193; мінарэт Кутб-Мінар, каля 1200—20; маўзалей Ільтутмыша, пасля 1235). Новы Д. — буйны раён з шэрагам плошчаў, паркаў і вуліц, якія радыяльна ад іх разыходзяцца. Уключае ансамбль урадавых будынкаў 1912—30-х г., «Браму Індыі» (помнік салдатам, якія загінулі ў сусв. войнах), нац. стадыён, абсерваторыю Джантар Мантар (1725), храм багіні Лакшмі Нараян (1938—39), мемар. музей М.Гандзі (канец 1960-х г., арх. А.Канвіндэ). Музеі: Нац. музей Індыі, нац. галерэя сучаснага мастацтва, Міжнар. музей лялек, мемар. музеі М.Гандзі, Дж.Нэру і інш.
Літ.:
Короцкая А.А., Сапожников Б.Н. Дели. Л., 1983.
Да арт.Дэлі. Брама ў Чырвоным форце.Да арт.Дэлі. Храм багіні Лакшмі. Нараян. 1938—39.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ РАЁН.
На Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 21,1 тыс.чал. (1998, без г. Мазыр). Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Мазыр. Уключае 93 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Асавецкі, Барбароўскі, Каменкаўскі, Козенскі, Крынічны, Махнавіцкі, Міхалкаўскі, Прудкоўскі, Скрыгалаўскі, Слабадскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Тэрыторыя раёна размешчана пераважна ў межах Мазырскага Палесся, паўн. ўскраіна — Прыпяцкага Палесся. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, 77% яе вышэй за 150 м, найвыш. пункт 221 м на Мазырскай градзе (паміж вёскамі Бабры і Бабраняты). Агульны нахіл з ПнЗ на ПдУ, да даліны р. Прыпяць. Карысныя выкапні: каменная соль, торф, пяскі, гліны і суглінкі, мінер. фарбы, буры вугаль, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-растудз. -6,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа, Ненач, Мытва; р. Чэрцень (прытокр. Славечна). Лешнеўскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), поймавыя (алювіяльныя, 22,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18%), тарфяна-балотныя (7,2%). Пад лесам 53,3% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, чорнаальховыя. Найб. лясістасць на З раёна. Пл. балот 14,2 тыс. га, з іх асушана 11,2 тыс. га. Найб. балоты: Майсееўскае, Скалодзінскае, Махнавідкае, Чэрцень. Ландшафтны заказнік рэсп. значэння Мазырскія Яры. Помнікі прыроды мясц. значэння: валуны «Каменныя быкі» каля пас. Крынічны, дубровы ў Асавецкім, Слабадскім, дуброва і хвойнік у Мазырскім лясніцтвах; бат. мікразаказнікі Белая, Стрэльскі-2, Раманавічы, Качуры.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 43,6 тыс. га, з іх асушаных 11,2 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 13 калгасаў, 4 саўгасы, 14 фермерскіх гаспадарак, Мазырская агароднінная ф-ка (в. Каменка) і птушкафабрыка (в. Ляхаўцы), сортавыпрабавальная станцыя і эксперым. база «Крынічная», Палеская с.-г. доследная станцыя Акадэміі агр.навук.Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, вырошчванне збожжа, бульбы, кармавых культур, рапсу, агародніны, насенняводства. Прадпрыемствы горназдабыўной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Калінкавічы—Оўруч. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з Калінкавічамі, Оўручам, Нароўляй, Лельчыцамі, Петрыкавам, Ельскам, Хойнікамі. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 11 сярэдніх, 9 базавых, 5 пач., 3 муз., дзіцячая спарт. школы, 21 дашкольная ўстанова, 34 дамы культуры і клубы, 33 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 25 фельч.-ак. пунктаў. Філіял Бел.дзярж.маст. музея ў в. Гурыны. Арх. помнікі: сядзіба (19 ст.) у в. Барбароў; капліца (часткова разбурана) і абеліск (1897) у памяць аб мітрапаліце Макарыю ў в. Скрыгалаў. Выдаецца газ. «Жыццё Палесся».
Літ.:
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНА, Беразіна,
рака ў Беларусі, у Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра. Даўж. 613 км. Пл. вадазбору 24,5 тыс.км². Пачынаецца на ПдЗ ад г. Докшыцы. Асн. прытокі: Гайна, Пліса, Уша, Уса, Свіслач (справа), Сха, Бобр, Клява, Ольса, Ала (злева).
Агульная даўж. рачной сістэмы Бярэзіны (425 рэк) 8490 км. Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Бярэзіны падзяляецца на З участкі: верхні (ад вытоку да вусця Гайны, 168 км), сярэдні (паміж вусцямі Гайны і Свіслачы, 205 км), ніжні (ад упадзення Свіслачы да вусця, 240 км). У верхнім цячэнні рака працякае праз Бярэзінскі біясферны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Палік.
Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасцю. Пойма забалочаная, куп’істая, шыр. 500 м — 6 км. У разводдзе затапляецца на глыб. да 3 м. Рэчышча моцназвілістае, багатае пратокамі, невял. пясчанымі астравамі. Шыр. да 60 м. Берагі пясчаныя, забалочаныя. У сярэднім цячэнні даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя (выш. 10—35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызняком. Каля падэшвы схілаў багатыя выхады грунтавых водаў. Пойма да вусця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шыр. 1,5—2 км, хмызнякова-лугавая. У разводдзе затапляецца на глыб. 0,5—3 м ад 10—20 сут да 1,5—2 месяцаў. Рэчышча звілістае, разгалінаванае. Шыр. ракі 60—300 м. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Ніжэй упадзення Свіслачы і да вусця даліна пераважна трапецападобная, шыр. ад 300 м да 8 км. Схілы стромкія, выш. да 25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Пойма вельмі забалочаная, куп’істая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая, шыр. 1,5—5 км. У разводдзе затапляецца на глыб. каля 3,5 м да 1,5 месяца. Рэчышча звілістае, шмат плаўных лукавін, водмеляў, заліваў, рукавоў, старыц і поймавых азёр. Шыр. ракі 80—130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, выш. ад 1—2 м да 15 м. Асаблівасць воднага рэжыму Бярэзіны — высокія паводкі позняй восенню і спад іх у перыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасць сцёку. Веснавое разводдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяжным снегараставанні — некалькімі хвалямі.
Пад’ём узроўню (працягласць 20—30 сут) пачынаецца з сярэдзіны сак., сярэдняя выш. 2,3—3,4 м над межанным узроўнем, найб. 4,8 м (у нізоўі). Прабег хвалі разводдзя ад вытоку да вусця на працягу 8 сут. Спад узроўню ў вярхоўі 30—40 сут, у ніжнім цячэнні да 2 месяцаў. Замярзае Бярэзіна ў 1-й пал.снеж., крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Веснавы ледаход 4—7 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 142 м³/с. Суднаходства ад в. Броды Барысаўскага р-на (494 км ад вусця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. Каналізавана 12,8 км рэчышча ў вярхоўі. На рацэ гарады Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск; у маляўнічых мясцінах зоны адпачынку Беразіно, Асіповічы, Дроздзіна, Прырэчча і інш. Курорты Бабруйск і Горваль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІ РАЁН,
на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 43,6 тыс.чал. (1997), гарадскога 32,3%.
Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Камянец; г.Высокае, 234 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Агародніцкі, Белавежскі, Відамлянскі, Войскі, Воўчынскі, Вярховіцкі, Дзмітравіцкі, Каленкавіцкі, Камянюцкі, Навіцкавіцкі, Пелішчанскі, Раснянскі, Ратайчыцкі, Рэчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Прыбугскай раўніны. Паверхня плоска-хвалістая з агульным нахілам з Пн на Пд. Пераважаюць выш. 140—170 м. Найвыш. пункт 198 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Войская). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -4,6 °C. ліп. 18,4 °C. Ападкаў 535 мм за год. Вегетац. перыяд 203 сут. Найбольшая р.Зах. Буг (на мяжы з Польшчай) з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная), Пульва; прыток Правай Лясной — р. Белая. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (49,4%). дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,6%), тарфяна-балотныя (13,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,6%). Пад лесам 27,9% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя лясы. Найб. лясістасць на ПнУ. Балоты займаюць 1,1% тэрыторыі. На Пн частка нац. парку Белавежская пушча.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 110,6 тыс.га, з іх асушаных 22,7 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 23 калгасы, 2 саўгасы. міжгас па вытв-сці кармоў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, буракі. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыр, кансервы мясныя і з агародніны), дрэваапр. (піламатэрыялы) і буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Брэст—Высокае—Беласток (Польшча), аўтадарогі Высокае—Пружаны, Камянец—Жабінка, Брэст—Камянюкі. У раёне 18 сярэдніх, 10 базавых, 7 пач. школ, вышэйшае прафес. вучылішча, 2 школы-інтэрнаты, 29 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 50 б-к, 5 бальніц, 4 амбулаторыі, 25 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанская царква (канец 19 ст.) у в. Амелянец; Ануфрыеўская царква (1840) у в. Баршчэва; Мікалаеўская царква (1933) і царква (пач. 20 ст.) у в. Вярховічы; царква Раства Багародзіцы (1751—75) у в. Войская; Троіцкі касцёл (1733) у в. Воўчын; Петрапаўлаўская царква (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча; сядзіба (сярэдзіна 19 ст.) у в. Грымяча; Спаса-Праабражэнская царква (1786) у в. Дзмітравічы; царква Іаана Хрысціцеля (19 ст.) у в. Лісоўчыцы; царква (19 ст.) у в. Мікалаева; касцёл (18 ст., перабудаваны ў 19 ст.) у в. Новая Расна; Успенская царква (19 ст.) у в. Паніквы; Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Пашукі; касцёл Сэрца Ісуса (пач. 20 ст.) у в. Пелішча; хата (1880) у в. Ражкоўка; Міхайлаўская царква (1816) у в. Такары; Праабражэнская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Трасцяніца. Музеі: філіял Брэсцкага абл. краязнаўчага музея «Камянецкая вежа», прыроды Белавежскай пушчы ў в.Камянюкі. Выдаецца газ. «Навіны Камянеччыны».